Літаратурная вечарына, прысвечаная жыццю і творчасці Тараса Хадкевіча (1912—1975)
Прымяркоўваецца да Года малой радзімы
(Гучыць класічная беларуская музыка.)
Першы вядучы. Добра, калі ёсць недзе куток, які чакае цябе, каб затуліць крылом спакою і зрабіць мацнейшым. Куток, назву якога мы паўтараем у думках, як імя блізкага чалавека. І вабяць маляўнічыя ваколіцы: палі з невысокімі ўзгоркамі і нізінамі-балацінамі, ціхімі ручаінамі, зарослымі алешнікам і вербалозам, невялікімі масівамі лясоў, магутнымі дубамі пры Дзвіне-рацэ, шматлікімі ўрочышчамі. А ў вышыні над зямлёй плывуць вялізныя хмары. І нібы грукаюць замшэлыя камяні з той зямлі, якая завецца Радзімай. Глянеш з якога ўзгорка — і далёка-далёка відаць маляўнічыя прасторы, суседнія вёскі, купіны зараснікаў на балотцах, поймы ракі і сінеючыя палоскі на даляглядзе. Гэта мая Радзіма.
Другі вядучы. На паўночным Надзвінні, на захад ад Полацка, каля бальшака, за 13 кіламетраў ад горада Верхнядзвінска, размясціўся аграгарадок Шайцерава.
(Дэкламуе словы песні “Тарас Хадкевіч”; словы Э.Зубрыцкага, музыка М.Красніка).
За Шайцеравам — Дрыса,
За Дрысаю — бары
Высока ўзняліся
У высветах зары.
Калышуцца заранкі
У шэлесце дажджоў,
Тарасава Вяснянка
Вядзе ў сінь ільноў.
Расплеценыя косы
Святлей святла бяроз.
Ці бачу, ці здалося —
На вейках ззяне рос.
Дзвіна, а за Дзвіною
І скрозь мой край лясны
Жыве і жыў з табою
Без фальшу і маны.
Плыве над Белай Руссю,
Над намі і між нас
У радасці і скрусе
Шчымлівае: “Та-ра-с-с…”
Першы вядучы. Тарас… Тарас Канстанцінавіч Хадкевіч! Гонар вёскі нашай. Мастак нараджаецца двойчы і двойчы памірае. Другое нараджэнне адзначанае з’яўленнем твора, здольнага ўсхваляваць, акрыліць, сагрэць людскія душы. Бывае, мастак адышоў у нябыт, а творы яго жывуць і радуюць, хвалююць і натхняюць людей яшчэ доўга-доўга. Мы ўспамінаем яго, аддаём належнае таленту творцы, яго ўкладу ў нашу літаратуру і культуру.
Давайце ўспомнім нашага земляка Тараса Хадкевіча, пагартаем старонкі жыцця і творчасці вядомага беларускага пісьменніка.
Другі вядучы. Пачнём здалёк. У пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя Беларусь накрыла паводка літаратурнай актыўнасці. Жыла ў той час вялікая вера ў адраджэнне роднай культуры і літаратуры. Народ здабыў права гаварыць і пісаць на сваёй мове. Літаратурная арганізацыя “Маладняк” мела свае філіялы ў многіх раёнах, студыі пры тэхнікумах і школах. Пачалі выдавацца літаратурныя альманахі і дадаткі да газет.
У 1928 годзе ў полацкім альманаху “Надзвінне” побач з вершамі Алеся Дудара, Петруся Броўкі, Яна Скрыгана ўпершыню сустрэлася імя Тараса Хадкевіча і здымачак хлапчука ў шарачковой світцы і шапачцы- васьміклінцы. Вершы былі па-юнацку наіўныя і па-маладнякоўску квяцістыя.
Першы вядучы. Неўзабаве імя Тараса Хадкевіча замільгала ў рэспубліканскім друку, нарысы і карэспандэнцыі часта друкавалі “Звязда”, “Чырвоная змена”. У 1932 годзе ў Мінскім педінстытуце вучыліся многія маладыя паэты і празаікі, і сярод іх быў цёмна-русы, усмешлівы, рослы і спраўны Тарас Хадкевіч.
Многія студэнты працавалі ў рэдакцыях газет або на радыё, часта выязджалі ў камандзіроўкі. І Тарас Хадкевіч таксама заўсёды некуды спяшаўся. Часта ездзіў у камандзіроўкі на сваю Полаччыну. На той час ён ужо быў аўтарам першага зборніка вершаў “Смялей, таварыш!”. Гэта быў як дыплом на аўтарскую сталасць.
(Другі вядучы дэкламуе ўрывак з верша “Даўно адгрымелі”.)
Даўно адгрымелі ліхія мяцелі,
І буры над краем даўно адгрымелі.
Замоўклі грымоты былых навальніц
Над пышным узорам вясёлкавых ніў.
Другая гадзіна — і думкі другія.
Жыццё нарадзіла бадзёрыя гімны.
Сказаў нехта: “Будні шырока ляглі”.
Не верце! Бо час наш, як бура, імкліў.
Красуе краіна ўпартаю працай,
Тут кожны ўмее ісці і змагацца.
Будуецца новы нявіданы дом,
І рунню багатай ахутаны дол…
Першы вядучы. Літаратурную працу Тарас Хадкевіч не пакідаў і ў арміі. Як толькі выпадаў час, пісаў вершы, сёе-тое ствараў і ў жанры апавядання.
Другі вядучы. Праўда, быў час, калі Тарас адышоў ад пісьменніцкага жыцця і ўсяго сябе прысвяціў журналістыцы. Ён уладкаваўся раз’язным карэспандэнтам у рэдакцыю газеты “Звязда”. Куды ён толькі ні трапляў па рэдакцыйных заданнях: і ў самыя аддаленыя куткі навабудоўлі, і на сустрэчы з вядомымі людзьмі, і на розныя ўрачыстасці. Запас назіранняў павялічваўся, і яму ўсё думалася: “Мне б яшчэ колькі часу вось так паездзіць, і абавязкова засяду за які-небудзь буйны жанр — напішу паэму, аповесць або раман…”
Першы вядучы. Тарас Канстанцінавіч часта гаварыў, што пісьменнікам яго зрабіла вайна. Быў на фронце, камандаваў узводам, атрымаў раненне, трапіў у палон, прайшоў усе кругі фашысцкіх канцлагераў, у 1945 годзе ўцёк з палону. У сваіх апавяданнях Тарас Хадкевіч пісаў пра пыльныя дарогі вайны, па якіх сам прайшоў. У 1987 годзе ў кнігу выбраных аповесцей увайшлі папулярныя ў пасляваенныя гады творы “Братэрства”, “Рэха ў гарах”, “Вяснянка” , прысвечаныя інтэрнацыянальнай еднасці савецкіх людзей, што трапілі ў гады Вялікай Айчаннай вайны ў фашысцкую няволю, і іх гераічнай барацьбе супраць гітлераўцаў. “Вяснянка” расказвае пра моладзь калгаснай вёскі цяжкіх і шчаслівых пасляваенных гадоў.
Другі вядучы. Гараджанін з выгляду, Тарас Канстанцінавіч душой жыў у вёсцы. Як бы ні быў ён заняты, пастаянна ездзіў у родную вёску, праводзіў свой адпачынак на малой радзіме. Звычайна ў абед Тарас Канстанцінавіч выходзіў на вуліцу, садзіўся на лаўку каля вялікага дашчатага стала, любаваўся хараством шыпшыны, якая пышна цвіла пад вокнамі хаты. Старыя дрэвы сада нібы нашэптвалі яму: “Зноў на Полаччыне! Колькі дум нарадзілася!” Ніколі Тарас Хадкевіч не адчуваў у сабе столькі дужасці, бурлівай энергіі і радаснага пачуцця, як у такія дні…
Першы вядучы. “Найбольш вабіла пісьменніка чароўная прыдзвінская прырода. На рыбалцы мог суткамі прападаць, — успамінаў Павел Сямёнавіч Шыманскі. — Я не раз насіў для дзядзькі на рэчку ежу. Прыгледжуся — ён сядзіць на беразе гэтак задуменна…”
Другі вядучы. І сапраўды, як не любіць Дзвіну, калі нарадзіўся на ёй, блукаў па яе ўзбярэжжы ў дзяцінстве і юнацтве, услухоўваўся ў плёскат яе хваль — то бурлівы, грозны ў вясновую паводку, то ціхі, мілагучны ў пагодны летні вечар; калі сачыў, як з лёгкім булькатам круцяцца пеністыя кольцы віроў, калі прадзіраўся праз непраходныя лазнякі з калючымі ажынавымі і парэчкавымі спляценнямі, калі гадзінамі сядзеў на прыбярэжных валунах, што чорнымі замшэлымі гмахамі высоўваюцца сям-там з вады.
Першы вядучы. Дзвіна! Паўночная водная артэрыя Беларусі, сястра Дняпра і Волгі, паблізу вярхоўяў якіх яна пачынае свой доўгі шлях на захад, да Балтыкі. Магутная рака, якая злучае непарыўнай ніццю тры брацкія зямлі: рускую, беларускую і латышскую. Рака, якую гісторыя не абмінае сваёй увагай ад дзіўных часоў, схаваных у глыбінях стагоддзяў…
Другі вядучы. Неяк вяртаўся Тарас Канстанцінавіч з рыбалкі. Апускалася за лес сонца, кідаючы касыя прамяні па палявы прастор. Выгляд палёў радаваў Тараса перш за ўсё тым, што ён не заўважыў паблізу ні кавалачка зямлі, да якога не дакранулася б дбайная рука чалавека. Густа зелянелі ўзмежкі і пожні, шуганула ў рост рунь азіміны, адарыўшы палі буйным калоссем. Недалёка палі дыхалі пахамі свежаабмалочанай саломы, гудзелі камбайны. Перакрываючы гэты бязладны хор, далятаў гул трактароў, і позірк ўжо ўлоўліваў, як іх фары праразалі змрок жаўтлявымі снапамі святла.
Першы вядучы. Зямельны масіў калгаса “Новы шлях” быў вялікі, з захаду акаймаваны вузкай у хмызняках рачулкай, з поўначы — лесам, з поўдня — прылеснай балоцістай абалонай, а на ўсходзе далягляд закрываў далёкі, высокі, з пяшчаным грэбнем пагорак. Ад гэтай купкі аддзялілася мужчынская постаць і подбегам накіравалася да “легкавушкі”. І ўспомніўся Тарасу Хадкевічу Пятро Кандрашоў, былы аграном пасляваенных гадоў: “Высокі, статны, ён з усходам сонца і да захаду быў на калгасных палях. Слаўным працавітым настроем павявала ад яго”.
Другі вядучы. І нібы яго пісьменнік вывеў у асобе агранома, героя апавядання “Сад у квецені”.
(Дэкламуе ўрывак з апавядання.)
“Антось пайшоў па крайняй алеі, узяўшы кірунак на бліжэйшы агеньчык. Світала ўсё больш, недзе далёка прасвечваліся ружовыя водбліскі ранішняй зары. Паветра стала мякчэйшае, ільдзяныя крышталікі гаслі, раставалі. Насустрач з-за дрэў вынырнулі двое: Гануля, адзетая так, як яе бачыў бацька ўвечары (“Няўжо яна і спаць не лажылася? Дзяжурыла ноч?”), і хлопец-аграном, рослы, хударлявы, у шэрым гарнітуры. Абое, убачыўшы Антося, рэзка спыніліся ў здзіўленні.
— Татка, ты?! — першай азвалася Гануля і вопрамеццю кінулася да яго.
— Я, а хто ж… — прабурчаў Антось.
— Ай-яй, застудзішся яшчэ…
— Добрай раніцы, Антось Іванавіч! — прывітаўся аграном, і ў голасе яго, і ў выразе смуглявага светлавокага твару стары заўважыў мяккую прыхільнасць да сябе. — Як вы думаеце, дзядзька Антось, уратуем мы ўраджай ад гэтага замаразку? Зірніце, ці ўсё мы правільна зрабілі?
— Малайцы… нічога не скажаш… Не чакаў, не думаў, прызнацца, — разгублена гаварыў Антось і раптам схамянуўся: — А-вой, а свой садок я і запамятаваў!
— Хапае дыму і на ваш садок, мы з Гануляй глядзелі, — сказаў аграном.
— Праўда?
— Але, — пацвердзіла Гануля.
— Ну тады пойдзем, Рыгор Якубавіч, паглядзім, як і што ў вас, — лагодна прамовіў Антось, паварочваючы з імі ў гушчыню саду; яго самога здзівіла, што крочыў ён лёгка, амаль не абапіраючыся на кіёк.
Ідучы і прыглядаючыся да ўсяго, ён усё ж падказаў, якія вогнішчы варта было б раскласці далей ад саджанцаў, а якія — бліжэй. Сустрэўся позіркам з аграномам, і стала прыемна: той старанна прыслухоўваўся да яго. Яны ішлі насустрач сонцу, якое вось-вось павінна было паявіцца над шырокімі палямі, што раскінуліся за калгасным садам. Пахла гарэлай саломай і лісцем.
Каля старой антонаўкі, на якой маршчынілася кара, Антось прымарудзіў крок. Міжвольна прыгадаў, што Гануля ўсю ноч правяла з аграномам, якога ён зваў ветрагонам. А які ж той, па сутнасці, ветрагон? Хлопец сельгасакадэмію скончыў. Справу сваю, відаць, ведае. Напэўна, ён чуе музыку саду ў шэлесце лісця і ў глухіх ударах вобземлю спелых наліваў”.
Першы вядучы. Родная зямля, зямля барацьбы і пакут. Колькі ён думаў пра яе і на фронце, і ў шпіталі, і пазней! Абняць, прытуліцца тварам да яе, удыхаць яе пахі — гэткім заўсёды быў парыў Тараса. Ён нібы наталяўся роднай зямлёй, блізкімі яму людзьмі, чэрпаў на радзіме сілы і натхненне для сваёй творчасці.
Другі вядучы. На высокую прыступку ў адлюстраванні жыцця вёскі ўзняўся Тарас Хадкевіч у рамане “Даль палявая”. Аднавяскоўцы не раз знаходзілі ў яго рамане знаёмыя вобразы землякоў. Прататыпамі яго твораў станавіліся калгасныя актывісты, вясковыя дзівакі, простыя душэўныя людзі.
(Першы вядучы дэкламуе ўрывак з рамана “Даль палявая”.)
“…За агародам і ўтульным садком Грынюкоў пачынаўся калгасны сад. Ён шырокім паўкругам ахінаў вёску, як бы разбягаючыся роўнымі ланцужкамі беластвольных яблынь і ігруш далёка ў палі. Калі ў маленькім Антосевым садку ў гэтую пару вясны было надзвычай хораша — белапенная квецень вабіла кожнае дрэўца, ахутаўшы іх мяккім чароўным ззяннем, дык у вялікім калгасным садзе бушавала сапраўднае мора квецені. Нібыта бялюткія пышныя аблачынкі з ружовымі, аранжавымі, фіялетавымі адценнямі ў вечаровым сонцы апусціліся над зямлёй ды так і павіслі, ледзь-ледзь не дастаўшы да долу. Скрозь бель малапрыкметна яшчэ прабівалася пяшчотная зелень першых лісткоў.
(Уключаецца музычны фон — гукі гармоніка.)
Адтуль, з саду, далятала вясёлая гамана — то дзявочая прыпеўка, то выбух смеху, то пераліў звонкагалосага гармоніка…”
Другі вядучы. Тарас Хадкеквіч любіў землякоў, і яны яму адказвалі пашанай. У пісьменніка было шмат гутарак з імі. Прыгадвалі родныя мясціны, жыццё калгаса, знаёмых. Не раз збіраліся яны за адным сталом, дзяліліся ўспамінамі, а бывала, разам спявалі песні.
Першы вядучы. У 1969 годзе Тарас Хадкевіч прыехаў у Верхнядзвінскі раён з групай пісьменнікаў. Паэты і празаікі выступалі са сваімі творамі перад вяскоўцамі, дзяліліся творчымі набыткамі, цікавіліся жыццём вёскі. І тым цікавей была сустрэча, што перад імі як бы трымаў справаздачу Тарас Канстанцінавіч.
Другі вядучы. На сустрэчу з літаратарамі сабраліся амаль усе вяскоўцы. Святлелі твары ў людзей, калі яны слухалі выступленне Тараса Хадкевіча, словы радасці вырываліся з іх вуснаў. Арганізаваў гэтую сустрэчу старшыня калгаса Сцяпан Макаравіч Кавалеўскі, настаўнік па адукацыі, прыхільнік мастацкага слова. З пісьменнікам яго звязвалі доўгія гады сяброўства.
Першы вядучы. Тарас Канстанцінавіч быў цесна звязаны з родным краем і асабліва ганарыўся зменамі, якія адбываліся на роднай зямлі, неаднойчы пісаў пра дасягненні сваіх землякоў.
Пра лёс вяскоўцаў і творчыя здабыткі ідзе размова і ў рамане “Даль палявая”.
Другі вядучы. Апошнім творам Тараса Хадкевіча стаў раман “Песня Дзвіны” (1975) пра людзей вялікай будоўлі, пра тых, хто на беразе Заходняй Дзвіны пабудаваў новы горад, узвёў нафтагігант.
(Дэкламуе ўрывак з рамана.)
“Зрок захопліваў па дарозе і запамінаў найбольш адметнае: шарападобныя, з блішчаста-люстэркавай паверхняй рэзервуары, прыбудовы ля іх і чырвоны машынны корпус электраабяссольваючай устаноўкі, або ЭЛАУ, як скарочана звалі яе, найважнейшую з прамежкавых установак тэхналагічнай сістэмы завода, збудаванні вузла зваротнага водазабяспячэння, які павінен быў убіраць і размяркоўваць ваду з Дзвіны і апрацоўванную яе скідваць у водаачышчальныя сажалкі, і шмат будынін і будынкаў, высокіх і прыземістых, рабрыстых і гладзенькіх, з вокнамі і без вокнаў. Не адно збудаванне не было абасоблена да другога, іх звязвалі перш за ўсе трубы розных дыяметраў, перакладзенныя паасобку і разам глыбока ў зямлі і пад зямлёй”.
Першы вядучы. Ужо напрыканцы, цяжка хворы, Тарас Хадкевіч пісаў, даводзіў да ладу сваю лебядзіную “Песню Дзвіны”. Працуючы над творам, любіў паўтараць: “Тэма для пісьменніка — гэта яго лёс”. Яго лёсам стала радзіма. Рэфрэнам жыцця і творчасці Тараса Хадкевіча гучаць словы яго апошняга рамана:
(Дэкламуе ўрывак з рамана “Песня Дзвіны”.)
“Нізкі паклон табе, мая радзіма, калыска майго маленства, невычэрпная радасць маіх сталых год! Я шмат блукаў па тваіх берагах… І ўсё, што бачыў і чуў, здаецца мне адной быстраплыннай песняй. Тваёй песняй, родная Дзвіна…”
(Вядучыя па чарзе дэкламуюць верш.)
Свае ён творы нам пакінуў
І радасць першае вясны.
Ён так любіў сваё Надзвінне,
Што сам стаў песняю Дзвіны…
Галіна ГМІР,
бібліятэкар Шайцераўскай сярэдняй школы Верхнядзвінскага раёна.