Арфей і Эўрыдыка: яднання не адбудзецца

Напрыканцы верасня і ў пачатку кастрычніка ўвага тэатральнай грамадскасці традыцыйна прыцягнута да Міжнароднага форуму ТЭАРТ. Таму прэм’еры, што адбываюцца ў гэты час на сталічных, а тым больш на абласных сцэнах, застаюцца незаўважанымі, патанаюць у цені, адкінутым гучнымі імёнамі. І на гэта цяжка наракаць, бо магчымасць пабачыць на мінскіх пляцоўках творы сапраўдных ікон сучаснага тэатра выпадае вельмі рэдка. Ды толькі хочацца не абмінуць увагай і сваіх тэатральных творцаў, не абласканых залішняй цікавасцю гледачоў. Тым больш што толькі ў апошнія тыдні верасня ў Мінску адбыліся дзве прэм’еры, якія ў іншых, нефестывальных, умовах маглі б стаць ці не цэнтрам прыцягнення для тэатралаў.

Адна з іх, Mann ist Mann Бертольда Брэхта Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек у пастаноўцы Аляксея Ляляўскага з’яўляецца працягам у шэрагу работ рэжысёра, накіраваных на крытычнае асэнсаванне рэчаіснасці. Гледачоў, незнаёмых з пастаноўкамі А.Ляляўскага, Mann ist Mann можа альбо ўразіць, альбо выклікаць у іх адчуванне разгубленасці. Спектаклі рэжысёра перадусім для гледача, здольнага мысліць і чытаць паміж радкоў, нягледзячы на заяўленае імкненне Ляляўскага рабіць даступныя для ўспрымання любой аўдыторыяй пастаноўкі. А вось тых, хто сочыць за творчасцю рэжысёра, яго новая пастаноўка наўрад ці зможа здзівіць: Mann ist Mann, Ляляўскі ёсць Ляляўскі. Таму пры ўсёй павазе да мэтра ўвагу хочацца засяродзіць на прэм’еры яго вучня Яўгена Карняга ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

Я.Карняг для беларускага тэатра — з’ява ў многім унікальная. Харызматычны, смелы на мяжы нахабства малады рэжысёр працуе ў жанры фізічнага тэатра. Ён імкнецца да стварэння аўтарскага тэатра, з’яўляецца не толькі пастаноўшчыкам, але і аўтарам ідэй, тэкстаў усіх сваіх спектакляў. Доўгі час рэжысёр здзяйсняў свае праекты ў незалежным “КарнягТЭАТРы”, яго пластычныя спектаклі (“Не танцы”, “Спектакль № 7”, “Латэнтныя мужчыны”) на беларускіх тэатральных пляцоўках можна было бачыць нячаста, аднак яны бралі ўдзел у міжнародных тэатральных фестывалях за мяжой. З беларускімі дзяржаўнымі тэатрамі Яўген Карняг, калі выключыць непрацяглы перыяд работы акцёрам у Мінскім тэатры лялек і тэатры Горкага, працуе ў асноўным як харэограф. З апошніх яго работ у гэтай якасці можна назваць “Тарцюфа” ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек і “Сіндром Медэі” ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Першая пастаноўка Карняга-рэжысёра на дзяржаўнай сцэне — “Інтэрв’ю з ведзьмамі” ў Мінскім тэатры лялек — стала выбухам. Спектакль выклікаў самыя розныя рэакцыі і меркаванні як гледачоў, так і прафесіяналаў. І вось напрыканцы верасня прыхільнікі творчасці Яўгена Карняга змаглі пабачыць на сцэне РТБД прэм’ерныя паказы новага спектакля рэжысёра “Бетон”.

Перш за ўсё трэба адзначыць, што Карняг у “Бетоне” адначасова падобны і непадобны да сябе. З папярэднімі пастаноўкамі спектакль яднае вастрыня праблематыкі, непасрэдны зварот да сучаснасці, работа з архетыпічнымі матывамі-вобразамі, агульная атмасфера ірэальнасці, пазнавальныя візуальныя і музычныя тэмы, бо над спектаклем працавалі даўнія саўдзельнікі іншых эксперыментаў Карняга — мастачка Таццяна Нерсісян і кампазітар Мікіта Залатар, а таксама прастора, пакінутая гледачу для інтэрпрэтацыі ўбачанага. Што ж магло ў “Бетоне” падацца нечаканым і новым, дык гэта зварот Карняга да тэмы кахання. Рэжысёр зрабіў на дзіва прыгожы, у нечым пранізлівы спектакль, у якім спалучаецца аўтарская інтэрпрэтацыя міфа пра Арфея і Эўрыдыку і сучасныя рэаліі. Здаецца, за апошні час гэта ці не самая ўдалая пастаноўка на падобную тэматыку: шматмерная і шматзначная, пабудаваная замест выкарыстання ружовай і чорнай фарбаў на пяцідзесяці адценнях шэрага колеру сцэнаграфіі і разваг пра каханне і адзіноту ў сучасным, закутым у бетон свеце.

Арфей і Эўрыдыка ўвасабляюць рэдкае, сапраўднае, ідэальнае каханне, якое супрацьпастаўлена павярхоўнасці пачуццяў і адносін, звыклай для сучаснага свету палігаміі, лёгкасці змены каханых і каханкаў. Але супрацьпастаўленнем усё не абмяжоўваецца. Арфей і яго жонка не прыхадні з нейкага ідэальнага свету, а нашы сучаснікі. У самым пачатку спектакля яны нічым не вылучаюцца сярод іншых цел на фоне глухой двухузроўневай шэрай сцяны, у якой час ад часу адкрываюцца акенцы ў знешні свет, невялікі рай ці пекла. Гісторыя Арфея і Эўрыдыкі ў трактоўцы Карняга ўніверсальная. Падставы для такой высновы дае памнажэнне гэтых персанажаў, адсутнасць жорсткай, дакладна абазначанай фіксацыі ролі за адным выканаўцам (хоць і можна вылучыць Арфея — Арцёма Курэня і Эўрыдыку — Ганну Семяняка), паўтаральнасць дзеянняў у асобных сцэнах, напрыклад, “Рака Сцікс”. Гэты прыём памнажэння/паўтарэння дазваляе рэжысёру стварыць шэраг дзівосна прыгожых карцін, у спалучэнні з медыятэхналогіямі і дакладнасцю выканання дасягнуць эфекту бесперапыннасці, цякучасці дзеяння, кінематаграфічнага эфекту.
Арфей і Эўрыдыка ўзнікаюць з агульнай масы ананімаў, з хуткага бегу часу і шалёнага тэмпу жыцця. Іх пачуццё — сапраўдны цуд, дар, крохкі парастак, які аказваецца безабаронным не столькі перад знешнім светам, колькі перад звычкай, заспакаеннем, пэўным эгаізмам. Ці не праз іх сучасны Арфей страчвае каханне? Прычым назаўсёды. Гэтую немагчымасць вярнуць страту Яўген Карняг падкрэлівае ўвядзеннем у пабудаваны выключна на візуальных вобразах спектакль верша Марыны Цвятаевай “Эўрыдыка — Арфею”, зменамі ў міфе. Паводле класічнай версіі, Арфей гіне, разарваны вакханкамі. У Карняга ён заканчвае жыццё самагубствам, каб з’яднацца з Эўрыдыкай у Аідзе. Сцэна самагубства, здаецца, адна з самых тэхнічна складаных у пастаноўцы, вельмі выразная па думцы. Арфей ляжыць у невялікім акенцы на другім ярусе канструкцыі-сцяны, абмывае сваё цела, як гэта звычайна адбываецца перад пахаваннем, а ўнізе вада струменямі ліецца на Эўрыдыку. Яна, як страчаная са смерцю каханай частка душы Арфея, адлюстроўвае-перажывае яго пакуты, яе бязвольнае цела нарэшце павісае на сцяне. На месцы Арфея магла быць любая, на месцы Эўрыдыкі мог быць любы. Час і прастора не маюць значэння ў гэтым сюжэце, ролі мужчыны і жанчыны ўзаемазамяняльныя.

Толькі нават пасля смерці Арфея яго сустрэчы і яднання з каханай не адбываецца. У адной з фінальных сцэн Эўрыдыка бесперапынна падымаецца некуды ўверх, застаецца недасягальнай, а Арфей усё сыходзіць у Аід. Сапраўднае каханне — рэдкае і крохкае рэчыва, якое існуе толькі зараз, — такая выснова, калі ўжо шукаць іх у “Бетоне”, напрошваецца пасля спектакля. Яго цяжка знайсці і проста назаўсёды страціць, застацца сам-насам у свеце адзіноты, лёгкадаступных і такіх жа легкаважных зносін. І для гэтага неабавязкова паміраць, як адбылося з Арфеем і Эўрыдыкай. Нягледзячы на пазбаўлены аптымізму фінал, у “Бетоне” каханне герояў антычнага/сучаснага міфа прадстаўлена сапраўдным шчасцем, каштоўнасцю, смутак тут змяшаны з пяшчотай, асабліва выразна гэта выяўляецца на кантрасце з прадстаўленым Карнягам “бетонным” светам.

Яшчэ перад пачаткам спектакля на бягучым радку над сцэнай можна прачытаць шматлікія аб’явы, пазычаныя з газет і сайтаў знаёмстваў. Бліжэй да фіналу спектакля гэтая стужка-змяя зноў загараецца, і з шалёнай хуткасцю мігцяць імёны, рост, узрост, вага, “сімпатычная бландзінка”, “мужчына без шкодных звычак”, “магчымы сустрэчы на вашай тэрыторыі”, раскрываючы сутнасць зносін у сучасным свеце. Фізічна гэтая ж тэма цудоўна ўвасоблена ў сцэне з трыма адсекамі-кабінкамі, куды заскокваюць да чарговага партнёра, бы гуляюць у латарэю, выканаўцы.

“Бетон” вызначаны стваральнікамі спектакля як “візуальная паэзія”, і як сапраўдная паэзія ён спрэс будуецца на вобразах, метафарах, часам надзвычай зразумелых, часам такіх, што даю ць прастору для разважанняў. Вельмі важным складнікам у вобразнай структуры спектакля з’яўляецца сцэнаграфічная канструкцыя-сцяна, прыдуманая Таццянай Нерсісян. Яна прымае на сябе выключную канструкцыйную функцыю і фарміруе цэнтральны сэнсава-візуальны вобраз. Канструкцыя-сцяна — гэта і склеп, вароты ў Аід, нарэшце, той самы “бетон”, сцяна адчужэння і адзіноты, сярод якіх кожны шукае цеплыні і кахання, ды толькі знаходзяць іх нямногія, а захаваць здольны адзінкі. Пры ўсёй значнасці візуальнага кампанента “Бетону” нельга абысці ўвагай работу Мікіты Залатара, чыя музыка дапамагае фарміраванню атмасферы спектакля, літаральна надае візуальнай паэзіі эмацыянальнае гучанне. Асобна варта адзначыць занятых у спектаклі акцёраў РТБД, бо менавіта праз іх прыдуманыя рэжысёрам вобразы атрымліваюць фізічнае ўвасабленне.

Усе складнікі “Бетону” падабраны і спалучаюцца такім чынам, што, падаецца, пастаноўка мае добры шанс у наступным годзе заняць месца ў беларускай частцы фестывальнай афішы таго ж ТЭАРТа.

Кацярына ЯРОМІНА.