У сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва праходзіць Міжнародны фестываль “ДАХ-КРАХ-ХХ” з красамоўнай падназвай “Напрыканцы канца…”.
Гэты праект нарадзіўся ў 2001 годзе ў нетрах знакамітага берлінскага арт-цэнтра “Тахелес”, дзе ўпершыню прайшоў як, магчыма, адна з самых буйных выстаў беларускага мастацтва за межамі нашай краіны. З той пары “ДАХ” стаў своеасаблівым культурным мостам паміж дзвюма краінамі, які аб’яднаў мастакоў не толькі з Беларусі і Германіі, але і з усяго свету. Як і сам “Тахелес”, які, нарадзіўшыся 13 лютага 1990 года, зазнаў перыяды росквіту (2000—2011 гады) і заняпаду ў 2012 годзе (калі ўладальнік будынка банк HSH Nordbank канчаткова выселіў з яго вольных мастакоў), так і “ДАХ” прайшоў усе гэтыя стадыі на працягу дзесяці апошніх гадоў разам з яго нязменнымі куратарамі — Зміцерам Юркевічам і Алесем Родзіным. Што да “Тахелеса”, то апошні перыяд яго жыцця, сапраўды, нагадваў трылер з захопамі выстаў, майстэрань, руйнаваннем мастацкіх здабыткаў, судовымі бойкамі і кароткачасовымі перамогамі мастакоў… Сёлетні “ДАХ” у значнай ступені прысвечаны тым падзеям.
Як заўсёды, у фестывалі прымаюць удзел як прафесіяналы, так і аматары — мастакі і музыканты, перформеры і літаратары. Штовечар тут адбываецца нешта цікавае — лекцыі, перформансы, чытанні, канцэрты. А стацыянарную экспазіцыю складаюць творы мастакоў “Тахелеса”. Се ля ві: сёння гэты дом творцаў працягвае сваё існаванне як вандроўная арт-сядзіба. Але падобна на тое, што менавіта такі вынік быў непазбежным у сённяшнім жорсткім і ў вялікай ступені абыякавым да мастацтва свеце. Утапічны казачны замак, якім здаваўся нямала гадоў “Тахелес”, аднойчы проста перажыў сваю клінічную смерць і адрадзіўся ў іншай, бадай што, нематэрыяльнай форме. Нешта рэальнае і відавочнае зрабілася метафарай непераможнасці творчай свабоды мастакоў, іх незалежнага, ад якіх бы там ні было абставін, самавыяўлення.
У шэрагу шматлікіх замежных гасцей фестывалю “ДАХ-КРАХ-ХХ” у Мінск завітаў і былы дырэктар берлінскага арт-цэнтра “Тахелес” Марцін Райтар, якому наш карэспандэнт задаў некалькі пытанняў.
— Спадар Марцін, а як усё-такі атрымалася, што ў дэмакратычнай і талерантнай Германіі банкіры выселілі мастакоў з “Тахелеса”?
— Германія — дэмакратычная і талерантная? Хто вам гэта сказаў? Не верце гэтым чуткам! (Смяецца. — М.Ч.) Хаця, магчыма, і сапраўды талерантная — нас цярпелі больш за дваццаць гадоў. Што да дэмакратыі, то наўрад ці пра яе выпадае гаварыць там, дзе пануюць грошы. Гэта ў пэўным сэнсе несумяшчальныя рэчы. Парадокс, але чым больш заможным робіцца жыццё людзей, чым больш квітнеюць буйныя кампаніі і банкі, тым менш застаецца сапраўднай дэмакратыі. Можна сказаць, што яна параджэнне дрэнных, а не добрых часоў. І наогул, а што гэта такое — дэмакратыя? Усе пра яе гавораць, але ніхто не можа адказаць. Гэта калі няма рабоў, калі няма беспрытульных і жабракоў, калі ўсе маладыя людзі з ахвотай ідуць у войска? У такім разе найлепш гаварыць пра дэмакратыю ў сувязі са старажытнай Спартай.
— Што вы можаце сказаць аб праекце “ДАХ-КРАХ-ХХ”?
— Гэта цудоўны праект! Перш за ўсё ён сведчыць пра тое, што мы жывём у мірны час, што мы, мастакі з самых розных краін, нягледзячы на адрозненні культур, можам сустракацца, разам працаваць, вучыцца адзін у аднаго, і гэта насамрэч здорава. “Дах” сцвярджае па сутнасці тыя ж прынцыпы, што і “Тахелес”, — мастак павінен адчуваць сябе свабодным, мастак павінен мець права на шчасце, мастак павінен мець магчымасць на стварэнне мастацтва нават без якой-небудзь мэты.
— Гэта значыць, гаворка ідзе пра чыстае мастацтва? Мастацтва дзеля мастацтва?
— Ну, калі вам зручней карыстацца такой тэрміналогіяй, калі ласка. Усё вельмі проста: мастак нешта бачыць і адчувае, і гэтае нешта знаходзіць увасабленне, адлюстраванне ў яго творчасці. А ўжо якімі сродкамі ён гэта ўвасабляе — жывапісам, лічбавым мастацтвам і г.д., няважна.
— Ці цікавым наогул вам падалося культурнае жыццё беларускай сталіцы?
— Супер! Калі б я жыў тут, то мог бы хоць кожны дзень хадзіць на оперу, у вас тут такія танныя білеты! У Берліне пра гэта можна было б толькі марыць. Калі ж сур’ёзна, то я не бачу тут у культурным жыцці, дый у жыцці наогул, нейкіх прынцыповых адрозненняў ад таго, што ёсць у нас. У вас, як і ў нас, таксама пануе заходні стыль жыцця. Пры ўсім пры тым мне вельмі спадабалася, што вы настойліва шукаеце сваю ідэнтычнасць.
— Спадар Марцін, адно з маіх любімых пытанняў — вам: “Чорны квадрат” Малевіча — гэта вялікі твор мастацтва, шэдэўр?
— Безумоўна!
— Чаму?
— Таму што ён змяніў светапогляд, у тым ліку погляд людзей на само мастацтва. Гэта тая вяршыня, якой можа дасягнуць мастак ці група мастакоў-аднадумцаў у гэтым свеце, — прымусіць людзей думаць ці прымусіць іх думаць інакш. Малевіч быў адным з першых мастакоў, якія адрасавалі сваё мастацтва не каралю, не Папе Рымскаму, не царкве, а людзям. Звычайным людзям.
— Існуе меркаванне, што, наогул, пачатак ХХ стагоддзя і, у прыватнасці, мастацтва пачатку ХХ стагоддзя ў значнай ступені якраз і пазнаецца па “Квадраце” Малевіча… Па якім шэдэўры людзі будуць пазнаваць пачатак ХХІ стагоддзя праз сто гадоў? Вы ведаеце такі твор?
— Гэта вельмі складанае пытанне. Шчыра кажучы, я не ведаю такога твора. Але дыгітальная рэвалюцыя яшчэ не скончылася, магчыма, мы яшчэ дачакаемся нечага такога… З іншага боку, ці будзе наогул ідэнтыфікатарам нашага стагоддзя менавіта твор мастацтва? Галоўнымі ньюсмейкерамі сёння, як вядома, становяцца такія асобы, як Усама бен Ладэн, а не мастакі, і сёй-той ужо схільны бачыць нават эстэтыку ў такіх акцыях, як тэракт 11 верасня. Свет сёння, відавочна, крышыцца, распадаецца на часткі, і гэта, на жаль, не абяцае нічога добрага, у тым ліку для мастацтва. Зрэшты, усё будзе залежыць ад таго, хто і як будзе пісаць гісторыю. Малевічу пашанцавала нарадзіцца ў свой час. А сёння мастацтва ў значнай ступені страціла свае пазіцыі, сваю сілу. Гэта адбываецца яшчэ і таму, што яно стала больш даступным. Сёння мастацтвам займаюцца мільёны, а не абраныя. Але, можа быць, гэта і добра, калі мы, хто жыве сёння, пакінем пасля сябе мільёны шэдэўраў, а не адзін-два…
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.