“Ансамблем “Тутэйшая шляхта” я неаднойчы захапляўся ў Мінску і на роднай Карэліччыне”, — прызнаваўся ў свой час народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль. “Гэта творча адметны калектыў, які праўдзіва адлюстроўвае свой мастацкі кірунак. “Тутэйшая шляхта” — наша чалавечая!” — ва ўласцівай сабе эмацыянальнай манеры гаворыць пра гэты ансамбль народны артыст Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча, прафесар Міхась Дрынеўскі. “Тутэйшая шляхта” — мой любімы ансамбль. Для Беларусі яго існаванне, як і назва, маюць прынцыповае значэнне. Калі ў нас была, ёсць і будзе шляхта, значыць, мы нармальная, паўнацэнная нацыя!” — робіць філасофскую выснову слынны гісторык і пісьменнік, доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс.
Прызнацца, гэтыя выказванні вядомых людзей я адшукаў пазней, а тады, 23 красавіка, у актавай зале Ліцэя БДУ я ўпершыню чуў універсітэцкі народны фальклорны ансамбль “Тутэйшая шляхта” — канцэрт быў прымеркаваны да 20-годдзя калектыву.
Нават не ведаю, што найперш мяне ўразіла ў той вечар — ці то мяккія задушэўныя галасы, ці то вытанчаная харэаграфія, касцюмы, аркестроўка… Ці, можа быць, усё гэта разам у адметнай гармоніі. Ці, можа быць, менавіта тая шляхетнасць, якую, пагадзіцеся, так рэдка сёння можна ўбачыць на нашай сцэне — і прафесійнай эстраднай, і тым больш самадзейнай. Перад вачыма ясна ўставалі вобразы не з гэтага часу і не з гэтага свету:
У каралеўскім войску конікі іржуць,
У каралеўскім войску конікі іржуць,
А ў пана Лацмана дзевачка плача,
Дзевачка ўсё плача, замуж не хоча.
Цыц жа ты, дзеванька, плачаш ты чаго?
Вазьму цябе замуж за слугу свайго!
Яму варыць будзеш, а мне падаваць,
Яму пасцель слаці, а са мною спаць!
А, пану мой, пану, бадай ты прапаў,
Раз такую долю ты мне пазгадаў!
Не насіла маці мая двух паясоў,
Не любіла маці дваіх мужыкоў!
Каму варыць буду, таму падаваць,
Каму пасцель слаці, з тым і буду спаць!
У каралеўскім войску конікі іржуць,
У каралеўскім войску конікі іржуць…
Шляхетная песня “Тутэйшай шляхты”! Я чуў яе ўпершыню і быў зачараваны….
Ужо на наступны дзень я патэлефанаваў мастацкаму кіраўніку ансамбля Лявону Махначу з просьбай аб інтэрв’ю. А яшчэ праз некалькі дзён мы сустрэліся ў касцюмернай калектыву, што знаходзіцца ў былым інтэрнаце насупраць будынка філалагічнага факультэта БДУ (былой Вышэйшай партыйнай школы) па вуліцы Карла Маркса.
Заварваючы гарбату, Лявон Віктаравіч нефармальна знаёміў мяне з сабой, і, яшчэ не ўключыўшы дыктафон, я даведаўся шмат цікавых рэчаў. Напрыклад, пра тое, што ён не толькі “шляхціц”, але яшчэ і кандыдат хімічных навук: працуе на кафедры фізічнай хіміі БДУ, дзе курыруе актуальны навуковы праект, звязаны са звышправоднасцю цвёрдых аксідных матэрыялаў пры высокіх тэмпературах. Пра тое, што ён восьмы, самы малодшы сын у сваёй сям’і, наўпрост звязанай з настаўніцтвам: бацька быў настаўнікам пачатковых класаў, брат Рыгор Віктаравіч доўгі час быў намеснікам старшыні камітэта па адукацыі горада Мінска, з педагогікай звязалі сваё жыццё і ён як кіраўнік ансамбля “Тутэйшая шляхта”, і яго яшчэ адзін брат Анатоль Махнач, хормайстар і адміністратар калектыву… Нарэшце, пра тое, што радзіма Махначоў — вядомая сваімі літаратурнымі каранямі вёска Нізок Уздзенскага раёна, гэтакае літаратурнае гняздо, адкуль выпырхнулі ў белы свет Паўлюк Трус, Кандрат Крапіва, Лідзія Арабей, куды вельмі любіў наведвацца Кузьма Чорны… Як высветлілася, маці Лявона Віктаравіча захварэла на тыф у адзін і той жа час з Паўлюком Трусам. Яна выкараскалася, адужала хваробу, а той — не, памёр у 25 гадоў. А цётка Лявона Віктаравіча Алена Канстанцінаўна была адзінай на ўсё жыццё жонкай Кандрата Крапівы…
Гарбата ўрэшце настоілася. Я пачаў задаваць свае пытанні.
— Лявон Віктаравіч, як прыйшла ў ваша жыццё музыка? Гэта было наканаванне ад нараджэння, пакліканне ўжо ў сталым узросце?
— Я з дзяцінства люблю музыку. І ва ўсёй нашай сям’і да музыкі ставіліся і шчыра, і з гэтакім, калі можна так сказаць, трапятаннем душэўным. Бацька на балалайцы іграў, любіў і паспяваць. Яго брат стрыечны наогул іграў на ўсіх струнных інструментах. Гітару возьме — добра гучыць у яго, балалайку ці мандаліну возьме — таксама добра. Дарэчы, у часы сталінскіх рэпрэсій музыка яго і ўратавала. Ён аграномам працаваў, дапамагаў арганізоўваць калгасы. Ну і неяк вазьмі дый ляпні на людзях, маўляў, трэба спачатку самога калгасніка харчам забяспечыць, а лішкі ўжо аддаваць дзяржаве. Але гэтага хапіла, каб ужо на наступны дзень яго забралі і выслалі ў Сібір, на лесапавал, на дзесяць гадоў. І што яго ўратавала? Усётакі добры музыка ён быў! І калі апынуўся ў Сібіры, змайстраваў там са звычайнай кансервавай бляшанкі струнны інструмент! Ну што значыць інструмент? Вядома ж, не балалайку і не банджа, але вось неяк ён гучаў, і гэта вельмі падабалася ўсім асуджаным. Яны майго дзядзьку берагчы сталі, на лесапавал не пускалі — “Ты толькі іграй нам!”. Так вось і збераглі… Мой старэйшы брат Анатоль таксама іграў нядрэнна — і на мандаліне, і на гітары. А неяк раз наша цётка Лена, тая, якая за Крапіву потым замуж выйшла, купіла Анатолю гармонік. А на сяле ж, калі хлопец з гармонікам, дык гэта ўжо першы хлопец, ні адна дзяўчына не ўстаіць перад ім! Ну, і Анатоль іграў на гармоніку, я за ім, малы, назіраў, вядома, мяне ўсё гэта таксама вабіла… А потым, пасля заканчэння педінстытута, Анатоль пайшоў у армію, а той гармонік застаўся. Аднойчы, калі нікога дома не было, я залез на гарышча і сам паспрабаваў пайграць. Так адзін раз, другі, трэці… Урэшце, гэта ў прывычку ўвайшло. Як толькі дома застануся адзін, бяру гармонік і іграю сабе. На слых усё… Што гучала ў вушах, тое і падбіраў.
— Гэта колькі вам тады было гадоў?
— 6 гадоў мне было. Цяпер мне 62. І вось аднойчы іграю я сам сабе і раптам адчуваю, што нехта ўважліва на мяне глядзіць. Падымаю вочы — маці стаіць: “Ой, сынок, а як жа гэта ты так?” Я збянтэжыўся, кажу, маўляў, нічога, вось вырашыў пайграць крыху… Я проста думаў, мне будзе пакаранне за тое, што самавольна ўзяў гармонік братаў, але ж абышлося. Маці, наадварот, па-добраму здзівілася, што я так іграць навучыўся. Неўзабаве мяне пачалі прасіць пайграць на вячорках жанчыны: пасадзяць мяне, самі хто што робіць — адна прадзе, другая пер’е скубе, трэцяя расказвае нйкую смешную гісторыю, а я сабе сяджу ды іграю ціхенька для іх… Потым, калі ў школу пайшоў, я стаў і там незаменным чалавекам ужо ў першых класах. Калі нейкае мерапрыемства для старэйшых дзяцей, дык мяне туды пастаянна клікалі іграць, як сёння сказалі б, жывую музыку. Дырэктар прыйдзе ў клас, павыганяе ўсіх вучняў: “Ужо позна, разыходзьцеся па хатах, а ты, Лявон, застанься, справа ёсць”. І я дапазна зноў іграю…
— Усё на тым жа братавым гармоніку?
— Калі мне 15 было, мне маці баян купіла. Я і яго хутка самавукам асвоіў… Раскажу яшчэ адзін выпадак з юнацтва. Неяк па нашай вёсцы прайшоў віхор. Як зараз памятаю: сцямнела хвілін на пяць, падняўся гэты смерч і ў момант наш клуб вясковы падняў, бярвенні, як парушынкі, ляталі. Вузкай такой палоскай прайшоў, дзякуй богу, нічога больш не зачапіў, а клуб зруйнаваў. Адна толькі падлога засталася. Але, як ні дзіўна, моладзь вельмі палюбіла гэтае месца. Ранейшы клуб пераабсталявалі ў летнюю веранду — з танцпляцоўкай, з кінабудкай… Мы, маладыя, вельмі любілі там вечары бавіць. Дапазна заседжваліся. А як сцямнее — зоркі, дзяўчаты, рамантыка… Але вось што аднойчы здарылася на гэтай летняй танцпляцоўцы. Я ж па-ранейшаму, і калі ўжо вучыцца ў інстытут паступіў (на фізмат педагагічнага), летам выконваў усё тую ж ролю — музЫкі, які іграе жывую мУзыку. І вось аднойчы іграю летам — дзяўчаты злева, дзяўчаты справа… Добра так! А музыка ж на вёсцы іграе, пакуль не спыніцца. Хоць усю ноч напралёт! Мяняюцца тэмы, мяняюцца рытмы, а музыка іграе… Так і я, іграю сабе, забыўшыся пра ўсё на свеце, раптам падымаю галаву: няма ні злева дзяўчат, ні справа, а перада мной стаіць і глядзіць у вочы бык калгасны. Вялікі, страшны, недарэмна кажуць: вочы, як у быка, налітыя. Я спачатку проста аслупянеў, здранцвеў ад страху. Уцякаць? Як, куды? Позна ўжо ўцякаць… А што рабіць? Дрыжэчымі рукамі расцягнуў баян, пачаў іграць. Іграю, іграю, а адным вокам за быком сачу. Той пастаяў, пастаяў, пасля пакруціў галавой, капытом па падлозе паскроб некалькі разоў, яшчэ крыху пастаяў, развярнуўся і пайшоў прэч з нашай танцпляцоўкі. Назаўтра высветлілася, што ў той вечар калгаснікі не маглі яму даць рады. Ён знянацку раз’юшыўся, ланцугі парваў, кагосьці з калгаснікаў праз плот перакінуў, другога па зямлі добра-такі павалтузіў. Дзякуй богу, яшчэ не скалечыў нікога, але пярэпалаху нарабіў страшэннага! А пасля наведвання веранды нашай пайшоў спакойна ў сваё стойла…
— Вы думаеце, так музыка на яго ўздзейнічала?
— Ну, я не ведаю, музыка ці не музыка, але ж быў такі выпадак. Па раёне пра мяне нават пагалоска пайшла, маўляў, я быку іграў, а бык пад маю музыку танцаваў. Гэта, памятаеце, як у адным апавяданні Кузьмы Чорнага — пра Парфена і яго пеўня, якога хлопцы напаілі самагонкай, пасля чаго той пачаў кідацца на гаспадара і дзяўбці яго… Той, канечне, пеўня ў рэшце рэшт угаманіў, але ж пагалоска пайшла па вёсцы: Парфен, які з пеўнем біўся… Дык вось так і пра мяне. Яшчэ доўга за маёй спінай перашэптваліся — сам неаднойчы чуў: “А, гэта ж ён быку іграў…”. (Смяецца. — М.Ч.)
— Лявон Віктаравіч, з чаго і як пачыналася “Тутэйшая шляхта”?
— Гэта даволі доўгая і крыху заблытаная гісторыя, нават не ведаю, з чаго пачаць. Скончыў я фізмат, крыху папрацаваў настаўнікам на малой радзіме, потым у армію забралі. Вярнуўшыся з войска, паехаў зноў у Мінск шчасця шукаць, спачатку мяне прынялі на кафедру фізічнай хіміі БДУ простым інжынерам. Потым даслужыўся да навуковага супрацоўніка, дысертацыю абараніў. Нейкі час папрацаваў у Акадэміі навук і зноў вярнуўся на кафедру ў БДУ… І вось калі ўжо канчаткова асеў ва ўніверсітэце, пачаў настойліва шукаць нейкай магчымасці развівацца творча — музыкі мне страшэнна не хапала. А ў БДУ якраз нядаўна быў створаны хор выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта. І я, вядома ж, пайшоў у гэты хор. Часта выступалі, у прынцыпе цікавае творчае жыццё было, тым больш, што мяне нярэдка садзілі за баян, калі трэба было тэрмінова нейкую песню невядомую падыграць — не па нотах, а на слых. Гэта прафесіяналам патрэбны заўсёды ноты. А мне што? Пачуў — сыграў!
Скажу шчыра, у хоры я карыстаўся аўтарытэтам, але ў пэўны момант адчуў, што і тут мне нечага не хапае. Хацелася проста нечага яшчэ большага. Усё-такі хор мае ў нечым абмежаваны кірунак. Я прапаноўваў кіраўніку розныя ідэі: давайце зробім так, давайце зробім гэтак… Але да практычнай рэалізацыі ўсё неяк не даходзіла. І тады я прапанаваў некалькім сваім аднадумцам з хору: “А давайце створым нешта накшталт асобнага ансамбля — не ў адрыве ад хору, а як бы калектыў у калектыве. Мы будзем па-ранейшаму ў складзе хору, будзем хор падтрымліваць, толькі ў дадатак да яго рэпертуару выконваць яшчэ і нешта сваё”. Гэтую ідэю мае сябры падтрымалі, і пачаўся дастаткова дзіўны перыяд, калі мы, некалькі чалавек, штораз па вечарах пасля харавой рэпетыцыі заставаліся яшчэ на рэпетыцыі нашага маленькага ансамбля.
— Які гэта быў час? Вы ўжо тады вызначыліся з назвай “Тутэйшая шляхта”?
— Не. Гэта быў самы пачатак 90-х, і на той час мы вызначыліся толькі з жанрам — вакальна-інструментальны ансамбль, гэта значыць, у нашым калектыве павінны быць людзі, якія ўмеюць іграць на тым ці іншым інструменце і, безумоўна, умеюць спяваць. А таксама мы прыблізна вызначылі кірунак нашай творчасці — беларускія народныя песні, але не толькі абрадавыя (жнівеньскія, вясновыя і г.д.) ці хрысціянскія (велікодныя, калядныя), але і рамансы, нейкія ўзнёслыя патрыятычныя рэчы, якія таксама сталі народнымі, хоць і выйшлі не з зусім простага люду. Тады ў мяне яшчэ толькі намацвалася сапраўднае разуменне шляхетнай песні, я проста прапанаваў сваім аднадумцам такую канцэпцыю: паколькі мы працуем пры ўніверсітэце, мы павінны ў песні алюстроўваць нашу высокую ўзнёслую культуру, старадаўнюю культуру беларускай інтэлігенцыі. А іграць на дзве чвэрці (усе гэтыя полечкі з падскокам і недаскокам), што робіць, бадай, пераважная большасць фальклорных ансамбляў, — гэта крыху не для нас. Хаця мы і гэта добра ўмеем.
— Дык якую падзею ўсё-такі трэба лічыць момантам нараджэння “Тутэйшай шляхты”?
— Я тут вылучыў бы два знакавыя моманты. Першы — гэта калі, здаецца, на 10-гадовы юбілей хору, мы — я на баяне, мая дачка Оля, якая займалася ў музычнай школе па класе цымбалаў, і яшчэ адна дзяўчынка-скрыпачка з гэтай жа школы — у якасці падарунка хору выканалі разам песню “У канцы грэблі шумяць вербы”, дарэчы, любімую песню маёй мамы. Потым гэтая песня стала першай, якую мы развучылі са сталым складам “Тутэйшай шляхты”. А другі момант адбыўся ў 1992 годзе падчас вялікага канцэрта ў Палацы прафсаюзаў. Мы, некалькі чалавек з нашага пакуль што яшчэ безназоўнага ансамбля, выйшлі на сцэну і выканалі рускую песню “Эх, имел бы я золотые горы…”. Гэта быў, не пабаюся сказаць, фурор. Публіка тады нават устала, абрынуўшы на нас апладысменты, такога мы не чакалі… Але пасля гэтага канчаткова зразумелі, што мы на правільным шляху, што трэба працягваць гэтым займацца. Справа ў тым, што мы выканалі гэтую рускую песню па-свойму — па ролях, у форме дыялогу. У Расіі так пачалі выконваць “золотые горы” пасля нас ужо. Крыху пазней Адам Мальдзіс напіша, што для шляхетнай песні якраз найбольш і характэрна форма дыялогу. А тады ён проста ў мяне запытаўся: “А як ты адчуў, што менавіта так трэба праспяваць?” А адкуль я ведаю, як… Сапраўды, вось адчуў і ўсё.
— Дык назву “Тутэйшая шляхта” вам Мальдзіс падказаў?
— Не, яна сама да мяне прыйшла. Праўда, я спачатку прапаноўваў назваць ансамбль “Мінскай шляхтай”, але мяне адгаварылі калегі, маўляў, гэтае сугучча навязлівае “мінская — пінская” пашкодзіць… І правільна адгаварылі! Бо ёсць жа, акрамя мінскай і пінскай шляхты, і магілёўская, і нясвіжская, і брэсцкая — ды які горад ні вазьмі! А “Тутэйшая шляхта” — гэта значыць, мы можам прэтэндаваць на тое, каб прадстаўляць усю Беларусь.
— А звычайныя людзі, па вашых назіраннях, адразу вас зразумелі? Я маю на ўвазе гэтае словазлучэнне — тутэйшая шляхта… І, напрыклад, у той жа Польшчы, з якой па-ранейшаму ў многіх асацыіруецца слова “шляхта” і ў якой вы неаднойчы выступалі, ніколі не чулі нараканняў, маўляў, што гэта яшчэ за шляхта такая з “крэсув всходніх”?
— Вы ведаеце, у Польшчы, як нядзіўна, такіх непаразуменняў не было ніколі, магчыма, мы выступалі там у добрых месцах. (Смяецца. — М.Ч.) А вось нашы людзі, асабліва раней, і сапраўды часам здзіўляліся, бачачы нашу назву, маўляў, дык гэта ж палякі, шляхта… Даводзіцца тады на канцэртах тлумачыць, што такое шляхта, адкуль яна ўзялася, які ўклад унесла ў нашу культуру. А гэта ж насамрэч такі велізарны пласт! Вазьміце хоць бы той жа Нясвіж: і харавая капэла, і тэатр, і сімфанічны аркестр… І падобнае ж было, лічыце, пры кожным палацы, пры кожным маёнтку. Яны ж, нават самыя багатыя шляхціцы, тыя, каго мы называем магнатамі, і самі любілі спяваць, карціны пісаць, я ўжо не кажу пра схільнасць да калекцыяніравання твораў мастацтва. А чаму так было? Адказ просты: таму што яны былі высокаадукаванымі і высакароднымі людзьмі, яны вывучалі, даследавалі культуру і, адпаведна, імкнуліся ўносіць у гэтую культуру свой уклад. І дзяцей сваіх гэтак жа вучылі, думаючы пра будучыню, пасылалі вучыцца іх у самыя прэстыжныя ўніверсітэты, дзеля чаго, дарэчы, багатыя шляхціцы грамадой дапамагалі збяднелым шляхціцам. Была гэтакая салідарнасць шляхецкая вельмі магутная… І наогул, на нашых землях гэта была вельмі істотная сацыяльная праслойка. Калі, напрыклад, у суседняй Расіі дваране складалі 3, ну, максімум 5 у некаторых рэгіёнах, працэнтаў ад усяго насельніцтва, дык у Беларусі шляхта складала да 10—13…
— А вы не бачыце пэўнай неадпаведнасці ў гэтых звязках — “шляхта і беларуская народная песня”, “шляхта і фальклорны ансамбль”? Усё-такі шляхта найперш мае на ўвазе рыцарства, ваярства, мецэнацтва, урэшце, канкрэтнае аўтарства, калі гаворка ідзе пра мастацтва. А аўтар фальклору, як вядома, адзін — народ… На тое ён і фальклор.
— О, гэта вельмі добрае пытанне, якое часта задаюць і нашы слухачы. Сапраўды, здавался б, прычым тут шляхта да беларускай народнай песні? Але я адкажу словамі вядомага фалькларыста, стваральніка слоўніка беларускай мовы Івана Насовіча, які ў ХІХ стагоддзі сказаў вельмі мудрыя, правільныя словы (цытую даслоўна): “Белорусская народная песня отличается присутствием в ней высшего сословия…” Чаму так? А адказ вельмі просты. Я ўжо казаў, што далёка не ўсе шляхціцы былі багатыя, былі і бедныя, бліжэйшыя да народа, але яны таксама дзякуючы сваёй духоўнай патрэбе стваралі музыку, займаліся выяўленчым мастацтвам, пісалі песні. І гэтыя песні ішлі ў народ, простыя людзі іх падхоплівалі, і яны гублялі аўтарства, станавіліся народнымі… Гэта выдатна адчуваецца і ў тэкстах многіх так званых народных песень — пачытайце, напрыклад, тэкст песні “У каралеўскім войску”, і ў мелодыі — то рытм, то тэмп мяняецца… Ну вось, калі пачынаеш працаваць з гэтым матэрыялам, адразу разумееш, што гэта не проста народныя рэчы, што тут, сапраўды, прыклала сваю руку вышэйшае саслоўе, пра якое кажа Насовіч.
— Лявон Віктаравіч, наколькі я разумею (у гэтым я меў магчымасць пераканацца на канцэрце “Тутэйшай шляхты” ў Ліцэі БДУ), у сваёй творчасці вы ўсвядомлена імкнецеся даносіць да слухача малавядомыя ці зусім невядомыя старадаўнія песні, займаецеся нават рэканструкцыяй нематэрыяльнай спадчыны… Якімі крыніцамі карыстаецеся? Наколькі складана здабыць сёння гэтыя крыніцы?
— Дастаткова складана, бо праз войны, падзелы і розныя іншыя гістарычныя трагічныя калізіі наша спадчына або ў вялікай ступені страчана, або вывезена з Беларусі. Даводзіцца, сапраўды, настойліва шукаць, прыцягваць да гэтых пошукаў навукоўцаў, валанцёраў. Напрыклад, па маёй просьбе Адам Мальдзіс прывёз мне з Пражскай бібліятэкі копію зборніка песень, складзенага ў ХІХ стагоддзі вядомым чэшскім фалькларыстам Людовікам Кубам. Ён збіраў фальклор многіх славянскіх народаў, але надзвычай любіў менавіта беларускую народную песню, і якраз ён гаварыў, што беларускую народную песню трэба выконваць многагалосна, што яна вельмі гарманічная. Адтуль для свайго рэпертуару мы ўзялі не адзін твор.
Я і сам люблю пасядзець у зале рэдкай кнігі нашай акадэмічнай бібліятэкі. Аднойчы, будучы там, наткнуўся ў зборніку фалькларыста Антона Грыневіча, выдадзеным у Пецярбургу ў 1912 годзе, на прыгожы раманс “Дзеванька” — там пазначалася, што гэта беларуская народная песня. А потым ужо нашы студэнты раскапалі і ўстанавілі, што гэта ўсё-такі аўтарская шляхетная песня. Аўтар слоў — Ян Баршчэўскі, а музыкі — Антон Абрамовіч, беларускі кампазітар, які закончыў Пецярбургскую кансерваторыю. Больш за тое, высветлілася, што наогул гэта адзін з першых беларускіх рамансаў. Проста Баршчэўскі, калі друкаваў гэты тэкст у першай палове ХІХ стагоддзя, не падпісаў яго па зразумелых прычынах: беларуская мова тады была забаронена. Пра гэтае адкрыццё ў свой час мы паведамлялі на навуковай канферэнцыі.
— Хто займаецца ў вашым калектыве аранжыроўкай, хто ставіць галасы?
— Я, а сёння ўжо, дык, мабыць, нават у большай ступені мая дачка Вольга. Яна, можна сказаць, вырасла ў ансамблі і цяпер маю справу працягвае — арганічна і вельмі правільна.
— Трэба заўважыць, што нават падчас аднаго канцэрта “Тутэйшая шляхта” гучыць па-рознаму: тут і акапэльныя спевы, і народныя, і фолк-рок… Дзе вы найперш знаходзіце сябе самі? І, магчыма,у вялікай палітры сённяшніх фальклорных і фолк-мадэрновых плыняў ёсць нейкія найбольш вам блізкія?
— Цяжка сказаць, хто больш блізкі, хто менш блізкі. Ну, мне, напрыклад, заўсёды падабаліся “Песняры”, бо галоўнае — гурт раскрыў гармонію беларускай народнай песні, нават самай простай песні. Некалі, калі Мулявін яшчэ жыў, я дапамагаў адной студэнтцы рабіць даклад на навуковую канферэнцыю “Шэйнаўскія чытанні” і падказаў ёй думку: Мулявін — гэта Шырма нашага часу. Як Рыгор Раманавіч Шырма ў свой час змог раскрыць беларускую песню, як ён казаў, душу народа і пакарыць свет сваёй харавой капэлай, так і Уладзімір Георгіевіч Мулявін зрабіў тое ж самае, толькі іншымі сродкамі. Разумееце, народная песня — гэта як адмысловая праграма з закладзенай у ёй гармоніяй. Яе толькі неабходна раскрыць, паказаць. Раскрыеш яе — устануць перад гэтай песняй, паклоняцца ёй. А ўжо якімі сродкамі ты гэта зробіш — твая справа. Хочаш — рокам, як Мулявін, хочаш — пад акустычную гітару, як Аляксандра і Канстанцін… Менавіта таму мы робім гэта па-рознаму, што тут усе сродкі прыдатныя. А ў Мулявіна, дарэчы, хоць ён і паходзіць з Расіі, думаю, недзе глыбока ўсё-такі ёсць беларускія карані. Можа, далёкіх продкаў за Урал саслалі. Бо і прозвішча ад беларускага слова “муляць”, і адчуванне песні… Каб так адчуць народную песню, яна роднай павінна быць. Вось ён і адчуў, бо гены заварушыліся.
— У 2000 годзе вашаму ансамблю было прысвоена ганаровае званне “народны”. Памятаеце, як гэта было?
— А як жа не памятаць? Нас жа нават і дапускаць да абароны доўгі час не хацелі, маўляў, вы нейкія такія дзіўныя, сумныя, карацей, не той фармат, не “выпіў ды паскакаў”. Але ўсё ж неяк дапусцілі. Сабралі самую строгую камісію, сам Віктар Роўда быў старшынёй. Ну, мы сваю праграму адспявалі. Роўда сядзіць, маўчыць, потым устае і пачынае пляскаць. Усе астатнія тады за ім таксама ўсталі. Віктар Уладзіміравіч пасля падыходзіць да мяне, цісне руку: “Ну, малайчына!” Потым праз нейкую мінуту: “Я чуў, што ты хімік, праўда?” Кажу яму: “Ну, так атрымалася…” А ён тады як рассмяецца: “Ну ты ў нас Барадзін!” (Маецца на ўвазе вялікі рускі кампазітар і вучоны-хімік, які жыў у ХІХ стагоддзі, Аляксандр Барадзін. — М.Ч.). Цікава, дарэчы, што Роўду тады з той нашай праграмы асабліва спадабалася песня “Пад дубам дубочкам…” — яна ж любімая песня і Уладзіміра Караткевіча. Хаця пра яе мала хто не ведае…
— Дзе ў найбліжэйшы час можна паслухаць “Тутэйшую шляхту”? Ці маеце запісаныя дыскі?
— У нас ёсць два дыскі, праўда, першы не надта атрымаўся, другі — крыху лепш. Працуем цяпер над трэцім, там ужо будзе гарантавана якаснае гучанне. А найбліжэйшы наш канцэрт адбудзецца 18 мая а 19-й гадзіне на ганку Нацыянальнага музея Рэспублікі Беларусь у рамках акцыі “Ноч музеяў”. Калі ласка, запрашаем!
— Напрыканцы, Лявон Віктаравіч, ваша запаветная мара…
— Каб усё тое багацце шляхетнае-народнае, пра якое я гаварыў, мы змаглі падняць і ўзнавіць. Як тыя шахцёры — вугаль… І каб наш народ усё гэта пачуў. А калі пачуе, дык і адчуе. Не зможа не адчуць.
— Вялікі дзякуй за гутарку. Поспехаў!
Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.