Загадчык аддзела струнна-смычковага аддзялення мінскай дзіцячай музычнай школы № 1 імя Л.П.Александроўскай выкладчык па класе віяланчэлі Надзея Цэхановіч: з назіранняў за дзецьмі і інструментам.
У яе працоўнай кніжцы ёсць толькі адзін запіс месца працы: дзіцячая музычная школа № 1 імя Л.П.Александроўскай горада Мінска. Тут, у сталічнай ДМШ № 1 Надзея Пятроўна Цэхановіч працуе ўжо 12 гадоў. Хаця ні гэтай школы, ні нават наогул беларускай сталіцы ў яе жыцці магло і не быць. Яна нарадзілася ў Оршы ў сям’і ніякім чынам не звязанай з музыкай, там ужо ў дзіцячым садку прыводзіла сваімі музычнымі здольнасцямі ў захапленне выхавальніц. Вучылася там жа, у дзіцячай музычнай школе па класе віяланчэлі, прычым, калі ішла ў першы клас, выбірала не інструмент, а проста добрую цётачку, якая і ўлюбіла яе ў віяланчэль. Недзе ў пятым класе, яшчэ не ведаючы, што такое кансерваторыя і якія кансервы там робяць, пэўна ведала, што з музыкай і, у прыватнасці, з віяланчэллю не расстанецца ніколі. Скончыла Віцебскае музычнае вучылішча. А потым, як расказвае сама Надзея Пятроўна, ёй захацелася крыху пападарожнічаць, і лёс закінуў яе ў далёкі Растоў-на-Доне, дзе яна паступіла і паспяхова скончыла кансерваторыю. Але недарэмна кажуць: усюды добра, а дома лепш! У Растове Надзея Цэхановіч доўга не затрымалася — вярнулася на радзіму, як яна сёння адчувае, з якіхсьці падсвядомых патрыятычных меркаванняў. Ехаць у Оршу, паспытаўшы выгоды жыцця вялікага горада Растова-на-Доне, ужо не хацелася. Паспрабавала зачапіцца за сталіцу, а неўзабаве шчасліва ўладкавалася на работу ў сталічнай дзіцячай музычнай школе № 1 імя Л.П.Александроўскай. Заўсёды яркую, прыгожую, эмацыянальную, яе вельмі любяць дзеці. А яна ў сваю чаргу вельмі любіць і дзяцей, і свой інструмент. Цяжка нават сказаць, каго больш. Віяланчэль для яе таксама жывая, як чалавек.
Што ж гэта за інструмент такі, які паланіў аднойчы раз і назаўсёды сэрца маленькай чарнявай аршанскай дзяўчынкі з яркімі музычнымі здольнасцямі? Прасцей за ўсё адказаць: струнна-смычковы інструмент, які большы за скрыпку і меншы за кантрабас. Але…
Надзея Пятроўна прызнаецца, што для яе віяланчэль заўсёды асацыіруецца з жывым чалавечым голасам, жывой чалавечай душой. “Я люблю яе за яе тэмбр, цеплыню, шчырасць, непадробнасць, я сказала б нават за нейкую такую аксамітнасць яе гучання… Пры ўсім гэта вельмі інтэлектуальны і складаны інструмент. Нават проста для таго, каб здабыць нейкі гук з віяланчэлі, трэба прыкласці намаганні, задзейнічаць інтэлект. Гэта не фартэпіяна (хаця фартэпіяна я таксама люблю), дзе клавішу націснуў — і атрымаў гук. Тут трэба яго дастаць, пачуць, адчуць… І ўся музыка, напісаная для віяланчэлі, філасофскага, інтэлектуальнага плана. Гэта вельмі глыбокая музыка, у якой нічога не ляжыць на паверхні”. Тут Надзея Пятроўна пачынае ўсё больш і больш заглыбляцца ў гісторыю віяланчэлі, расказваючы пра тое, што спачатку гэта быў толькі акампануючы інструмент, што доўгі час пра надзвычай багатыя магчымасці віяланчэлі не здагадваліся, але яна скрозь стагоддзі бясконца ўдасканальвалася і ўрэшце набыла самакаштоўнасць, што сваю даніну віяланчэлі аддалі многія вядомыя кампазітары-класікі, такія як Шуберт, Шапэн, Брамс, Грыг, Вівальдзі, Сен-Санс, Чайкоўскі, Шастаковіч, Брытэн…
А я тым часам прыгадваю вядомую легенду пра “Віяланчэль Страдзівары-Дзюпора” і французскага імператара Напалеона Банапарта. Усё пачалося, паводле той легенды, з таго, што да Антоніа Страдзівары аднойчы прыйшоў нейкі лекар з Ліёна і запытаў яго: “Ці можаце вы стварыць самы лепшы на свеце інструмент? Грошай не пашкадую”. Той адказаў: “Не гарантую, але паспрабую. Ёсць для гэтага ў мяне адно цудоўнае дрэва…” На тым і сышліся. І вялікі майстар сапраўды пачаў ствараць віяланчэль, працаваў над ёй ажно тры гады. А калі заказчык прыйшоў ацаніць працу Страдзівары і той зайграў, гук быў такім прыгожым, такім глыбокім і спеўным, што ліёнскі доктар, не раздумваючы, заплаціў майстру ўдвая больш за прызначаны самім Страдзівары кошт. Так віяланчэль набыла свайго першага гаспадара і сваё першае імя — “Віяланчэль Страдзівары”. Але на гэтым гісторыя “Віяланчэлі Страдзівары” не скончылася. Пазней нашчадкі таго ліёнскага лекара прадалі яе з аўкцыёну за нечуваную суму ў трыццаць тысяч залатых франкаў. А набыў віяланчэль французскі музыкант-віртуоз Жан-Луі Дзюпор. Цяпер яна стала называцца “Віяланчэль Страдзівары-Дзюпора”. І неяк Дзюпор даваў канцэрт у палацы Цюільры перад самім Напалеонам. Банапарт быў настолькі ўзрушаны прыгажосцю гучання інструмента, што з уласцівай яму рашучасцю рынуўся да маэстра Дзюпора, вырваў з яго рук віяланчэль і гучна аб’явіў: “А паспрабую і я сыграць на гэтым цуда-інструменце!” І тут жа абхапіў віяланчэль нагамі (шпіль, якім інструмент абапіраецца аб падлогу, з’явіўся толькі ў канцы XIX стагоддзя, а ў часы Напалеона інструмент утрымлівалі нагамі). Збянтэжаны Дзюпор паспеў толькі выкрыкнуць нешта накшталт “Толькі асцярожна!”. Але было позна. Шпора імператарскага бота пакінула на віяланчэлі глыбокую драпіну… А здабыць які-небудзь гук з віяланчэлі Напалеону так і не ўдалося.
Што цікава, тая драпіна з часам толькі дадала інструменту велічы і кошту. “Віяланчэль Страдзівары-Дзюпора” пераходзіла з рук у рукі, ад Жана-Луі Дзюпора, які захоўваў яе да самай смерці ў 1819 годзе, яна перайшла да яго старэйшага брата Жан-П’ера, ад сына Дзюпора-старэйшага — да віртуоза Франкома, пэўны час яна належала калекцыянеру музычных інструментаў барону Іагану Кнопу… А з 1974 па 2007 год на ёй іграў Мсціслаў Растраповіч, які называў яе сваёй каханкай. Ходзяць чуткі, што пасля смерці маэстра “Віяланчэль Страдзівары-Дзюпора” была набыта Японскай музычнай асацыяцыяй за 20 млн долараў.
Надзея Пятроўна зусім не здзіўляецца, што ў самаўпэўненага Напалеона нічога з віяланчэллю не атрымалася. “Нерэальна, каб чалавек, упершыню ўзяўшы ў рукі гэты інструмент, змог што-небудзь на ім сыграць, нават калі ён валодае азамі музычнай граматы, — гаворыць яна. — І тым больш радуешся, калі бачыш, як дзеткі, якія прыйшлі ў першы клас з нуля, нічога не ведаючы і не ўмеючы, ужо ў класе другім ці трэцім пачынаюць выдаваць на віяланчэлі цудоўныя рэчы. І няхай у аднаго атрымліваецца лепш, у другога — горш, нават нейкія нязначныя вынікі дарагога каштуюць. Мы ж не ставім тут мэты рабіць з дзяцей прафесійных музыкантаў — хто хоча, дабіваецца вельмі высокіх вынікаў, выйграе на конкурсах і г.д. Для таго каб дасягаць такіх выдатных поспехаў, якія маюць, скажам, навучэнцы Музычнага ліцэя, трэба штодня займацца па 4—5 гадзін, а то і больш. Да нас жа, у дзіцячую музычную школу, дзеці ходзяць пераважна проста для душы, для развіцця інтэлекту. Для многіх з іх гэта проста любімы адпачынак ад заняткаў у агульнаадукацыйнай школе. Ва ўсякім разе большасць дзяцей сюды прыходзіць з радасцю. Ёсць сярод іх і пэўны касцяк найбольш таленавітых і актыўных, у якіх тут свая тусоўка, якія іграюць у сімфанічным аркестры, пастаянна прымаюць удзел у розных канцэртах і г.д. Яны проста не могуць без усяго гэтага, без сваіх любімых інструментаў. Ведаю па сабе: калі ты па-сапраўднаму ўлюбляешся ў музычны інструмент, ты аддадзены яму і душой, і целам”.
Тым не менш сярод выхаванцаў Надзеі Пятроўны былі і ёсць сапраўдныя зорачкі. Напрыклад, яна з асаблівай цеплынёй прыгадвае Юлю Азарэнка, якая адвучылася ў яе 7 гадоў і летась скончыла музычную школу. Са сваёй любімай настаўніцай Юля займала прызавыя месцы на конкурсах у Італіі, Эстоніі. І з ёй жа, Юляй Азарэнка, звязана гісторыя, якую Надзея Пятроўна ўспамінае з жахам і ўсмешкай адначасова. Гэта здарылася акурат у Італіі, на конкурсе сярод віяланчэлістаў у Падуі. Да выхаду Юлі на сцэну заставалася ўсяго нейкіх тры хвіліны, як раптам у яе канцэртнай сукенцы зламаўся замок. Ва ўсіх трох — Юлі, яе мамы, Надзеі Пятроўны — імгненны шок. Ну, не ў шортах жа выходзіць на сцэну! І тут Надзея Пятроўна, сканцэнтраваўшы ўсю волю, якая толькі была, паглядзела на іх і загадала: “Пераапранайцеся! Зараз жа. Тут жа”. Балазе, Юлі было ўжо 13 гадоў, і яе фізічныя параметры былі амаль як маміны. Цяпер, дарэчы, успамінаючы той жахліва-смешны выпадак, Надзея Пятроўна ўсур’ёз лічыць, што менавіта ён дапамог тады Юлі сканцэнтравацца, засяродзіцца і ўрэшце паспяхова выступіць на конкурсе.
А наогул, працягвае дзяліцца сваімі назіраннямі за дзецьмі мая суразмоўніца, за іх ёй бывае і радасна, і часам балюча. Балюча — гэта калі музычны лёс таленавітых дзяцей з тых ці іншых прычын не складваецца. Надзея Пятроўна ўспамінае вельмі адораную дзяўчынку, якая гатова была кожны дзень хадзіць у музычную школу і гадзінамі іграць на любімай віяланчэлі, але атрымалася так, што з сям’ёй яна пераехала на пастаяннае жыхарства ў Кіеў, а там так і не змагла знайсці “свайго” педагога. Яшчэ адна гісторыя — таксама пра адну яе таленавітую выхаванку, якая паказвала тут, у музычнай школе, бліскучыя вынікі. Ёй прарочылі шчаслівы лёс музыканта-прафесіянала, але яна з’ехала з сям’ёй за мяжу, у Італію, і была вымушана кінуць там заняткі музыкай, паколькі гэта было непад’ёмна для яе бацькоў у фінансавым плане. У сувязі з гэтым Надзея Пятроўна эмацыянальна гаворыць: “Бацькі нават не здагадваюцца, якія выгоды ім дораць нашы дзіцячыя музычныя школы. Там, у Еўропе, музычная адукацыя — гэта вельмі і вельмі дарагое задавальненне. І ўсё толькі на прыватнай аснове. Таму нашым бацькам, лічу, трэба максімальна карыстацца тымі магчымасцямі, якія ёсць у нас. Пра гэта ў той жа Еўропе людзі могуць толькі марыць”.
Паступова мы пачынаем гутарыць з Надзеяй Пятроўнай на самыя розныя тэмы. Даведваюся, напрыклад, пра тое, што сама яна з радасцю выступае ў складзе класічнага квартэта (дзве скрыпкі, альт і віяланчэль) педагогаў мінскай ДМШ № 1. Пра тое, што дома іншым разам ёй хочацца адпачыць ад класічнай музыкі і паслухаць, напрыклад, проста добрую інструментальную музыку з кінафільмаў. Пра тое, што яна не мае нічога супраць такіх гуртоў, як фінская Apocalyptica, удзельнікі якой іграюць металічную музыку на віяланчэлях. “Ва ўсякім разе гэта папулярызацыя нашага інструмента! Раней жа віяланчэль успрымалася толькі праз Растраповіча, а тут — калі ласка: на віяланчэлі можна сыграць усё што заўгодна”. Пра тое, што, паводле яе назіранняў, вучні дзіцячай музычнай школы ўжо проста не могуць слухаць нізкаякасную папсу і што нават званкі іх смартфонаў сведчаць пра іх дастаткова сур’ёзныя музычныя густы. Пра тое, што ў наступным годзе найстарэйшая сталічная дзіцячая музычная школа № 1 імя Л.П.Александроўскай будзе адзначаць 90-гадовы юбілей, і з гэтай нагоды дырэктар Сяргей Васільевіч Перапеча разам са сваімі калегамі рыхтуе цікавую, насычаную самымі рознымі музычнымі імпрэзамі праграму святочных мерапрыемстваў…
У мяне тым часам застаюцца ўсяго толькі тры пытанні да маёй суразмоўніцы.
— Ваша крэда як педагога?
— Галоўнае — зацікавіць дзіця і ўлюбіць яго праз сябе ў музыку. Падмануць дзяцей немагчыма. Калі сам ты няўпэўнены, калі сам ты не любіш інструмент, сваю прафесію, нічога не атрымаецца.
— Якое галоўнае табу ў вашай педагагічнай дзейнасці?
— Нельга ні ў якім разе прыніжаць дзяцей. Нават калі ў нейкага дзіцяці аб’ектыўна не хапае здольнасцей, само яно не павінна здагадацца пра гэта. Усе дзеці без выключэння павінны адчуваць тут сябе ўпэўнена і камфортна.
— У чым жаночае шчасце?
— Гэта калі ты ідзеш з радасцю на работу і з радасцю вяртаешся з работы дадому ў сям’ю. А адно з другім звязана. Я, напрыклад, зачапіцца толькі за сям’ю і жыць толькі сям’ёй не змагла б, таму што мая работа — гэта частка мяне, майго жыцця… І сям’я — таксама частка мяне.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.