У Верхменскай сярэдняй школе імя В.А.Тумара вялікая ўвага ўдзяляецца святкаванню 135-годдзя Якуба Коласа. Гэта абумоўлена найперш тым, што тут працаваў Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. У Верхменскае народнае вучылішча ён быў пераведзены ў студзені 1906 года, але працаваў там нядоўга, бо быў звольнены з пасады настаўніка за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе летам таго ж года. Ёсць меркаванне, што менавіта ў “верхменскі” перыяд ім былі напісаны некалькі вершаў, апавяданне “Слабада”, а таксама частка “Верхань” з трылогіі “На ростанях”.
Мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею песняра, праводзіліся ў нас на працягу ўсяго навучальнага года. Вельмі запомніўся нашым першакласнікам урок ведаў, калі старэйшыя навучэнцы знаёмілі іх з творчасцю пісьменніка, яго біяграфіяй і фактамі, звязанымі менавіта з нашай мясцовасцю, з дасягненнямі землякоў. Таксама неардынарна ў гэтым годзе прайшоў у нашай школе тыдзень беларускага пісьменства з прадстаўленай падчас яго літаратурна-музычнай кампазіцыяй па матывах твораў Якуба Коласа пры ўдзеле школьнікаў.
Але самай важнай падзеяй стала святкаванне юбілею класіка ў “коласаўскія” лістападаўскія дні. Асабліва гучна заявіў пра сябе праект “Музей у чамадане”, калі з дапамогай гульняў, загадак, інсцэніровак, а таксама непасрэднага ўспрымання экспанатаў нашага музея навучэнцы знаёміліся з традыцыямі роднага краю, з жыццём і творчасцю песняра.
Былі праведзены таксама конкурс на лепшага чытальніка “Чытаем па-беларуску”, фестываль малюнкаў па творах Якуба Коласа, бліц-турнір “Якуб Колас — дзецям” і інш.
Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікала выстава творчых работ “Пад сузор’ем Коласа” ўдзельнікаў гуртка “Выяўленчая нітка”, які працуе пад кіраўніцтвам А.М.Тумар.
А школьны літаратурны музей у гэтыя дні быў поўны не толькі навучэнцаў, але і шматлікіх гасцей — пісьменнікаў, мастакоў, прадстаўнікоў Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, журналістаў. У прыватнасці, апошнія з цікавасцю знаёміліся з чарговым выпускам школьнай газеты “СЛЕД”.
Алена ТУМАР,
настаўніца пачатковых класаў, кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання
класных кіраўнікоў Верхменскай сярэдняй школы імя В.А.Тумара
Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці.