У адным парыве

Кнігі бываюць розныя, але гэтая — зборнік духоўнай паэзіі, мастацкай прозы і публіцыстыкі “За ўсё Творцу дзякуй!” (Мінск, выдавецтва “Смэлтак”, 2018) — стварае ўражанне сапраўды ўнікальнай нават у вялікім моры літаратуры на духоўную тэматыку, якая выдаецца ў наш час. Нават цяжка ўявіць, як удалося складальніку зборніка, рэдактару сталічнага выдавецтва “Смэлтак”, галоўнаму рэдактару альманахаў “Гоман літаратурны” і “Талент”, журналісту, паэтэсе Юліі Савіцкай сабраць пад адной вокладкай творы каля 70 аўтараў з Беларусі, Расіі, Украіны і Эстоніі, чые галасы былі б сугучнымі ў памкненні адгукнуцца на Найвышэйшы голас, паспрабаваць адчуць і зразумець тое Слова, якое было напачатку. Цяжка ўявіць, як усё-такі ўдалося Юліі Савіцкай разам з іншым складальнікам зборніка, вядомым паэтам, аўтарам і заснавальнікам літаратурна-мастацкіх альманахаў “Гоман” і “Талент”, іх шэф-рэдактарам Міколам Трафімчуком распазнаць усе гэтыя 70 галасоў, адрэдагаваць іх гучанне. 700 старонак тэксту на адзінай хвалі, якая б’ецца аб высокі бераг неба! Такога ў нашай краіне яшчэ не было.

Тым не менш, па словах Юліі Савіцкай, работа над кнігай ішла нечакана лёгка, яе падтрымлівала як быццам бы нейкае крыло. Аўтары, нават замежныя, адгукнуліся, што называецца, без пытанняў, і гэта сведчыць, што іх надзвычай хвалюе тэма душы, духоўнасці і маральнасці.

Сярод аўтараў зборніка ёсць вядомыя паэты, празаікі, гісторыкі, публіцысты, аглядальнікі СМІ, мастакі, рэжысёры, акцёры, музыканты і людзі іншых творчых прафесій. Аматары сучаснай літаратуры добра ведаюць імёны, напрыклад, Таццяны Сівец, Таццяны Барысюк, Надзеі Парчук, Міколы Адама, Кацярыны Мяшковай, Янкі Лайкова, саміх складальнікаў і рэдактараў Юліі Савіцкай і Міколы Трафімчука. Але ёсць і пачаткоўцы, якія, дзякуючы гэтай кнізе, выходзяць у вялікі свет літаратуры. Апынуцца ў дарослай кампаніі людзей, якія шукаюць у мастацкім і публіцыстычным слове адказы на вечныя пытанні, пашчасціла нават яшчэ зусім юнай дзяўчынцы — навучэнцы 4 “Б” класа мінскай сярэдняй школы № 170 Уладзіславе Мармыль, якая паспела ўжо зразумець, што “па жыцці трэба рабіць добрыя ўчынкі, Бог верне табе іх дабром” (гэта яе крэда). Дарэчы, непасрэдна перад творамі кожнага аўтара змяшчаюцца яго фота, біяграфічная інфармацыя, пералік навуковых работ (калі гэта навукоўцы).

Складальнікі зборніка паклапаціліся і пра тое, каб уключыць у яго творы некаторых аўтараў, якіх ужо няма разам з намі, напрыклад, шчымлівыя ўспаміны Надзеі Чарненка (Напрэенка), узнагароджанай ордэнам Айчыннай вайны і шматлікімі медалямі. Усё жыццё яна працавала медсястрой: і да вайны, і падчас вайны ў партызанскім атрадзе, і пасля вайны…

Асобна трэба сказаць пра мастацкае афармленне кнігі, дакладней, яе вокладкі, якую аздабляюць цудоўныя іконы, выкананыя іканапісцам і паэтэсэй Алінай Савіцкай, дарэчы, маці Юліі Савіцкай. Тым больш цікава было пачуць ад самой Юліі гісторыю таго, як яе маці прыйшла ў свой час да Бога, а потым і да такой дабрачыннай справы, як напісанне ікон. “Мая мама расла ў сям’і настаўнікаў-атэістаў, — расказала Юлія Савіцкая. — Натуральна, у іх дома не было ніводнай іконы. У сям’і было трое дзяцей, маміны бацькі былі вельмі занятыя і таму запрасілі даглядаць дзяцей няньку Хрыстыню. А тая была апантанай верніцай. Маміным бацькам не вельмі падабалася, што тая чытала малітвы іх дзецям перад сном, яны нават адкрытым тэкстам забаранілі ёй гэта рабіць, але тая ўсё роўна чытала ім малітвы — шэптам, каб пра гэта не даведаліся маміны бацькі. Таксама нянька Хрыстыня шмат расказвала дзецям пра храмы, пра веру, і мама падсвядома ўбірала ў сябе ўсё гэта з самага ранняга дзяцінства. А аднойчы нянька Хрыстыня завяла маю маму да бабулі, якая жыла па суседстве. І там, у той бабулі, мама ўбачыла велізарную ікону Казанскай Божай Маці. Дзяўчынку ўзяла такая цікаўнасць, што яна ўзлезла на крэсла і зірнула проста ў вочы Божай Маці. Доўга не магла адарваць сваіх вачэй ад яе вачэй, а потым раптам ёй падалося, што ікона як бы страпянулася, мама тады ледзве не ўпала з крэсла. Хрыстыня яе супакоіла і сказала: “Гэта знак табе ў жыцці”. Мама доўга трымала ўсё гэта ў сакрэце, але неяк не вытрывала, папрасіла сваіх бацькоў: “Пахрысціце мяне”. На што атрымала катэгарычную адмову. А тым часам Хрыстыня працягвала чытаць ёй малітвы… Калі яна дасягнула паўналецця, яе ўпотай пахрысціў святар, да якога яе прывяла незнаёмая жанчына. А роўна праз 40 гадоў па благаславенні настаяцеля Свята-Нікольскага храма протаіерэя Уладзіміра Зямніцкага яна напісала сваю першую ікону, пасля — другую, трэцюю… Яна працягвае пісаць іконы і сёння. І я неаднойчы бачыла яе за працай. Мне здаецца, што гэта такі ж цуд, як і цуд нараджэння дзіцяці. Як неаднойчы мне прызнавалася, не яна выбірае вобразы святых, а яны клічуць яе за сабой, але ў той жа час выпрабоўваюць на вернасць”.

А літаратурныя творы са зборніка “За ўсё Творцу дзякуй!” можна сапраўды цытаваць бясконца. І зусім не таму, што ён налічвае 700 старонак, а таму, што галасы 70 аўтараў, нягледзячы на пэўныя няроўнасці і эстэтычныя шурпатасці (большасць аўтараў усё-такі непрафесіяналы ў паэзіі), зліваюцца ў адзін чысты голас, які ліецца, ліецца і ліецца ў сваім бясконцым парыве да светлага і добрага…

І як жа лёгка ў велікодныя дні чытаюцца, напрыклад, гэтыя радкі Таццяны Барысюк:

Калі імкнуся збегчы ад пакут,
на ногі Бог накідвае мне путы.
Магчыма, прыхаваны шчасця кут
сярод такіх раз’ятраных пакутаў.

Ці любіць Бог таго, каго карае,
каму ён шле свае выпрабаванні?
Не ведаю, але надзею маю —
на шчасце, і на плён, і на каханне!

Або вось гэтыя, напісаныя Надзеяй Парчук:

Сціхлі птушыныя песні,
Сонца пайшло на спачын.
Хутка Хрыстос уваскрэсне,
Людзі, не спіце ўначы!

Заўтра вялікае свята,
Заўтра ў заранкавы час
Зноў Велікодная радасць
З Госпадам прыйдзе да нас!

Людзі, спяшайцеся ў храмы,
Бо менавіта туды
Сын Божы прыйдзе таксама
Ў вёсачкі і гарады.

Не праміне анікога.
Ён завітае й да тых,
Хто не асіліць дарогі
Да храма з-за боляў сваіх.

Гэту святую таемнасць
Нельга нам, людзі, праспаць:
Будзе Ісусу прыемна
Ўсіх віншаваць і вітаць.

Ці патрэбны такія кнігі? Навошта яны патрэбны? Каму яны патрэбны?

На гэтыя пытанні адказвае ў сваім даследаванні, якое таксама ўключана ў зборнік, вядомы журналіст, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры перыядычнага друку Інстытута журналістыкі БДУ Віктар Шымолін: “…адступленне ад веры прыводзіць да незваротных наступстваў у характары і ладзе жыцця чалавека, негатыўна ўплывае на плынь грамадскага жыцця”.

Мікола ЧЭМЕР.