Фальклор, калі паглядзець азначэнне, — гэта народная творчасць, мастацкая калектыўная дзейнасць народа, якая адлюстроўвае яго жыццё, ідэалы і погляды. Па сутнасці, гэта душа народа. І ў творчасці дзіцячага фальклорнага калектыву “Крынічка”, які дзейнічае пры Хаціслаўскім сельскім доме культуры, яна выдатна знаходзіць сваё адлюстраванне.
Гэты творчы калектыў ведаюць не толькі ў родным Маларыцкім раёне. Па выніках фестываляў абрадавага фальклору “Спадчына зямлі Маларыцкай” ён штогод займае прызавыя месцы, а на абласным этапе конкурсу дзіцячага фальклору “Берагіня” ў 2012 годзе ўвайшоў у лік лепшых і ўдзельнічаў у рэспубліканскім фестывалі. Годна заяўляла пра сябе “Крынічка” і ў праграмах этнаграфічных канцэртаў “Рух зямлі”. Нядаўна яна заняла першае месца на абласным аглядзе-конкурсе дзіцячых фальклорных калектываў “Таночак” і такім чынам зноў атрымала права прадстаўляць вобласць на рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”.
— Я вельмі люблю народныя песні, — прызнаецца мастацкі кіраўнік калектыву дырэктар Хаціслаўскага дома культуры Галіна Хомік. — Зберагаючы культурную спадчыну беларусаў, хачу прывучыць дзяцей да народнай творчасці.
Між тым Галіна Іванаўна прыехала ў Беларусь з Украіны, атрымаўшы ў Луцку спецыяльнасць кіраўніка самадзейнага харавога калектыву. У 1988 годзе яна заснавала на Маларытчыне ансамбль песні і музыкі “Хаціславяне”, у склад якога ўвайшлі дарослыя артысты, а ў 1991 годзе стварыла дзіцячы фальклорны калектыў.
— Аднойчы я прыйшла ў клас, дзе вучыўся мой сын, і запрасіла дзяцей займацца фальклорам, — расказвае жанчына. — Некаторыя дзеці з першага складу потым перайшлі ў народны ансамбль “Хаціславяне”. Гэта Оля Жучок, Андрэй Хомік, Саша Ківачук…
Можна сказаць, “Крынічка”, якая сёння складаецца з 18 чалавек, — выток талентаў для “дарослага” ансамбля, дзе, дарэчы, выступаюць таксама бацькі некаторых удзельнікаў дзіцячага фальклорнага калектыву. Напрыклад, мама шасцігадовай Руфіны Люльковіч — Алена Сцяпанаўна — працуе балетмайстрам.
— Стараюся прыцягваць дзяцей да творчасці яшчэ з дзіцячага садка. Люблю змешаны калектыў: дзеці ў нас ад 4 да 16 гадоў. Малым і падлеткам тут цікава. Стараюся набіраць роўную колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак, каб танцавалі ў парах, — расказвае Галіна Хомік. — З дзецьмі вельмі цікава працаваць. Яны падкупляюць непасрэднасцю. Асабліва радуюць сваёй актыўнасцю маленькая Руфіна Люльковіч і старэйшыя Марына Бяльчук, Аня Круглей, Саша Стасюк, Віктар Галавей…
Некаторыя гавораць, што фальклор — гэта на аматара, але мастацкі кіраўнік адзначае, што сучасны слухач праяўляе да яго ўсё большую цікавасць.
— Усё залежыць ад падыходу, — упэўнена Галіна Іванаўна. — Трэба падаць так, каб не было сумна. Калі ў цікавай форме, то фальклор вельмі запатрабаваны. Думаю, сёння ён нават у модзе. Ужо і вяселлі гуляюць з народнымі элементамі. Тамада часта вяртае гасцей да вытокаў. Так што фальклор асучасніваецца, абнаўляецца.
Гледачы Брэстчыны заўсёды на ўра ўспрымаюць такія народныя песні, як “Іду я лісом гукаючы”, “Ой ты, зозулько, рабокрісла”, “Ходітэ, хлопцы, горды рваты”, “З Малорыты до Цытэль” і іншыя. І тое, што гучаць яны на мясцовым дыялекце, не перашкаджае падпяваць.
— Гледачоў у нас заўсёды шмат. Яны вельмі добра ўспрымаюць народныя танцы, прыпеўкі, гумар, — працягвае Галіна Хомік. — Часта мы практыкуем сумесныя творчыя вечары з носьбітамі фальклору. Бабулі і дзядулі з задавальненнем прыходзяць на праграмы і ахвотна дапамагаюць у іх падрыхтоўцы. Вось такая сувязь і пераемнасць пакаленняў атрымліваецца.
Фальклор (народныя песні, традыцыі, абрады) мастацкі кіраўнік калектыву “Крынічка” збірае як у Хаціславе, так і ў суседніх вёсках. Потым сама апрацоўвае, аранжыруе. Так старажытныя абрады набываюць сучасныя элементы. Напрыклад, унікальны абрад “Іванавы ягады” Галіна Іванаўна збірала практычна па крупінках. Ён, можна сказаць, стаў сапраўдным адкрыццём. Знайшла і прыдатныя “ягадныя” песні (напрыклад, “Іду я лісом гукаючы”). Атрымалася сапраўды цікава.
— На Купалле ў нашых мясцінах хадзілі ў лес па чарніцы. Зразумела, падчас работы спявалі. Лічылася, што сабраныя ў гэты дзень ягады ма-юць вялікую лекавую сілу. Іх сушылі, а потым варылі з іх кампоты, — расказвае Галіна Хомік. — Па ягады хадзілі дарослыя і дзеці, але мы інсцэніравалі гэты абрад чыста дзіцячым калектывам. Усё глядзіцца вельмі натуральна, таму што тут не трэба размяркоўваць ролі мужа або жонкі, як у некаторых іншых абрадах. Да таго ж гэта новая тэма ў адрозненне ад тых жа Калядак. Абрад “Іванавы ягады” звычайна глядзяць з вялікай цікавасцю!
Усё паспяваць, вядома, няпроста. Але Галіна Іванаўна працуе не адна. “Крынічка” — гэта яшчэ і акампаніятары Віктар Галавей (гармонік), Святлана Бяльчук (акардэон), Вячаслаў Краўчук (кантрабас). Апошні, дарэчы, з’яўляецца таксама мастацкім кіраўніком Хаціслаўскага сельскага дома культуры. Часам у арганізацыйнай рабоце дапамагае Людміла Лаўрыенка, педагог Хаціслаўскай сярэдняй школы. А школьнай адміністрацыі дзіцячы фальклорны калектыў Галіны Хомік дзякуе асобна.
— Нашым бабулям і дзядулям зычым моцнага здароўя. Няхай жывуць вельмі доўга і дзеляцца з намі скарбамі народнай культуры, — гаворыць Галіна Іванаўна. — Вялікі дзякуй ім за гэта. У прыватнасці, Еўдакіі Іванаўне Банецкай, бо ў мяне цэлая касета яе запісаў! Таксама Сцяпану Якаўлевічу Кавальчуку і яго сястры Вользе Якаўлеўне.
Апрануты юныя артысты ў ільняныя касцюмы маларыцкага строю, якія насілі ў маладосці яшчэ іх прабабулі. Спадніцы для дзяўчынак выткала народны майстар Беларусі Сцепаніда Сцепанюк, якая жыве ў вёсцы Дарапеевічы.
У некаторых музычных нумарах дзеці выкарыстоўваюць у якасці шумавога акампанементу прадметы, якія ў пачатку мінулага стагоддзя дапамагалі беларусам у побыце: грэбінка (ёй прачэсвалі лён), рубас (прас для льняной тканіны), бярдо (элемент ткацкага станка), біянка (маслабойка)… І хто б мог падумаць, што, напрыклад, ступа і таўкач — гэта таксама “ўдарная ўстаноўка”! Як гучыць такі “аркестр”, словамі не перадаць — трэба чуць!
Удзельнікі калектыву “Крынічка” ведаюць, што разам са сваім кіраўніком займаюцца сапраўды важнай справай: зберагаюць беларускі фальклор і, знаёмячы з ім сучаснікаў, даюць творчасці мінулых пакаленняў новае дыханне. Гэта — вялікая работа, але дзеці спраўляюцца: да вытокаў нацыянальнай культуры яны дакранаюцца з любоўю.
Алена ГАРМЕЛЬ.