Сэрцы саграваюцца лёдам…

У Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праходзіць V фестываль-конкурс лядовых і снежных скульптур “Свет крышталёў у батанічным садзе”. У гэтым творчым спаборніцтве ці, хутчэй нават, адмысловым снежна-ледзяным шоу прынялі ўдзел 9 каманд прафесійных скульптараў і 9 студэнцкіх і навучэнскіх каманд профільных дзяржаўных устаноў адукацыі ці асобных факультэтаў. Абапал адной з галоўных алей ЦБС, недалёка ад экспазіцыйнай аранжарэі, размясцілася каля двух дзясяткаў дзівосных празрыста-белых кампазіцый, халодных толькі навобмацак, але сагрэтых любоўю, фантазіяй, цярпеннем, стараннасцю і майстэрствам сваіх выканаўцаў, і праз гэта, здаецца, цёплых і нават мяккіх, як сэрца ці рукі чалавека, які любіць… Жывы снег, жывы лёд. Народжаныя з жывой вады. Жывым сэрцам.

Павел Ляонаў (кампазіцыя “Вецярок”).

Асабліва прыгожа тут гэтымі днямі па вечарах, калі ўключаюць падсветку і лядова-снежныя скульптуры пачынаюць зіхацець самымі рознымі адценнямі і ствараюць ні з чым непараўнальнае адчуванне сапраўднай зімовай казкі і амаль хатняй утульнасці, калі нават самыя халодныя сэрцы саграваюцца і растапляюцца, кажучы аксюмаранам, цёплым лёдам…

Сёння тут, сапраўды, прыгожа і зусім не холадна, як гэта было ў сярэдзіне апошняй дэкады студзеня, калі выдаліся даволі суровыя марозныя дні, але, нягледзячы на гэта, маладыя і нават зусім юныя скульптары выразалі, выбівалі, выточвалі, выдзёўбвалі, выгладжвалі дзівосныя снежныя і лядовыя сілуэты і формы. І было якраз дужа цікава назіраць за імі падчас іх увішнай працы: пачырванелыя, крыху заінелыя ці нават зледзянелыя ад доўгага знаходжання на марозе, але… дружныя, бадзёрыя, вясёлыя і бязмежна шчаслівыя!

Вось яны, вы іх таксама можаце бачыць на здымках: прафесійныя скульптары (фактычна ўсе яны працуюць выкладчыкамі ў розных установах адукацыі): Іван Арцімовіч, Павел Ляонаў, Аляксандр Прохараў, Дзмітрый Аганаў, Валянцін Борзды… У кожнага з іх ёсць свая каманда, прычым нярэдка сямейна-прафесійная, як, скажам, у Івана Арцімовіча, які стварае кампазіцыю “Цуд прыроды” разам з жонкай-скульптарам Ульянай, ці ў Валянціна Борздага, які разам з сынам Георгіем запрашае прысесці “Ля каміна”. І тут жа, побач, скульптары-пачаткоўцы з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка, Мінскага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава…

Выкладчык скульптуры Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка Павел Ляонаў адзначае, што для навучэнцаў установы, якія прымаюць удзел у фестывалі-конкурсе лядовых і снежных скульптур “Свет крышталёў у батанічным садзе”, гэта найперш вялікая школа, фактычна іх першы крок на шляху да таго, каб выйсці ў ландшафтнае асяроддзе. “Можа, яны нават яшчэ і самі не разумеюць гэтага, — гаворыць Павел, — але, папрацаваўшы тут, адчуўшы ўсю гэтую прастору, якую ніколі не адчуеш у межах майстэрні, яны ўжо будуць нават інакш мысліць як скульптары, інакш адчуваць сябе… І гэта ўжо не кажучы пра той неверагодны энергетычны і інфармацыйны абмен, які адбываецца ў працэсе стварэння снежнай ці лядовай скульптуры. Вада ж жывая, яна носьбіт інфармацыі, а значыць, і снег ды лёд таксама жывыя, як ты да іх ставішся, так і яны будуць ставіцца да цябе. Гэтая энергетычная падпітка вельмі патрэбна творчаму чалавеку, такая праца на чыстым паветры неверагодна натхняе і зараджае на доўгі час… Іншая справа, што наогул у нашай краіне праводзіцца малавата такіх мерапрыемстваў у параўнанні з краінамі-суседзямі, той жа Расіяй ці Літвой. А мы ж маглі б выкарыстоўваць нашы магчымасці напоўніцу. Зімой — снег і лёд, снежныя і лядовыя скульптуры, летам — пясок, якога ў нас з нашымі кар’ерамі таксама вельмі многа, пясочная пластыка. Трэба, як казаў паэт, на прастор, на шырокі разлог…”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.