У мастацкай галерэі “Акадэмія” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў напрыканцы сакавіка экспанавалася выстава твораў выкладчыкаў кафедры малюнка, жывапісу і скульптуры факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “STILL LIFE. Ціхае жыццё”, якая мела вялікі поспех і магла б стаць выдатным эпіграфам да сёлетняга 70-годдзя БДАМ.
Усе выкладчыкі кафедры — вядомыя на Беларусі і далёка за яе межамі творцы. Яны ўсе выдатна валодаюць рознымі традыцыйнымі тэхнікамі малюнка і жывапісу, у іх хапае часу ствараць арыгінальныя, сучасныя творы, і пры гэтым яны шчодра дзеляцца сваім майстэрствам з будучымі дызайнерамі і мастакамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Наведаўшы гэтую выставу, разумееш, чаму нашы маладыя дызайнеры займаюць прызавыя месцы на самых прэстыжных міжнародных конкурсах, чаму творы нашых мадэльераў, мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на модных паказах і выставах вылучаюцца бездакорным густам і гармоніяй. Кожны з выпускнікоў не толькі мастацкага, але і факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў адрозненне ад большасці сваіх аднагодкаў з заходнееўрапейскіх мастацкіх акадэмій пачынае сваё знаёмства з натурай не са свайго ўласнага крэатыўнага выказвання, якое часцей скажае сутнасць, а з хвіліны паўзы. Іх вучаць углядацца, услухоўвацца ў тыя пластычныя і колеравыя гармоніі, якія ёсць не толькі ў кожным чалавеку, але і ў навакольнай прыродзе, у кожным прадмеце. Усім, хто цікавіцца мастацтвам, добра вядома, што “нацюрморт” з французскай перакладаецца як “мёртвая натура”. Але былі мастакі, якім больш даспадобы было называць гэты жанр STILL LIFE (“ціхае жыццё”). Ціхае жыццё рэчаў.
У час камп’ютарных тэхналогій, якімі, як сведчыла экспазіцыя, дарэчы, выдатна валодаюць усе ўдзельнікі выставы, адзінай і самай надзейнай крыніцай гармоніі застаецца жывая прырода. Мастакі быццам заклікаюць, дакладней, даюць параду: адарвіцеся ад тэлеэкрана, манітора, ад навязлівага музычнага фону, паглядзіце навокал, паслухайце цішыню. Зрабіце паўзу, бо гэта і ёсць тое імгненне, калі душа мае магчымасць адгукнуцца на хараство навакольнага свету.
Экспазіцыя пачыналася з работы аднаго з самых выдатных нашых малявальшчыкаў Уладзіміра Лукашыка. Ён выканаў яе ў сучаснай тэхніцы лічбавага малявання, лічбавага друку. І назваў “Маска”. Я ўспрыняла гэта як зварот да маладых мастакоў: параўнайце, дзе больш жыцця — у зробленых у лічбавым фармаце ці рукатворных, напісаных фарбамі, намаляваных алоўкам творах? Здыміце маску.
Асацыяцыі з тэатральнасцю прапанаванага відовішча ўзмацнялі арыгінальныя макеты дэкарацый да папулярных спектакляў “Апошняя жанчына Дона-Хуана” (МАДТ), “Тры Жызэлі” (Тэатр беларускай драматургіі) і інш., а таксама па сваёй сутнасці тэатралізаваны жывапіс Андрэя Меранкова. І інсталяцыя са звычайных, здавалася б, прадметаў — пэндзлі, ручкі, серп, ключы, якія хацелася аддаць таму, хто іх забыўся… Але не. Здыміце маску… Гэта ключы ад сутнасці быцця, ад сутнасці творчасці.
Разглядаючы фантастычна, па-майстэрску пераведзеныя ў лічбавы фармат, выкананыя вугалем, пастэллю графічныя аркушы “Слоік з сухімі галінкамі”, “Цішыня” і іншыя ветэрана беларускай графікі Уладзіміра Сытчанкі, я нічога не магла з сабою зрабіць, прагнула хутчэй падысці да вабных, жывых, пульсуючых таемных акварэлей Вольгі Гардзіёнак-Кірэевай. Яе вялікія па памеры, насычаныя нейкім містычным адчуваннем прасторы залюстаркоўя, нацюрморты “Вербная нядзеля”, “Раніца” і іншыя літаральна заварожвалі. Вось яна, доўгачаканая паўза. Паўза, якая можа падарыць сустрэчу са сцішаным “Маўчаннем зімы”, лірычна-ўзнёслым “Днём Святога Валянціна”, разняволеным “Сакавіком”, “Цуд-белым летам (чарніцы з малаком)”, адчайным “Восеньскім танга” (жывапісныя палотны Ганны Конанавай). Паўза, дзе ў прыродную гармонію то павольна, то рэзка літаральна наплываюць пераўтвораныя ў колеравую абстракцыю рытмы (жывапісныя палотны “Украінскі нацюрморт”, “Вечар”, “Паралелі бясконцасці” Глеба Отчыка). І разумееш, што “Still life — 1, 2” (пластык, лічбавы друк) Уладзіміра Бірыцкага, што дакладна перадаюць той погляд на свет, які дыктуе нам маскультура, гэта ў выканні нашага мастака — іронія, а “Крымскія нацюрморты” Юрыя Алісевіча, ювелірна створаныя звычайным алоўкам — ці не споведзь.
Мне здаецца, ніколі камп’ютар не дасць мастаку выказацца гэтак дзёрзка і смела, як робіць наш выдатны жывапісец Іван Кліменка ў сваім творы “Матыў на белым”. І не адчуеш у лічбавых адбітках дыхання жывой фактуры і водару кавы, як у творах “Невыносная лёгкасць быцця” (калаж), “Кава з цукрам” (палатно, алей, акрыл) нашага слыннага графіка і жывапісца, загадчыка кафедры малюнка, жывапісу і скульптуры Ігара Гардзіёнка.
Тут дарэчы нагадаць пра тое, што напрыканцы мінулага навучальнага года па ініцыятыве Ігара Гардзіёнка і Вольгі Гардзіёнак-Кірэевай у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў быў праведзены круглы стол па праблемах выкладання малюнка на факультэце дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Мастакі, выкладчыкі сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, якія рыхтуюць будучых дызайнераў, прыйшлі да высновы, што перавага беларускай школы дызайну якраз і ёсць у тым, што будучыя дызайнеры вывучаюць і акадэмічны малюнак, і акадэмічны жывапіс. Менавіта такой пазіцыі прытрымліваўся першы загадчык кафедры малюнка, жывапісу, скульптуры выдатны беларускі графік Кастусь Шаранговіч, які, на жаль, нядаўна пайшоў з жыцця.
На пачатку гэтага года ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва экспанавалася пасмяротная выстава яго твораў. Усе ў адзін голас сцвярджалі, што такога, як ён, малявальшчыка, можа, не было і не будзе. А ён на круглым стале згадваў, якім адмысловым майстрам малюнка быў яго аднакласнік Сяргей Войчанка, слынны ва ўсім свеце дызайнер.
Выстаўка “STILL LIFE. Ціхае жыццё” пацвердзіла, што традыцыі беларускай школы дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва працягваюцца, развіваюцца… Кандыдат мастацтвазнаўства прафесар Яўген Шунейка адзначыў: “Вельмі радуе, што на адной кафедры згуртавалася столькі актыўных і натхнёных асоб!”
Хочацца дадаць, што, толькі добра засвоіўшы традыцыі, можна смела ісці на эксперымент, толькі ведаючы ўсе сакрэты, валодаючы гармоніямі малюнка, жывапісу, скульптуры, можна стварыць сапраўды крэатыўны шэдэўр. Тым і мацуе свой поспех наша Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.
Галіна БАГДАНАВА.