Я вяртаўся з вёскі Махро ў Іванава, ведаючы, што гэта будзе апошні прыпынак падчас маёй вандроўкі па янаўскім краі. Я і мой добры гід, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Іванаўскага раёна Наталля Аляксееўна Лапай пасля такога інтэнсіўнага марш-кідка былі прыкметна стомленыя, але пра тое, каб не наведаць іванаўскую сярэднюю школу № 4, і гаворкі быць не магло, прынамсі, па некалькіх прычынах. Па-першае, і ў непасрэднай сувязі з Днём беларускага пісьменства, гэта адзіная на Брэстчыне гарадская сярэдняя школа з беларускай мовай навучання. Па-другое, і, зноў жа, у звязку са святам, менавіта тут з самай раніцы 2 верасня адбудзецца сімвалічная акцыя — пасадка Саду Малітвы. І, па-трэцяе, іванаўская 4-я школа вядомая сваімі моцнымі традыцыямі навучання музыцы і спевам, раней яна афіцыйна лічылася школай з музычна-харэаграфічным ухілам, цяпер заняткі музыкай і танцамі маюць статус факультатыву, і, тым не менш, культура ў выглядзе музыкі і харэаграфіі і адукацыя як такая тут непасрэдна сыходзяцца ў адной кропцы. Музычныя калектывы гэтай установы адукацыі 1 верасня дадуць асобны канцэрт на Дні беларускага пісьменства.
Якраз пра музычнае сёння 4-й сярэдняй школы Іванава мне коратка і расказала падчас непрацяглай сустрэчы намеснік дырэктара ўстановы па вучэбнай рабоце (музычнае аддзяленне) Марына Уладзіміраўна Гарох.
Па яе словах, музычнае аддзяленне школы прадстаўлена практычна ўсімі асноўнымі ў сферы музычнай адукацыі інструментамі: фартэпіяна, скрыпка, баян, акардэон, цымбалы і гітара. У мінулым навучальным годзе на аддзяленні вучыліся 284 школьнікі, і гэтая лічба з году ў год мяняецца нязначна.
Асабліва ганарацца ў Іванаўскай сярэдняй школе № 4 двума калектывамі — узорным музычным тэатрам і ўзорным хорам “Асоль”. Першы быў створаны ў 1996 годзе, у 1998 годзе яму было прысвоена званне “ўзорны”. Нязменны кіраўнік тэатра — Валянцін Васільевіч Перапёлкін, які сам піша музыку да ўсіх пастановак. Ён жа напісаў і гімн школы, які іванаўскія вучні выканаюць 1 верасня падчас урачыстай лінейкі, прысвечанай Дню ведаў. Рэжысёр тэатра — Валянціна Сяргееўна Фісюк, загадчык пастановачнай часткі — Юрый Аляксандравіч Губараў. У калектыве 30 чалавек. Іграюць адначасова вучні 2—11 класаў. Заняткі праводзяцца 2 разы на тыдзень у адпаведнасці з творчым планам тэатра. Калектыў з’яўляецца пастаянным удзельнікам раённых, абласных мерапрыемстваў. У рэпертуары тэатра не толькі тэатральныя пастаноўкі, але і мюзіклы, тэатралізаваныя паказы рознай тэматыкі.
Узорным музычным тэатрам штогод праводзіцца навагодняе дабрачыннае свята ў рамках Рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. У 2014 годзе тэатр прыняў удзел у дзіцяча-юнацкім абласным фестывалі “Тэатральны прыстанак” і быў узнагароджаны дыпломам І ступені і дыпломам “За лепшае шоу-прадстаўленне”. У 2015 годзе калектыў удзельнічаў у абласным этапе Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, дзе атрымаў дыплом І ступені і грамату Брэсцкага аддзялення Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Таксама музычны тэатр прымаў удзел у XIII Міжнародным праекце “Караван культур” (Польшча). А ў 2017 годдзе адна з удзельніц калектыву заваявала гран-пры на Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячага мастацтва “Ільвяня”.
Узорны хор “Асоль” (кіраўнік — настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Наталля Іванаўна Мароз, канцэртмайстар — настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Вольга Аляксееўна Засімовіч) пачаў сваю дзейнасць на базе школы ў 2007 годзе. Ён неаднойчы станавіўся лаўрэатам і пераможцам гарадскіх, раённых, абласных і рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў вакальна-харавой творчасці (“Велікодныя сустрэчы”, “Прывітанне, свет!”, “Юныя таленты Беларусі”, “Ільвяня”, “Спяваем разам” і інш.). Усяго за плячыма калектыву — удзел у 34 конкурсах і фестывалях і 284 узнагароды. Знакавыя падзеі для хору — Міжнародны кірмаш сацыяльна-педагагічных інавацый у Белгарадзе, дзе калектыў прадставіў праект “Укараненне мадэлі фарміравання музычнага ўнутрышкольнага асяроддзя як фактару здароўезберажэння і развіцця навучэнцаў”, і выступленне на гэтым жа кірмашы ў Брацку з праектам “Музычная адукацыя як сродак выхавання школьнікаў”.
Безумоўна, сваімі поспехамі ў музычнай творчасці вучні сярэдняй школы № 4 найперш абавязаны сваім педагогам-прафесіяналам Наталлі Іванаўне Мароз, Вользе Аляксееўне Засімовіч, Аксане Георгіеўне Фісенка, Таццяне Міхайлаўне Панькоўскай і многім іншым.
Напрыканцы сустрэчы з Марынай Уладзіміраўнай я запытаў проста: “А што для вас свята Дня беларускага пісьменства?” І быў вельмі ўсцешаны яе адказам: “Наогул, сама я не з Іванава, але гэты горад за 22 гады, колькі я ў ім жыву, пераехаўшы сюды за мужам, ужо стаў родным. І ў першую чаргу радуюся за яго, за ўсіх іванаўцаў. А Дзень беларускага пісьменства для мяне — гэта свята Беларусі, нашай мовы! Нашых дзяцей з сярэдняй школы № 4 пазнаеш у горадзе адразу. Іншы раз займаешся дома нейкімі хатнімі справамі, а праз адчыненае акно чуеш мілыя беларускія словы — значыць, нашы…”
…Развітаўшыся з Марынай Уладзіміраўнай Гарох і Наталляй Аляксееўнай Лапай, я зноў аказаўся сам-насам з Іванавам і з сабой. Да цягніка на Мінск заставалася яшчэ некалькі гадзін. Здавалася, што зноў вярнулася раніца дня, бо сітуацыя была вельмі сіметрычная: цяпер ужо з Іванава я мусіў быў выехаць у 11 вечара і прыехаць у Мінск а 5-й раніцы.
Бавячы час, гуляў па горадзе і пракручваў у галаве ўвесь дзень, успамінаў людзей, з якімі пазнаёміўся, дзякаваў ім усім у думках. І… развітваўся “Асоль” з янаўскім краем, які стаў для мяне адным суцэльным вялікім адкрыццём.
І таму я ведаю, што скажу яму яшчэ калі-небудзь: “Прывітанне!”.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з архіва іванаўскай сярэдняй школы № 4.