На афішы Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек побач з назвай новай пастаноўкі “Тарцюфа” Ж.-Б.Мальера стаіць узроставае абмежаванне “+17”. Насамрэч яго можна было б замяніць на рэкамендацыю “для асоб з устойлівым гарманальным фонам, пачуццём гумару і ўзроўнем інтэлекту вышэй сярэдняга”.
Не, вы толькі не падумайце, што ў тэатры паставілі нешта непрыстойнае альбо прызначанае выключна для элітарнай публікі. Аднак, калі б выкладчыкі-энтузіясты вырашылі наладзіць масавы паход у тэатр для азнаямлення навучэнцаў з творчасцю Мальера, то ім варта было б параіць не спектакль А.Ляляўскага, а “Тарцюфа”, пастаўленага ў Гомельскім дзяржаўным тэатры лялек у 2013 годзе, дзе і лялькі апрануты як трэба, і тэкст Мальера — ледзь не галоўная дзеючая асоба.
У пастаноўцы ж А.Ляляўскага тэкст, канечне, той жа, але змест іншы! Рэжысура, сцэнаграфія, пластыка ствараюць свой, паралельны мальераўскаму тэксту, свет. У той жа час дзеянне зусім не разыходзіцца з драматургічнай асновай. Галоўныя героі “Тарцюфа” — лялькі, але ёсць і жывы план, значная роля пластыкі, без якіх пастаноўка страціць добрую частку свайго сэнсу. Увогуле, калі глядзіш спектакль, то першы час узнікае дзіўнае адчуванне: з аднаго боку, ён успрымаецца як вельмі дасціпная, нетрывіяльная пастаноўка, ад якой проста хочацца атрымліваць задавальненне, а з другога — не пакідаюць чаканне нейкіх адкрыццяў і страх расчаравання. Няўжо ўсё абмяжуецца толькі дасціпнасцю і арыгінальнасцю формы і скончыцца традыцыйным фіналам з перамогай справядлівасці? Але ж для “дарослых” пастановак А.Ляляўскага гэта нехарактэрна. У гэтым сэнсе “Тарцюф” мінскага тэатра амаль да канца застаецца загадкай, якая раскрываецца толькі ў фінале спектакля.
На сцэне — камедыя “эпохі абсалютызму і рэпрэсій”, але ж тарцюфы, як і наіўныя спадары аргоны, і сёння не перавяліся. Рэжысёр выцягнуў з твора Мальера падтэксты і надаў ім сэнсы, якія зрабілі спектакль і смешным, і страшным адначасова.
Адным з такіх падтэкстаў з’яўляецца эратычны, які ператварыўся ледзь не ў асноўную стыхію спектакля: самааддана кахаюць адно аднаго Марыяна і Валер, спакушаюць адно аднаго па чарзе Тарцюф і Эльміра. І ад гэтых сцэн хочацца… Не, не сарамліва заплюшчыць вочы, а смяяцца, бо эратызм тут не самамэта, а сродак перадачы атмасферы. Прычым ён вельмі мілы і вытанчаны, пададзены з іроніяй і гумарам. “Эратызм” пастаноўкі — гэта і спасылка на галантнае стагоддзе, якое не вылучалася высокай маральнасцю і строгасцю нораваў, і іранізацыя над сённяшнім культам сексуальнасці, калі нават асобныя часткі цела ператвараюцца ў фецішы, здольныя замяніць асобу. Такія фецішы ёсць і ў “Тарцюфе”: кружацца, як насланнё, вакол пажадлівага Тарцюфа замест Дарыны паралонавыя грудзі, а Эльміра падчас спаткання з’яўляецца як пара надзвычай доўгіх ног. Пачуццёвае танга (кампазітар Л.Паўлянок) з гэтымі нагамі з’яўляецца больш красамоўным, чым любая адкрытая сцэна. Тым не менш усё эратычнае дзеянне ў спектаклі можна ўспрымаць і як непасрэдныя падзеі, і як выяўленне сапраўдных жаданняў герояў, раскрыццё таго самага мальераўскага падтэксту: няхай лялька-Тарцюф і застаецца сціпла стаяць на месцы, але доўгая паралонавая рука, якая цягнецца да Эльміры, пра прыстойнасць не ведае.
Аднак лялечная эротыка ў “Тарцюфе” — не галоўнае. У спектаклі ёсць яшчэ шмат чаго цікавага. Напрыклад, сцэнаграфія Л.Скітовіч, якая скупымі сродкамі дакладна ўвасабляе вобраз класіцызму і абсалютызму. Здаецца, што можа быць прасцей, чым чырвоны заднік, кулісы, традыцыйны арлекінчык і некалькі рухомых шырм? Нічога. Але як яны здольны працаваць! Шырмы, якія нагадваюць архітэктурныя парталы альбо рамы для парадных партрэтаў, дзякуючы дэкору, ствараюць канкрэтны вобраз эпохі. Яны з’яўляюцца асноўнымі сцэнічнымі пляцоўкамі для планшэтных лялек і робяць сцэнаграфію дынамічнай. Агрэсіўная чырвань і золата — класічнае спалучэнне, якое ўвасабляе раскошу, пераклікаецца з сённяшнім разуменнем гламуру. Але сцэнаграфія мае і іншую сутнасць, якая раскрыецца толькі ў фінале.
З параднасцю дэкарацый кантрастуюць героі, якія іх насяляюць. Яны выклікаюць замілаванне — такія чароўныя нядбайнікі, захопленыя сваім вузкім колам праблем, абмежаваным домам, каханнем, спадчынай. У смешных тыпах “Тарцюфа” няцяжка пазнаць сучаснікаў. Ці не сустракаліся і вам каханкі-падлеткі, Марыяна (Н.Чэча) і Валер (Д.Чуйкоў), чые пачуцці нагадваюць гульню, Эльміра (І.Ганчар), маладая жонка, якая, здаецца, і не вельмі супраць заляцанняў Тарцюфа (усё ж якая-ніякая разнастайнасць у жыцці), альбо састарэлая дама з сабачкам, уладарная маці і свякроў, спадарыня Пярнэль (Н.Кот-Кузьма)! А такіх аматараў і ўмельцаў развесці філасофію, як Клеянт (Д.Рачкоўскі), кожны можа з лёгкасцю знайсці сярод знаёмых. Калі падумаць, то ўсё гэта абсалютна бяздзейныя людзі, маленькія і смешныя ў сваіх учынках, як і недарэчныя планшэтныя лялькі. Іх аблічча, гуллівыя грудзі на спружынках у маладых жанчын, нязменная цыгарэта ў філосафа Клеянта і надзвычай прыстойны выгляд спадара Аргона яшчэ больш узмацняюць адчуванне, што гэтыя персанажы, засяроджаныя на сваім маленькім сусвеце і такіх жа маленькіх праблемах, зусім бездапаможныя, няздольныя змагацца не толькі з Тарцюфам, але і са знешнім светам, — адным словам, “бяззубыя”. А вось Тарцюф (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь А.Казакоў), які анёлкам выплывае на сцэну, — адзіны, хто зубы мае. Нават фармальна. Бліскучая ўсмешка і ліслівы голас гатовы ў любы момант ператварыцца ў драпежны выскал і пагрозлівы рык. Наколькі вострымі насамрэч аказаліся зубкі-перлінкі святошы, ведае кожны, хто чытаў Мальера. Вось і давялося сям’і спадара Аргона спешна збіраць свае рэчы — абдзіраць з шырм залатыя накладкі, пакідаючы аголеныя шэрыя сцены.
За амаль чатыры стагоддзі, як бачна, мала што змянілася. Рэаліі, апісаныя Мальерам, аказаліся недалёкімі ад сучасных. Але ў “Тарцюфе” А.Ляляўскага толькі зваротам да дня сённяшняга справа не абмежавалася. Лёс камедыі і гістарычныя алюзіі таксама знайшлі сваё адлюстраванне ў пастаноўцы тэатра. Нездарма ж яшчэ ў пачатку спектакля пятля, якая так нагадвае шыбеніцу, зацягваецца на шыі аднаго з акцёраў, як зацягвалася пятля інтрыг ды забарон вакол Мальера і яго твораў (вядома, што пры жыцці драматурга “Тарцюфа” некалькі разоў забаранялі).
У фінале па законах класіцызму злодзей будзе пакараны: людзі ў чырвоных масках катаў прыйдуць за Тарцюфам па загадзе караля, які міласэрна падорыць прабачэнне Аргону. Здаецца, усё па тэксце і традыцыйна. Але чырвоны колер задніка і куліс раптам стане невыносным, як невыносна будзе выклікаць адчуванне небяспекі вялізны залацісты конскі востаў-шкілет. Магчыма, гэта вершнік апакаліпсіса на кані як прадвесце пагібелі ўжо і так скінуўшага пазалоту свету сям’і Аргона. Сказаць адназначна цяжка. Аднак за коннікам надыдзе час “эпохі рэпрэсій”, калі каты прыйдуць ужо не толькі за Тарцюфам. Галантны свет разбурыцца. Тады і сцэнаграфія раскрые свой сэнс поўнасцю. Голыя шырмы, якія страцілі бляск “эпохі абсалютызму”, ператворацца ў гільяціны — любімых дачушак “эпохі рэпрэсій”, а чырвоны колер раскошы стане колерам крыві, які літаральна залье сцэну. Смех заменіць страх ад звычайнасці дзеянняў. Так жа лёгка, як лялькі ігралі сваю няхітрую камедыю, іх паменшаныя двайнікі паляцяць праз праёмы гільяцін. Латарэя! Хтосьці страціць сваю галаву, а некаму пашанцуе больш. Да наступнага разу. Так жа нязмушана, як у доме Аргона танчылі і пілі віно госці, каты будуць знаёміць з пані гільяцінай новых асоб. Звычайная справа, якая нават не перашкаджае прыкласціся да келіха віна. Такое жыццё! Застаецца толькі следам за акцёрамі паціснуць плячыма і… прыйсці на “Трацюфа” яшчэ раз.
Кацярына ЯРОМІНА.