“Чалавек — толькі частка ўсяго жывога…”

Урок-гасцёўня, прысвечаны 40-годдзю аповесцi Вiталя Вольскага “Лёс Дункана”

Вядучы. Добры дзень!

Сёння ў нашай літаратурнай гасцёўнi свята. Мы адзначаем 40-годдзе вельмi цiкавай кнiгі беларускага пiсьменнiка Віталя Вольскага “Лёс Дункана”, напісанай у 1978 годзе.

(Дэманструецца выстава кніг В.Вольскага.) 

Вядомы беларускі пісьменнік Янка Маўр пісаў, што “творы Вольскага вызначаюцца не толькі шырокімі навуковымі ведамі, але і глыбокай любоўю да прыроды. А разуменне прыроды і любоў да яе з’яўляюцца адной з найважнейшых асноў выхавання чалавека. Кнігі Віталя Вольскага могуць быць пастаўлены ў адзін рад з кнігамі такіх цудоўных пісьменнікаў-прыродалюбцаў, як М.Прышвін і В.Біянкі”.

Каб лепш даведацца пра жыццё аўтара, спачатку перагорнем старонкi яго біяграфii.

Першы чытальнік. Нара­дзіўся Віталь Вольскі ў Пецярбургу 5 верасня 1901 года. Падлеткам, ён кожную вясну назіраў, як вяртаюцца на радзіму з выраю жураўлі. Юнаму Вiталю вельмі хацелася пабачыць тыя мясціны, дзе жывуць гэтыя таямнічыя птушкі, пазнаёміцца з невядомымі загадкавымі краінамі. Мара яго збылася, але значна пазней.

Другі чытальнік. У юным і маладым узросце Віталь спачатку працуе на заводзе, потым — у Камісарыяце народнай гаспадаркі Ленінграда, служыць у Чырвонай Арміі, трапляе ў Беларусь, дзе змагаецца супраць белапалякаў. У гэты час яму і палюбіўся працавіты беларускі народ ды вабная беларуская прырода. Ён на ўсё жыццё застаецца ў Беларусі і становіцца тут вядомым пісьменнікам — песняром прыроды нашага краю.

Трэці чытальнік. Віталь Вольскі працуе ва ўстановах культуры і навукі, піша літаратуразнаўчыя работы, шмат падарожнічае па беларускай зямлі, збірае фальклор і стварае п’есы “Цудоўная дудка”, “Дзед і Жораў”, “Несцерка”.

Чацвёрты чытальнік. А колькі ў жыцці Віталя Вольскага звязана з нашым родным Віцебскам!

З 1929 года ён працуе дырэктарам Віцебскага мастацкага тэхнікума, з 1930 года — дырэктарам Беларускага драматычнага тэатра.

А калi пачалася вайна, Вольскі працаваў у рэдакцыях газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну” і часопіса “Беларусь”, змагаўся супраць ворага з дапамогай палымянага пісьменніцкага слова.

Пяты чытальнік. Адразу пасля вайны Віталь Вольскi пачынае новыя падарожжы па беларускай зямлі. Ужо ў сталым узросце ўлетку 1947 года едзе ў Бярэзінскі запаведнік, ходзіць па лясных сцежках, знаёміцца з ляснымі следапытамі-вучонымі. Матэрыялы ляглі ў аснову цудоўнай кнігі “У лясах над Бярозай”. I ўсюды потым, дзе б ні падарожнічаў пісьменнік, ён назіраў за прыродай, вывучаў яе.

Вядучы. Віталь Вольскі напісаў не адну кнігу аб прыродзе Беларусі. Гэта і “Месяц за месяцам”, “Дзень добры, Бяроза”, “На бабровых азёрах”, “Чайкi над Нараччу”. А сёння мы сустрэнемся з героямі, напэўна, яго самай знакамітай аповесці “Лёс Дункана”.

У аснову свайго твора пісьменнік паклаў рэальную гісторыю. У гэтай аповесці расказваецца пра лёс леапарда, які нарадзіўся не сярод дзікай прыроды джунгляў, а ў клетцы Гродзенскага заапарка.

Але і ў гэтым выпадку пісьменнік не можа застацца абыякавым менавіта да роднай прыроды. Расказваючы пра паводзіны леапарда, Віталь Вольскі апісвае не джунглі, а нашы лясы, заходнія рэкі.

Давайце здзейснім невялікае падарожжа па старонках гэтай аповесці.

(Выходзяць 3 кнігалюбы з аповесцю “Лёс Дункана”. Гучыць музыка Э.Грыга “Пэр Гюнт”.)

Першы кнігалюб. На зямлі жыве, акрамя нас, вялікая коль­касць розных істот, у першую чаргу — звяроў і птушак, якія знаходзяцца з намі ў розных, часам складаных і супярэчлівых узаемаадносінах. Вось у мяне і з’явілася жаданне напісаць пра жыццё леапарда Дункана, які існаваў у сапраўднасці і якога не забылі яшчэ і да гэтых дзён.

(Слайд “Прырода роднага краю”.)

У снежні 1957 года самка леапарда ў заапарку Гродна нара­дзіла 3 малых. Сляпое і бездапаможнае леапардзяня калацілася ўсім целам ад холаду і тоненька, ледзь чутна папісквала, як хворае кацяня, тыцкаючыся носікам у падлогу, але маці не звяртала на яго ніякай увагі. Яна не хацела нават і глядзець на сваё дзіця.

(Слайд “Леапард і яго леапардзяня”.)

Другі кнігалюб. Што рабіць? Як ратаваць малога?

Яму пагражала гібель. Леапардзяня амаль зусім скалела і нерухома ляжала на падлозе.

Тут яго ўзяла на рукі экскурсавод заапарка і занесла да сябе на кватэру.

Неўзабаве яго палюбіла ўся сям’я Алены Аляксандраўны, бо звер гэты быў зусім свойскі.

У 8 месяцаў ён стаў ростам з вялікага сабаку. Толькі лапы заставаліся караткаватыя ў параўнанні з велічынёй і даўжынёй цела, але шырокія і магутныя.

(Слайд “Леапард”.)

Трымаць яго далей у кватэры стала немагчыма, і Дункана перасялілі ў заапарк. Цяпер ён тут жыў адзін у вялікай і даволі прасторнай клетцы. Спачатку сумаваў, а потым прывык.

Трэці кнігалюб. Здарылася так, што выхавальніца Дункана паехала ў двухмесячны адпачынак. Спачатку звер сумаваў, шукаў Алену Аляксандраўну кожны дзень сярод работнікаў і наведвальнікаў заапарка. Пільна і нецярпліва прыглядаўся да кожнага, хто падыходзіў да клеткі, але ўрэшце прымірыўся з адсутнасцю дарагога для яго чалавека.

(Слайд “Леапард у клетцы”.)

Неўзабаве Дункана перавялі ў суседнюю клетку, значна меншую за прывычную для яго, можна сказаць, родную, у якой ён пражыў каля года. Ноччу Дункан не спаў. Ён шукаў магчымасць вярнуцца ў старую клетку. Увагу яго адразу прыцягнула акно.

Адбылося гэта ў лютым 1959 года, гадзін у пяць раніцы. Было цёмна, да світання далёка, трымаўся невялікі мароз. Падалі сняжынкі. Сняжок прыпарушыў сухую падмерзлую зямлю…

Дункана шукалі ўсюды.

Яшчэ раніцай, як толькі выявілася, што яго няма ў клетцы, дырэкцыя паведаміла таварыству паляўнічых аб тым, што з заапарка ўцёк леапард.

Дункан знайшоў надзейны прытулак у глыбокім звілістым яры, у густых зарасніках маліны і рознага пустазелля.

(Слайд “Леапард у лесе”.)

Вядучы. “Чалавек, — піша Віталь Вольскі, — жадае ён ці не жадае, ведае ці не ведае, арганічна і непарыўна звязаны з прыродай — з лясамі, палямі, гарамі, стэпамі і пустынямі, з морамі, рэкамі і балотамі, звярамі, птушкамі і рыбамі. Ён не можа без іх існаваць, як не можа існаваць без паветра, вады, ежы, без святла і цяпла. Чалавек — усяго толькі частка прыроды, частка навакольнага асяроддзя. I як ён уплывае сваёй дзейнасцю, самім фактам свайго існавання на прыроду, так і прырода ўплывае на яго”.


Што адбылося далей з Дунканам? Пра гэта вы даведаецеся, прачытаўшы гэтую цікавую аповесць.

А зараз прапаную вам адказаць на пытанні віктарыны, прысвечанай Віталю Вольскаму і яго цудоўнай кнiзе “Лёс Дункана”.

(Праводзіцца віктарына. Маленькім слухачам прапаноўваюцца ніжэй змешчаныя пытанні.)

  1. Дзе і ў якім годзе нара­дзіўся Віталь Вольскі?
  2. Што звязвала В.Вольска­га з нашым родным горадам Віцебскам?
  3. Якія п’есы стварыў Віталь Вольскі?
  4. У якім годзе Віталь Вольскі едзе ў Бярэзінскі запаведнік, і што ён там робіць?
  5. У аснову якой кнігі лёг сабраны ў гэтым запаведніку матэрыял?
  6. Назавiце, якія яшчэ кнігі аб прыродзе стварыў Віталь Вольскі.
  7. Што лягло ў аснову твора “Лёс Дункана”?
  8. Колькi гадоў спаўняецца аповесцi “Лёс Дункана”?
  9. З творамі якіх вядомых рускіх пісьменнікаў аб прыро­дзе Янка Маўр ставіць у адзін рад кнігі Віталя Вольскага?

Вядучы. Малайцы! Вы вельмi добра адказвалi на пытаннi вiктарыны, уважлiва слухалi старонкi з аповесцi “Лёс Дункана”. Да новых сустрэч у нашай лiтаратурнай гасцёўнi! Мы заўсёды чакаем вас!

Інеса ПАНІЗОВІЧ,
загадчык бібліятэкі гімназіі № 5 Віцебска,
магістр педагагічных навук.