Вершы ад сэрца — у гонар малой радзімы

Жлабінчанка Марыя Смірнова парадавала аматараў паэтычнага слова чарговым зборнікам сваіх вершаў — “Песнь малой родине моей…”. Яго прэзентацыя адбылася ў роднай навучальнай установе аўтара — сярэдняй школе № 10 Жлобіна, дзе Марыя Сямёнаўна доўгі час працавала педагогам.

І хаця паэтэса нарадзілася за тысячы кіламетраў ад Беларусі, у далёкай Кіргізіі, амаль усё яе жыццё прайшло на жлобінскай зямлі, якую яна і лічыць сваёй сапраўднай радзімай. Тут Марыя Смірнова вырасла, адсюль пайшла ў самастойнае жыццё, пакахала, доўгі час працавала педагогам, на ўласным прыкладзе і сваёй творчасцю выхоўваючы ў дзяцей любоў да Бацькаўшчыны, гісторыі роднага краю і мастацкага слова.

Марыя Смірнова — вядомая на Жлобіншчыне паэтэса. Яна з’яўляецца аўтарам слоў да гімна горада Жлобіна. А што тычыцца яе паэтычнай творчасці, дык гэта ўжо трэці асобны зборнік яе вершаў. Спонсарам выдання яе першага зборніка “След на земле” (1993 год) стала раённая газета “Новы дзень” (дарэчы, на яе старонках у свой час з’явіліся і першыя творы аўтара, якія друкуюцца тут і сёння), а наступных — “Хачу спяваць табе, зямля” (2012 год) і “Песнь малой родине моей…” — раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Яе старшыня, Тамара Маліцкая, адзначыла: “Паэзія — не адзінае прызванне Марыі Сямёнаўны. Шмат гадоў яна паспяхова працавала настаўніцай у розных школах Жлобіншчыны, добра ведае псіхалогію дзяцей. Многія яе вершы арыентаваны на дзіцячую душу, глыбока кранаюць яе, выхоўваюць у школьнікаў сапраўдны патрыятызм. Менавіта таму наш прафсаюз падтрымлівае паэтэсу. І сёння кнігі Марыі Смірновай ёсць у кожнай школьнай бібліятэцы раёна”.

Падчас прэзентацыі ў сярэдняй школе № 10 паэтэсу з выхадам у свет новай кнігі шчыра павіншавалі намеснік старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі дырэктар гарадской пачатковай школы № 2 Юрый Акуленка і загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Алена Чуйко. Да іх цёплых слоў далучыліся былы галоўны рэдактар раёнкі Пётр Шутаў, цяперашні — Галіна Мельнікава, а таксама літаратары Павел Луд, Ірына Сасна, Таццяна Нікалаенка і Ларыса Фаміна, ветэран Узброеных Сіл Беларусі Мікалай Навуменка і іншыя. Прагучалі вершы Марыі Смірновай у выкананні вучняў жлобінскіх сярэдніх школ №№ 10 і 13 і самой паэтэсы.


Мікалай ШУКАНАЎ, краязнавец.
Фота Мікалая СЕМЯНЦА.