“Я ў долю народа свайго ўзіраюся…”

(Некаторыя разважанні аб творчасці Янкі Купалы)

* * *

Першыя творы Янкі Купалы напісаны, як вядома, па-польску, але неўзабаве, як азарэнне, прыйшло разуменне: для больш поўнага і свабоднага самавыяўлення і самарэалізацыі, каб цябе пачулі людзі, пачуў і зразумеў народ, трэба размаўляць з ім на роднай мове. Купала, такім чынам, — з’ява не выпадковая, а лёсавызначальная.

15 мая 1905 года ў мінскай газеце “Северо-Западный край” малады паэт публікуе свой славуты верш “Мужык”, падпісаны псеўданімам Я.Купала. Гэта і было яго першае выступленне ў друку. Газета выходзіла на рускай мове, але купалаўскі верш быў апублікаваны ў арыгінале — ды ён таго і заслугоўваў: “Але хоць колькі жыць тут буду, // Як будзе век тут мой вялік, // Ніколі, браткі, не забуду, // Што чалавек я, хоць мужык”.

У характары верша і ўсім кампазіцыйна-стылявым ладзе адчувалася спакойная ўпэўненасць, эпічная ўгрунтаванасць, тая духоўная нерастрачанасць, моц, што ідуць ад беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя і нават ад больш даўніх эпох і сведчаць пра яго прыналежнасць да глыбокай нацыянальнай традыцыі. Якой бы цяжкай ні была доля беларуса, яна дазволіла яму выпрацаваць свой менталітэт і захаваць нацыянальную адметнасць, што ён і падкрэсліваў, называючы сябе тутэйшым.

Гістарычнае быццё народа, яго шлях з мінулага ў будучыню сталі крыніцай творчага натхнення Купалы, жывілі яго думку і пачуцці на працягу ўсяго жыцця. У 1907 годзе ён стварае сваё знакамітае “Ворагам Беларушчыны” — водпаведзь рускім і польскім шавіністам, якія беспадстаўна нападалі, паводле выразу паэта, “на ўсё беларускае”: “Чаго вам хочацца, панове? // Які вас выклікаў прымус // Забіць трывогу аб той мове, // Якой азваўся беларус?” Гэта адзін з выдатных узораў ранняй купалаўскай лірыкі. У вершы знайшоў адэкватнае самавыяўленне той неўтаймоўна-бурлівы стан, у якім знаходзіўся ў той час паэт, прамоўніцкім пафасам і тэмпераментам нагадваючы біблейскага прарока Іезікііля. Кніжная мова ў духу старога тэстаменту знітавана тут з народна-бытавым словам, размоўнай інтанацыяй. Верш “Ворагам Беларушчыны” ўзнавіў і развіў традыцыі палемічнай беларускай літаратуры XVI—XVII стагоддзяў — А.Філіповіча, М.Сматрыцкага, С.Зізанія і іншых пісьменнікаў, якія стаялі на варце нацыянальных інтарэсаў свайго народа і не давалі яго ў крыўду розным непрыяцелям і нядобразычліўцам.

Гісторыя літаратуры сведчыць, што вершы сапраўднага паэта выйграюць, калі іх збіраюць разам. Гэтую ісціну пацвердзіла і “Жалейка” — першы купалаўскі зборнік, які з’явіўся на свет у 1908 годзе ў выдавецтве “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Кнігу прыхільна сустрэлі грамадскасць і літаратурная крытыка, на якіх яна зрабіла вялікае ўражанне.

“Жалейка” населена беларускімі тыпамі: мужык-земляроб (у розных іпастасях), пан (ці “панічок”, як называе яго паэт) — уладальнік маёнтка, шматлікія падпанкі, жнеі, рамеснікі, бабулька — прадаўшчыца зёлак, “Сорка, што соль прадае”… Вось яны — жнеі (верш “Песня жней”): “Пагнуўшы ў крук худыя спіны, // Сярпом махаючы крывым, // Мы, жонкі, ўдовы і дзяўчыны, // Пры доўгай постаці стаім”.

* * *

Памылкай было б нават на ранніх этапах творчасці лічыць Купалу толькі вясковым, сялянскім паэтам — яго творчасць уключала агульначалавечую праблематыку. Пра гэта сведчыць, напрыклад, драматычная паэма “Адвечная песня” (1908). Рэальнае жыццё яе героя — Мужыка — не проста неўладкаванае і трагічнае, яно абсурднае. Якім жа яшчэ можа быць існаванне чалавека, цалкам пазбаўленага правоў і асабістай годнасці, як не абсурдным па сваёй сутнасці? У жыцці і смерці Мужыка песняру бачыцца ўніверсальная мадэль чалавечага лёсу.

У 1910 годзе ўбачыў свет другі зборнік вершаў паэта — “Гусляр”. Лірычны герой гэтай кнігі — чалавек, магутны духам і воляй. Ён хоча скарыстаць сваё права на самарэалізацыю, на апраўданне свайго чалавечага прызначэння. Тут Купала працуе на ўсю шырыню і моц свайго мастацкага таленту — зборнік “Гусляр” раскрывае духоўны свет асобы ў яе імкненні да разняволення і свабоды — і не ў абы-якіх маштабах, а ў маштабах усяго чалавецтва. Для гэтага патрэбны былі моцныя паэтычныя крылы, і Купала іх меў.

Праграмныя вершы паэта “Сон”, “Гусляр” і некаторыя іншыя былі, думаецца, напісаны не без уплыву У.Самойлы, эстэтычныя погляды якога фарміраваліся пад уздзеяннем рускага сімвалізму. У “Гусляры” Купала бліжэй падступае да нацыянальнай ідэі. Ён выдатна разумеў, што пры адсутнасці ў беларусаў сваёй дзяржаўнасці і нацыянальнай незалежнасці, развітых форм уласнага палітычнага і эканамічнага жыцця культура, літаратура, паэзія выступаюць у якасці найважнейшага аб’яднальнага фактару, які садзейнічае захаванню народа і яго патрыятычнай кансалідацыі. Сучаснасць, на думку паэта, мела патрэбу ў паэтызацыі і ўзвышэнні мінулага, а таксама ў яго пераасэнсаванні з новага пункту гледжання, які добра відаць у вершы “Над Нёманам” (1911): “Край, дзе жыццё я сваё пачынаю, // Шмат весялей прыглядаўся на свет, // Песні і казкі інакшыя баяў, // Шчасце цвіло ў ім, як макавы цвет…”.

* * *

Тэма мінулых дзён хвалявала Купалу неадступна, ён шукаў адказы на шматлікія набалелыя пытанні: што ж усё такі здарылася з цэлым народам? Паэт усё далей ішоў па шляху ўсведамлення гістарычнага быцця народа, каранёў яго дзяржаўнасці, што хаваліся ў сівой даўніне, у існаванні такіх аб’яднанняў, як Полацкае княства, а затым Смаленскае, Тураўскае і інш. З глыбіні стагоддзяў усё яшчэ ішлі промні былой славы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, у абсягах якога старажытна-беларуская дзяржаўнасць дасягнула свайго найвышэйшага росквіту.

Вясной 1913 года выйшаў з друку трэці зборнік Купалы — “Шляхам жыцця”. У ім адлюстраваўся шматпланавы падыход аўтара да жыцця, выявілася жаданне зразумець усебаковасць яго зместу. Гэта, несумненна, адна з вяршынь беларускай паэзіі пачатку XX стагоддзя. Паэт пацвердзіў, што адраджэнская мара яго і нацыянальны ідэал застаюцца ранейшымі — вярнуць свой народ на шлях актыўнага жыцця. Аўтар увесь час імкнецца павысіць пасіянарны ўзровень беларускага народа. Яго паэзія не збочвае з дарогі, на якой вырашаецца народны лёс. Купалаўскі рамантызм выявіў актыўныя, нецярплівыя адносіны да жыцця, адмаўленне тагачаснага ў імя будучыні. Ён патрабаваў ёмістасці душы, здольнай ахапіць усе з’явы і працэсы рэчаіснасці, усё чалавечае існаванне ў цэлым. Паэт шукаў шляхі да абнаўлення чалавецтва, сцвярджаў ідэю вечнага адраджэння як уласцівасць усяго прыроднага свету.

* * *

Творчая спадчына Янкі Купалы шматгранная: вершы, паэмы, п’есы, публіцыстыка. У паэмах “Зімою”, “Нікому” (1906), “Сон на кургане”, “Курган” (1910), “На куццю” (1911), “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Яна і я” (1913) і інш., як і ў лірыцы, адлюстраваўся актыўны роздум паэта над жыццём і чалавечым лёсам.

У гэтым сэнсе звяртае на сябе ўвагу вобраз Сама з паэмы “Сон на кургане” — шматзначны, акружаны арэолам духоўнага каларыту і трагізму. Перад намі не толькі рэвалюцыянер — сацыяльны барацьбіт, а рэвалюцыянер-адраджэнец. На прыкладзе Сама паэт раскрывае асабістую драму свайго сучасніка-аднадумцы — рэвалюцыянера-адраджэнца. Адасоблены ад мас, пазбаўлены падтрымкі аднадумцаў і паплечнікаў, ён — фігура трагічная і, можна сказаць, асуджаная на паражэнне, нягледзячы нават на асабістыя высокія маральныя якасці. Сам — адначасова звычайны чалавек і як бы кімсьці зачараваны волат, які ніяк не можа наладзіць сувязь з новым часам. Гэта — гордая, нязломная, крэатыўная натура, але разам з тым ён і пакутнік.

Адметнае месца ў спадчыне Купалы займае паэма “Яна і я”. У цэнтры твора — дзве абагульненыя чалавечыя постаці — Яна і Я, селянін і яго жонка, жыццё і побыт якіх праходзяць у цесным адзінстве з усімі фазамі земляробчага календара. Гэты твор называюць паэмай-ідыліяй. Мы б назвалі яго своеасаблівым пастаральным раманам, вытрыманым у духу букалічнай традыцыі, якая ў сусветнай літаратуры бярэ свой пачатак яшчэ ў антычнасці. Я і Яна — гэта беларускія Тэлемон і Баўкіда XX стагоддзя. У паэме “Яна і я” паэт уславіў дабрыню, хараство і маральны абавязак чалавека. Паэма раскрывае маральна-паэтычны свет зямнога існавання асобы, радасць гаспадара і працаўніка. Аўтар паэтызуе жыццё і працу чалавека на зямлі, захапляецца вабнасцю зямнога кахання, услаўляе непасрэднасць адчування прыроды, хараство прыроднага ўлоння.

* * *

У 1917 годзе паэт адчуў новыя перспектывы, якія адкрыліся перад Беларуссю і беларусамі. Кастрычніцкая рэвалюцыя была, як вядома, не выпадковай з’явай, не бунтам адзінак, а паўстаннем мас, выбухам стагоддзямі накопленай незадаволенасці існуючымі ў Расіі парадкамі. Яна паўплывала на лёс многіх народаў, дала значны штуршок для далейшага станаўлення і развіцця беларускай нацыянальнай ідэі і яе дзяржаўнага ўвасаблення. Творчая работа Купалы ў гэты перыяд патрабавала асабліва высокага духоўнага напружання і паэтычнага напалу. Купалаўскі герой зноў ахоплены прагай падзей і хваляванняў. Гэта адчуваецца, напрыклад, у вершы “Час!”, напісаным у Смаленску 30 кастрычніка 1918 года: “Час склікаці ўжо грамаду // На вялікую нараду, // На вялікі сход! // Хай рассудзіць, хай разважа, // Слова цвёрдае хай скажа, // Скажа сам народ!”.

Паэзія Купалы палітызуецца, у ёй моцна гучыць тэма беларускай дзяржаўнасці. Настаў момант, калі беларускі народ, на думку Купалы, абавязаны вылучыць са сваіх шэрагаў лідара, здольнага сабраць “у адну ўсю Беларусь сям’ю”. На чале дзяржавы павінен стаяць гаспадар, што адпавядала б нацыянальным традыцыям і ўяўленням народа. Гэты заклік гучыць у вершы “Паўстань…”: “Паўстань з народу нашага, прарок, // Праяваў бураломных варажбіт, // I мудрым словам скінь з народу ўрок, // Якім быў век праз ворагам спавіт!”

Біблейскі вобраз Прарока надае паэтычнай гаворцы асаблівую значнасць і ўзнімае яе на агульнанацыянальны ўзровень.

* * *

У 1924 годзе Купала надрукаваў паэму “Безназоўнае”. Лірычныя абсягі паэмы надзвычай шырокія. Паэт перадае драматызм падзей перыяду грамадзянскай вайны ў Беларусі, адчуванне разбуранасці роднай зямлі, малюе цяжкасці аднаўленчага перыяду, выказвае пазітыўныя спадзяванні на будучыню. Беларусь паўстае тут у сімвалічным вобразе святочна апранутай нявесты: “На галоўцы вянок // З сініх васілёчкаў, // А чырвон паясок // Стан абвіў дзявочы.”

Паэма ўражвае сваім шматгалоссем, багаццем сцвярджэння жыцця, скіраванасцю ў будучыню. Аўтар інтэнсіўна шукае і знаходзіць сродкі, разлічаныя на самы шырокі маштаб абагульнення, не адмаўляючыся пры гэтым ад традыцыйнай народна-песеннай вобразнасці, ад алегорый і сімвалаў (як, напрыклад, той жа “чырвоны паясок” на вясельным убранні нявесты), якія прыдавалі паэме выразнае рамантычнае асвятленне. Як і раней, ён карыстаецца свежым, яркім, каларытным народным словам, якое гучала на вуліцах і плошчах.

* * *

Да нядаўняга часу вяршыняй лірыкі Купалы 30-х гадоў лічыўся вядомы ляўкоўскі цыкл, напісаны на дачы, у вёсцы Ляўкі Аршанскага раёна, дзе паэт любіў праводзіць свой летні адпачынак. Гэта вершы “Здаецца ж, было гэта ўчора…”, “Сонцу”, “Алеся”, “Хлопчык і лётчык”, “Лён”, “Вечарынка”, “Сыны”, “Старыя акопы”, “Госці”, “Дарогі”, “Сосны” і інш., створаныя ў чэрвені — жніўні 1935 года. У беларускай паэзіі 30-х гадоў яны для многіх прагучалі вельмі нечакана. Прыхільнікі артадаксальнага напрамку развіцця савецкай літаратуры (гэта значыць, сацыялістычнага рэалізму) гатовы былі крытыкаваць Купалу за адыход ад магістральных тэм будаўніцтва сацыялізму, класавай барацьбы ў сферу штодзённага існавання чалавека, яго побыт, нават “інтым”.

Так, ляўкоўскія вершы звернуты пераважна да ідэальнага боку жыцця. Аўтар, мяркуючы па ўсім, свядома ішоў да гэтага, мудра адчуваючы прызванне мастака бараніць жыццё, яго адвечны стваральны пачатак, уносіць у навакольную рэчаіснасць гармонію і згоду. Савецкая дзяржава разглядала чалавека ўсяго толькі як суб’ект класавай барацьбы, як будаўнічы матэрыял для светлай будучыні, а ў ляўкоўскім цыкле ён раптам трапіў у цэнтр паэтычнай канцэпцыі жыццядзейнасці. Творы, якія ўваходзяць у ляўкоўскі цыкл, нераўназначныя. Скажам, верш “Алеся” хвалюе чытача да гэтага часу. У ім Купала распавядае пра новую долю моладзі. Звычайна лёс беларускай дзяўчыны складваўся наступным чынам: “Будзеш кужаль ты прасці, // Будзеш ткаці кросны, // Выглядаці долі, шчасця // Ў маладыя вёсны”.

* * *

З шэрагу сваіх папярэднікаў і паэтаў-сучаснікаў Янку Купалу вылучае магутны пяснярскі тэмперамент, незвычайная сіла лірызму, напал унутранай энергіі, шырыня ахопу з’яў жыцця. Купала адкрыў самыя разнастайныя бакі і праяўленні чалавечага існавання, творчасць паэта ўвабрала ў сябе прасторы сусвету. Маштаб чалавечай асобы ў яго вызначаецца ў барацьбе з сіламі зла і прыгнёту. Ён рана зразумеў, што ўсякі ціск над асобай — злачынства, і ўсё жыццё змагаўся з крыўдай, несправядлівасцю і адступленнямі ад глыбінных законаў жыцця.

Арганічнае спалучэнне сацыяльнай праблематыкі і нацыянальнай, агульнанароднай і асабістай, духоўнай зрабіла Янку Купалу буйнейшым прадстаўніком беларускай літаратуры XX стагоддзя.

Уладзімір Гніламедаў,
акадэмік НАН Беларусі,
Мікола МІКУЛІЧ,
кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік
Нацыянальнай 
акадэміі навук Беларусі.