Высокі бераг — высокая паэзія

Анатацыя да новай кнігі паэзіі Казіміра Камейшы “Высокі бераг”, што бліжэй да завяршэння мінулага года пабачыла свет дзякуючы ТАА “Каўчэг”, дакладна перадае сутнасць яе зместу: “Ціхае лірычнае замілаванне, свежасць назіранняў, уражлівая вобразнасць — усё гэта характэрна вершам… Сама метафарычная напоўненасць радкоў, заўсёды нечаканы паварот думкі надаюць… своеасаблівае інтанацыйна-размоўнае гучанне, скіроўваюць чытача да творчага саўдзелу і роздуму”. Гэта і ёсць акурат тое, што вызначае паэзію слыннага паэта, лаўрэата літаратурных прэмій імя Аркадзя Куляшова і “Залаты Купідон”, які, хоць ужо і размяняў восьмы дзясятак, працуе ў літаратуры гэтаксама плённа, як і ў гады творчай маладосці.

З той хіба розніцай, што ў яго паэзіі стала больш роздуму над пражытымі гадамі. Дый набыў ён куды глыбейшую філасофскую напоўненасць. Калі ж што і засталося ранейшым, дык гэта нязменная ўлюбёнасць у жыццё, уменне радавацца яму так, нібы ўсё бачыш, адчуваеш упершыню, вачыма адкрытымі, поўнымі даверу да свету і людзей. А яшчэ, што таксама важна, паэт па-ранейшаму шмат піша пра родную Стаўбцоўшчыну.

У “Высокім беразе” таксама знайшлося месца падобным яны, матывам. Хоць у параўнанні з некаторымі папярэднімі паэтычнымі зборнікамі, магчыма, сустракаюцца і крыху радзей, затое прамаўляюцца так, што і самому хочацца, прачытаўшы новую кнігу паэта, адкласці неадкладныя справы і па­спяшацца туды, дзе не толькі зямля Якуба Коласа, але і зямля яго, Казіміра Камейшы.

Дый як ні пабачыць Высокі бераг, які ўспрымаецца і свайго роду сімвалам Радзімы?! Гэты Высокі бераг у літаральным і метафарычным сэнсах К.Камейша не толькі ўслаўляе. Ён прыдзірліва асэнсоўвае і пераасэнсоўвае шмат з таго, чым мы калісьці ўсе захапляліся, а цяпер, калі цвяроза ставімся да былога, разумеем, як у многім памыляліся, бо захапляліся тым, чым наўрад ці было патрэбна. Такі крытычны запал у некаторых вершах не тое што апраўданы, ён яшчэ і неабходны. У пераасэнсаванні колішняга, ранейшага — і не толькі ў маштабе некалі вялікай краіны, але і ўласнага, асабістага — гэта і магчы­масць не ачарсцвець душой, захаваць аптымізм і бадзёрасць.

З аптымізмам, канечне, прасцей — было б толькі жаданне. А з ба­дзёрасцю… Гады, вядома, бяруць сваё, і ад гэтага нікуды не дзенешся. Хоць, прызнаюся шчыра, калі ў асобных вершах К.Камейшы сустракаю слова “стары” ў розных варыянтах, міжволі ўсміхаюся. Як бы там ні было, а старым сам ён ніяк не выглядае. Пажылы? Калі ласка! Але слова “пажылы” не так лёгка ўпісваецца ў канву твораў, як “стары”. Гэта я жартаваць спрабую. Дарэчы, пра ўсмешку. Тонкі гумар не чужы паэту, у чым пераконваюць і асобныя вершы з яго новай кнігі.

Толькі куды больш яго майстэрства выяўляецца ва ўменні ствараць яркія і, што вельмі важна, свежыя вобразы. Метафарычная напоўненасць радка такая, што той ці іншы з іх успрымаецца настолькі рэальным, нібыта перад табой не проста ўдалае паэтычнае параўнанне, а тое, што адбываецца ў сапраўднасці, паўстае перад тваімі вачыма. Як, напрыклад, гэты паравознік, што нечакана завітаў у дом. Падобнае немагчыма? Як сказаць… Не трэба забываць, што паэзіі ўсё пад сілу. Яна хоць і госця нябесная, але і нічога зямнога не цураецца. Ды пра паравознік… Яго сустракаеш у вершы “Ранак”.

Увогуле, малюнак досвітку ў гэтым творы атрымаўся надта непаўторны:

Хто найлепей намалюе

Гэты свежы ціхі ранак?

Толькі ён,

Самотны дворнік,

Што танцуе на асфальце

З пэндзлем — венікам старым. 

Наступная страфа таксама саткана з арыгінальных параўнанняў: “І мяне ў тым ранку цешыць // Гэты дождж, // Што ў шыбы б’ецца, // І па шыбах так дурэе, // Ажно ўсе мае вазоны // Цягнуць вушы да яго”. Трэцяя ж страфа адначасова і заключная. Яна і знаёміць з паравознікам:

А на кухні сонны чайнік,

Як маленькі паравознік,

Цягне,

Чмыхаючы парай,

Недзе ў вечнасць

Новы дзень.

Своеасаблівым крэда паэта ўспрымаецца верш “Шукаць у кветак залаты нектар…”, радкі якога вынесены і на чацвёртую старонку вокладкі кнігі:

Шукаць у кветак залаты нектар

І спелай ягадцы глядзець у твар,

Травінкай ціха вусны саладзіць,

Лавіць пылінак залатую ніць,

І чуць, што ўсім, як і табе, баліць…

І хопіць. Дастаткова. Бо ўсё гэта

Каштуе многа —

Сутнасці паэта.

Усё гэта можна знайсці і ў лепшых вершах К.Камейшы. Як у тых, што ўвайшлі ў “Высокі бераг”, і напісаных раней. Назва ж верша, вынесенага і ў загаловак кнігі, — гэта і высокае гучанне паэзіі. Той паэзіі, якая традыцыйная ў сваёй аснове, але, як і ўсё пастаяннае, даўняе, звыклае ў жыцці, вечная. Тое, што прамаўляецца ў ёй, чым напоўнена яна, не старэе з цягам часу. Наадварот, у мітуслівасці яго, калі абясцэньваюцца шмат якія маральныя каштоўнасці, а на змену ім прыходзяць сумніўныя, мімалётныя, а то і зусім выпадковыя, усё гэта становіцца гаючым бальзамам, які лечыць сэрца і душу ад бездухоўнасці, меркантыльнасці. Больш за тое, нараджае ўсведамленне таго, што сапраўдная паэзія жыла, жыве і будзе жыць.

Прынамсі такое спадзяванне ўмацоўваецца пасля знаёмства з новай кнігай К.Камейшы, якая найперш адрасавана аматарам паэзіі — неабыякавым і прагавітым да пазнання і спазнання прыгажосці. На маю думку, гэта чытачы, якія толькі ўваходзяць у вялікі свет жыцця. Таму хацелася б, каб вучні абавязкова пазнаёміліся з “Высокім берагам”. Дапамагчы ім у гэтым, зразумела, могуць настаўнікі. Тыя, якія таксама неабыякавыя да паэзіі.

Алесь МАРЦІНОВІЧ.