Полацк запрашае на свята!

У старажытным Полацку мне даводзілася бываць неаднойчы. Толькі па рэдакцыйных заданнях ажно 4 разы: у 2003 годзе на Дні беларускага пісьменства, калі адпаведныя ўрачыстасці тут ладзіліся дзясяты раз у гісторыі гэтага свята і другі раз у гісторыі самога Полацка; у 2010 годзе, калі Полацк быў аб’яўлены культурнай сталіцай Беларусі; у 2012 годзе, калі Полацк адзначаў сваё 1150-годдзе; нарэшце, зусім нядаўна, у 2016 годзе, калі ездзіў туды, каб сабраць матэрыял пра творчыя калектывы Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава, якія сталі пераможцамі Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі”, — аркестр “Рэнесанс” і народны вакальны калектыў “Вясна”. А яшчэ ж былі прыватныя паездкі ў гэты славуты горад, экскурсіі і інш.

Але штораз, калі я сыходзіў з цягніка ці выходзіў з аўто і ступаў на полацкую зямлю, мяне не пакідала нейкае зусім дзіўнае адчуванне, што я, карэнны мінчанін, прыехаў у горад, яшчэ больш значны за мой родны Мінск, як быццам прыехаў я не са сталіцы ў раённы горад, а, наадварот, у сталіцу з нейкай правінцыі, што ўсё, што я тут убачу, будзе неверагодна адрозным ад штодзённых мінскіх “відзежаў”, што будуць тут іншыя людзі, дамы, вуліцы… Што ўрэшце тут нейкая іншая аўра, якая пачынае ахутваць цябе ўжо на полацкім вакзале.

Можа, усё гэта толькі нейкія прадузятыя домыслы? Можа быць… Але чаму тады ў Полацк насамрэч заўсёды цягне зноў і зноў? Чаму яго аўра, паланіўшы аднойчы, кліча і кліча да сябе? Чаму ты ніколі не можаш наталіцца гэтым горадам, як наталяўся за два-тры дні нават Рымам або Парыжам?

І цяпер я выдатна разумею тых палачан-пісьменнікаў, якія пераехалі на сталае жыццё ў Мінск, але — гэта відавочна — літаральна фізічна разрываюцца паміж Мінскам і Полацкам, застаюцца ўсё тымі ж палачанамі, жывучы ў сталіцы… І вяртаюцца, бясконца вяртаюцца да Полацка ў сваіх думках, у сваіх творах. Навум Гальпяровіч, Пятро Васючэнка і многія іншыя палачане-літаратары з іх унікальнай полацкай ідэнтычнасцю, з іх полацкімі загадкавымі “архетыпамі” скарбу і лабірынта, з іх шматлікімі паэтычнымі, празаічнымі і культуралагічнымі прысвячэннямі роднаму гораду… Дарэчы, Навум Гальпяровіч пяць гадоў назад мне адкрыта, без ценю сарамлівасці, сказаў у інтэрв’ю: “Полацк — горад асаблівы яшчэ і таму, што гэта, магчыма, адзіны горад у Беларусі, бо ўсе астатнія нашы гарады, нават самыя вялікія з іх, — гэта мястэчкі, прынамсі, яны некалі былі мястэчкамі. А Полацк, нягледзячы на тое, што тут і хаты драўляныя ёсць, і вуліцы незаасфальтаваныя, усё роўна горад. Першы горад у Беларусі… І, адпаведна, палачане — людзі нейкія асаблівыя. Гэта нават цяжка патлумачыць, але гэта так”. Я ведаю, Навум Якаўлевіч, гэта так.

…Яшчэ задоўга да гэтых выхадных у Полацку паўсюль бачыліся знакі таго, што тут хутка адбудзецца вялікае свята: адпаведныя расцяжкі над галоўнымі вуліцамі, праграмы святочных мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства ў вітрынах магазінаў, россыпы сувенірнай прадукцыі ў кнігарнях і кіёсках, на рэсэпшне ў гасцініцы… На вуліцы Замкавы праезд давялося ўбачыць і сфатаграфаваць нават крыху забаўную карцінку: у сушы-кавярню, якая размясцілася ў старадаўнім будынку са статусам “Гісторыка-культурная каштоўнасць, якая ахоўваецца дзяржавай” прахожых запрашаў… Францыск Скарына: проста на дзвярах кавярні быў вывешаны велізарны плакат з яго партрэтам і надпісам “500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню. Спачатку было слова”! А калі ўдумацца, і сапраўды добры маркетынгавы ход! І ніякай пошласці. Скарыну ж намалявалі не з палачкамі для сушы за сталом. Проста яшчэ раз, няхай і ў нечаканым месцы, нагадалі пра тое, што горад жыве вялікім святам.

Бясконцыя краны на розных, у тым ліку культурна-гістарычных, аб’ектах, экскаватары, асфальтаўкладчыкі… Усё гэта таксама сведчыла пра набліжэнне свята, і гэта таксама ўсё можна зразумець, тым больш калі ведаеш гэтую красамоўную лічбу: да Дня беларускага пісьменства ў Полацку і Полацкім раёне абноўлена амаль 350 аб’ектаў, на што было выдаткавана больш за Br13 млн. Сярод гэтых аб’ектаў такія знакавыя, як Сафійскі сабор, Музей беларускага кнігадрукавання, чыгуначны і аўтавакзал, гарадскі Палац культуры. Дарэчы, калі тыдзень назад я апынуўся каля Сафійкі і ўбачыў, як да яе падступіліся дзве даўжэзныя “джыгі” пад’ёмных кранаў, я мог бы злавацца, маўляў, ну, не атрымаецца ж сфатаграфаваць. Але, наадварот, супакоіўся і нават з задавальненнем зрабіў фота сабора з гэтымі “джыгамі”. Абнятую небам Сафійку ўбачыш у любы іншы дзень, у любым наборы паштовак з краявідамі Полацка, а абнятую пад’ёмнымі кранамі — толькі перад Днём беларускага пісьменства. Як кажуць, лаві момант. І я злавіў.

…Днямі на прэс-канферэнцыі міністр інфармацыі Беларусі Лілія Станіславаўна Ананіч сказала, што ў святочныя дні 1—3 верасня Полацк ператворыцца ў вялікую культурна-асветніцкую пляцоўку. І гэта абсалютна дакладнае параўнанне: у праграме свята дзясяткі больш і менш значных культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў. Боль-шасць з іх будзе сканцэнтравана ў цэнтры горада, заблукаць у якім проста немагчыма. Цэнтр Полацка сваёй сеткай вуліц нагадвае ў нечым Нью-Ёрк з іх строгім перасячэннем пад прамым вуглом, толькі называюцца яны не пранумараванымі стрытамі і авеню, а прыгожа, пераважна з выкарыстаннем уласных слоў: праспект Францыска Скарыны, вуліца Францыска Скарыны, вуліца Еўфрасінні Полацкай, вуліца Ніжне-Пакроўская, вуліца Стралецкая, вуліца Замкавая…

Агучваць праграму святочных мерапрыемстваў тут проста няма сэнсу, бо, як гаварылася вышэй, гэтыя праграмы з пазначэннямі месца і часу правядзення мера-прыемстваў сёння ў Полацку можна сустрэць на кожным кроку. Можна хіба толькі крыху сарыентаваць чытача. На нашу думку, трэба абавязкова не прапусціць вялікае гістарычнае шэсце, урачыстае адкрыццё Дня горада і ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства (гэта дзве розныя рэчы; першае адбудзецца 2 верасня а 12-й гадзіне, другое ў гэты ж дзень — а 20-й), урачыстае адкрыццё памятнага знака “Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці” ля Сафійскага сабора, цырымонію ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі, літаратурна-музычную праграму “Як на свет радзіўся Янка” па матывах рок-оперы “Курган” з удзелам майстроў мастацтва і творчых калектываў краіны… Варта наведаць шматлікія выставы, канцэрты, прэзентацыі, фестывалі і лакальныя святы: выставу “Горад у макетах” (падрабязней чытайце пра яе на наступных старонках сённяшняга культуралагічнага дадатку “Рэй”), фэст сярэдневяковай культуры “Рубон” (у вас будзе ўнікальная магчымасць пакатацца на дракарах, геракоптарах і паветраных шарах, стаць сведкамі сярэдневяковых турніраў, сфатаграфавацца ў фотазоне “Прылады катавання” і інш.), канцэрт еўрапейскай музыкі ХVІ—ХVІІІ стагоддзяў у выкананні ансамбля старадаўняй музыкі “Кантабіле”, фестываль кнігі і прэсы, прэзентацыю “Малой падарожнай кніжкі” Францыска Скарыны з кнігазбору ААТ “Белгазпрамбанк” і многія іншыя дзеі.

Зайдзіце, калі будзе такая магчымасць, у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе на ўсе вашы пытанні зможа адказаць рэканструяваная “механічная галава”, прыдуманая больш за стагоддзе назад Габрыэлем Груберам, ва ўнутраным дворыку ўніверсітэта загадайце патаемнае жаданне і кіньце манетку ў калодзеж ХVІІІ стагоддзя, каб яно збылося…

Не палічыце лішнім завітаць і ў музеі ды падысці да помнікаў, прычым не толькі ў вядомыя музеі, якія ўваходзяць у Нацыянальны полацкі гісторыка-культурны запаведнік, і не толькі да вядомых помнікаў (Францыску Скарыну, Сімяону Полацкаму, літары “Ў”), але і менш вядомых. Для мяне, напрыклад, калі я наведаў Полацк тыдзень назад, стаў сапраўдным адкрыццём прыватны “Музей рыцарства”, які нібы крыху схаваўся ад людскіх вачэй па вуліцы Энгельса, 3. Я адкрыў для сябе не проста вельмі стыльна аформлены, канцэптуальны і насамрэч сучасны музей, а найперш велічную і шмат у чым трагічную асобу полацкага князя Андрэя Альгердавіча. Да таго ж побач з музеем стаіць выдатны помнік гэтай гістарычнай асобе ў выкананні скульптара Ігара Голубева.

Словам, Полацк запрашае гасцей на свята. І гатовы зрабіць усіх на пару дзён палачанамі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.