Кніга Святланы Ананьевай і Алеся Карлюкевіча “Беларусь у творчасці і лёсе”, выпушчаная Выдавецкім домам “Звязда”, невыпадкова мае падзагаловак “Літаратурны дыялог у прасторы і часе”. Як вядома, апошнім часам набылі новы віток літаратурныя ўзаемасувязі паміж колішнімі саюзнымі рэспублікамі. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што нацыянальныя літаратуры ўсё больш упэўнена і паслядоўна цягнуцца адна да адной, прагнуць не проста кантактаў, але і міжкультурнага дыялогу. У гэтым сэнсе нямала зроблена (дый па-ранейшаму робіцца) паміж Беларуссю і Казахстанам. І не толькі на творчым, але і на дзяржаўным узроўні. Увогуле, і ў беларускага боку, і ў казахстанскага ёсць чаму павучыцца. Асабліва калі аналізаваць не толькі сённяшні стан напрацовак на ніве дружбы і сяброўства, але і вярнуцца ў дзень учарашні, урокі якога даюць нямала пазітыўнага, чаго нельга адмаўляць, а наадварот, яго неабходна вывучаць і абагульняць. Што і робяць аўтары кнігі “Беларусь у творчасці і лёсе”.
Святлана Ананьева і Алесь Карлюкевіч — даследчыкі вядомыя. Важкія ў іх творчыя набыткі і па згаданай праблематыцы. Да месца будзе дадаць, што С.Ананьева — кандыдат філалагічных навук, жыве і працуе ў Рэспубліцы Казахстан. Паспяхова выступае не толькі ў сябе на Радзіме, але і ў Беларусі. Тым больш ухвальна, што, дзякуючы гэтай кнізе, атрымаўся плённы творчы тандэм. Істотна і тое, чаго не можа не адчуць зацікаўлены чытач, што гэта ўменне аўтараў пісаць так, каб прадмет гаворкі як мага больш прыцягваў да сябе, даследаванне пераставала быць толькі навуковым, а значыць у пэўнай ступені абцяжараным спецыфічнымі тэрмінамі.
Так, у кнізе больш за 40 спасылак. Гэта, безумоўна, апраўдана, бо надае аўтарскім развагам яшчэ большую важкасць, пераканаўчасць, аргументаванасць. У астатнім жа гэта, сапраўды, “літаратурны дыялог у прасторы і часе” тых, хто, сам глыбока дасведчаны і падрыхтаваны, хоча, каб і чытач прасякнуўся добрым веданнем матэрыялу, які ўзбагаціць яго эрудзіраванасць. А яшчэ, што таксама вельмі важна, лішні раз пераканае: усё, што не адбываецца, узаемазвязана. Літаратура ў гэтым сэнсе не выключэнне. Перакрыжоўваюцца і пісьменніцкія лёсы, што відавочна з першага раздзела кнігі, які і даў ёй назву.
Раздзел “Беларусь у творчасці і лёсе” — гэта творчыя міні-партрэты тых казахстанскіх пісьменнікаў, чыё жыццё звязана з нашай краінай, нашым народам. Напэўна, найбольш паважлівае стаўленне аўтараў кнігі да тых, хто пайшоў ужо ў вечнасць. Забраў з сабой усё добрае, што ведаў, спазнаў пра Беларусь. Хоць не забыў і пакручастыя варункі свайго лёсу, бо менавіта яны і зблізілі яго з нашай сінявокай старонкай. Гэта найперш Адзі Шарыпаў. Да месца невялікая цытата: “Нашы культуры і літаратуры звязваюць цудоўныя асобы. Міністр асветы КазССР, першы сакратар Саюза пісьменнікаў Казахстана, сакратар Саюза пісьменнікаў СССР, дэпутатат Вярхоўнага Савета Казахскай ССР і Вярхоўнага Савета СССР, намеснік Старшыні Савета Саюза Вярхоўнага Савета СССР, дырэктар Інстытута літаратуры і мастацтва імя М.А.Аўэзава”. І далей: “А.Шарыпаў у лютым 1940 года быў прызваны ў войска і служыў у 7-й танкавай дывізіі Беластоцкай вобласці Беларусі”. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны трапіў у акружэнне. Выйшаўшы з яго, арганізаваў адзін з першых партызанскіх атрадаў на Смаленшчыне. Пазней атрад Сашы, як называлі А.Шарыпава партызаны, увайшоў у склад 2-й Клятнянскай брыгады. А.Шарыпаў стаў яе камісарам. Пасля вайны напісаў шэраг мастацкіх твораў, сярод якіх і аўтабіяграфічная аповесць “Гісторыя аднаго паўкажушка”.
Лёс варты асобнай кнігі. Як і лёс Людмілы Шашковай, які шчасліва працягваецца. Паэтэса, празаік, перакладчык. Піша па-руску і па-беларуску. Менавіта яна на старонках “Казахстанскай праўды” вядзе рубрыку “ПроЧтение”. Дзякуючы гэтай рубрыцы, чытач даведваецца аб навінках літаратуры, найбольш значных падзеях міжнароднага супрацоўніцтва. Згаданымі імёнамі, канечне, мацярык беларуска-казахстанскага супрацоўніцтва не абмяжоўваецца. Пра гэта таксама можна прачытаць у кнізе.
Не менш цікавы і другі раздзел — “Культурная звышпамяць як кантэкст казахска-беларускага і казахска-амерыканскага літаратурнага супрацоўніцтва”. У ім вядзецца разгорнутая гаворка пра дзвюх арыгінальных творцаў: рускамоўную амерыканскую пісьменніцу Вікторыю Кінг і амерыканскую пісьменніцу сербскага паходжання Дойну Галіч-Бар, якая піша па-сербску і па-англійску. Яе раманы “Званы і вецер” і “Дом разбітых люстраў” на рускую мову пераклаў Іван Чарота. Цікава і тое, што адчуваецца пераклічка тэм і вобраза галоўнай гераіні ў творчасці казахстанскай паэтэсы беларускі Л.Шашковай і амерыканскай пісьменніцы сербскага паходжання Дойны Галіч-Бар. Гэта, па словах аўтараў кнігі “Беларусь у творчасці і лёсе”, патрабуе ўважлівага вывучэння і працягу даследавання ў плане імагалагічнага дыскурсу, як і праблема ўзаемнага бачання народаў — адна з асноватворных у сучасным параўнальным літаратуразнаўстве”.
З імі нельга не пагадзіцца. Але відавочна і тое, што новым даследчыкам не абысціся без вопыту, набытага пры напісанні гэтай працы. Што тычыцца самой кнігі, дык яна, несумненна, будзе карысная выкладчыкам літаратуры.
Лявон КАВАЛЬЧЫК.