От жа, напісаў у прэамбуле да сённяшняга культуралагічнага дадатку “Рэй”, што буду пазбягаць якіх-небудзь каментарыяў да слоў маіх суразмоўцаў! Але хоць якіх-небудзь рэмарак я ўсё ж не пазбаўлюся.
Едучы днямі ў госці да начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама Аляксандра Пуцейкі, я валодаў, са слоў галоўнага адміністратара Новага драматычнага тэатра Мінска Аляксандра Навумавіча Хаета, мінімальнай інфармацыяй, што паміж НДТ і аддзелам адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама заключана дамова наконт наведвання навучэнцамі Вілейшчыны гэтага тэатра; што ў кастрычніку і лістападзе гэтага года, а таксама ў студзені і сакавіку наступнага года іх чакаюць цікавыя тэатральныя паказы і сустрэчы з рэжысёрамі, аўтарамі п’ес, мастакамі-пастаноўшчыкамі; што сам Аляксандр Часлававіч — вялікі тэатрал і што ён, займаючы такую высокую пасаду, у вольны час з задавальненнем выконвае ролі ў пастаноўках Вілейскага народнага тэатра…
Але якое ўсё-такі непрадказальнае наша чалавечае жыццё, асабліва журналісцкае! Я ж ніяк не мог прадбачыць іншыя моманты: што начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму са мной будзе размаўляць на чысцюткай беларускай літаратурнай мове; што ён акажацца такім маладым, даруйце, яшчэ маладзейшым за мяне, не зусім старога журналіста; што ў яго і мяне знойдуцца агульныя знаёмыя, як, напрыклад, таленавіты і вельмі модны сёння ў інтэлектуальных беларускіх колах пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, яго аднакурснік; што на працягу нейкай гадзіны інтэрв’ю ён выкажа столькі блізкіх самому мне і сапраўды разумных і арыгінальных думак. Я меў шчасце з ім пагутарыць і адчуць гордасць, што нашай сістэмай адукацыі кіруюць такія людзі.
Усё, змаўкаю. Слова — начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама Аляксандру Часлававічу Пуцейку.
* * *
Нарадзіўся я ў Вілейскім раёне, скончыў Хаценчыцкую сярэднюю школу, якой сёння ўжо няма. Паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (тады яшчэ педагагічны інстытут імя Максіма Горкага) на факультэт беларускай філалогіі і культуры, скончыў яго ў 1997 годзе. Пасля гэтага крыху працаваў сацыяльным педагогам у дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры “Надзея”, які знаходзіцца на беразе Вілейскага вадасховішча. Потым 9 гадоў працаваў у Вілейскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 124: зноў сацыяльным педагогам, затым выкладчыкам рускай мовы і літаратуры. ПТВ з гадамі цярпела змены: спачатку пераўтварылася ў ліцэй, потым — у каледж, а пасля адбылося аб’яднанне з былым ПТВ № 48. У 2006 годзе я пайшоў працаваць сацыяльным педагогам і псіхолагам у вілейскую сярэднюю школу № 3. З 2011 года працаваў там педагогам-арганізатарам і выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. Потым мне прапанавалі ўзначаліць Асіпавіцкі вучэбна-педагагічны комплекс “дзіцячы сад — сярэдняя школа”. У лютым 2013 года ўдзельнічаў у конкурсе “Малады дырэктар”, які праходзіў на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Гэта быў першы такі конкурс на абласным узроўні. Я стаў лаўрэатам. А з 1 жніўня 2013 года ўзначаліў аддзел адукацыі.
* * *
На вялікі жаль, калі я вучыўся ў сваёй вясковай школе, не было такой магчымасці, якую даём мы сённяшнім навучэнцам, — акунуцца ў тэатральнае жыццё. Паглядзіце: сёння ж у маладых людзей, якія паважаюць культуру, паважаюць тэатр і кінамастацтва, значна больш магчымасцей трапіць у гэтую самую культуру, паўдзельнічаць у розных кастынгах, запісацца на курсы тэатральнага мастацтва і г.д. Калі я вучыўся ў школе (я гэта выдатна памятаю), усе ведалі, што наргас — гэта вельмі добра, бо трэба ўладкаваць сваё жыццё, а гуманітарныя, творчыя прафесіі — скажам так, не вельмі…
Наогул, асабіста мяне ў старшых класах прыцягвала журналістыка, творчае самавыяўленне на паперы. Я пісаў вершы. Пачынаючы з 8 ці 9 класа чытаў свае вершы і байкі нават у абласной бібліятэцы імя А.С.Пушкіна ў Мінску. Было неверагодна пачэсна падлеткам, навучэнцам сельскай школы чытаць свае вершы побач са сталымі аўтарамі часопіса “Вясёлка”.
Што тычыцца першага сутыкнення з тэатрам, то, безумоўна, былі ранішнікі ў дзіцячым садку, потым — у пачатковых і сярэдніх класах школы. А для старшакласніка вясковай школы тэатр быў найперш звязаны з Новым годам, калі ўсе класы павінны былі ставіць тэатральныя мініяцюркі. Класы былі невялікія, таму ў гэтых пастаноўках павінны былі быць задзейнічаны ўсе вучні. Упершыню ж як акцёра мяне адзначылі пасля адкрытага ўрока па творы “Не страляйце ў белых лебедзяў” Барыса Васільева. Я выступаў у тым спектаклі ў ролі бандыта, які здзекаваўся з жывёл. Прадстаўнікі райана, якія прыехалі тады на спектакль, сказалі, маўляў, ніколі не падумалі б, што я выдатнік, удзельнік алімпіяд. Гэта, як цяпер адчуваю, было першае сапраўднае сутыкненне з тэатрам, калі трэба было перадаць чалавечыя перажыванні, ужыцца ў канкрэтную ролю, паказаць трагізм сітуацыі.
* * *
Паверце, я зусім не бандыт. Але тады, на спектаклі паводле рамана “Не страляйце ў белых лебедзяў”, я проста адчуў асалоду апынуцца ў скуры свайго героя, жыць спектаклем. Можна пералічыць мноства прыкладаў, калі добрыя людзі ігралі на сцэне дрэнных людзей. Успомнім хаця б таго ж Крамарава. Ён жа ў душы быў зусім іншым чалавекам! Шчыра кажучы, я адчуў тады такі спецыфічны псіхалагічны момант для сябе як для выдатніка, удзельніка розных конкурсаў і алімпіяд, маці якога — настаўніца, а бацька — інжынер… Разумееце, нават кругламу выдатніку хочацца часам таго, чаго нельга. А асалода ігры ў тэатры якраз і заключаецца ў тым, што можна пражыць жыццё за кагосьці. І пры гэтым не атрымаць па карку! А яшчэ ты дапамагаеш іншаму — свайму гледачу — зразумець, што так жыць і так рабіць нельга.
Ніколі не забуду свой удзел і ў спектаклі “Дваццаць хвілін з анёлам” паводле п’есы Аляксандра Вампілава. Гэта ўжо было ў народным тэатры нашага Вілейскага палаца культуры. Я працаваў тады дырэктарам школы. Мы разам з начальнікам Вілейскага раённага аддзела ўнутраных спраў ігралі двух п’яніц, якія сустрэліся ў камандзіроўцы. Я не алкаголік. І ён таксама не алкаголік. Але нам было цікава іграць такіх персанажаў: як ім, алкаголікам, жывецца на гэтым свеце…
* * *
Я ганаруся тым, што вучыўся ў педагагічным універсітэце з такімі людзьмі, як пісьменнікі, журналісты, філолагі шырокага профілю Альгерд Бахарэвіч (шчыра кажучы, ён для мяне не Альгерд, а Алег), Сяргей Пляскач, Паўлюк Быкоўскі… Калі ты апынаешся ў такім асяроддзі, гэта проста так не праходзіць. Для мяне дакладна проста так не прайшло.
* * *
Матэматыкі кажуць, што самы цяжкі прадмет — гэта матэматыка, фізікі ўпэўнены, што фізіка, хімікі сцвяджаюць, што хімія… Я ж у сваю чаргу кажу, што самы цяжкі прадмет — гэта літаратура, бо разабрацца ў літаратуры — гэта ўсё адно што ведаць усё ў жыцці і не рабіць ніякіх памылак. А гэта ж немагчыма. Таму, каб разбірацца ў літаратуры, ты павінен адначасова быць і псіхолагам, і фізікам, і матэматыкам, і фізікам.
* * *
На сваёй пасадзе мне даводзіцца займацца самымі рознымі праблемамі: і фінансавымі, і гаспадарчымі, і творчымі. Як мне гэта ўдаецца? Па-першае, дзякуючы добрым кадрам у штаце аддзела адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама. Па-другое, дзякуючы тэатру, дзякуючы літаратуры, дзякуючы гуманітарнаму складу мыслення. Гэта ўсё вельмі важна для зносін з людзьмі. Ці выступаю я рэжысёрам або акцёрам ва ўсіх гэтых зносінах? Так, гэта блізка да праўды. Тым больш што наш калектыў — калі браць дырэктараў школ, іх намеснікаў, настаўнікаў, нават тэхперсанал — гэта на працэнтаў 80 жанчыны. Трэба і сапраўды быць вельмі добрым акцёрам ці рэжысёрам, каб гэта ўсё трымаць на кантролі. Наогул, хачу сказаць, што калі глядзіш на жыццё праз прызму тэатральнай дзейнасці, то выдатна разумееш, што ўсё наша жыццё — тэатр. Тэатр, дзе адразу бачна, як іграе ў ім той ці іншы чалавек. Я ўпэўніўся ў тым, што быць шчырым — шчырым да канца — можа дазволіць сабе далёка не кожны чалавек. А працэнт няшчырасці — гэта якраз і ёсць ігра. Я ўвогуле не ведаю ніводнага чалавека, які б хоць калі-небудзь не іграў у жыцці.
* * *
Вось часам кажуць, маўляў, лепш горкая, але праўда. Але ж гэтая сентэнцыя адносіцца больш да філасофскіх рэчаў: калі гэтая праўда патрэбна, а калі яна і непатрэбна зусім? Усё залежыць ад сітуацыі і… ад чалавека. Калі ты не будзеш псіхолагам, калі не зможаш падысці да чалавека, разгледзець яго, будзе вельмі складана адрозніць праўду ад няпраўды.
* * *
З беларускіх драматургаў мне больш за ўсё падабаецца Аляксей Дудараў. Я і сёння не магу да канца зразумець тое, што закладзена ў яго творах. Мог бы яшчэ назваць родапачынальніка нашай драматургіі Каятана Марашэўскага, камедыю якога ставіў у Вілейцы Віктар Роўда. Пастаноўка доўжылася дзесьці гадзіну і 15 хвілін. Я выконваў там галоўную ролю селяніна і, выйшаўшы ў самым пачатку спектакля, больш не сыходзіў са сцэны. З маналогаў Марашэўскага не хацелася выкідаць ні слова, бо, калі б словы былі выкінуты, не да канца быў бы раскрыты сэнс усяго тэксту. З замежных, магчыма, вылучыў бы Карла Гоцы. У яго п’есе “Каханне да трох апельсінаў” я іграў. З рускіх мне вельмі імпануе драматург і акцёр Леанід Філатаў, асабліва яго “Пра Фядота-стральца”. Або расійскі драматург кіеўскага паходжання Марыя Ладо. Яе п’еса “Вельмі простая гісторыя” звяртае нас да праблемы, што чалавек не заўсёды можа быць шчыры і сам з сабой, і з іншымі людзьмі. І яна закранае ў сваёй творчасці яшчэ адну праблему: калі мы думаем часам пра жывёл, што яны існуюць для таго, каб прыхарашыць наша існаванне, ці для таго, каб прыносіць нам мяса, яйкі, малако і г.д., то гэта будзе не зусім правільна. Марыя Ладо гаворыць пра тое, што жывёлы таксама могуць ацэньваць нашы ўчынкі. Мы ставілі гэты твор у нашым народным тэатры. Я іграў там селяніна, які, з аднаго боку, быў п’яніцам, але ў чыста чалавечых адносінах быў вышэйшым за ўсіх астатніх так званых добрых гаспадароў, якія ў душы былі зусім не добрымі людзьмі. Мой бацька прысутнічаў на прэм’еры. Ён заплакаў падчас спектакля.
* * *
Заўважце, я не назваў сярод сваіх куміраў Шэкспіра. Гэта само сабой зразумела, што ён мой любімы драматург. Але, па сваіх назіраннях за публікай, а мы збіраем у нашым Палацы культуры штораз паўнюткую залу на 500 чалавек, я заўважыў, што людзі больш ідуць на спектаклі, каб паглядзець на простага чалавека, а не на Гамлета, Рамэа ці Джульету…
* * *
Для мяне кожны тэатр — гэта святое месца. Размяжоўваю катэгарычна буфет і ўласна тэатр. У антракце я лепш пасяджу ў зале, падумаю пра тое, што толькі што ўбачыў, пагляджу на сцены, акунуся, што называецца, у атмасферу самога тэатра. А атмасфера бутэрбродаў у тэатры — гэта не для мяне.
Тэатр для мяне — Храм з вялікай літары. Вось у той жа Польшчы можна проста зайсці ў касцёл, паглядзець, пасядзець і падумаць пра вечнае. У антракце падчас спектакля ў тэатры я магу зрабіць тое ж самае. Каля цябе могуць сноўдаць людзі туды-сюды, фатаграфавацца, смяяцца і г.д. Але ты застаешся сам-насам з сабой, ты нікому не замінаеш, табе ніхто не замінае, пры гэтым ты знаходзішся не проста дзесьці на вуліцы, а ў тэатры — Храме мастацтва.
* * *
Хоць я па адукацыі і беларускі філолаг, мяне чамусьці больш за ўсё прыцягвае рускі тэатр імя Максіма Горкага. Там уся сцэна як на далоні. Там акцёры — зоркі. А яшчэ ніколі не забуду тэатр Дома культуры трактарнага завода. Там стаяць простыя крэслы, уся зала — усяго на чалавек 40 ці 50, імправізаваная сцэна. Я выдатна памятаю пастаноўку “Вам каву з цыяністым каліем ці без?”. Калі пасля спектакля дзяўчаты ўносілі ў залу каву на падносах і прапаноўвалі яе гледачам, а тыя адмаўляліся, маўляў, дзякуй, дзякуй, але каву — ні за што. Што тут яшчэ скажаш?! Вось гэта і ёсць магія тэатра, яго псіхалагічнае ўздзеянне на чалавека. Кава, дарэчы, была наліта ў такія ж самыя кубкі, якія трымалі артысты на сцэне ў спектаклі.
* * *
Наша сяброўства з Новым драматычным тэатрам, упэўнены, невыпадковае. Галоўны адміністратар тэатра Аляксандр Навумавіч Хает разам з калегамі, мабыць, трапілі сваімі думкамі акурат у мае думкі пра тое, што праз тэатр чалавек ні ў якім разе не стане горшым, гэта ідзе яму толькі на дабро. Юнакі і дзяўчаты, якія паглядзяць спектаклі, проста будуць больш разбірацца ў жыцці. Гэта адназначна!
* * *
Вось кажуць, што тэатр — гэта сёння не модна. На самай справе, на шчасце, ён усё-такі становіцца больш і больш модным. Калі звярнуцца да сіутацыі, якая была яшчэ 10 гадоў назад, такога сапраўды нельга было сказаць. Але цяпер паглядзіце: напрыклад, тыя ж свецкія раўты, якія праходзяць у Нясвіжскім палацы з элементамі прыдворнага тэатра. Пабываць там насамрэч сёння прэстыжна! Прычым, заўважце, на такіх мерапрыемствах выступаюць не нейкія там скамарохі, як на вяселлях, а добрыя прафесійныя артысты. Выступаюць, каб даць магчымасць людзям паўдзельнічаць у фэсце высокага ўзроўню.
* * *
Напярэдадні Дня настаўніка ўсім настаўнікам я хацеў бы пажадаць, каб у іх была ўсюды раўнавага — і ў душы, і ў сям’і, і ў кішэні; каб яны былі заўсёды заўважаны, падтрыманы і ацэнены; каб іх вучні ніколі не забываліся пра тое, адкуль пачаўся іх жыццёвы шлях. А ён пачаўся толькі ад настаўніка…
Пераходзячы на тэатральную мову, скажу, што настаўнікі іграюць святыя ролі. Той, хто ведае, якая адказнасць ляжыць на настаўніку, будзе выконваць і свае ролі аддана, з душой. І ніколі не дапусціць фальшу на сваёй жыццёвай сцэне.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.