Сёння і заўтра, 31 жніўня і 1 верасня, у маляўнічым горадзе над Шчарай пройдуць святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства.
У зелені — бель камяніц, касцёлаў.
Уецца Шчара, бліскаючы срэбрам.
Спыніўшыся на ўзгорках, навакола
Лясы стаяць, падпёршы купал неба.
Я вырас, захапляючыся тут
Высокім небам,
Шчары ціхім звонам,
Агністым сонцам,
лесам задумёным,
Мурамі і людзей
жыццём штодзённым,
І сэрцам палюбіў я гэты кут —
Цябе, мой старадаўні
родны Слонім.
Гэтыя радкі належаць нашаму слыннаму яркаму паэту, літаратуразнаўцу, крытыку, незабыўнаму прафесару Алегу Лойку, ураджэнцу слаўнага Слоніма, які прымае сёлета Дзень беларускага пісьменства. Раней сталіцамі гэтага свята культуры і асветы ўжо станавіліся Полацк (тройчы), Тураў (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе (двойчы), Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава… Чарада старадаўніх беларускіх гарадоў — як чарада прыгожых белых буслоў, што ляцяць над нашай зямлёй з гісторыі ў сучаснасць і будучыню, што сваімі магутнымі шырокімі крыламі ахінаюць навакольны прастор і захінаюць нас ад усялякіх бед і напасцей, што сваім то трывожным, то радасным клёкатам прымушаюць і нас хвалявацца, радавацца і марыць…
І вось — Слонім. Адзін з самых старажытных беларускіх гарадоў, старадаўні цэнтр культурнага і духоўнага жыцця. Горад, гісторыя якога непарыўна звязана з такімі легендарнымі постацямі, як дзяржаўны і ваенны дзеяч, дыпламат і палітычны мысліцель, канцлер і гетман Вялікага Княства Літоўскага, адзін са стваральнікаў Статутаў ВКЛ Леў Сапега, гарадскі стараста і гетман ВКЛ Міхал Казімір Агінскі, дзядзька аўтара знакамітага паланэза “Развітанне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага… Горад, у якім ці ў ваколіцах якога нарадзіліся нашы сучасныя слынныя дзеячы літаратуры і мастацтва — такія як ужо згаданы Алег Лойка, а таксама Анатоль Іверс, Валянцін Таўлай, Гальяш Леўчык, Мікола Арочка, Янка Саламевіч, Іван Міско і многія іншыя. Горад, у самой назве якога так і бачыцца наша лагоднае і мяккае беларускае “слонца”-сонца, а яшчэ — услон… Тое, што засланяе. Быццам абярэг.
Сёння і заўтра гасцей і ўдзельнікаў свята ў Слоніме чакае цікавая праграма, багатая як на ўжо традыцыйныя для гэтага літаратурнага фэсту мерапрыемствы, так і на арыгінальныя слонімскія фішкі. Цэнтральнымі падзеямі па традыцыі стануць урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця, а таксама ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. На працягу двух дзён на Цэнтральнай плошчы будзе віраваць фестываль кнігі і прэсы. Сёння ўвечары ў Слонімскім драматычным тэатры адбудзецца фінал Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, прысвечанага Году малой радзімы i 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Будзе шмат урачыстых момантаў: адкрыццё помніка Льву Сапегу і кніжнага магазіна “Санет”, цырымонія спецыяльнага памятнага гашэння канверта з арыгінальнай маркай, прысвечанага XXVІ Дню беларускага пісьменства ў Слоніме, і інш.
Натуральна, не застанецца ўбаку і сістэма адукацыі — раёна, вобласці, краіны.