Фестываль сямейнага чытання — 2017

Як выдатна, што традыцыі сямейнага чытання не забытыя, а працягваюць жыць у сучасным грамадстве! Вельмі важна, калі дзіця прыходзіць у бібліятэку разам з дарослымі, яны выбіраюць кнігу і чытаюць яе. У падтрымку сямейнага чытання ў рамках Тыдня дзіцячай кнігі Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк Мінска арганізавала мерапрыемства, на якім ганаравалі лепшыя чытацкія сем’і з 18 дзіцячых бібліятэк. У гэтым годзе нашымі партнёрамі сталі ААТ “АСБ Беларусбанк”, Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, газета “Пераходны ўзрост”, выдавецтва “Я МЕДЫЯ”, якія забяспечылі падарункі гэтым сем’ям.


У святочна ўпрыгожаных залах Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя М.Астроўскага для гасцей мы арганізавалі шмат цікавага і вясёлага: гульні, конкурсы, віктарыны, прэзентацыі. На старэйшым абанеменце працавала інтэрактыўная зона творчасці “Папяровыя гісторыі”, дзе ўсе жадаючыя маглі змайстраваць сваімі рукамі вясновыя сувеніры, а таксама паўдзельнічаць у літаратурнай рулетцы “Я на ўсё знайду адказ”. Малодшы абанемент Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі ператварыўся ў лабараторыю, дзе можна было правесці навукова-пазнавальныя даследванне, пазнаёміцца з кнігамі і часопісамі з дадаткам “Дапоўненая рэальнасць”. Для аматараў сэлфі працавалі дзве фотазоны — “Мультгероі” і “Малы і Карлсан”, дзе можна было сфатаграфавацца ў арыгінальнай рамцы. На выставе-рэкамендацыі “Цуда-кнігі цуда-дзецям” бацькі азнаёміліся з матэрыяламі па сямейным чытанні, з кнігамі-лаўрэатамі розных літаратурных прэмій.

Але якое ж свята чытання без пісьменнікаў? На фестывалі падвялі вынікі штогадовай літаратурнай прэміі “Бібліязважанне-2017”, заснаванай дзіцячымі бібліятэкамі Мінска.

У намінацыі “5 лепшых кніг беларускіх аўтараў”, якія бібліятэкары рэкамендуюць для чытання дзецям, пераможцамі сталі Надзя Бука з кнігай “Бася і Піглас”, Тамара Бунта з кнігай “Дзяўчынка з Вішнёвага завулка”, Сяргей Клімковіч з кнігай “Скарбы першадрукара”, Алена Масла з кнігай “Мяне завуць Лахнеска” і Ева НЭММ (сямейны калектыў аўтараў) з кнігай “У гасцях у Францыска Скарыны”. Гэтыя аўтары, акрамя ўдзельнікаў праекта “Ева НЭММ”, прысутнічалі на мерапрыемстве.

Алена ЧАРНЯЎСКАЯ,
намеснік дырэктара Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска.