Ці трэба стрыгчы вожыка

Імя Алеся Пісьмянкова, 60-годдзе з дня нараджэння якога адзначылі напрыканцы лютага аматары яго паэзіі, вядома і дарослым, і дзецям. Для апошніх пісьменнік выдаў зборнікі вершаў “Заўзятары”(1993), “Ласуны-веселуны” (1996) і “Мы з братам” (2003). Няма сумнення, што гэты спіс значна пашырыўся б, каб не заўчасная смерць, якая без малога трынаццаць гадоў назад спыніла жыццёвы шлях паэта.


Скажам адразу: Алесь Пісьмянкоў як у дарослай, так і ў дзіцячай паэзіі быў верны свайму галоўнаму пісьменніцкаму прынцыпу, які ён сцвярджаў усёй творчасцю: верш павінен быць кароткім па форме і празрыстым па змесце. Асабліва гэта тычыцца твораў, адрасаваных юным чытачам, якіх залішняя аўтарская мудрагелістасць хутчэй адштурхне ад чытання, чым прыцягне і зацікавіць.

Вершы А.Пісь­мян­кова якраз прыцяг­ваюць, лёгка чытаюцца, завучваюцца і запамінаюцца. Сведчанне таму — нядаўна выпушчаная выдавецтвам “Мастацкая літаратура” і, пэўна, прымеркаваная да юбілею паэта кніга “Чаму вожык не стрыжэцца?”. У ёй усяго дзевяць вершаў (па адным — на разварот), але без перабольшання кожны з іх хрэстаматыйны. І гэта насамрэч так: пагартайце школьныя падручнікі ці дапаможнікі для пазакласнага чытання па беларускай літаратуры — і вы самі ў тым пераканаецеся. А двухрадковы верш “Як быць?” (“Без марожанага гіну. // А з марожаным — ангіна”.), які дзеткі развучвалі разам з А.Пісьмянковым падчас сустрэч з чытачамі і які я развучваю з імі цяпер у памяць аб паэце. Верш перакладзены на рускую, украі­нскую і польскую мовы. Зрэшты, па-руску ў перакладзе Мікалая Старшынава ён гучыць так: “Без мороженого — худо. // А с мороженым — простуда”.

Гэтак жа зрокава запамінальна гучаць і ішыя вершы, уключаныя ў кнігу “Чаму вожык не стрыжэцца?”. Напрыклад, “Капяжы”:

У зімы старэчы кашаль.

Снег падобны стаў на кашу.

Дзед Мароз, схапіўшы мех,

Ажно ў Арктыку пабег.

Паспрабуй не пабяжы,

Калі з носа капяжы.

Ну, хіба не ўражвае такі аўтарскі малюнак развітання з зімой і ўступлення ў свае правы вясны? Ён, як бачым, даволі вобразны і па-дзіцячы ўспрымальны. Чытаеш верш — і нібы бачыш і зіму, якая па-старэчы кашляе, і расквашаны хлюпатой снег, і ўцёкі Дзеда Мароза, у якога “з носа капяжы”. Усяго шэсц­ь радкоў, але наколькі яны інфармацыйна насычаныя і вобразна багатыя! У іншым разгорнутым апавяданні на гэтую тэму не знойдзеш нічога падобнага, як у гэтым невялікім вершы. У тым і ёсць сапраўднае майстэр­ства сапраўднага майстра пяра. Алесь Пісьмянкоў якраз такі майстар, і не сумняваюся, што гэта пацвердзіць  кожны, хто знаёмы з яго творчай спадчынай.

У вершах А.Пісьмянкова, апроч усяго, закладзены і вялікі выхаваўчы зарад. З асаблівай цеплынёй паэт выказвае свае адносіны да “братоў нашых меншых”, хай і ненадакучліва, не ў лоб, як кажуць, але імкнецца прывіць юным чытачам любоў да іх, клапоціцца, каб хлопчыкі і дзяўчынкі кіраваліся ў жыцці ўчынкамі і паводзінамі герояў паэтычных твораў. Так, у вершы “Грыбнікі”, у якім нескладана пазнаць самога аўтара, бо невыпадкова і аповед вядзецца ад першай асобы, хлопчык, ідучы ў грыбы, у  напарнікі бярэ сабаку:

Я прачнуўся сёння рана

І цяпер буджу Тумана.

Цэлы кош грыбоў крамяных

Назбіраем мы з Туманам.

Грыб ён чуе за вярсту.

Грыбніком і я расту.

Заўважце: Туман у паэта на першым месцы, менавіта ён дапамагае герою ў пошуку грыбоў, якія “чуе за вярсту”, і дзякуючы чатырохногаму сябру, грыбніком расце і сам герой (хацеў напісаць “галоўны”, аднак галоўны, па логіцы верша, тут усё ж Туман).

На “сабачую” тэму таксама вершы “Кот і дог” і “Дружок”. Зрэшты,
апошні можна смела вывешваць у якасці бігборда ў самых людных месцах любога горада, настолькі ён яскрава-плакатна і пераканаўча-даходліва перадае адносіны да тых, каго мы прыручылі, дакладней, такія адносіны, якімі яны павінны быць. Вось ён, гэты тэкст для бігборда:

Весяліцца не магу,

Калі ты на ланцугу,

Бо ніколі друга друг

Не пасадзіць на ланцуг.

Свае гуманныя задачы — і ў астатніх вершаў: “Малінавыя сны”, “Рыбак”, “Кавалеры”, “Чаму вожык не стрыжэцца?”. Шмат чаго добрага можна было б сказаць і пра іх, але пакінем гэта чытачам. Хіба што адзначым арыгінальнае афармленне кнігі маладой мастачкай Анастасіяй Сакалоўскай. Яно хоць для беларускай кніжнай графікі і нетрадыцыйнае, але выдатна дапаўняе традыцыйныя і разам з тым арыгінальныя вершы ў кнізе Алеся Пісьмянкова “Чаму вожык не стрыжэцца?”.

Анатоль ЗЭКАЎ.