Фурор у Літве: юныя музыканты з Магілёва заваявалі тры гран–пры

Для навучэнцаў і педагогаў Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў 2018 год, Год малой радзімы, азораны яркімі і запамінальнымі падзеямі. Гэта і шматлікія перамогі навучэнцаў на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах, і выступленні творчых калектываў на канцэртных пляцоўках роднага горада ў рамках святочных урачыстых мерапрыемстваў, і творчае супрацоўніцтва з музычнымі навучальнымі ўстановамі Латвіі і Польшчы. Не стаў выключэннем і кастрычнік.

Фота да матэрыялу: Фурор у Літве: юныя музыканты з Магілёва  заваявалі тры гран–пры.Выдатным падарункам бацькам, настаўнікам, навучальнай установе дый самім сабе можна назваць яркую перамогу юных акардэаністаў і баяністаў гімназіі-каледжа на II Міжнародным конкурсе-фестывалі імя Вацлаваса Фурманавічуса, які адбыўся ў Вільнюсе 26—27 кастрычніка.

Узровень конкурсу быў высокім. Колькасць удзельнікаў з Латвіі, Літвы, Беларусі, Сербіі, Польшчы налічвала больш за 100 чалавек, сярод членаў прадстаўнічага журы былі вядомыя музыканты. Тэхнічная складанасць, культура выканання, артыстызм, ступень натхнення — гэта толькі частка крытэрыяў, па якіх журы ацэньвала юных акардэаністаў. Адпаведнасць усім гэтым крытэрыям і была той задачай, якую ставілі перад сваімі выхаванцамі-канкурсантамі выкладчыкі В.Ф.Грашчанка, А.М.Дарашэнка і Р.Я.Сінялобава.

У многіх намінацыях конкурсу адораным навучэнцам гімназіі-каледжа не было роўных: яны атрымалі тры гран-пры і два першыя месцы. Усе навучэнцы, апынуўшыся на гэтым творчым спаборніцтве, змаглі сабрацца і выступіць з максімальнай аддачай, прадэманстраваўшы высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства. Таму і вынікі такія ўражлівыя: уладальнікамі гран-пры сталі Ульяна Астанковіч, Паліна Сініца, дуэт у складзе Станіслава Паўлава і Германа Бондарава, першыя месцы — у скарбонцы ўзнагарод Антона Конанава і Ларысы Філіпчанка. Пасля выканання кожнага твора дуэту апладзіравала не толькі зала, але і ўсе члены журы, што на конкурсах бывае вельмі рэдка. Крыкі “Брава!” гучалі ў адрас Ульяны Астанковіч, Паліны Сініцы, нашага дуэта і на заключным канцэрце лаўрэатаў, які праходзіў у межах цырымоніі ўзнагароджання. За ўсім гэтым феерверкам радасных канцэртных эмоцый і творчых перамог заўсёды стаіць карпатлівая работа саміх канкурсантаў і іх настаўнікаў, а таксама бацькоў, якія разам з педагогамі не толькі выхоўваюць юных музыкантаў, але і становяцца спонсарамі і мецэнатамі, аплачваючы і дарогу, і ўдзел дзяцей у конкурсах.

Падчас візіту ў Вільнюс адбылася яшчэ адна важная падзея: быў падпісаны пяцігадовы дагавор аб творчым супрацоўніцтве з Вільнюскай Новавільняйскай музычнай школай (Літоўская Рэспубліка). Дырэктар школы прафесар Рычардас Святкявічус, вядомы ў Літве музыкант, член журы шматлікіх міжнародных конкурсаў, з радасцю падпісаў гэты дакумент, бо добра знаёмы з высокім выканальніцкім узроўнем навучэнцаў Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў.

Дагавор, на думку дырэктара гімназіі-каледжа Аляксандра Яўгенавіча Курсакова, дасць юным музыкантам магчымасць актыўных творчых зносін, а педагогам абедзвюх навучальных устаноў — магчымасць абменьвацца прафесійна-творчым вопытам.

Візіт завершаны, наперадзе ў навучэнцаў шмат конкурсаў і канцэртаў. Вельмі хочацца, каб юныя магіляўчане ажыццявілі свае амбіцыйныя планы і яшчэ не раз перамаглі, адстойваючы гонар роднага горада.

Наталля КУРЫЛА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў.