Вуліца Кастрычніцкая афарбавалася і… заплакала чорнымі слязамі

Гэтымі днямі ў Мінску ўпершыню праходзіць грандыёзны беларуска-бразільскі street art фестываль VULICA BRASIL. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Пасольства Бразіліі ў Рэспубліцы Беларусь, а афіцыйна падтрымалі фэст з беларускага боку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Цэнтр сучасных мастацтваў і Музей сучаснага выяўленчага мастацтва.

Для непасвечаных патлумачым са слоў мастацтвазнаўцы загадчыка навукова-экспазіцыйнага аддзела Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Камілы Янушкевіч: “Горад для пэўнай часткі мастакоў — гэта аснова жыцця і творчасці, традыцыйнага бачання і яркіх эмацыянальных інавацый, дзе райтары адкрываюць свае думкі і перажыванні, дзеляцца з гледачамі сваёй энергіяй. Менавіта ноч з’яўляецца іх візітоўкай, калі яны мяняюць свае абліччы, каб паказаць мастацтва ў іх разуменні, каб данесці да гараджан тое, чаго не перадаюць у навінах. Стрыт-арт — гэта выклік, гэта парушэнне ўсіх рамак дазволенага мастацтва класічнага кірунку. Але не варта разумець стрыт-арт толькі паводле сродкаў графіці, якое адсылае нас да сваёй гістарычнай радзімы — Нью-Ёрка 60-х гадоў. На працягу паўстагоддзя яго існавання гэта ўжо намнога больш, чым проста тэг. Стэнсілы, постары, ілюстрацыі, трафарэты, стыкеры з’яўляюцца дапаможнымі сродкамі прэзентацыі, не кажучы пра рознага кшталту інсталяцыі і праекцыі”.
Што тычыцца бразільскага сучаснага гарадскога мастацтва, то гэта адна з самых аўтарытэтных у свеце праяў стрыт-арту. У Бразіліі гарадское мастацтва з’яўляецца прызнанай і паважанай формай артыстычнага самавыяўлення. Работы мастакоў паказваюцца ў самых прэстыжных грамадскіх месцах. Іх стварэнне падтрымліваецца на дзяржаўным, рэгіянальным і муніцыпальным узроўнях. Напрыклад, у Сан-Паўлу кожны год на працягу месяца праходзіць фестываль Graffiti Fine Art Biennial, у якім апошнім разам прынялі ўдзел лепшыя майстры стрыт-арту з адзінаццаці краін свету. Бразільскія мастакі вылучаюцца сваімі яркімі каларыстычнымі рашэннямі, манументальнымі сродкамі абагульнення і з’яўляюцца сусветнавядомымі зоркамі ад раёнаў, кварталаў і гета да дзяржаўных музеяў і камерцыйных галерэй. Вулічнае мастацтва заўсёды падкрэслівае свой сацыяльны кірунак, а такія яго бразільскія формы, як капаэйра і стрыт-арт, толькі ўзмацняюць гэты эфект.
Фестываль VULICA BRASIL у Мінску разгарнуўся як непасрэдна ў яго гарадской прасторы, у прыватнасці на вуліцах Фабрычнай і Кастрычніцкай, так і пад дахам шэрага ўстаноў — найперш у Цэнтры сучасных мастацтваў, дзе прадстаўлена творчасць двух выбітных бразільскіх стрыт-арт мастакоў Ціньё і Ражэрыа Фернандэса, а таксама мноства беларускіх прыхільнікаў гарадскога мастацтва (такіх як Сowek і Сяргей Izum з Ліды, Андрэй Бусел, Міхась Мішук, Key Detail, RGB і Kontra з Мінска, Mutus з Пінска, Ura з Віцебска, Khvostov і Ulysses Nevmer з Гомеля, Сяргей Паўлавец з Маладзечна, Ivan Tame з Рэчыцы, Hade з Оршы і інш.). Фактычна ўся пляцоўка Цэнтра сучасных мастацтваў ператварылася ў адмысловы аўтаномны горад з уласнымі законамі і правіламі ўрбаністычнага асяроддзя, дэманструючы гэта праз графіці, трафарэты, постары, інсталяцыі, фатаграфіі, саўндпраекцыі, анлайн-маляванне. Трэба было бачыць радасць беларускіх насельнікаў гэтага незвычайнага “мегаполіса”, якім нарэшце афіцыйна дазволілі, кажучы сучасным слэнгам, адарвацца!
А тым часам мы з нашым фотакарэспандэнтам накіраваліся на вуліцу Кастрычніцкую, каб палюбавацца вулічным мастацтвам у яго натуральным асяроддзі. І ўбачылі… чорныя плямы-раны на такіх датклівых, адкрытых для ўсіх вандалаў каменных “целах”. Нехта ўсё ж знайшоўся, нехта не прайшоў па-чалавечы міма гэтых створаных для іх жа прыгожых “пясочных замкаў”. Пырскануў. Заляпаў. Спаскудзіў. Усвядомлена прайшоўся па творах, зробленых і нашымі, і бразільцамі. І, напэўна ж, рабіў гэта ноччу. Цішком. Цынічна.
Каб ніхто раніцай ужо не ўбачыў першапачатковай прыгажосці.
Чаму? Навошта?

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.