Празрыстая недамоўленасць

Сустрэча з сапраўдным творцам заўсёды дорыць шчасце. Яго творчы свет — толькі яго. Там свае каханні-расстанні, свае летуценні-імгненні, свае, у рэшце рэшт, шафы і шкілеты… Але калі ты разумееш пры сустрэчы, што гэта ўсё — і тваё таксама, ты адчуваеш шчасце. Шчасце сустрэчы з творцам.

“Празрыстая недамоўленасць”. Я так і напісаў у кнізе водгукаў, агледзеўшы выставу Анатоля Концуба ў Палацы мастацтва.

Напісаў… і азірнуўся. На сябе. На выставу. На мастака. І на свой запіс.

Гэта, аднак, была праўда.

Празрыстая недамоўленасць — гэта праўдзівы аксюмаран. Снег таксама бывае гарачым, калі ў студзені ты знімаеш сняжынкі з вуснаў каханай. Недаўмоўленасць таксама бывае праўдзівай, калі заклікае гледача дагаварыць, дамовіць, даспець.

Анатоль Концуб. Сябар Беларускага саюза мастакоў, заслужаны работнік адукацыі Беларусі. Працуе ў жывапісе і кераміцы. З 1971 года жыве ў Бабруйску. 30 гадоў выкладаў кераміку ў Бабруйскім мастацкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы. З 1976 года ўдзельнічае ў мастацкіх выставах па ўсім свеце. Творы захоўваюцца ў розных краінах, у тым ліку ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Нарвегіі.

Анатоль Концуб.

— Анатоль Аляксандравіч, не бу­дзем рабіць сакрэту — ваша выстава прымеркавана да вашага 70-годдзя. Вы ёй жылі?

— З аднаго боку, так. А з другога — не. Жыў тры гады. Выстава адкрылася, а назаўтра я прыйшоў у майстэрню, узяў пэндзаль у рукі і пачаў працаваць. Працаваў, як і працую. Вось збіраюся на пленэр у Чарнагорыю, кітайцы ў Тыбет запрашаюць… Жыццё ідзе. А што 70 гадоў? Дык так і павінна быць!

— Вы лічыце сябе прадстаўніком бабруйскага мастацкага асяроддзя?

— Ды не… Я з палескай глушы, давыд-гарадоцкай. У 17 гадоў паступіў у наш тэатральна-мастацкі, у 22 скончыў яго і па размеркаванні трапіў у Бабруйскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Мне пашчасціла. Там былі ўжо і дэкаратары, і рэзчыкі па дрэве, але кераміста якраз не было… Запыт з Бабруйска быў толькі на кераміста. Персанальны запыт! У Бабруйск — дык у Бабруйск! А куды дзявацца? Прыехаў у Бабруйск, дзе ніколі не быў да гэтага, — і застаўся на ўсё жыццё.

— Знаёмства з незнаёмым месцам было шокавым?

— Не. Я адразу пачаў працаваць. Пабудаваў печы, знайшоў паліва, выбраў вучняў, словам, зрабіў базу. А потым… жаніўся! А дырэктар, Аркадзь Рыгоравіч, мне хуценька кватэру здабыў, каб я застаўся.

Нясуць лесвіцу. 2018.

— У Мінску часта бываеце?

— Разы тры ў месяц. Сядаю на першы поезд. У 11.00 у Мінску. Прайдуся па выставах. А ў 18.00 я ўжо ў сваім Бабруйску.

— А ў Давыд-Гарадку бываеце?

— Бываю, канечне. Творы дару тамтэйшаму музею.

— Я не проста так пытаюся пра genius loci. Запытаюся наўпрост: дзе ваша радзіма?

— Я бабруйскі мастак. Нас не так і многа, усяго сем сяброў саюза.

— Ці можна гаварыць пра асобную бабруйскую мастацкую школу?

— Дзякуючы Валеру Калтыгіну, Бабруйск стаў беларускай сталіцай керамікі. Мінчане стаяць у чарзе, каб трапіць на пленэр “Арт-Жыжаль”. Я не прапускаю ніводнага “Жыжалю”. Кожны год — святыя 20 дзён. Раблю за гэты час 3—4 работы.

— А што ўсё-такі наконт жывапісу? Ці можна гаварыць сёння пра нейкія рэгіянальныя школы жывапісу — мінскую, віцебскую, магілёўскую? Ці ёсць бабруйскі жывапіс?

— Не. Сёння няма жывапісу ні бабруйскага, ні беларускага, ні амерыканскага. Жывапіс сёння інтэрнацыянальны. Што да мяне, дык жывапісам я сур’ёзна пачаў займацца пасля 30 гадоў работы ў вучылішчы. І, ведаеце, жывапісам займацца лёгка і цяжка. Шукаць усе гэтыя каларыты — сапраўды, вельмі няпроста. Але я памятаю тую палёгку, калі пасля “Арт-Жыжаля” падыходзіш да мальберта. Там, на “Арт-Жыжалі”, было невыносна цяжка. Фізічна цяжка. Гэтыя дровы, гэтыя печы, гэтыя бяссонныя ночы, пакуль абварваецца твая гліна… У кераміцы, акрамя разумовага і душэўнага напружання, патрэбна цяжкая фізічная праца. У жывапісе таксама патрэбна праца, але крыху іншая. І адно, і другое — і жывапіс, і кераміка — маё.

Спрэчка аб яйку. 2017.

— Многія вашы творы прасякнуты біблейскімі ці, прынамсі, міфалагічнымі матывамі. Як ствараюцца такія рэчы? Для гэтага трэба верыць?

— Ствараюцца па-рознаму. Калі пісаў “Рыбны дзень”, дык міжволі ўспомніў, што і тайная вячэра таксама ў чац­вер праходзіла. І колькасць людзей побач з Хрыстом у рыбны дзень адпавядае колькасці апосталаў на тайнай вячэры. Але, ператварыўшы проста ў біблейскі сюжэт, я нічога новага як мастак не адкрыў бы. Таму ў мяне замест апосталаў там сядзяць музыканты, клоўны, факіры. Наш свет вельмі змяніўся з біблейскіх часоў. Мастакам, я думаю, не трэба займацца маралізатарствам. І я ім не займаюся. Мне заўсёды хочацца, каб чалавек падышоў да тваёй карціны і, паглядзеўшы-падумаўшы, здзівіўся: “А ці так гэта насамрэч?”

— “Сюжэт ці не сюжэт?” — гэтае пытанне для мастацтва за апошнія два стагоддзі стала экзістэнцыяльным: быць ці не быць? Але ж вы мастак сюжэта…

— Сапраўды, стагоддзямі, нават тысячагоддзямі мастацтва было сюжэтным. Але прыйшлі імпрэсіяністы і той жа Рэнуар сказаў: “Я напісаў кветкі. Яны вечныя. Яны ні пра што не гавораць сучаснікам”. Мне таксама падабаецца такая філасофія. Можна падысці і любавацца пералівам фарбаў, мазкоў, святлаценяў, зменам тэмпераменту мастака, які гэта ўсё маляваў… Але я не такі мастак. Мне хочацца пагаварыць з чалавекам не толькі пра ўласна жывапіс, але і пра тое, што за ім стаіць, — сімвал, сэнс, сюжэт. Я вам больш скажу. Я часам хачу нават заманіць гледача сюжэтам, ці гэта Біблія, ці гэта Егіпет. Ён заманіцца, а ўжо заманіўшыся, падумае пра тэхніку і індывідуальны колер мастака. Я не лічу, што гэта добра. Але я люблю, даруйце, Брэйгеля і Рафаэля. Уся сусветная творчасць створана на сюжэце.

Яшчары. 2013.

— Магчыма, я памылюся, але мне здаецца, што вы вельмі веруючы чалавек.

— Не скажу, што вельмі. Але, калі заходжу ў царкву, заўсёды перахрышчуся. Кожны год езджу ў лагер ад нашай Бабруйска-Быхаўскай епархіі. Бяру туды эцюднік, альбомы. Дзеткі мне пытанні розныя задаюць, а я адказваю. А потым у іх на вачах малюю. Але я не засяроджваюся толькі на праваслаўі: напісаў для нашых бабруйскіх старавераў карціну, напісаў для нашага бабруйскага касцёла… Зараз думаю пра тое, каб арганізаваць пленэр, каб мастакі з усяго свету малявалі нашы цэрквы на Магілёўшчыне. Адгукнуўся ўжо нават мастак з Афганістана — мусульманін. Я думаю, што кожная рэлігія мае ў першую чаргу па­трэбу ў павазе да яе. Калі да мяне звяртаюцца людзі, якія з павагай ставяцца да сваёй рэлігіі, і я да іх стаўлюся з павагай.

— Анатоль Аляксандравіч, не магу не запытацца ў вас аб рабоце ў вучылішчы. Вы вучылі Калтыгіна?

— Так. Ён прыйшоў да мяне ў 25 гадоў. А мне было 22. Ён вельмі таленавіты вучань. Нездарма заснаваў свой “Арт-Жыжаль”. Але, акрамя яго, у мяне шмат таленавітых вучняў. Чаго вартыя імёны Грыцкова і Адзіночанкі!

— У вас было калі-небудзь пачуццё адчаю, маўляў, “пэтэвушнікі”?

— Не. Калі ты бачыш зацікаўленыя вочы і калі сам працуеш з аддачай, то і вынік адпаведны.

— У чым сэнс жыцця?

— Працаваць. Нікому не замі­наць у жыцці. Быць. Але не проста быць, а быць прыстойным і старанным чалавекам.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.