Урачыста і з любоўю

Літаратурна-музычнай гасцёўняй, якая працуе пры Баранавіцкім дзяржуніверсітэце, кіруе дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі кандыдат медыцынскіх навук Клаўдзія Сямёнаўна Трысцень. Акрамя больш як 300 навуковых прац, яна выдала некалькі паэтычных зборнікаў. У згаданым творчым аб’яднанні прымаюць удзел не толькі сталыя паэты, але і аўтары-пачаткоўцы. Іх песні гучаць не толькі ў выкананні самадзейных артыстаў, але нават і лаўрэатаў “Славянскага базару ў Віцебску”. У мясцовым выданні “Фенікс” выходзіць альманах з творамі ўдзельнікаў гасцёўні.


На кожнае пасяджэнне запрашаюцца студэнты малодшых курсаў, навучэнцы гарадскіх ліцэяў, каледжаў, школ, увогуле аматары паэзіі і песні. У прасторнай зале ўніверсітэцкай бібліятэкі звычайна збіраецца больш за паўсотні аматараў паэзіі і песні. Тут па ініцыятыве загадчыцы бібліятэкі Таццяны Вадзімаўны Шчэрба ладзяцца кніжныя выставы.

Лістападаўскае пасяджэнне літаратурна-музычнай гасцёўні было асабліва ўрачыстым, бо яно прысвечана 135-годдзю беларускіх песняроў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Клаўдзія Сямёнаўна Трысцень падзялілася ўспамінамі жыхароў Палесся пра Якуба Коласа як вясковага настаўніка, бо сама родам з тых мясцін. А затым былі вершы, прысвечаныя народным паэтам. Свае творы чыталі мясцовыя аўтары: лаўрэат дзвюх літаратурных прэмій Алесь Корнеў, паэт і бард Галіна Ліс, яе калегі па творчасці Марыя Філіпава, Аляксандра Шынкарэнка і інш. Песні на вершы народных паэтаў прагучалі ў выкананні студэнцкага дуэта.

Канстанцін СТАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.