Горад, які глядзіць…… У вечнасць і ў  будучыню

* * *

У тым, што сістэма адукацыі Полацка і Полацкага раёна ўмее арганізоўваць маштабныя, прыгожыя і запамінальныя гарадскія, раённыя, абласныя і нават рэспубліканскія мерапрыемствы, палачанам і гасцям горада даводзілася за апошнія гады пераконвацца не раз. Успомніць хаця б незабыўнае свята 1150-годдзя Полацка ў маі — чэрвені 2012 года з яго яркімі канцэртамі дзіцячых творчых калектываў з Полаччыны і іншых куткоў краіны на плошчы Францыска Скарыны, дзіцячым творча-рамесніцкім кірмашом на праспекце Францыска Скарыны, дзе сваё ўмельства дэманстравалі навучэнцы сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў і выхаванцы ўстаноў дадатковай адукацыі, так званым адзіным алімпійскім днём на пляцоўцы полацкай сярэдняй школы № 18 і іншымі мерапрыемствамі. Памятаецца, калі я быў у Полацку на яго 1150-гадовым юбілеі, мяне асабліва ўразіў, здавалася б, дастаткова другасны, але разам з тым вельмі паказальны факт: на ўездзе ў Полацк з Мінска на вялікім білбордзе былі напісаны імёны полацкіх пераможцаў заключнага тура рэспубліканскай прадметнай алімпіяды 2012 года. Факт, які нават не патрабуе каментарыяў адносна таго, якую ўвагу ўдзяляюць тут таленавітай, паспяховай моладзі, дый наогул моладзі, разумеючы, што ад яе залежыць будучыня горада, рэгіёна, усёй краіны.

А сёлета Полацк мае пачэсны статус маладзёжнай сталіцы Беларусі, да таго ж Дзень ведаў арганічна ўліўся ў агульную святочную праграму Дня беларускага пісьменства, прывязаную да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 1155-годдзя Полацка. І таму небывалы размах святочных мерапрыемстваў у Полацку з удзелам менавіта юных і маладых людзей, устаноў адукацыі розных тыпаў быў чаканы. Але арганізатарам гэтых мерапрыемстваў з сістэмы адукацыі Полаччыны ўсё-такі ўдалося і на гэты раз надзвычай уразіць сваім крэатывам і прафесіяналізмам.

Калі падчас майго знаходжання ў камандзіроўцы ў Полацку ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама мне паказалі праграму правядзення адкрытага дзіцяча-маладзёжнага праекта “Скарынаўскія дні ў Полацку — 2017”, гэта значыць, тых мерапрыемстваў, запланаваных найперш на Дзень ведаў і арганізаваных менавіта па лініі сістэмы адукацыі, я быў вельмі здзіўлены: праграма налічвала ажно 18 асноўных пунктаў і безліч падпунктаў з падрабязным раскладам месцаў правядзення, адказных арганізацый, устаноў адукацыі і канкрэтных асоб, кантынгентам удзельнікаў і г.д. Умоўна кажучы, гэта была цэлая асобная праграма ў праграме (рэспубліканскай праграме свята Дня беларускага пісьменства), па сваёй значнасці і маштабе лакацыі на тэрыторыі Полацка фактычна мала ў чым саступала апошняй. А ў тое, што “Скарынаўскія дні ў Полацку — 2017” пройдуць паспяхова і знойдуць водгук ва ўдзельнікаў гэтага праекта, схілялі верыць аптымістычныя словы начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірыны Афанасьеўны Драздовай, сказаныя напярэдадні: “Скарынаўскія дні ў Полацку” садзейнічаюць развіццю сацыяльна-культурнага партнёрства ў інтарэсах дзяцей. Для кожнага з удзельнікаў пачынаць навучальны год у найстаражытнейшым горадзе Беларусі — выдатны творчы стымул: менавіта тут яны дзеляцца вопытам работы, уражаннямі, абменьваюцца адрасатамі ў мэтах далейшага супрацоўніцтва. Асаблівым стане пачатак новага 2017/2018 навучальнага года і для маладых лідараў: у рамках “Скарынаўскіх дзён” іх аб’яднае рэспубліканскі дзіцяча-маладзёжны форум “Нам жыць і працаваць на роднай зямлі” з удзелам Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў. Верым, што праведзеныя падчас “Скарынаўскіх дзён” мерапрыемствы стануць добрым працягам мэтанакіраванай і пастаяннай работы па захаванні і адраджэнні культуры нашага старажытнага горада. Полацк — горад, які глядзіць у будучыню, у якім усё скіравана на паспяховае развіццё і паляпшэнне дабрабыту падрастаючага пакалення”.
Зрэшты, аб усім па парадку.

* * *

Як паведаміла метадыст Полацкага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Галіна Станіславаўна Фаміна, “Скарынаўскія дні ў Полацку” ў сваім цяперашнім фармаце (Скарынаўская алімпіяда, творчы праект “Нашчадкі Скарыны” і многія іншыя ініцыятывы) праводзяцца сёлета ўжо трэці раз. Хаця наогул свой адлік “Скарынаўскія дні” бяруць значна раней, вырасшы са Скарынаўскай алімпіяды, у якой напачатку бралі ўдзел навучэнцы толькі полацкіх устаноў адукацыі, потым да алімпіяды далучыўся Наваполацк, іншыя гарады Віцебшчыны, а ўжо следам і іншых абласцей краіны. Напрыклад, летась на “Скарынаўскія дні ў Полацку” прыехалі прадстаўнікі 15 гарадоў, якія далучыліся да глабальнай ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Мінскую вобласць тады прадстаўлялі Жодзіна, Маладзечна, Салігорск, Слуцк; Гомельскую — Гомель, Добруш, Мазыр; Гродзенскую — Гродна, Ліда; Брэсцкую — Брэст, Баранавічы; Магілёўскую — Магілёў, Горкі; Віцебскую — Наваполацк, Полацк. Сёлета заяўкі на ўдзел толькі ў Скарынаўскай алімпіядзе і творчым праекце “Нашчадкі Скарыны” падалі 350 чалавек з розных гарадоў Беларусі. Знакавая навацыя правядзення “Скарынаўскіх дзён” у гэтым годзе — Рэспубліканскі дзіцяча-маладзёжны форум “Нам жыць і працаваць на роднай зямлі” з удзелам Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў (мерапрыемства, арганізацыі якога непасрэдна паспрыяў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі), тое, пра што якраз згадвала вышэй начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірына Афанасьеўна Драздова.

* * *

Што ўяўляе сабой Скарынаўская алімпіяда? Апошнія гады яна традыцыйна праходзіць на базе полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны і ўключае два блокі конкурсных выпрабаванняў: прадметныя і творчыя. Прадметныя, у сваю чаргу, праводзяцца па беларускай мове і літаратуры (напісанне эсэ на зададзеную тэму) і па гісторыі (комплексная работа па гісторыі Беларусі, гісторыі Полацка, біяграфіі Францыска Скарыны), а творчыя маюць на ўвазе конкурс рытараў (рытарычны экспромт па прынцыпе “Рэаліі жыцця: “за” і “супраць”) і конкурс выканаўцаў паэтычных або празаічных мастацкіх твораў, прысвечаных беларускаму першадрукару, Полацку, Беларусі. (Не блытаць гэты конкурс, які з’яўляецца выключна полацкай ініцыятывай, з Рэспубліканскім творчым конкурсам юных чытальнікаў “Жывая класіка”!) Удзельнікамі Скарынаў-скай алімпіяды могуць быць навучэнцы старшых класаў.

Па словах загадчыка сектара агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі, сацыяльнай і выхаваўчай работы аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Аліны Іванаўны Кастрыцы, бадай, самыя вялікія эмоцыі выклікае, як правіла, конкурс рытараў, калі ўдзельнікам даводзіцца на працягу 10 хвілін адстойваць пэўнае меркаванне перад сваім сапернікам, прычым гэтае меркаванне, якое канкурсант выцягвае для сябе ўсляпую непасрэдна перад пачаткам рытарычнага дваябор’я, можа абсалютна не супадаць з яго асабістым пунктам гледжання, і тады яму даводзіцца апеляваць выключна да аргументаў іншых людзей. “Конкурс рытараў — гэта спантаннае выступленне канкурсанта і яго шырокі светапогляд, — дадае дырэктар полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Святлана Міхайлаўна Валюшкіна. — Натуральна, поспех тут у вялікай ступені залежыць ад педагога, які займаецца з навучэнцам, мэтанакіравана рыхтуе яго да ўдзелу ў конкурсе рытараў праз рэпетыцыі, вывучэнне спецыяльнай літаратуры і інш. Самая ж вялікая каштоўнасць конкурсу выканаўцаў-дэкламатараў заключаецца ў тым, што тут зусім не прадугледжаны нейкая мультымедыйная падтрымка, нейкія візуальныя падказкі канкурсанту. Гэтая слайдавасць свядомасці сённяшніх маладых людзей значна абядняе іх здольнасці вербальнага ўспрымання свету. Калі ж юны чалавек гаворыць і падчас гэтага гаварэння ў яго ўяўленні ўзнікаюць вобразы, гэта садзейнічае яго агульнаму развіццю як асобы. Вобразы, якія ўзнікаюць у галаве пад уплывам вербальных сродкаў, значна багацейшыя за карцінкі, якія, не напружваючыся, можна ўбачыць на слайдзе. Таму мы свядома адмовіліся ад мультымедыйнага суправаджэння, каб канкурсант мог на ўласным вопыце пераканацца ў значнасці мастацкага слова, каб сваім голасам, тэмбрам, інтанацыяй ён мог выказаць сваё стаўленне да таго, што дэкламуе на публіцы”.

* * *

Адкрыты творчы праект “Нашчадкі Скарыны” як неад’емная частка “Скарынаўскіх дзён у Полацку” ўключае ў сябе пленэр “Знакамітаму земляку прысвячаецца…”, інтэрактыўны краязнаўчы квест “Брама гісторыі”, конкурс сацыяльных відэаролікаў “Мова пачынаецца з цябе”, конкурс фотаработ “Кніга — мой сябар” і адкрыты сінхронны турнір па інтэлектуальных гульнях “Скарынаўскія гульні”. На апошнім спынімся падрабязней.

Намеснік дырэктара Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі кіраўнік клуба інтэлектуальных гульняў “Афіна” Ганна Саламонаўна Сінягубава паведаміла наступную інфармацыю.

Паколькі турнір лічыцца адкрытым, яго ўдзельнікамі з’яўляюцца каманды навучэнцаў 9—11 класаў не толькі з Полацка, але і з іншых гарадоў і мястэчак Беларусі, нават блізкага і далёка замежжа, якія ўдзельнічаюць у спаборніцтвах завочна (праз інтэрнэт). Сінхроннасць азначае, што для ўсіх удзельнікаў, у якой бы геаграфічнай кропцы яны ні знаходзіліся, час правядзення застаецца аднолькавым. Як і ў любога сур’ёзнага спаборніцтва, а ў Полацку да “Скарынаўскіх гульняў” ставяцца менавіта так — сур’ёзна, турнір мае сваё фінансаванне (ажыццяўляецца аддзелам адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама), строгія правілы, рэгламент, аргкамітэт, які фарміруе і зацвярджае склад гульнявога і апеляцыйнага журы, сістэму ўзнагароджання каманд-пераможцаў і каманд-прызёраў і г.д. Сёлета заяўкі на ўдзел у турніры падало каля 20 каманд з Віцебска, Лепеля, Наваполацка, Полацка, Расонаў, Чашнікаў і іншых гарадоў пераважна Віцебскай вобласці.

У праграму турніру ўваходзяць дзве гульні: “Што? Дзе? Калі?” і “Скарынаўскі скрутак”.

Гульня “Што? Дзе? Калі?” ладзіцца ў так званым спартыўным варыянце, калі ўсе каманды, заяўленыя на турніры, размяшчаюцца разам у адным памяшканні, адначасова атрымліваюць аднолькавыя для ўсіх пытанні, абмяркоўваюць іх і даюць пісьмовыя адказы. Гульня складаецца з 12 тураў (па 12 пытанняў кожны), для абмеркавання аднаго пытання камандам даецца па 50 секунд і яшчэ 10 — для напісання правільнага адказу. Больш высокае месца займае тая каманда, якая набірае большую колькасць ачкоў.

Гульня “Скарынаўскі скрутак” доўжыцца 20 хвілін. За гэты час каманды павінны выканаць сем заданняў. Заданні запісаны на спецыяльных бланках, якія раздаюцца перад самым пачаткам гульні, у гэтыя ж бланкі трэба ўпісаць адказы. За кожны правільны адказ першага задання каманда атрымлівае 1 бал, другога задання — 2 балы, трэцяга — 3 і так па ўзыходзячай ажно да сёмага задання, за правільнае выкананне якога прысуджаецца 7 балаў. Перамагае каманда, якая набірае найбольшую колькасць балаў.

Па выніках абедзвюх гульняў вызначаюцца тры лепшыя каманды ўсяго турніру.

Што тычыцца пытанняў і заданняў “Скарынаўскіх гульняў”, яны прынцыпова адрозніваюцца ў залежнасці ад тыпу гульні. Пытанні ў “Што? Дзе? Калі?” разлічаны пераважна на агульнае інтэлектуальнае развіццё гульцоў, іх эрудыцыю ў самых розных галінах ведаў. І нярэдка яны нават могуць быць, што называецца, з падвохам. Паспрабуйце самі адказаць, напрыклад, на пытанні кшталту: “Што такое спагеціфікацыя?”, “Якое вуха адрэзаў сабе Ван Гог?”, “Якую фразу перад смерцю прамовіў французскі кароль Людовік ХІV?”, “Як называецца стрыжка для сабак, якая становіцца ўсё больш і больш папулярнай у Японіі?”. Хаця які тут падвох у сувязі, скажам, з пытаннем пра Ван Гога? Трэба проста ўспомніць, як выглядае вангогаўскі “Аўтапартрэт з адрэзаным вухам і люлькай”. А там выразна відаць, што забінтаванае вуха мастака — правае, для нас, калі мы глядзім на твор, яно з левага боку.

Заданні і пытанні “Скарынаўскага скрутка” засяроджаны найперш на скарынаўска-полацкай тэматыцы (гісторыя Полацка, выдатныя мясціны горада, жыццё і дзейнасць выбітных асоб полацкай гісторыі і г.д). У якасці прыкладу трэніровачнага задання Ганна Саламонаўна прывяла такое (узятае з рэспубліканскага зборніка): “Па адной з версій, гэтага майстра сталі называць так за тое, што ўсё сваё жыццё ён прысвяціў служэнню Богу. Назавіце самы вядомы яго твор”. Канечне ж, гэта знакаміты крыж Ефрасінні, а майстар — Лазар Богша…

Дарэчы, цікава, што пытанні для “Скарынаўскіх гульняў” па добрай традыцыі складае адзін з іх каардынатараў, колішні выхаванец Ганны Саламонаўны, пераможца многіх рэспубліканскіх турніраў Сяргей Красоўскі. У свой час ён пачаў гуляць з 9 класа, пасля школы вывучыўся на інжынера і працуе сёння па набытай спецыяльнасці. Але любові да інтэлектуальных гульняў не страціў і за доўгія гады дарослага жыцця.

“Як вы думаеце, а вось гэтыя сённяшнія юныя хлопцы і дзяўчаты, якія ходзяць займацца да вас у клуб інтэлектуальных гульняў “Афіна”, лічацца крыху гэтакімі белымі варонамі ў сваіх класах у агульнаадукацыйных школах, у сваіх гарадскіх дварах? Не слухаюць моднай музыкі, не цікавяцца моднымі трэндамі ў адзенні… Сядзяць толькі на інтэлектуальных сайтах у інтэрнэце…” — пацікавіўся я на развітанне ў Ганны Саламонаўны Сінягубавай. “Ды не, я так бы не сказала… Яны, скажам так, такія ж нармальныя, як і ўсе. З распаўсюджанымі ў моладзі звычкамі, са сваімі праблемамі, памкненнямі. Больш за тое, далёка не заўсёды яны з’яўляюцца выдатнікамі… Але чамусьці падабаецца ім трэніраваць свой мозг, гутарыць на сур’ёзныя тэмы са сваімі аднагодкамі ў клубе інтэлектуальных гульняў. Можа, якраз таму, што сучаснае інтэрнэтнае жыццё дае ўсё менш такіх магчымасцей”.

* * *

Яшчэ адзін знакавы і, магчыма, самы неардынарны праект, падрыхтаваны ў полацкай сістэме адукацыі да Дня беларускага пісьменства, — “Полацк вачыма дзяцей, або Горад у мініяцюры”. Гаворка ідзе пра стварэнне макетаў самых пазнавальных помнікаў архітэктуры навучэнцамі полацкіх устаноў адукацыі пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў. Задачы, якія ставілі перад сабой ініцыятары, ляжаць на паверхні: удасканаленне арганізацыі і зместу навучання і выхавання падрастаючага пакалення ў працэсе ажыццяўлення краязнаўчай і даследчай дзейнасці; развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў; паглыбленне тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў ва ўзаемасувязі, укаранне сучасных навуковых дасягненняў у практыку краязнаўчай работы ўстаноў адукацыі; актывізацыя работы педагогаў і навучэнцаў па развіцці факультатыўных курсаў “Полацказнаўства” і “Полаччына — мой родны край”.

Рэалізацыя ініцыятывы прадугледжвала некалькі этапаў, у ходзе якіх удзельнікі павінны былі сабраць гісторыка-краязнаўчую інфармацыю пра аб’екты (фотаздымкі, малюнкі, чарцяжы, гістарычныя апісанні і інш.), прадставіць свае праекты макетаў аргкамітэту, стварыць гэтыя макеты згодна з распрацаванавай і зацверджанай дакументацыяй, прэзентаваць іх уласна падчас святкавання Дня беларускага пісьменства на зялёнай пляцоўцы ў самым сэрцы адміністрацыйнага Полацка, недалёка ад будынкаў Полацкага райвыканкама. Увага! Гэтыя макеты дэманструюцца на працягу ўсіх дзён свята — з 1 па 3 верасня. Каб абараніць іх ад дажджу, былі замоўлены нават спецыяльныя саркафагі.
Кожная ўстанова адукацыі Полацка таго ці іншага тыпу атрымала сваё канкрэтнае заданне, у выніку іх навучэнцамі і педагогамі было створана 26 макетаў. (Падрабязны пералік макетаў вы можаце знайсці на нашым сайце: nastgaz.by.)

Падчас камандзіроўкі ў Полацк мне давялося пазнаёміцца з прадстаўнікамі некаторых творчых груп, якія працавалі над макетамі.

У полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны, дзе ў мініяцюры ўвасобілі Свята-Богаяўленскі сабор, я меў размову з выкладчыцай абслуговай працы Аленай Генадзьеўнай Дзедушковай, пад кіраўніцтвам і з непасрэдным удзелам якой ішла работа над стварэннем макета. “Наша праца над макетам пачалася з фатаграфавання сабора, які і сёння стаіць на Ніжне-Пакроўскай вуліцы, — расказала Алена Генадзьеўна. — Потым старанна вымяралі храм са знешняга боку. Паколькі зрабіць замеры ўнутры сабора не ўяўлялася магчымым, а перад намі стаяла задача зрабіць максімальна рэалістычны макет, мы звярнуліся да архіўных дакументаў 1974 года. Потым зрабілі спачатку чарцяжы на паперы, затым — камп’ютарную мадэль. Драўляны каркас дапамог зрабіць настаўнік працоўнага навучання Сяргей Дранец, які ў нас працуе па сумяшчальніцтве. Калі паўстала пытанне наконт асноўнага матэрыялу для макета, мы разгледзелі мноства варыянтаў, але ўрэшце спыніліся на пластыку як самым зручным для работы матэрыяле. Ужо калі ішла асноўная работа непасрэдна з пластыкам, зноў і зноў фатаграфавалі сабор, каб толькі не памыліцца нават у самых дробных дэталях. Жыхары Полацка, якія ці не штотыдзень ходзяць у Богаяўленскі сабор і ведаюць яго да драбніц, нам бы не даравалі, калі б былі нейкія памылкі. Наогул, нам давялося добра папрацаваць. Толькі адны купалы мы перафарбоўвалі некалькі разоў, каб не было адрозненняў у адценнях. Вельмі хацелася б сказаць самыя цёплыя словы пра навучэнак нашай гімназіі Яну Курто і Карыну Магіленка, якія старанна працавалі разам са мной…”

Цікава, дарэчы, што, хоць установы адукацыі самі не выбіралі аб’екты, макеты якіх хацелі б стварыць (заданні той ці іншай школе вызначалі арганізатары праекта “Полацк вачыма дзяцей, або Горад у мініяцюры”), у выпадку з макетам Свята-Богаяўленскага сабора адбылося нешта падобнае на наканаванасць звыш. У свой час, калі сабор яшчэ не дзейнічаў па сваім прызначэнні, а ў ім размяшчалася карцінная галерэя, Алена Генадзьеўна Дзедушкова атрымлівала тут дыплом выпускніцы мастацкай школы, потым, калі сабору вярнулі статус культавай установы, яна вянчалася ў гэтым храме. Яну Курто тут хрысцілі…

У полацкай сярэдняй школе № 12, дзе стварылі макет Мікалаеўскага чыгуначнага вакзала, маімі суразмоўцамі былі адзінаццацікласнікі Яна Прыгун і Арцём Шынелька, якія збіралі краязнаўча-гістарычную інфармацыю пра аб’ект, рыхтавалі мультымедыйную прэзентацыю, праводзілі розныя падрыхтоўчыя работы, а таксама лабарант школы студэнт-завочнік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Арцём Люцько, пад пільным кіраўніцтвам якога адбывалася стварэнне макета. Навучэнцы з захапленнем расказалі мне пра гісторыю аб’екта, пра тое, што Мікалаеўскі чыгуначны вакзал быў пабудаваны ў 1905 годзе на станцыі Грамы Мікалаеўскай чыгункі, што падчас вайны з белапалякамі ў ім размяшчаліся баракі для палонных і бежанцаў, якіх потым высылалі ў Літву і Польшчу, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны вакзал і шэраг прывакзальных службаў былі ўзарваны немцамі, што пасля вайны быў пабудаваны новы будынак вакзала, але потым пасажырская станцыя Грамы была закрыта (усе пасажырскія цягнікі цяпер адпраўляюцца з гарадскога вакзала) і сёння ў гэтым будынку размяшчаецца магазін “Вікторыя”. Яна Прыгун і Арцём Шынелька распавялі і пра тое, як няпроста збіралася інфармацыя пра старадаўні Мікалаеўскі вакзал. У інтэрнэце амаль ніякіх звестак не знайшлося, толькі два старыя чорна-белыя фотаздымкі. Тады школьнікі звярнуліся па дапамогу да галоўнага археолага Полацка, наведалі гарадскі архіў і турыстычны аддзел Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, але зноў жа ўсе гэтыя намаганні далі вельмі мала плёну: па чорна-белых фотаздымках немагчыма было нават угадаць, якога колеру была аўтэнтычная пабудова. Толькі дзякуючы роспытам старажылаў сітуацыя пачала паступова праясняцца. Як высветлілася, будынак некалькі разоў перафарбоўваўся, але самым старым людзям, якія жывуць у мікрараёне Грамы, Мікалаеўскі вакзал найперш запомніўся афарбаваным у цёмна-чырвоны колер, што і было вырашана ўвасобіць у макеце. Шмат цяжкасцей было і з вызначэннем прапорцый і памераў. У навучэнцаў знайшоўся свой спосаб іх вызначэння. На старых фотаздымках можна ўбачыць групу людзей на ганку вакзала. Дапусціўшы, што сярэдні рост чалавека ў пачатку ХХ стагоддзя складаў недзе 175 сантыметраў, Арцём і Яна вылічылі прыблізныя памеры вакзальнага будынка — 31,5 метра ў даўжыню і 12 метраў у вышыню. Цяпер ужо можна было пачынаць непасрэдныя работы па стварэнні макета ў маштабе 1:30. На аснове чарцяжоў быў зроблены драўляны каркас з драўляных брускоў і рэек, затым з палімерных матэрыялаў былі выраблены сцены (гэта быў самы складаны этап), дах і вокны. Калі ўсе элементы былі сабраны, макет пакрылі фарбай і лакам. Уся работа заняла крыху больш за месяц, прычым два тыдні пайшло толькі на стварэнне чарцяжоў.

Слухаючы двух Арцёмаў і Яну, я не мог за іх не парадавацца, за тое, што яны працавалі з такім натхненнем і самааддачай, за тое, што канкрэтна гэтыя маладыя людзі, дзякуючы праекту “Полацк вачыма дзяцей, або Горад у мініяцюры”, літаральна дакрануліся да гісторыі роднага горада, пранікліся ёй, не сумняваюся, палюбілі яе і ўжо ніколі не страцяць гэтую любоў. Маім апошнім пытаннем да іх было наступнае: “Што вы ўсё-такі адчувалі, калі працавалі над макетам Мікалаеўскага чыгуначнага вакзала?” Арцём Шынелька тут жа адказаў: “Настальгію…” Я тады міжволі ўсміхнуўся: “Настальгію? Дык вы ж у той час, калі ў Полацку стаяў Мікалаеўскі вакзал, яшчэ не жылі!” Але потым, выйшаўшы з 12-й школы, я пашкадаваў, што не стрымаў усмешкі. Я проста тады не зразумеў таго, што Арцём казаў праўду: ён, Яна і другі Арцём на самай справе ЖЫЛІ ў той эпосе. Іх сэрцы і душы пасяліліся там на той час, калі яны працавалі над макетам. Магчыма, жывуць там і сёння…

* * *

Нарэшце, нельга не згадаць аб праекце стварэння гістарычных касцюмаў эпохі Францыска Скарыны, у якім задзейнічаны многія ўстановы адукацыі Полацка. На працягу трох дзён — з 1 па 3 верасня — педагогаў і навучэнцаў, апранутых у гэтыя касцюмы, можна ўбачыць на розных вуліцах горада, сфатаграфавацца з імі, распытаць пра асаблівасці адзення той эпохі. Яны ўсё падрабязна раскажуць, як расказалі мне пры сустрэчы ўдзельнікі творчай групы з полацкай сярэдняй школы № 12 і полацкага дзіцячага садка № 25, дзе быў створаны цэлы камплект для багатай сям’і эпохі Адраджэння: мужа і бацькі (у гэтай ролі выступіў рабочы па абслугоўванні будынка 12-й школы Павел Анатольевіч Лосеў), яго жонкі (намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце школы Наталлі Мікалеўны Серабро), іх маленькіх дзетак (у рэальнасці — дзвюх Ульян) і мужавай сястры (музычнага кіраўніка дзіцячага садка № 25 Іны Валер’еўны Марцінкевіч). Наталля Мікалаеўна прызналася, што адчувае сябе вельмі камфортна ў гістарычным строі жонкі багатага палачаніна ХVІ—ХVІІ стагоддзяў, што, калі б здарылася такая фантастычная магчымасць, яна з задавальненнем пажыла б у тым часе, а адзенне нашых дзён, асабліва джынсы, яе ніколі не захаплялі і не натхнялі.

Усяго намаганнямі педагагічных і навучэнскіх калектываў Полацка створана каля 80 гістарычных касцюмаў прадстаўнікоў розных саслоўяў эпохі Адраджэння. Усіх іх, навучэнцаў і педагогаў у старадаўніх вобразах, можна будзе ўбачыць на вялікім гістарычным шэсці, якое адбудзецца 2 верасня, непасрэдна перад урачыстым адкрыццём Дня горада. Маршрут будзе пралягаць па вуліцах Юбілейнай, Камуністычнай і вуліцы Ефрасінні Полацкай з канцавым прыпынкам на плошчы Свабоды.

* * *

Безумоўна, немагчыма падрабязна засяродзіцца на газетных старонках на ўсіх праектах полацкай сістэмы адукацыі, ажыццёўленых у рамках падрыхтоўкі да правядзення ў Полацку “Скарынаўскіх дзён”, рэспубліканскіх мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства. Гэта насамрэч грандыёзная, прадуманая да драбніц праграма, у якой задзейнічаны фактычна ўсе ўстановы адукацыі, нярэдка ў арганічным узаемадзеянні з установамі культуры, у прыватнасці з полацкім дзіцячым музеем (праект “З глыбіні стагоддзяў”), домікам Пятра І (гістарычная рэканструкцыя “Падарожжа ў школу мінулага: адзін дзень з жыцця гімназісткі ХІХ стагоддзя”, баль гімназістак) і многімі іншымі.

Як немагчыма згадаць у гэтых нататках і ўсе сустрэчы з цікавымі нераўнадушнымі людзьмі, якія працуюць у полацкіх установах адукацыі і гадамі, дзесяцігоддзямі сумленна і самааддана выхоўваюць у дзяцей любоў да роднага горада, роднай краіны, роднай культуры і гісторыі. Які выдатны прыклад у гэтым сэнсе асоба выкладчыка выяўленчага мастацтва і чарчэння полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Кацярыны Іванаўны Дзмітрыевай! Жанчыны, творцы, якая аддала гэтай установе больш за 30 гадоў, у свой час фактычна адрадзіла мастацтва выцінанкі на Полаччыне, аднаго з самых беларускіх відаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Хаця сама — sic! — родам з Расіі, скончыла мастацкае вучылішча ў Пярмі і, пераехаўшы ў Беларусь 43 гады назад, была нават зусім яшчэ не знаёма з беларускай народнай культурай. Спецыяльна да Дня беларускага пісьменства на заглядзенне ўсім палачанам і гасцям Полацка яна ўпрыгожыла сваімі выцінанкамі вокны роднай гімназіі.

Многім сваім рэспандэнтам у Полацку я задаваў на заканчэнне гутарак прыблізна падобныя пытанні: “Што для вас Полацк? Чым вы найбольш у ім ганарыцеся? Што для вас “Скарынаўскія дні ў Полацку?” і інш. Калі я запытаўся пра ўсё гэта ў дырэктара полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Святланы Міхайлаўны Валюшкінай, яна спачатку крыху задумалася, а потым згадала гісторыю пра вядомага полацкага паэта аднаго з лідараў літаратурнага аб’яднання “Полоцкая ветвь” Аляксандра Раткевіча. У свой час, выбіраючы месца працы па размеркаванні на філалагічным факультэце БДУ, ён, не палачанін, катэгарычна заявіў жонцы: “Мы едзем толькі ў Полацк! Туды, на святую зямлю, па якой хадзілі святая Ефрасіння Полацкая і мудры Францыск Скарына. Мы будзем жыць толькі там!” Дарэчы, жонка Аляксандра Раткевіча Лілія Канстанцінаўна ўжо 25 гадоў працуе ў полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 настаўніцай славеснасці (больш за 15 гадоў працавала тут намеснікам дырэктара).

“Полацк — гэта святое месца для кожнага беларуса, духоўны цэнтр нашай краіны, — сказала Святлана Міхайлаўна. — Што ўжо казаць пра саміх палачан, якія сэрцам і скурай адчуваюць сваю сувязь з гэтай святой зямлёй, як той Антэй, сілкуюцца яе веліччу і духоўнасцю. А каб не змялела гэтая духоўная крыніца, кожны з нас, сапраўдных палачан, пастаянна задумваецца: “Што канкрэтна я зрабіў дзеля славы роднага горада? Ці варты я яго слаўнай гісторыі? Які след я пакіну пасля сябе на гэтай святой зямлі? Пра што ўспомняць мае нашчадкі?” Праект “Скарынаўскія дні ў Полацку” — гэта не толькі і не столькі інфармацыйная нагода заявіць пра сябе, а хутчэй кансалідацыя намаганняў усіх нераўнадушных палачан, калі іх сэрцы б’юцца ва ўнісон і нараджаюцца ўсё новыя і новыя сілы, якія сілкуюць нашу зямлю…”

P.S. Калі гэты нумар “Настаўніцкай газеты” падпісваўся да друку, у Полацку, у ДК КСК “Полацк-Шкловалакно”, пачыналася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў “Скарынаўскай алімпіяды” і творчых конкурсаў у рамках праекта “Нашчадкі Скарыны”. Іх імёны можна будзе знайсці на сайце Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.