Да 100-годдзя з дня нараджэння паэта Паўлюка ПРАНУЗЫ (1918—2018)
Згадваюцца радкі Паўлюка Пранузы, якія можна паставіць эпіграфам да ўсёй яго творчасці: “У паходах я стомы не знаў, у абозе не быў я ніколі…” Паэт сцісла, вобразна сказаў пра свой жыццёвы шлях, пра тое месца, якое ён займае сярод людзей свайго пакалення.
Кажуць, біяграфія паэта — у яго вершах. Калі чытаеш кнігі Паўлюка Пранузы, яшчэ раз пераконваешся, што гэта сапраўды так. У вобразе лірычнага героя лёгка ўгадваецца сам паэт. Вясковы хлапчук. Студэнт педагагічнага інстытута. Франтавік, зенітчык-артылерыст. Настаўнік, выкладчык роднай мовы і літаратуры… Такая яна — кароткая біяграфічная даведка, якая стала асновай паэтычнага летапісу Паўлюка Пранузы.
Летапіс гэты, пачаты зборнікам вершаў “Разгневаная зямля”, год ад году папаўняўся новымі выданнямі — кнігамі “Добрай раніцы”, “У дальнім раёне”, “Мае землякі”, “Калі верыш”, “Родныя мясціны”, “Непаўторнасць”, “Трываласць”, “Сустрэчы”, “Памяць, памяць…”, працягваўся свежымі публікацыямі ў часопісах і газетах. “Паэт у адпачынку не бывае, бо кожны дзень яго — перадавая”. А быць на перадавой — значыць, адгукацца на ўсе праявы жыцця, на радасць і боль людскі адгукацца. І паэта любілі, паэту верылі, даражылі яго аўтографам на кнігах і аўтографам, які ён “пакінуў працай на зямлі”.
А хто не верыць, для парадку
На справах многіх лет і зім
Я сонца круглую пячатку
Пастаўлю з подпісам сваім.
У кнігах Паўлюка Пранузы нярэдка сустракаецца слова “добры”: добрая зямля, добры дзень, добрая памяць… Ён і сам быў добрым чалавекам. Сціплым, прыязным да ўсіх, з кім сустракаўся. Ветэран вайны, узнагароджаны ордэнам Славы і баявымі медалямі, годна і мужна прайшоў шлях ад роднай Гомельшчыны да Берліна.
Не экскурсантам, а салдатам,
Апаленым агнём баёў,
З гранатамі ды аўтаматам
На дах рэйхстага я ўзышоў.
Здалося: сонца стала ніжай,
Каб больш святла і ласкі даць,
А тых, хто ў лютых бойках выжыў,
Абняць, узняць, расцалаваць.
У гады Вялікай Айчыннай вайны і слова было зброяй. Паўлюк Прануза друкаваў свае вершы ў газеце Бранскага фронту “На разгром ворага”, у газеце-плакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну”, чытаў іх баявым пабрацімам у акопах. Пад многімі вершамі стаіць пэўная дата і пазначана месца, дзе клаліся на паперу паэтычныя радкі: Бранскі фронт, Цэнтральны фронт, Першы Беларускі фронт, Дняпро, Вісла, Одэр, Берлін. Не злічыць іх — гарадоў, вёсак, рэк, пройдзеных пакутліва, з зацяжнымі баямі і фарсіраваных з ходу. І кожная атака для некага — апошняя. І кожная перамога для цябе — як свята, як падарунак лёсу. Бяры ў рукі паперу, аловак — і пішы пісьмы родным, каханай, сябрам.
Яшчэ ў студэнцкія гады Паўлюк Прануза пазнаёміўся і пасябраваў з паэтам Міколам Сурначовым. Перапісваліся яны і на фронце, дзяліліся светлымі і сумнымі навінамі, дасылалі адзін аднаму новыя вершы. Мікола Сурначоў не дажыў да Вялікай Перамогі — загінуў на подступах да Берліна. Паўлюк Прануза збярог усё, што дасылаў яму сябар, і ўключыў у яго пасмяротны зборнік “Барвовая зара”. Як жа іначай: франтавое брацтва — святое, выпрабаванае агнём і свінцом. І на ўсё жыццё.
Паэт-франтавік Анатоль Вялюгін прысвяціў Паўлюку Пранузу верш “Пабрацім”, у якім ёсць радкі: “Сасніўся сон мне нездарма: цябе, гвардзейца, ля рэйхстага Дзяніс Давыдаў абдымаў”. Дзяніс Давыдаў — герой Айчыннай вайны 1812 года, “гусар-рубака ў эпалетах”, паэт. Вунь якая гістарычная пераемнасць пакаленняў, абаронцаў роднай зямлі ў часе, няхай і ў сне. Бачу, як удзячна ўсміхаецца Павел Кузьміч, чытаючы гэты верш.
У суровых выпрабаваннях гартаваўся характар, але не агрубела сэрца, добрай засталася душа. І ў мірны час паэт “не стаяў на абочыне спраў”, а прасіў у жыцця: “Пакладзі груз любы на салдацкія плечы”. Настаўнік па адукацыі і прызванні, ён больш за трыццаць гадоў адпрацаваў у школе, шчодра дзяліўся з вучнямі сваімі ведамі, сваім жыццёвым вопытам і ўзбагачаўся сам, знаходзячы ў школе тэмы і вобразы для новых вершаў.
Светлыя, шчырыя, як споведзь юнацкай душы, лірычныя вершы Паўлюка Пранузы. Вобраз любай дзяўчыны ўсплываў у думках і марах, саграваў яго ў акопах і траншэях, даваў сілы жыць і змагацца. Святло тых пачуццяў не цьмее і ў пазнейшых вершах. Каханая, як святая, аберагала яго на фронце, а цяпер, у мірны час, ужо ён клапоціцца пра яе, дарагога чалавека. І сіла гэтай любві такая, што сама прырода спрыяе ім у сямейным жыцці.
Выплыў месячык прыгожы,
Яго воблачка схавала,
Вецярок дыхнуць не можа —
Толькі б ты адпачывала.
Вершы для дзяцей не стаяць асобна, наводшыбе, а вельмі арганічна дапаўняюць і ўзбагачаюць творчасць Паўлюка Пранузы ў кніжках “Добры дожджык”, “Ручаёк”, “Вясновыя тэлеграмы”, “Фарбы восені”… Паэт разумеў: па тым, якімі стануць дзеці, будуць меркаваць, якімі былі мы, іх бацькі і настаўнікі. І ён рупіўся, каб дзеці раслі для добрых спраў, ведалі родную гісторыю, культуру, чыталі кніжкі і спявалі песні на матчынай мове. І праз яго творы таксама пазнавалі жыццё, навакольны свет.
Звонкімі капяжамі адстуквае тэлеграмы вясна. Рэкам і азёрам — каб хутчэй скідалі лёд. Палям, лугам і лясам — каб пілі зямныя сокі і зелянелі. Птушкам за морам, у выраі, — каб вярталіся на радзіму. Прырода разумее “мову цёплую вясны”, з радасцю чытае гэтыя тэлеграмы. Дзякуючы паэту, вучацца чытаць іх і дзеці.
Калі гаварыць вобразна, то ўсе вершы Паўлюка Пранузы — гэта тэлеграмы, адрасаваныя людзям, дарослым і дзецям. Тэлеграмы з вясны і лета, з восені і зімы. Тэлеграмы, аздобленыя дажджавымі кроплямі і духмянай квеценню, апалым жоўтым лісцем і белымі сняжынкамі. Для кожнай пары года паэт знаходзіць свае, толькі ёй уласцівыя фарбы. І гэты цудоўны свет прыроды агучвае галасамі людзей, лясных звяроў і птушак, шумам дрэў і звонам лугавых крынічак. Роднасць з прыродай — з маленства і на ўсё жыццё.
З дарагіх сэрцу мясцін пачынаецца для кожнага з нас Радзіма. Вось як малюе яе юны мастак: неба — блакітнае, сонца — прамяністае, поле — залатое ад збажыны, луг — зялёны, а над школай — яркі сцяг трапеча, дыхае на ветрыку, як жывы. “Задаволен, рады Дзіма: ён намаляваў Радзіму”. Просты малюнак, звычайныя фарбы, а задума ўвасоблена арыгінальна. Так і хочацца паставіць добрую адзнаку і мастаку, і паэту!
Дзеці ходзяць у сад, вучацца ў школе, радуюцца і засмучаюцца, шукаюць адказы на пытанні, якія хвалююць іх у жыцці і ў свеце прыроды. Дзе вясны пачатак? Пра што спявае жаўранак? Чаму ззяе вясёлка? Хто асінку напалохаў?.. Паэт добра ведаў дзіцячую душу і на аснове вось такіх пытанняў выстройваў невялікія сюжэтныя творы, кожны з якіх нагадвае казку.
Нарадзіўся Павел Кузьміч Прануза 18 сакавіка 1918 года на Гомельшчыне, у вёсцы Вылева Добрушскага раёна. Але так выпала, што Нясвіжчына стала для яго другой радзімай, а Нясвіж — любімым горадам. У свой час я, супрацоўнік раённай газеты, часта бачыўся з Паўлам Кузьмічом і ўдзячны яму за ўвагу і падтрымку, за добрыя словы, сказаныя мне тады, у маладосці. Мы разам ездзілі на сустрэчы з чытачамі. І я з цікавасцю, як і ўсе, слухаў яго ўспаміны пра франтавое жыццё, пра сяброў-аднапалчан, запамінаў яго вершы — старыя і новыя. Павел Кузьміч згуртаваў пры газеце маладых паэтаў і празаікаў, журналістаў, спрыяў, каб іх творы часцей з’яўляліся ў друку. А ў яго вершы ўсё часцей упляталіся асеннія павуцінкі суму.
За кропляй кропля адыходзяць сілы,
Гады пасерабрылі галаву.
Унук, унучка — маладыя крылы —
Мяне трымаюць моцна на плыву.
Я перачытваю спавядальныя нататкі Паўла Кузьміча і нібыта чую яго жывы голас: “Гавораць, што час — добры лекар, які залечвае раны і прыглушае боль. Можа, гэта і сапраўды так. Толькі ўспаміны аб мінулым можна параўнаць з вогнішчам, якое раздзімае вецер часу. Даўно адгрымелі баі Айчыннай вайны, але ў памяці застаюцца сябры, з якімі еў з аднаго кацялка, у адным ланцугу ішоў у атаку, над магіламі якіх праліў салдацкую слязу…”
Час браў сваё: хвароба скоўвала цела, а вогнішча ўспамінаў усё мацней апальвала душу. Памятаю нашу апошнюю сустрэчу. Цяжка хворы, ён ужо не падымаўся з ложка. Уразілі яго вочы, не асвечаныя нават слязой, нібыта ўсё перажытае ў гады вайны разам адбілася ў іх глыбіні.
У вачах яго жыве вайна.
Дол варочае снарадамі яна,
Танкамі грукоча на перадавой,
Самалётамі раве над галавой,
Слепіць вочы,
Дымам забівае дых,
Засыпае жвірам
Хлопцаў маладых,
Ледзяніць душу
Дзіцячым крыкам, плачам
Там, у пекле,
Ад агню і куль
Гарачым…
Як не спапялілі
Сэрца і душу?
“Асвяці слязой гаючай іх, —
У Бога я прашу, —
Хай успыхне ў зрэнках
Радасці прамень
Хоць у гэты майскі
Пераможны
Дзень”.
Верш гэты я не паспеў прачытаць Паўлу Кузьмічу: апавіты жалобай, ён лёг у вянок яго памяці. Засталіся дарчыя кніжкі з аўтографамі і фотаздымкі, на якіх ён шчаслівы, бадзёры, усмешлівы.
Пры нагодзе, вяртаючыся ў думках з мінулага, Паўлюк Прануза згадваў словы паэта-франтавіка Аляксея Пысіна: “Ведайце, калі мяне не стане — я ў сваю дывізію пайшоў”. Прабіў час, і ён сам ціха адышоў у іншы свет, да сваіх аднапалчан.
Мікола МАЛЯЎКА.