Менавіта пад такой назвай у сярэдняй школе № 2 Глуска ў студзені прайшоў творчы вечар, прысвечаны 70-годдзю вядомага кампазітара народнага артыста Беларусі Валерыя Іванова. На малую разіму, у родную школу, якая ў гэтым навучальным годзе адзначыла сваё 95-годдзе, Валерый Кірылавіч прыехаў не адзін, а ў кампаніі сябра — народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленка — і жонкі чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі па фехтаванні Алены Бяловай. Традыцыйна шаноўных гасцей з хлебам-соллю на парозе школы сустракалі вучні малодшых класаў — будучыня роднай школы. Гэты добры звычай вельмі крануў кампазітара.
Затым была экскурсія ў музей гісторыі школы (яго адкрылі 1 верасня 2017 года), дзе Валерыю Кірылавічу і яго творчасці прысвечана асобная экспазіцыя. Дарэчы, эпіграфам да яе і сталі радкі “Я вечны парастак Радзімы” з усім вядомай песні кампазітара “Яшчэ жыве бацькоўскі зруб”.
А кульмінацыяй таго незабыўнага дня стаў творчы вечар Валерыя Іванова. Гэта была яго сустрэча з дзяцінствам, з аднакласнікамі, сябрамі, сённяшнімі вучнямі і калектывам школы. І ці трэба казаць, што спартыўная зала школы, дзе адбылася вечарына, ледзьве магла прыняць усіх ахвотных: на сустрэчу са знакамітым земляком прыйшло шмат глусчан і жыхароў раёна.
Творчы вечар пачаўся з прывітальнага слова дырэктара школы Святланы Мікалаеўны Лісіцы, якая пазнаёміла прысутных з віншавальным пасланнем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі да юбіляра і ад імя вучняў, настаўнікаў, усіх жыхароў раёна павіншавала Валерыя Кірылавіча з юбілеем. Культавую песню “Ты, да я, да мы с тобой” у падарунак кампазітару выканалі вучні яго роднай школы.
Цікава, што вядучым творчага вечара стаў таксама выпускнік глускай сярэдняй школы № 2 — журналіст член Саюза пісьменнікаў Беларусі Навум Барысавіч Сандамірскі.
А далей кампазітар падзяліўся ўспамінамі пра школьнае дзяцінства, згадаў першыя крокі ў чароўны свет музыкі, шчыра падзякаваў роднай школе, настаўнікам і ўсім землякам. Відэапрэзентацыя аб яго музычнай творчасці выклікала вялікую цікавасць.
Сольныя выступленні юных цымбалістак Дар’і Сарапас і Альбіны Лубковай, якія выканалі творы Валерыя Іванова, засведчылі, што ў роднай школе кампазітара і сёння жывуць традыцыі музычнага выхавання.
З цёплымі словамі выступілі таксама Алена Бялова, Анатоль Ярмоленка, які не толькі выказаў шчырыя пажаданні кампазітару, яго роднай школе і землякам, але і выканаў некалькі вядомых песень на музыку Валерыя Іванова. Артысту падпявалі ўсе прысутныя.
Арыгінальным заключным акордам той незабыўнай сустрэчы стаў святочны торт ад будучых выпускнікоў 2018 года, спечаны ў форме фартэпіяна — любімага музычнага інструмента кампазітара.
Творчы вечар скончыўся, але ўспаміны аб ім і ў Валерыя Кірылавіча, і ў яго сяброў, і ў прысутных застануцца назаўсёды, бо чалавек, як і дрэва, моцны каранямі, самым надзейны з якіх — памяць.
Святлана ЛІСІЦА,
дырэктар сярэдняй школы № 2 Глуска Магілёўскай вобласці.