Тварыць дабро, як дыхаць і любіць!

Жыццёвыя і творчыя пуцявіны Сяргея Грахоўскага

Чаму вы не ў Мінску?” — прарочае пытанне было зададзена мне ў 2001 годзе Сяргеем Іванавічам Грахоўскім, калі я настаўнічала ў вёсцы Навасёлкі Барысаўскага раёна. Менавіта ў 2001 годзе я атрымала ад вядомага і любімага паэта ліст з прызнаннем маіх вершаў і маіх здольнасцей у паэзіі: “Вы таленавітая паэтка (не пабаюся гэтага слова)”. Скардзіўся на старасць, на тое, што многія сябры даўно адышлі ў нябыт:

З гадамі і ў мяне

ўсё менш сяброў,

І ўсё вузей

знаёмстваў геаграфія,

Найбольш сяброў —

пад соснамі бароў,

Пад плітамі

з кароткай эпітафіяй.

(“Шукаю сяброў”.)

А таксама просьба: “Ніколі не пішыце вы верлібры-калібры”. Да прапановы Сяргея Іванавіча прыслухаюся. Як і жаданне жыць у Мінску, якое  нечакана збылося ў снежні 2001 года, нібы звыш нехта пачуў словы, своечасова кінутыя ў неба. А ў снежні 2002 года яго не стала… Не стала аднаго з тых святых пакутнікаў, чый жыццёвы шлях быў азмрочаны дзесяцігоддзямі сталінскага ГУЛАГа:

Я ўсё спазнаў:

і радасці, і гора,

Я з сотні рэк

пакаштаваў вады…

(“Добры дзень”.)

Сяргей Грахоўскі ішоў па турэмных і лагерных этапах разам з тымі беларускімі творцамі, якія не былі расстраляны, але атрымалі па дзесяць гадоў канцлагераў. Пакаранне за неіснуючую віну адбываў на лесараспрацоўках Расіі. Адпакутаваўшы першую лагерную “дзясятку”, ён вярнуўся ў Беларусь і да 1949 года жыў у мястэчку Урэчча Слуцкага раёна, працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў мясцовай школе.

Аднак, нягледзячы на тое, што судзімасць з яго была знята, Сяргей Грахоўскі, як і іншыя так званыя ворагі народа, па сталінскім указе 1949 года, быў паўторна арыштаваны і высланы ў сяло Біяза Новасібірскай вобласці.

Перачытваю біяграфію, у каторы раз абураючыся: чаму, за што лепшыя маладыя беларускія таленты, якія толькі ўваходзілі ў літаратуру, перамалола бязлітасная дыктатура — нечуванае вынішчэнне і падаўленне чалавечай асобы. Тады ж у гэтую пачварную раку несправядлівасці без аніякай віны трапіў і 23-гадовы паэт:

Мяне ўзважвалі і мералі,

Здымалі

Ў профіль і ў анфас,

Але ні разу

Не праверылі

Душы наяўнасць

І запас.

 

Мая душа

Супраціўлялася,

Бо верыла і тым жыла,

Не чэрсцвела

І не ламалася —

Была такою, як была.

Нягледзячы на жорсткасць жыццёвай сітуацыі, непрадказальнасці лёсу, Сяргей Іванавіч застаўся на дзіва чалавечным, добрым і спагадлівым. І па яго вершах, і адносінах да жыцця, да чалавека, уменні застацца людскім можна выхоўвацца і выхоўваць маладое пакаленне і дваццаць першага, і наступных стагоддзяў. Гартаю старонкі кнігі “Вячэрні звон” і разам з аўтарам аказваюся на “На таёжнай дарозе” (“Вецер вые ў заломах рудое кугі, // Завіруха шляхі замятае дазвання”), мне холадна і трохі не па сабе, бо “ні жывое душы, толькі вецер калматы…” Але не, паэт побач, і “ў змроку на доўгай трыццатай вярсце // Мільгануў аганёк за­інелае хаты”. Мы ўвайшлі — “нікога нідзе, // На камінку агеньчык яшчэ дагарае; // Каля печы — карэц у крынічнай ва­дзе, // Соль у шклянцы і свежага хлеба акраец”.

Мне становіцца цяплей і ўтульна, нікуды не хочацца ісці адсюль… Не, маню, хочацца бегчы на злом галавы ад холаду, ад роспачы, злавацца, плакаць. І я плачу, слёзы льюцца няпрошана ад болю за тыя ўмовы, у якіх аказаўся паэт, і разам — ад замілаванасці яго ўчынку, як і нескаронасці лёсу:

Вось і я, абагрэўшыся,

дровы прынёс,

Хлеб паклаў на стале,

пастаяў ля парога.

Завіруха сціхае,

мякчэе мароз,

І далёкая болей

не страшыць дарога.

Моцны духам і любоўю да бацькоўскай зямлі, якая, ня­гледзячы на нявольніцкую сібірскую далеч, жыла ў сэр­цы, Сяргей Іванавіч выжыў, выстаяў, з годнасцю вярнуўся ў літаратуру і да апошніх сваіх дзён не страціў высокага творчага гарэння, пакінуў нам глыбоказмястоўныя вершы, паэмы, апавяданні, аповесці, эсэ, пераклады, успаміны, дзіцячыя творы, крытычныя артыкулы пра развіццё сучаснага літаратурнага працэсу, вострапраблемную публіцыстыку.

Сяргей Іванавіч пражыў цікавае жыццё, багатае на выпрабаванні, сустрэчы, творчыя дасягненні, розныя падзеі, сведкам і ўдзельнікам якіх быў на працягу амаль усяго XX стагоддзя, бо нарадзіўся ён 25 верасня 1913 года, а адышоў у вечнасць у снежні 2002 года.

Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў Глуску, на радзіме маці:

З гадамі маленства

здаецца бліжэй —

І памяць зацягвае

вузел тужэй,

Звязаўшы канец і пачатак…

(“***З гадамі маленства здаецца бліжэй…”)

За Глускам, у глухіх барах,

Яшчэ маё блукае рэха,

І дзень суніцамі прапах,

Даспелі першыя арэхі.

 

І золкі золак на Пцічы

Мяне штодня дадому кліча,

Дзе расцвітаюць касачы

І дзе гады зязюлі лічаць…

(“Пачатак”.)

У 1930 годзе пачаў працаваць рабочым на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1931—1932 гадах працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР, у газеце “Чырвоная змена”. Скончыў газетна-выдавецкае аддзяленне літаратурнага факультэта Мін­скага педагагічнага інстытута (1935), працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, выкладчыкам літаратуры на рабфаку пры БДУ.

І зноў вяртаюся да арышту (1936 год). Асуджаны пазасудовым органам НКУС як член контррэвалюцыйнай арганізацыі і за антысавецкую дзей­насць — да 10 гадоў пазбаўлення волі. Знаходзіўся ва Уніжэнскім канцлагеры НКУС Горкаўскай вобласці (станцыя Сухабязводная). Спрабую ўявіць сябе на месцы 23-гадовага юнака — і не магу апісаць словамі сваё адчуванне, слоў не знаходзіцца… Што думаць, як паводзіць сябе ў такі момант несправядлівасці і абыякавасці да чалавека… А яны ж, гэта ўжо з уласнага вопыту, жывучыя, хто па першым загадзе “заўжды гатовыя”:

Іх берагуць двайныя

дзверы,

Апосталаў былых асноў.

І хоць не маюць самі веры,

Але зацята хлусяць зноў.

 

О шасцікрылы Серафім,

Дапамажы і нам, і ім.

(“Серафім”.)

“Усё пачынаецца з любові, усё падтрымлівае каханне”. У дачыненні да Сяргея Грахоў­скага гэтыя словы нясуць жыватворнае значэнне. Нягоды і злосныя сібірскія вятры дапамагла яму перанесці каханая жонка Валянціна Міхайлаўна. Высакародная жанчына, якая, не задумваючыся, адна праехала, прайшла ў больш жудасных умовах у параўнанні з арыстакраткамі дзекабрысткамі сотні сібірскіх кіламетраў, каб падзяліць з мужам яго пакуты за неіснуючую віну. Такая падтрымка дарагога чалавека дапамагла ўсё пераадолець, вярнуцца да перарванага нявольніцкім дзесяцігоддзем паўнацэннага жыцця і мастацкай творчасці. Шмат вершаў — шчырых, пяшчотных, светлых — прысвечана ёй, вернай спадарожніцы жыцця:

Як я жыў без цябе?

І не ведаў, што недзе

На свеце,

За глухімі лясамі,

За сотнямі ўзгоркаў і меж,

Не на дальнім сузор’і,

А ў нас, на планеце,

Ты ў зялёным і ціхім

Завулку жывеш…

У далёкім дзявоцтве, калі я мала ведала — можна сказаць, амаль нічога не ведала — пра Сяргея Грахоўскага, чытаючы гэтыя радкі на памяць са сцэны, хацела, каб мне прысвячалі такія прызнанні. Я чула ад настаўніцы беларускай мовы, што гэты таленавіты паэт ажно дваццаць гадоў не звяртаўся да творчасці. І толькі потым, калі пазнаёмілася бліжэй з біяграфіяй пісьменніка, пачала разумець глыбокі сэнс наступнай страфы:

Мабыць, трэба было

Праваліцца у пекла,

Траціць блізкіх,

Пакутаваць, мерзнуць,

 гарэць,

Ратавацца,

Каб лютая сцюжа

не ссекла,

Каб цябе

пад Палярнаю зоркай

Сустрэць і пазнаць.

І адразу забыцца

аб крыўдзе,

Каб убачыць праменьчыкі

Ў зрэнках тваіх,

Нарадзіцца ізноў

І паверыць, што прыйдзе

І збавенне, і шчасце

Адно на дваіх:

Падабрэць, памякчэць,

Назаўсёды скарыцца

Непадкупнай

Суровай тваёй чысціні,

Каб істоты тваёй

Адкрываць таямніцы,

Каб душу гартаваць

На высокім агні…

Называючы Валянціну Міхайлаўну ласкава “мая дзекабрыстка”, муж шчыра прасіў: “Будзь музаю маёй!..” І абяцаў: “Я за табою крок у крок // Пайду збіраць суніцаў прысак, // І пакаштую свежы сок, // Што на тваіх губах не высах”.

Які цуд — паэзія Сяргея Іванавіча Грахоўскага! Перачытаем апошнія радкі з верша “Сунічны сок” — не стрымаемся ад захаплення, ад жадання іх запомніць і зрабіць сваімі, каб каму-небудзь паўтарыць і здзівіць улюбёнасцю-закаханасцю, высокай пачуццёвасцю, замілаванасцю і шчырасцю. А якая на першы погляд рыфма простая: “прысак — не высах”, але ж не бедная, не збітая, а Грахоўскім адкрытая.

Пра талент паэта пісаць бы дысертацыі і кожны раз ашаламляцца ад неспадзеўкі выразаў, параўнанняў і вывадаў, што ўсё геніяльнае насамрэч проста! А мне карціць звяр­нуць увагу асобна, паўтараюся: выхоўваць і ў наступных стагоддзях. Напрыклад, верш, які пачынаецца прызнаннем “І мы сварыліся. Часамі папракалі // Адно другога дзень, і два, і тры…” чытаць выхаванцам у старшых класах, студэнтам на спецыяльных занятках, выхаваўчых гадзінах, нават у час заключэння шлюбу маладымі, дзе дарэчы бу­дзе нагадаць, што кожная, нават шчаслівая сямейная пара праходзіць праз неўразуменні ў адносінах, але трэба заўсёды камусьці “першаму пераступіць мяжу, // … усмешкай заіскрыцца, // Пайсці насустрач першаму дажджу. // Адно другому пагля­дзець у вочы, // Ды адгукнуцца сонечнай вясне, // Паслу­хаць разам, як вада булькоча // І кропелькі сцякаюць па вясле… // Ізноў ісці, абняўшыся за плечы, // Шчаслівымі ад мудрай дабраты”.

У студэнцкія гады ў час педагагічнай практыкі мне давялося арганізаваць сустрэчу з пісьменнікам. Хто, як вы думаеце, прыехаў? Вядома, Сяргей Іванавіч — на трамвайчыку, сціплы, спакойны, ветлівы. Валодаючы высокім красамоў­ствам і фенаменальнай памяццю, паэт цытаваў свае паэтычныя радкі, вершы іншых паэтаў з такой эмацыянальнай сілай, пачуццём перажытасці, што нікога ў зале не пакінуў абыякавым. Сустрэча з Грахоўскім для самых розных чытачоў, студэнтаў была сапраўднай падзеяй.

Усёй сваёй творчасцю даказваў, што “На гэтым свеце замест спакою — неба // Мне даспадобы неспакой зямлі…” Сёння яго творчасць уяўляецца як адна вялікая, па-мастацку жыццёвая кніга, прасякнутая Праўдай, Любоўю, Сумленнем, Дабратой.

Паэзія С.Грахоўскага ясная, простая, глыбокая па думцы і пачуццях, даходзіць да сэрца кожнага чалавека. Яе галоўнай адметнасцю з’яўляецца амаль поўнае супадзенне асобы аўтара, яго жыццёвых прынцыпаў з унутраным светам лірычнага героя, уласцівасці характару якога — найперш  шчырасць, адкрытасць, неабыякавасць да праблем сучаснасці. Духоўная сутнасць аўтара і героя, еднасць іх поглядаў на свет, чалавека, жыццё яскрава праяўляецца ў вершах, для якіх характэрны філасофскі роздум аб ролі паэта ў грамад­стве, выхаванні ў чалавека высокіх патрыятычных пачуццяў. Многія радкі з такіх вершаў сталі афарызмамі: “У праўду верыць апантана… // Забыць пра крыўду і згрызоту // Заўжды імкнуцца да палёту і непадкупнай дабраты. // Глядзець на свет не праз акенца, // А жыць турботамі зямлі”; “Сябе і другіх вінавачу, // Што гора на свеце жыве…”; “Каб у надзённай нашай прозе // Здабыць паэзіі святло…”; “Душа з мален­ства гартавалася // На чыстым праведным агні”; “Без праўды можна існаваць // А жыць без праўды немагчыма…”; “…У спадчыну ж табе застаўся вопыт: // Тварыць дабро, як дыхаць і любіць!”

Вера БУЛАНДА.