Народа душа і голас

У сярэдняй школе гарадскога пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна адметна прайшла дэкада беларускай мовы і літаратуры “Купала і Колас — народа душа і голас”. На працягу дзесяці дзён праводзіліся розныя мерапрыемствы, на якіх вучні, настаўнікі і бацькі прайшліся жыццёвымі сцяжынкамі юбіляраў, прыгадалі цудоўныя радкі з іх твораў, зазірнулі ў таямніцы шчырай беларускай душы, адданай свайму народу, сваёй зямлі.


Запрашаем вас пагартаць дзённік нашай дэкады.

У першы дзень у фае школы быў аформлены стэнд “У сузор’і геніяў”, бібліятэкарам Ганнай Калнаш была падрыхтавана цікавая кніжная выстава. У другі і трэці дні былі праведзены конкурсы чытальнікаў вершаў Янкі Купалы і Якуба Коласа: “Мелодыю мовы славянскай я чую” для вучняў 5—7 класаў і “Ляцiць, гучыць песняроў голас!” для вучняў 8—11 класаў. Кожны ўдзельнік імкнуўся прачытаць верш па-свойму: адны суправаджалі выступленні музыкай, другія выкарыстоўвалі відэаролікі або слайд-шоу, а трэцім удавалася перадаць пачуцці пры дапамозе рухаў і жэстаў. Пераможцамі сталі Насця Арбузава, Ангеліна Целеш і Яўген Апановіч. У чацвёрты дзень сямікласнікі змаглі прыняць удзел у інтэлектуальна-пазнавальнай гульні “Шчаслівы выпадак”, адзін з тураў якой быў прысвечаны Янку Купалу і Якубу Коласу. У дзень пяты вучні беларускамоўнага 7 “В” класа разам са сваім класным кіраўніком Аленай Целеш правялі для шасцікласнікаў вусны часопіс “Славутыя песняры беларускай зямлі”. Кожная старонка часопіса была прысвечана пэўнай падзеі з жыцця і творчасці песняроў. Вучні разгадвалі крыжаванку, рэбусы, працягвалі радкі добра знаёмых вершаў. Ганаровым госцем мерапрыемства была Алена Казіміраўна Блажыеўская — матуля Алены Іванаўны Целеш і бабуля Ангеліны Целеш. Бабуля, дачка і ўнучка — гэта ўжо цэлая дынастыя, якая працягвае справу, пачатую Коласам і Купалам. Бабуля піша вершы на беларускай мове, дачка працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, а ўнучка Ангеліна вучыцца ў беларускамоўным класе, прымае ўдзел і перамагае ў шматлікіх конкурсах. Алена Казіміраўна прачытала вучням уласны верш, прысвечаны класікам, у якім гучаў зварот да сучаснай моладзі, каб яна не саромелася гаварыць па-беларуску і ганарылася сваёй багатай спадчынай. А ў заключэнне Алена Казіміраўна частавала ўсіх удзельнікаў салодкімі падарункамі.

У шосты дзень настаўніца Таццяна Віктараўна Данешчык запрасіла вучняў 9—11 класаў на інтэлектуальную гульню “Поле цудаў”: “Шляхамі Я.Купалы і Я.Коласа”. Гуляць падабаецца не толькі вучням малодшых класаў, але і старшакласнікам. Яны з запалам адгадвалі словы, перадавалі прывітанні, чыталі вершы, а ў час рэкламнай паўзы глядзелі відэа і слухалі песні ў выкананні беларускіх артыстаў на словы Янкі Купалы і Якуба Коласа. У сёмы дзень дзесяцікласнікі пад кіраўніцтвам педагога Валянціны Андрэеўны Адамовіч правялі для сваіх малодшых сяброў літаратурную гасцёўню “Яны сеялі зярняты мудрасці”. У восьмы дзень на ўроках беларускай літаратуры ў 7—11 класах былі праведзены літаратурныя віктарыны, па выніках якіх пераможцам уручылі сертыфікаты “Дзясяткі ад класікаў”. У дзявяты дзень дэкада адзначылася вечарам адпачынку, падчас якога прагучала літаратурна-музычная кампазіцыя “І сёння з намі Колас і Купала”. Гучалі вершы ў выкананні пераможцаў конкурсаў чытальнікаў, навучэнцы глядзелі тэматычнае відэа, абмяркоўвалі яго, а дзяўчынкі-васьмікласніцы Настасся Вільчык і Аляксандра Бурачэўская выканалі песню на словы Янкі Купалы “Спадчына”. На вечары былі падведзены вынікі дэкады, узнагароджаны пераможцы і актыўныя ўдзельнікі.

І, нарэшце, дзясяты дзень быў на тое, каб азірнуцца назад і паглядзець наперад, падумаць і паразважаць. Сярод нашых настаўнікаў таксама ёсць людзі, якія працягваюць справу, пачатую песнярамі беларускага слова Янкам Купалам і Якубам Коласам. Для Валянціны Андрэеўны Адамовіч беларуская мова — гэта не проста школьны прадмет, гэта стан душы, стыль жыцця. Валянціна Андрэеўна Адамовіч чэрпае з роднай мовы вобразы для сваіх вершаў, якія атрымліваюцца ўзнёслымі, глыбокімі, хвалюючымі. Вось, напрыклад, яе верш “Коласаў Сымонка”: “У асеннім полі // Льюцца гукі звонка: // Зноў вандруе па зямлі // Коласаў Сымонка. // Так вядзе па струнах // Сваёй любай скрыпкі, // Што сціхае вецер, // Замаўкаюць ліпкі, // Не шумяць бярозы // Сваім доўгім веццем, // Не гамоняць сосны // Аб усім на свеце. // І так чуліць душу — // Сэрца замірае. // Ляціць песня-праўда // Ад краю да краю. // Дае крылы людзям, // Адкрывае вочы. // Будзіць беларусаў // Пасля доўгай ночы. // Каб на свет зірнуці // Коласавым вокам // І зямельку родную // Паіць словам-сокам. // Дык вадзі па струнах, // Грай, Сымонка, звонка, // Каб песню пачула // Родная старонка!”

Імкліва бягуць гады, але мова Коласа і Купалы гучыць і сёння. Яна прымушае ганарыцца нашай гісторыяй і культурай, ганарыцца тым, што мы — беларусы.

Таццяна ДАНЕШЧЫК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы
гарадскога пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці.