Deus ex machine з машыны не выйшла…

Летам на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы прайшла прэм’ера спектакля “ Шляхціц Завальня , або Беларусь у фантастычных апавяданнях” паводле Яна Баршчэўскага. Рэжысёр Алена Ганум, сцэнаграфія і касцюмы Кацярыны Шымановіч і Сяргея Ашухі, кампазітар Віктар Кісцень, харэограф Вольга Скварцова.

Белая Сарока — Аляксандр Казела, доктар Шэльмер — Іван Трус.

З’яўленне “Шляхціца Завальні” ў афішы Купалаўскага можна толькі вітаць. Важнасць гэтага твора Яна Баршчэўскага для беларускай культуры і яго мастацкую значнасць пераацаніць складана, нездарма ж да яго неаднаразова звярталіся ў айчынным тэатры. Варта прыгадаць хаця б спектаклі “Беларусь у фантастычных апавяданнях” з Генадзем Аўсяннікавым на Купалаўскай сцэне (2003), “Звар’яцелы Альберт” у Гомельскім драматычным тэатры (1991) ды “Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка” ў віцебскім тэатры “Лялька” (1993). Да таго ж на асноўнай пляцоўцы галоўнага драматычнага тэатра краіны беларускі матэрыял дастаткова даўно не ставіўся, а тэкст Баршчэўскага, які дае шчодрыя магчымасці таму, хто наважыцца на яго ўвасабленне (гатовы варыянт беларускага фэнтэзі альбо містычнага трылера, дзе замест драконаў і пярэваратняў — родныя, мілыя сэрцу цмокі ды ваўкалакі), так і прасіўся на сцэну.

На жаль, сам факт з’яўлення ў афішы Купалаўскага тэатра назвы “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” аказаўся больш значным ды важкім, чым пастаноўка Алены Ганум. Пакуль спектакль не пачынаецца, вока проста не нарадуецца сцэнаграфіі Кацярыны Шымановіч, якая ў дастаткова стрыманым візуальным вобразе змагла ўвасобіць той самы містычны свет твора Баршчэўскага. Над зарослым сухім чаротам, зацярушанымі снегам берагамі Няшчарды ў цмяна-сінім святле навісае галава чорнага пеўня са злавеснай поўняй замест вока як увасабленне зла ды іншасвету, што заўсёды побач з людзьмі. Аднак сцэнаграфія і створаны ёй вобраз застаюцца ў нечым аўтаномнымі, а абяцанні, на жаль, у спектаклі застаюцца падманутымі. У “Шляхціцы Завальні” Купалаўскага няма містыкі, ад якой ледзянее кроў, сучаснага прачытання класікі ці проста якаснага літаратурнага тэатра, што прэзентаваў бы гледачам, чыё знаёмства з Баршчэўскім абмежавалася школьнай праграмай, твор пісьменніка. Як ні шкада, але чытаць кнігу пакуль больш цікава, чым глядзець спектакль паводле яе, нават нягледзячы на шыкоўны візуальны рад, за які варта зноў жа падзякаваць мастакам, на выдатных акцёраў, занятых у пастаноўцы (у ролі пана Завальні — легенда Купалаў­скага тэатра Генадзь Аўсяннікаў), ды на асобныя забаўныя сцэны. У прыватнасці, такое ўражанне склалася на перадпаказе.

Інсцэніроўку для “Шляхціца Завальні” ствараў Сяргей Кавалёў, для якога гэта не першы зварот да твора Баршчэўскага. Менавіта С.Кавалёў з’яўляецца аўтарам вышэйзгаданай п’есы “Звар’яцелы Альберт”, і спектакль шмат у чым пераклікаецца з ёй: захаваны асобныя сцэны, часткова — па­дзейны рад, некаторыя героі, такія як пакаёўка Агапка ды лёкай Карпа, практычна не змяніліся. Аднак лагічнай стройнасці і паслядоўнасці, якая была ўласціва п’есе, інсцэніроўцы і пастаноўцы паводле яе, відавочна, бракуе.

Сцэна са спектакля.

Прычына тут, думаецца, у жаданні адлюстраваць у спектаклі ва ўсёй шматмернасці змест тэксту Баршчэўскага, раскрыць асобныя бакі яго творчай дзейнасці і біяграфіі. Напэўна, таму ў спектаклі і ўзнік персанаж Ян (Іван Кушнярук) — сам Баршчэўскі, перапляліся розныя пласты яго твора ды жыцця, лірыка-рамантычная (любоўны трохвугольнік “Альберт — Амелія — Ян”), містычная (доктар Шэльмер, Белая Сарока, Цмок, Ваўкалак, Плачка), гумарыстычная (Агапка і Карпа), патрыятычная (Белая Сарока і шляхціцы, Ян і Завальня) лініі. Але, што крыўдна, ніводная з іх пераканаўча не раскрываецца, не даводзіцца да лагічнага завяршэння — і замест шматмернасці, якую нібыта павінна забяспечыць такая разнастайнасць, атрымліваецца даволі павярхоўнае дзеянне. Такімі ж павярхоўнымі выглядаюць і вобразы дзеючых асоб. Героі твора Баршчэўскага з’яўляюцца пэўнымі тыпажамі, носьбітамі рыс, што вызначаюць іх лёс: цнатлівымі, набожнымі і працавітымі альбо хцівымі, гультаяватымі, зухаватымі ды празмерна цікаўнымі. Такую ж зададзенасць можна назіраць і ў спектаклі. Практычна кожны герой уяўляе сабой зборны вобраз-тып, складзены з рыс і ўчынкаў розных персанажаў “Шляхціца Завальні”. Тут ёсць дабрадзейная пані Амелія (Валянціна Гарцуева) і хцівая ганарліўка Агапка (Хрысціна Дробыш), чарнакніжнік доктар Шэльмер (Іван Трус) і невялікага розуму лёкай Карпа (Андрэй Дробыш). Знаёмым з творчасцю Баршчэўскага, напэўна, дастаткова цікава будзе разгадваць, нібы той рэбус, з якога апавядання, з якога кавалка твора ўзяты тая ці іншая рэпліка, учынак героя, сюжэт альбо сітуацыя, збольшага вельмі ўдала і трапна сплаўленыя драматургам. Да таго ж ён укладае ў вусны доктара Шэльмера параўнанне Баршчэўскага з братамі Грым, уводзіць у тэкст згадкі выдавецкай дзейнасці пісьменніка, а ў зносінах Яна з Амеліяй, жонкай яго сябра Альберта (Раман Падаляка), намякае на адносіны аўтара “Шляхціца Завальні” з Юліяй Корсак. Але пры ўсёй займальнасці такі літаратурна-гістарычны квест, здаецца, не можа быць самамэтай спектакля і кампенсаваць тое, што спалучэнне ў адно розных пластоў твора Баршчэўскага выглядае ў пастаноўцы дастаткова штучным і часам прыводзіць да анахранізмаў. Так адбываецца, напрыклад, у сюжэце, звязаным са з’яўленнем Белай Сарокі (Аляксандр Казела).

Па меркаванні Міколы Хаўстовіча, у апавяданні “Белая Сарока” Баршчэўскі ў алегарычнай форме расказваў пра падзелы Рэчы Паспалітай, а сама чараўніца ўвасабляла Кацярыну ІІ. Гэтая ідэя была пераканаўча прадстаўлена Сяргеем Кавалёвым у “Звар’яцелым Альберце”, а вось у спектаклі Алены Ганум, на жаль, увесь сюжэт з Белай Сарокай застаўся на ўзроўні ці не ўстаўнога. Без усялякіх алегорый персанаж Аляксандра Казелы размаўляе па-руску з выразным нямецкім акцэнтам, манернічае, згадвае Таргавіцкую канфедэрацыю і Пацёмкіна. І ўсё б нічога, але дзеянне адбываецца ў ХІ стагоддзі і выглядае такое рашэнне вельмі просталінейна, як і спрэчка Завальні з Янам, падчас якой яны называюць адзін аднаго “апошнім ліцвінам” ды “першым беларусам”. Здаецца, не самы выкшталцоны спосаб успомніць, што Баршчэўскі свядома сцвярджаў адметнасць менавіта беларускага краю і яго жыхароў.

Так, у лепшых памкненнях ды спробе сабраць у адным спектаклі ўсё магчымае яго стваральнікі дабіліся ці не адваротнага выніку. Замест таго каб зайграць на сцэне ўсімі колерамі вясёлкі, размаітыя фарбы твора Баршчэўскага зліліся ў адзін колер ці то густога туману, ці то завірухі над Няшчардай, калі складана разгледзець сутнасць і зразумець, куды ж рухаліся аўтары спектакля. Не разгарнулася на сцэне ні энцыклапедыя вераванняў ды ўяўленняў беларусаў, ні павучальная прытча, ні ода спрадвечнай народнай мудрасці ці развазе пра балючы ды складаны пошук уласнай адметнасці і бараць­бу за яе.

Спектакль Алены Ганум пакуль нагадвае па-дзіцячаму наіўны аповед аб сілах зла, што, гуляючы на жарсцях і нізкіх памкненнях чалавека, хочуць захапіць чысты, светлы край, з абавязковым шчаслівым фіналам і выратаваннем, дзякуючы з’яўленню гэтакага dues ex machina — Плачкі. Цалкам магчыма, што менавіта ў гэтай наіўнасці рэжысёр і імкнулася раскрыць сутнасць беларускай ментальнасці, уяўленняў пра свет і справядлівасць, паставіўшы своеасаблівую казку для дарослых са спевамі, скокамі ды калядоўшчыкамі. Але наўрад ці амаль шварцаўскае “тое, пра што ў іншых краінах пішуць кнігі, у нас адбываецца на самай справе”, якое малюе Беларусь дзівосным чарадзейным краем, можа прэтэндаваць на ролю выразніка асноўнай думкі спектакля. А калі так, то гэтага да крыўднага мала.

Кацярына ЯРОМІНА.