“АрхНавацыя-2014”: Urbi et orbi!

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі падвялі вынікі Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “АрхНавацыя-2014”, арганізаванага Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь сумесна з НЦМТДіМ.

“АрхНавацыя” праводзілася сёлета ўсяго толькі трэці раз, але сёння конкурс ужо дакладна — адзін з многіх пазнавальных творчых праектаў, якія знайшлі прытулак пад дахам Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Больш чым на месяц выставачная зала цэнтра ператварылася ў казачна-фантастычныя архітэктурныя джунглі, народжаныя бязмежнай фантазіяй і збудаваныя ўмелымі рукамі дзяцей і падлеткаў. Дачны домік у выглядзе піраміды, Эйфелева вежа ў капелюшы, пешаходны пераход як Млечны шлях, дзіцячая пляцоўка як касмадром, музейна-адміністрацыйны комплекс, у абрысах якога лёгка ўгадваецца грацыёзная і насцярожаная рысь… Тут ва ўсім сваё, ні з чым непараўнанае Urbi et orbi. Гораду і свету.
— Гэты конкурс, дзякуючы сваёй тэматычнай і жанравай — архітэктурнай — скіраванасці, сапраўды якісьці незвычайны нават на фоне ўсіх астатніх мастацкіх конкурсаў, якія мы праводзім, — гаворыць намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Кацярына Анатольеўна Кузьменка. — Усё ж, мабыць, ёсць у ім нешта такое, што асабліва прыцягвае дзяцей і што дае ім магчымасць не проста выявіць свае мастацкія здольнасці, але і адказаць на сур’ёзныя пытанні: дзе б хацелі яны жыць? У якім архітэктурным асяроддзі? Чаго не хапае ім у той прасторы, дзе яны жывуць, і што, наадварот, найбольш цешыць іх вока?.. І гэтае дзіцячае бачанне жаданага архітэктурнага ландшафту вельмі важнае, бо менавіта ім, сённяшнім дзецям, трэба будзе ствараць аблічча нашых гарадоў і аграгарадкоў заўтра, і, несумненна, з многіх з іх, сённяшніх удзельнікаў конкурсу “АрхНавацыя”, вырастуць таленавітыя архітэктары будучыні. Я маю на ўвазе і прафарыентацыйны момант конкурсу. Сябры кампетэнтнага журы з ліку прадстаўнікоў устаноў сярэдняй і вышэйшай адукацыі, дзе рыхтуюць спецыялістаў па архітэктуры, адкрыта гаварылі пра тое, што ўбачылі тут вельмі цікавыя архітэктурныя ідэі, а іх аўтараў бачаць сярод сваіх будучых студэнтаў і навучэнцаў.
Між іншым, сёлетняя “АрхНавацыя” не абышлася без істотных якасных і колькасных змен. Расшырыліся ўзроставыя рамкі ўдзельнікаў, цяпер гэта — ад 4 да 20 гадоў, іншымі словамі, удзельнічаць у конкурсе могуць як дашкаляты, так і студэнты першых курсаў. Да чатырох ранейшых намінацый (“Жывапіс”, “Графіка”, “Архітэктурнае макетаванне” і “Мастацкая фатаграфія”) дадалася пятая — “Відэаролік”. І яна ўжо апраўдала сябе: згадаць хоць бы яркі і напоўнены непадробленай любоўю да родных мясцін відэаролік Аліны Савіцкай пра мястэчка Косава.
Нарэшце значна павялічылася колькасць удзельнікаў, якая ўжо перасягнула 1000 чалавек (для параўнання: у першы год правядзення конкурсу іх было каля 300). Па словах Кацярыны Анатольеўны Кузьменка, на конкурс трапілі нават работы расійскіх навучэнцаў, што падштурхнула арганізатараў падумаць пра карэкціроўку яго статусу — каб ён быў не проста рэспубліканскім, а адкрытым рэспубліканскім конкурсам.
У мінулую суботу адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў “АрхНавацыі-2014”. Дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступеняў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, календарамі з выявамі лепшых работ удзельнікаў і памятнымі падарункамі былі ўзнагароджаны 14 пераможцаў і 46 прызёраў творчага спаборніцтва, 100 удзельнікаў — граматамі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, 50 удзельнікаў і 60 педагогаў — дыпломамі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Спісы пераможцаў конкурсу па намінацыях можна знайсці на сайце Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.