У гонар беларуса дона Ігнасіа

Лета і пачатак восені бягучага года выдаліся напружанымі і плённымі ў дзейнасці музея гістарычнай асобы Ігната Іпалітавіча Дамейкі сярэдняй школы гарадскога пасёлка Мір Карэліцкага раёна. Прычына была значнай — 215-я ўгодкі з дня нараджэння нашага славутага земляка.

Матэрыялы фонду музея сталі важкім укладам у сумесны з замкавым комплексам “Мір” міжнародны праект-выставу “Тытан навукі”, які ладзіўся пад патранатам Міністэрства замежных спраў. Таксама наведванне нашых музеяў уваходзіла ў план правядзення Міжнароднай навуковай канферэнцыі, арганізаванай Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі з нагоды юбілею І.Дамейкі. Прадстаўнікі Мірскай школы былі запрошаны да ўдзелу ў пленарным пасяджэнні. З нагоды святочных мерапрыемстваў былі запрошаны нашчадкі Ігната Дамейкі з Аўстраліі, Чылі, ЗША і іншых краін далёкага замежжа, а таксама вучоныя-дамейказнаўцы з краін Балтыі, Украіны, Расіі і Беларусі. На жаль, не змог да нас прыехаць Альгімантас Грыгяліс — вучоны Акадэміі навук Літвы, але ён адрасна перадаў у дар музею І.Дамейкі сваю новую кнігу-даследаванне.

Можна ўявіць, колькі хваляванняў выпала экскурсаводам музея І.Дамейкі! Трымаць экзамен перад нашчадкамі нашага славутага земляка і навуковай элітай — гэта не так проста. Нашы навучэнцы ўклалі ўсю душу ў экскурсію, і госці гэта адразу адчулі.

Расказвае экскурсавод Даніла Бычко: “Мне адразу легла на сэрца іспанская мова. У ёй ёсць і асаблівая рытміка, і непаўторная абертанальная афарбоўка. Наша настаўніца Кацярына Аляксандраўна Богуш дапамагла засвоіць інтанацыйныя хады, каб выступленне было больш эмацыянальным”.

Да размовы далучаецца Улада Пісклова: “Я вяду англамоўную частку экскурсіі. І важна засяроджвацца не столькі на дакладнасці пабудовы выразаў і маўлення, колькі на ўласным адчуванні таго, аб чым ты распавядаеш. Не так важна, адхіліўся ты ад тэксту ці не, галоўнае — данесці тое, пра што кажа тваё сэрца”.

Яўгенія Цвірка і Вераніка Хілевіч, якія “дзеляць” паміж сабой беларускія старонкі аповеду, аднадушна ўпэўнены: экскурсію нельга проста прагаварыць, яе трэба пражыць. Калі Вераніка чытала ўрывак з верша Адама Міцкевіча “Смерць палкоўніка”, перакладчык, які суправаджаў гасцей, імкнуўся як мага дакладней перадаць сэнс верша. Але было бачна: Пас Дамейка і Мігель Завушкевіч-Дамейка зразумелі сэнс без перакладу.

Яўгенія ўсміхаецца і дадае: “Для мяне ўжо даўно не сакрэт, што наша беларуская мова — гэта нешта надпачуццёвае. Яе напеўнасць і мілагучнасць успрымаюцца нават без перакладу. Патрэбна толькі гаварыць не голасам, а сэрцам”.

Ксенія Загарэўская і Вікторыя Галавач былі ўражаны геаграфіяй месцаў, адкуль прыехалі нашчадкі Ігната Дамейкі: “Людзі ехалі нават з Аўстраліі, ЗША і Чылі, каб яшчэ раз ушанаваць родную зямлю свайго знакамітага роду, дакрануцца да сваіх каранёў. І гэта яскравы прыклад нам і нашаму пакаленню, як трэба ставіцца да гістарычнай памяці і гонару сваіх продкаў”.

Пасля завяршэння мерапрыемства госці захацелі пагутарыць з удзельнікамі экскурсійнай групы. І тут не без гонару трэба адзначыць, што паслугі перакладчыка засталіся незапатрабаванымі… Мігель Завушкевіч-Дамейка, вядучы горны інжынер з горада Ла-Серэна, падарыў музею калекцыю чылійскіх мінералаў. Цяпер гэтыя 70 невялікіх фрагментаў з’яўляюцца найбольш каштоўным экспанатам школьнай музейнай экспазіцыі.

А праз нейкі час на другі дзень пасля афіцыйнага пачатку сваёй работы ў Беларусі наш музей наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Чылі ў Беларусі Радрыга Хасэ Ньета Матурана. Ён адзначыў, што высокі ўзровень культурных зносін, іх развіццё і паглыбленне можа стаць надзейным падмуркам якасна новага этапу ў чылійска-беларускім дыялогу. Больш за тое, менавіта беларус дон Ігнасіа на працягу амаль паловы ХІХ стагоддзя быў светачам адукацыі і навукі для маладой Чылійскай Рэспублікі. Сённяшняе пакаленне чылійцаў з глыбокай павагай і ўдзячнасцю ставіцца да Ігната Дамейкі. Радрыга Хасэ Ньета Матурана шчыра падзякаваў экскурсаводам за цудоўны расказ аб жыцці і справах grande educator don Ignacio і зрабіў запіс у кнізе ганаровых наведвальнікаў музея. На развітанне ён сказаў, што ў хуткім часе зноў наведае Мір і абавязкова яшчэ раз пабывае ў музеі І.Дамейкі.

Безумоўна, прыемна сустракаць высокіх гасцей, атрымліваць каштоўныя падарункі, чуць словы падзякі за годнае станаўленне да захавання памяці аб выбітным беларусе Дамейку. Але мне б не хацелася, каб менавіта так быў успрыняты гэты артыкул. Галоўная яго выснова — гэта высокая ступень творчага ўзаемадзеяння ўсіх складнікаў выхаваўчага працэсу школы ў справе матэрыялізацыі полікультурнага выхавання навучэнцаў, практычнага ўвасаблення мэт і задач інавацыйнага праекта, які ажыццяўляўся ў Мірскай сярэдняй школе. Было прыемна адчуваць падтрымку і паразуменне з боку дырэктара школы Таццяны Ільінічны Шаплыка і ўсяго педагагічнага калектыву.

З 1 верасня ў нашай школе адкрыты факультатыўны курс іспанскай мовы, які наведваюць вучні 5-х класаў. Яны ўжо зрабілі свой першы крок — з гонарам па-іспанску віталі высокага чылійскага пасла.

Валерый БРАНТ,
кіраўнік музея гістарычнай асобы Ігната Дамейкі
Мірскай сярэдняй школы Карэліцкага раёна.