Са школьных падручнікаў нам знаёмы творы Янкі Купалы. Хто не чытаў вершы “Хлопчык і лётчык”, “Юрачка”, “Алеся”? Але аб жыцці і творчасці Купалы хочацца ведаць больш. І тыя, хто ставіць перад сабой такую мэту, могуць звярнуцца ў літаратурны музей Янкі Купалы, які дзейнічае пры гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра з 1984 года.
Музей мае сваю гісторыю, якой мы ганарымся. У 1926 годзе сямігадовая школа Мазыра атрымала імя Янкі Купалы. Вучні звярнуліся да паэта з просьбай — і Купала згадзіўся. Гэта была адзіная ў краіне школа, якая пры жыцці паэта атрымала яго імя. Але за гады вайны згубіліся дакументы, будынак школы быў разбураны. І толькі ў 1982 годзе ў кнізе “Пуцявінамі Янкі Купалы” была змешчана архіўная даведка аб тым, што школа № 3 насіла імя паэта. У той жа год настаўнікі звярнуліся ў Міністэрства асветы — і ў 1984 годзе імя было вернута. Дапамогу ў стварэнні на базе школы музея аказалі супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Мінска. На адкрыццё прыехалі навуковыя супрацоўнікі Ж.С.Дапкюнас і С.Ц.Майхровіч, якія прывезлі многа экспанатаў. Прыехала і пляменніца Янкі Купалы Я.Ю.Раманоўская. Музей пачаў працаваць. У 1991 годзе на базе школы № 3 была адкрыта гімназія.
Летась у музеі была праведзена рэканструкцыя, і ён набыў сучасны выгляд, з’явіліся новыя экспанаты, быў абсталяваны этнаграфічны куток “Вясковая хата”, пашырылася тэматыка экскурсій. Падрыхтаваныя вучні-экскурсаводы правядуць вас пуцявінамі жыцця славутага песняра.
Экспазіцыі музея створана па храналагічным прынцыпе. Першы раздзел “Дзяцінства і юнацтва” складаецца са стэнда і выставачных вітрын. Тут размешчаны копіі фотаздымкаў бацькоў і блізкіх Янкі Купалы, самога паэта ў 8-гадовым узросце і ў юнацтве, фота першай настаўніцы і настаўніка з Бяларуцкага вучылішча; фотакопіі рукапісаў вершаў Янкі Купалы гэтага перыяду і вокладкі першага зборніка.
Асабліва каштоўнай з’яўляецца фотакопія нумара газеты “Северо-Западный край”, дзе быў змешчаны першы верш паэта “Мужык”. У вітрыне можна ўбачыць сапраўдную жалейку, кнігі, што распавядаюць пра гэты перыяд у жыцці паэта, копіі работ мастакоў, прысвечаных Янку Купалу.
Раздзел “Вільня — Пецярбург — Вільня” таксама складаецца са стэнда і выставачных вітрын. Тут размешчаны фотакопіі рукапісаў і вокладак зборнікаў паэта, фота Янкі Купалы гэтага перыяду, сумеснае фота яго з беларускімі студэнтамі, з тэатральным калектывам, з Уладзіславай Луцэвіч. У вітрынах — копіі фотаздымкаў тэатральных пастановак па п’есах Купалы, кнігі з творамі паэта, напісанымі ў гэты час.
Раздзел “Мінскі перыяд” распавядае пра жыццё паэта з 1919 года да савецкага часу. Тут змешчаны копіі Дэкрэта аб зямлі і Дэкрэта аб міры, фотакопія пасведчання аб наданні Купалу звання беларускага народнага паэта, фота Купалы таго часу, сумеснае фота з пісьменнікамі-маладнякоўцамі, з тагачаснымі папулярнымі пісьменнікамі, фота рукапісаў, ліста да Максіма Горкага, вокладак зборнікаў Купалы, выдадзеных у гэты час. Ці не самы цікавы экспанат для мазыран — копія афішы чытацкай канферэнцыі 1930 года, якая праводзілася ў Мазыры пры ўдзеле Янкі Купалы.
Раздзел “Ляўкі” змяшчае фота Купалы гэтага часу, фота дачы ў Ляўках і ўласнага аўтамабіля паэта, сумеснае фота з Якубам Коласам, П.Броўкам, М.Лыньковым, якія былі частымі гасцямі ў Ляўках, копіі рукапісаў, вокладак кніг паэта гэтага перыяду.
Каштоўнай з’яўляецца фотакопія старонкі з кнігі “Хлопчык і лётчык” з подпісам маці Ю.Гагарына (гэта быў любімы твор касманаўта, які ён браў з сабой у палёт).
Раздзел “Гады вайны” распавядае пра жыццё паэта з 1941 года і да смерці. Тут змешчана фотакопія пастановы аб наданні Сталінскай прэміі, нумара газеты “Савецкая Беларусь” з паведамленнем аб смерці паэта, тэлеграмы, копія фота Янкі Купалы з пісьменнікамі, пахавання паэта і перапахавання ў Мінску. З трымценнем заўсёды разглядаеш копію рукапісу апошняга незавершанага твора паэта.
Раздзел “Купала дзецям” прадстаўляе дзіцячыя вершы паэта. Тут змешчаны копіі вокладак дзіцячых кніжак Янкі Купалы, пададзены цалкам верш “Алеся”. У вітрыне — дзіцячыя кнігі Янкі Купалы сучасных выданняў і датаваныя першымі пасляваеннымі гадамі.
Раздзел “Навекі ў памяці” змяшчае фотакопіі помнікаў Янкі Купалы ў розных краінах, памятных манет і марак з выявай паэта.
Раздзел “Мінулае і сучаснае гімназіі” расказвае гісторыю стварэння навучальнай установы і надання ёй ганаровага імя Янкі Купалы. Тут змешчаны фотаздымкі мінулага і сучаснага жыцця гімназіі.
Асабліва каштоўным з’яўляецца фотаздымак С.Палуяна ў дзяцінстве — былога навучэнца Мазырскай прагімназіі і лепшага сябра Янкі Купалы. У вітрынах — выстава падарункаў музею. Тут найбольш каштоўны шматтомнік паэта, падораны яго пляменніцай Я.Раманоўскай, кніга з даравальным подпісам І.Навуменкі, а таксама ліст ад І.Навуменкі, адрасаваны нашай гімназіі.
Раздзел дапаўняецца стэндам “Купалавы запаветы”, дзе падаецца самая актуальная інфармацыя: навіны аб удзеле членаў савета музея і клуба “Купалінка” ў навукова-практычных канферэнцыях, экскурсіях, значныя падзеі Купалаўскіх чытанняў, лепшыя літаратурныя творы навучэнцаў. Інфармацыя ўвесь час абнаўляецца.
Раздзел “Куток вясковай хаты” ўяўляе сабой этнаграфічны куток, у якім прадстаўлены прадметы побыту канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя: калаўрот, маслабойка, гліняны посуд, прас на вуглях, газавая лямпа і многія іншыя рэчы. Гэты раздзел створаны, каб пашырыць уяўленне пра тое асяроддзе, у якім паэт нарадзіўся і правёў сваё дзяцінства.
Сёння музей — гэта цэнтр развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей, маральна-патрыятычнага выхавання. Экспанаты музея актыўна выкарыстоўваюцца ў вучэбна-выхаваўчым працэсе. Тут праходзяць урокі па творчасці Янкі Купалы, выхаваўчыя мерапрыемствы. Намаганнямі членаў савета музея арганізоўваюцца сустрэчы з паэтамі, пісьменнікамі, мастакамі, артыстамі.
Сумесная дзейнасць настаўнікаў, бібліятэкараў мікрараёна, вучняў наладжана ў клубе “Купалінка”, які працуе пры музеі з 1984 года. Праводзіцца работа ў рамках акцый “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і “ Я — грамадзянін Беларусі”. Яе вынікам сталі навукова-даследчыя працы вучняў, якія ўдзельнічаюць у раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсах.
Гімназічны музей актыўна супрацоўнічае з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы. У нас на захоўванні знаходзяцца экспанаты з мінскага музея (работы В.Шаранговіча, А.Тычыны, Г.Паплаўскага, Л.Рана). Таксама заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя І.Шамякіна. Арганізоўваюцца сустрэчы з выкладчыкамі гэтай УВА, яны выступаюць у якасці членаў журы на нашых Купалаўскіх чытаннях.
Мы вельмі ганарымся, што ў нашай гімназіі і праз стагоддзе гучыць Купалава слова.
Ганна ЧАЙКА,
кіраўнік музея, настаўніца беларускай мовы
і літаратуры гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра.