Вяртанне да белых вытокаў

Для любога чалавека, калі ён знаходзіцца ўдалечыні ад сваёй радзімы, усе падзеі, якія адбываюцца на яго роднай зямлі, набываюць асаблівы сэнс. Так было і са мной, у васьмідзясятыя, калі ў расійскай глыбінцы я ў шэрагу вайскоўцаў тады яшчэ многанацыянальнай Савецкай Арміі выконваў свой воінскі абавязак, а на экраны выйшаў фільм “Белыя росы”. Выслоўі герояў народ адразу ж расхапіў на цытаты, а асабіста мяне і маіх землякоў так і разрывала ад гонару, што гэтую выдатную кінакамедыю знялі менавіта ў нас, у Беларусі! 
Ці мог я тады ўявіць, што праз трыццаць гадоў у мяне будзе магчымасць паўдзельнічаць у масоўцы падчас здымак новага праекта “Белые россы”? (Так, так, у рабочай назве новага фільма па задумцы сцэнарыстаў да слова “росы” свядома дададзена яшчэ адна літара “с”.) Але яно нечакана так і здарылася!
За час здымак я даведаўся шмат новага і карыснага. Здымачны дзень доўжыўся амаль дванаццаць гадзін. Мне, каму да гэтага не даводзілася трымаць у руках нічога кіношнага, акрамя аматарскай відэакамеры, бясспрэчна, было цікава ўсё, што адбывалася пры падрыхтоўцы і правядзенні здымак на пляцоўцы. Надзвычай уразіла зладжаная работа акцёраў, рэжысёрскай групы, аператараў, гукарэжысёра, асвятляльнікаў, грымёраў, касцюмераў… Вось рэжысёр раптам загадвае спыніць здымку — акцёры адразу ж заміраюць і пачынаюць уважліва слухаць яго парады. Памочнік режысёра з гукаўзмацняльнікам у руках, “наматаўшы” па здымачнай пляцоўцы ўжо не адзін кіламетр, зноў расстаўляе акцёраў на зыходныя пазіцыі… Колькі разоў паўтаралася ўсё гэта! Гадзіны напружанай працы спрасоўваюцца ўсяго ў некалькі секунд кадра, якія ўбачыць глядач!
А ў апошні здымачны дзень, нягледзячы на напружаны працоўны графік, на мае пытанні ласкава пагадзілася адказаць рэжысёр-пастаноўшчык фільма Аляксандра Уладзіміраўна Бутар.

— Аляксандра Уладзіміраўна, раскажыце, калі ласка, крыху аб сабе, аб сваёй сям’і, дзе нарадзіліся, дзе выраслі?
— Нарадзілася я ў Асеціі. Сям’я, у якой вырасла, інтэрнацыянальная: маці — асецінка, бацька — беларус. Бацьку заўсёды цягнула ў родныя мясціны, але маці доўга не адважвалася на пераезд. Тады ён, шырокая натура, пабудаваў велізарны дом у Заслаўі, куды мы пасля і пераехалі. Я ў той час яшчэ была школьніцай, і ўсё новае мне прыйшлося вельмі даспадобы: і шыкоўныя беларускія лясы, і дагледжаныя палі, і чыстыя блакітнавокія азёры! А самае галоўнае — я вельмі палюбіла саміх беларусаў. Працавітых, іншым разам з няпростым характарам, але такіх добразычлівых! На гэтай зямлі я і вырасла. І хоць месца майго нараджэння — горад Маздок, сваёй радзімай, безумоўна, лічу Беларусь!

— А калі і як у маленькай Сашы прачнуліся рэжысёрскія здольнасці? Яна не выпускала з рук фотаапарата, прыдумвала сцэнарыі і ставіла спектаклі на школьнай сцэне, КВЗіла з аднакласнікамі?
— Ды не, тут усё прасцей — я вельмі любіла кіно! Прычым мяне захаплялі не толькі сюжэт фільма і ігра любімых акцёраў. Я ўважліва праглядвала цітры, на памяць ведала прозвішчы стваральнікаў карціны. Я ж не з дынастыі “кіношнікаў”, і мне заўсёды хацелася ведаць: а як жа “робіцца” кіно? Неяк, гуляючы па Мінску, мы з бацькам зайшлі ў будынак кінастудыі “Беларусьфільма”. Не прыцягваючы да сябе ўвагі, ціха сабе бадзяліся па паркетных калідорах, разглядалі на сценах фотаздымкі акцёраў, сярод якіх я пазнавала сваіх куміраў… І, памятаю, ад думкі пра тое, што кіно “робяць” менавіта тут, дзе я знаходзілася ў той момант, у мяне кроў хлынула да скроняў, шалёна закалацілася сэрца! Магчыма, тады я і зразумела, што прысвячу кіно сваё жыццё.

— Як пісаў паэт, “От “мечтать” до “состояться” путь, как правило, тернист”. Якімі сцяжынкамі ўжо дарослая Аляксандра ішла да запаветнай мэты?
— Мой шлях да прафесіі быў, сапраўды, не з лёгкіх. Мне не было каму ў патрэбны момант даць неадкладную параду, прафесійную падказку. Гузы давялося набіваць самой. Але сёння гэта толькі дапамагае ў рабоце, калі з мноства варыянтаў я вымушана выбраць адзінае правільнае рашэнне. Дарэчы, Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў я скончыла ажно двойчы! У 2002 годзе — па спецыяльнасці “Рэжысёр тэлебачання”, а яшчэ праз дзесяць гадоў — па спецыяльнасці “Рэжысёр мастацкага фільма” (майстэрня Аляксандра Васільевіча Яфрэмава).

— Аляксандра Уладзіміраўна, цяпер да галоўнага. Не раскрываючы сакрэтаў сцэнарыя, раскажыце аб ідэі стварэння “Белых рос-2”. Наколькі новы фільм будзе падобным (ці непадобным) да класічнай стужкі?
— Адразу пасля заканчэння акадэміі я планавала свой дэбютны праект, і ў гэты час мне раптам прапанавалі падумаць над экранізацыяй працягу “Белых рос”. Я рэалістычна ацэньвала свае магчымасці, вельмі добра ўсведамляла, да чаго павінна буду дакрануцца. Перш чым прыняць рашэнне, некалькі разоў прагледзела знакамітую стужку 1983 года рэжысёра Ігара Дабралюбава, перачытала аповесць Аляксея Дударава. І ў нейкі момант мне адкрылася, што можна зрабіць не працяг фільма, а зусім новую версію з прывязкай толькі да мясцовасці і з улікам іншага часу. Пры гэтым абавязкова пакінуць былой глыбіню і цвёрдасць характараў простых сельскіх жыхароў. Разумеючы ўсю адказнасць, я падзялілася сваімі ідэямі найперш з самім Аляксеем Ануфрыевічам Дударавым. Калі я прынесла яму першыя накіды сцэнарыя, ён іх прагледзеў і… раптам падняўся, пільна паглядзеў мне ў вочы і запытаў: “Колькі вам гадоў, Аляксандра?” Я тады ледзь не страціла здольнасць гаварыць. Але ўсё ж адолела хваляванне і адказала. “Якое супадзенне! — запляскаў Аляксей Ануфрыевіч. — Мне ж было менавіта столькі, калі я напісаў сцэнарый “Белых рос”!” А пасля ён задумаўся і дадаў: “Ваша ідэя наколькі нечаканая, настолькі і выдатная! Адважвайцеся і не бойцеся нікога і нічога! Толькі тады ў вас усё атрымаецца!” Пасля такога благаслаўлення ў суаўтарстве з таленавітым сцэнарыстам Юляй Гірэль, забыўшы пра сон і адпачынак, мы з галавой акунуліся ў работу па напісанні сцэнарыя! Мала таго, Аляксей Ануфрыевіч і сам зацікавіўся новай ідэяй, своечасова падставіўшы мужчынскае плячо. І праз паўтара-два месяцы руплівай работы сцэнарый быў цалкам гатовы. Новы фільм па сюжэце, сапраўды, будзе адрознівацца ад свайго “старэйшага брата”. Гэта будзе не працяг знаёмай класікі, а абсалютна новая версія пра жыццё і вечныя чалавечыя каштоўнасці нашчадкаў ужо вядомых герояў. І калі, скажам, дапусціць, што глядач не глядзеў фільм 1983 года, ён усё роўна адразу ж “схопіць” тэму і зразумее ўсё, што ўбачыць на экране.

— Глядач, як правіла, добра запамінае назву любімага фільма, прозвішчы акцёраў. Але далёка не заўсёды ўважліва ўзіраецца ў цітры, каб пазнаёміцца з вялікай арміяй стваральнікаў карціны. Прадстаўце, калі ласка, удзельнікаў рэжысёрскай групы “Белых рос-2”.
— Ведаеце, мне вельмі пашанцавала! Вакол праекта я здолела аб’яднаць, на мой погляд, выдатную каманду, з якой было вельмі хораша працаваць! Гэта вопытны аператар-пастаноўшчык Алег Гірэль, нястомны памочнік рэжысёра Юлія Волава, вядомы кампазітар Уладзімір Кандрусевіч, таленавіты гукарэжысёр Святлана Сокал, мастак-пастаноўшчык Міхаіл Кузьмін, мастак па касцюмах Юлія Пякіна, мастак па грыміраванні Наталля Табольская. Усім ім я вельмі ўдзячна за прафесіяналізм і творчыя адносіны да працы. Свае новыя ідэі ў будучым хацела б таксама ўвасабляць разам з імі.

— У “Белых росах” 1983 года, акрамя беларускіх акцёраў Стэфаніі Станюты, Генадзя Гарбука, былі задзейнічаны многія вядомыя расійскія майстры сцэны: Усевалад Санаеў, Барыс Новікаў, Мікалай Карачанцаў, Галіна Польскіх, Станіслаў Садальскі, Міхаіл Какшэнаў і іншыя. Хто з беларускіх акцёраў іграе ў новым фільме? І хто з замежнікаў?
— Акцёрская група падабралася, можна сказаць, інтэрнацыянальная, хаця асноўныя ролі выконваюць нашы акцёры. Галоўную ролю самага старэйшага з братоў сям’і Ходаса сыграў народны артыст Літоўскай ССР Юозас Будрайціс. Сямідзесяцідвухгадовы акцёр не хаваў, што гэтая роля яму вельмі падабаецца! У ролі яго жонкі знялася народная артыстка Расіі Ірына Ягорава-Каўрыга — тая, што сыграла жонку Андрэя і ў першым фільме. Міхаіл Какшэнаў, Станіслаў Садальскі і Галіна Польскіх таксама атрымалі нашу прапанову, але не змаглі ўдзельнічаць у здымках з-за шчыльнага працоўнага графіка. Ролю Марусі — жонкі Васіля — выканала выдатная беларуская актрыса Таццяна Гаркуша. У вобраз суседа Андрэя Ходаса цудоўна ўжыўся народны артыст Беларусі Віктар Манаеў. Таксама ў праекце задзейнічаны вядомы расійскі акцёр Андрэй Мярзлікін і нашы Павел Харланчук, Сяргей Жбанкоў, Юлія Смірнова, Ганна Палупанава, Алена Сцяцэнка, Яўгенія Жуковіч. У ролі паштальёнкі знялася Ларыса Сердзюкова. А вось тое, як паўдзельнічаў у новым праекце легендарны Мікалай Карачанцаў, я хацела б пакінуць як адзін з сюрпрызаў для гледача! Дарэчы, памятаеце, як Мікалай Карачанцаў, седзячы на гняздзе бусла, самазабыўна расцягваў мяхі свайго старога гармоніка ў класічным фільме? Дык вось, нам давялося дастаткова доўга шукаць у рэквізіце “Беларусьфільма” менавіта той гармонік! Толькі іграць на ім будзе ўжо зяць Васіля, муж яго ўжо дарослай дачушкі Галюнькі. А яшчэ адным музычным сюрпрызам у прэм’еры стане незвычайны нумар “Укрой меня дождем”, напісаны спецыяльна для “Белых рос-2” Уладзімірам Пугачом з гурта “J-Морс” і выкананы аўтарам разам з акцёрамі Андрэем Мярзлікіным, Паўлам Харланчуком і Сяргеем Жбанковым.

— Аляксандра Уладзіміраўна, адзняты апошнія кадры фільма. Калі ўжо беларускі глядач убачыць “Белыя росы” на экранах кінатэатраў?
— Трэба разумець, што напісаць сцэнарый — гэта адна частка праекта, ажыццявіць здымкі — другая, зманціраваць — трэцяя, а ўдыхнуць жыццё ў карціну з дапамогай адзнятых “нарэзак” — чацвёртая, бадай, самая адказная. Спяшацца нельга. Наперадзе ў нас яшчэ велізарны пласт работы, таму запрашэння на прэм’еру раней вясны не чакайце!

— А на будучыню ў вас ужо ёсць нейкія канкрэтныя творчыя планы?
— Я люблю Беларусь. Таму думаю і ў сваіх будучых праектах гаварыць мовай кіно пра самабытнасць роднага краю, нашу культурную спадчыну, раскрываць глыбокія чалавечыя характары беларусаў. Большасць сваіх ідэй я звязваю з экранізацыяй твораў Уладзіміра Караткевіча.

— Аляксандра Уладзіміраўна, жадаю вам і вашым калегам поспехаў! Няхай вам шчасціць у ажыццяўленні творчых амбіцый! Што ж да маіх амбіцый, то ў свае больш чым пяцьдзясят, паспрабаваўшы сябе ў ролі акцёра другога плана, я не планую спыняцца на дасягнутым. А гадоў гэтак праз трыццаць адпушчу шыкоўную бараду, канчаткова пасівею і буду гатовы да кастынгу на ролю аднаго з васьмідзесяцігадовых “сабратаў” дзеда Фядоса ў вашым новым праекце “Белыя росы-3”!

Сяргей РОШЧЫНСКІ,
падпалкоўнік запасу, загадчык лабараторыі кафедры
замежных 
моў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
Фота аўтара.