Блакітнае шчаня, або Драма з сабачкам

Амаль кожны тэатр па-свойму дбае аб уласным дзіцячым рэпертуары, бо ў кожнага — свае магчымасці, спецыфіка, выразныя сродкі. Музычна-тэатральнае мастацтва ў параўнанні з іншымі відамі мае мноства прыярытэтаў. У оперы сплаўлены музыка і слова, у балеце па-рознаму спалучаюцца музыка і танец, а ў мюзікле, пра які і пойдзе гаворка, ажно тры складнікі ўтвараюць адзінае цэлае: музычны, вербальны і танцавальна-пластычны. Менавіта на гэты самы папулярны і масавы жанр нашага часу скіраваны тэатр “Тэрыторыя мюзікла”, які з’явіўся ў Мінску чатыры гады назад. Можна адзначыць, што эксперыменты, даследаванне і пашырэнне магчымасцей гэтага жанру тут паспяхова працягваюцца, пра што сведчыць прэм’ера спектакля для ўсёй сям’і “Блакітнае шчаня”.

Мюзікл быў створаны спецыяльна для “Тэрыторыі…” вядомымі аўтарамі — кампазітарам Генадзем Гладковым і паэтам, сцэнарыстам і драматургам Юрыем Энціным.Творчы тандэм з беларускімі артыстамі склаўся падчас іх сумеснай работы над пастаноўкай мюзікла “Прыгоды брэменскіх музыкантаў”, прэм’ера якога адбылася ў 2007 годзе на сцэне айчыннага музычнага тэатра. Гэтую арыгінальную пастаноўку здзейсніла Настасся Грыненка на аснове трох гісторый пра брэменскіх музыкантаў, удала і з густам аб’яднаных у адным лібрэта.

Як прызнаўся Ю.Энцін, апошняя частка не мела поспеху, але дзякуючы беларускай пастановачнай камандзе была рэабілітавана, пасля чаго менавіта “Новыя брэменскія” аказаліся вельмі запатрабаванымі. Па запрашэнні Г.Гладкова спектакль “Прыгоды брэменскіх музыкантаў” прымаў удзел у святкаванні 45-годдзя стварэння гэтай музычнай казкі і быў прадстаўлены на сцэне Канцэртнай залы імя П.Чайкоўскага ў Маскве. Яркімі падзеямі музычна-тэатральнага жыцця сталі таксама наступныя пастаноўкі твораў Г.Гладкова: балет “12 крэслаў” і мюзікл “Звычайны цуд” аўтарства Настассі Грыненка і Дзмітрыя Якубовіча.

Імкненне да эксперыментаў і жаданне самаўдасканальвацца ў творчасці прывялі гэтых таленавітых асоб да ідэі стварэння ў Мінску новага тэатра. Ідэя знайшла аднадумцаў і падтрымку Генадзя Гладкова, і з таго часу з’явіліся пяць спектакляў А.Грыненка з харэаграфіяй Д.Якубовіча.

Першым мюзіклам, з якім тэатр “Тэрыторыя мюзікла” дэбютаваў на сцэне Рэспубліканскага палаца прафсаюзаў, быў “Іахім Ліс — дэтэктыў з дыпломам”, створаны Г.Гладковым і Ю.Энціным па матывах твора шведскага пісьменніка Інгмара Ф’ёля і прызначаны, дарэчы, для дзяцей і дарослых. Потым адна за адной адбыліся прэм’еры мюзікла-вадэвіля “Заляцанне гусара”, мюзікла-аперэты “Сабака на сене”, мюзікла-містыфікацыі “12 крэслаў”. І, нарэшце, з’явіўся антыгламурны мюзікл “Блакітнае шчаня”, які быў створаны па матывах аднайменнага мультфільма рэжысёра Яфіма Гінзбурга.

Сорак гадоў назад Г.Гладкоў і Ю.Энцін напісалі для гэтага фільма шэраг песень. Агучаныя знакамітымі артыстамі Андрэем Міронавым, Міхаілам Баярскім, Алісай Фрэйндліх, Аляксандрам Градскім, яны набылі шырокую папулярнасць. Але ж сучасныя дзеці бадай што і не ведаюць гэты цудоўны мульцік, на якім вырасла не адно пакаленне іх бацькоў. Затое цяпер з’явілася цудоўная магчымасць пачуць гэтыя песні і яшчэ шмат новай музыкі, пазнаёміцца з абноўленай гісторыяй і прыгодамі Блакітнага шчаняці ў цікавым спектаклі рэжысёра-пастаноўшчыка Настассі Грыненка, харэографа Дзмітрыя Якубовіча, сцэнографа Андрэя Меранкова і мастака па касцюмах Юліі Бабаевай.
Юрый Энцін наведаў беларускую сталіцу напярэдадні прэм’еры. Ён прыняў удзел у прэс-канферэнцыі і шчыра вітаў удзельнікаў спектакля і гледачоў са сцэны Палаца прафсаюзаў. Тым самым імпрэза набыла асаблівую святочнасць, прайшла радасна і ўсхвалявана для ўсіх.

У новай версіі “Блакітнага шчаняці” — цікавы і вельмі сучасны сюжэт, за якім хаваецца шэраг няпростых пытанняў, актуальных і для дзяцей, і для дарослых, на якія з вуснаў галоўнага героя і яго сяброў своечасова гучаць адказы. Тут ёсць прадстаўнікі свету людзей, але большасць персанажаў — жывёлы, якія паводзяць сябе як людзі, раз-пораз імітуючы знаёмыя бытавыя сітуацыі.

Юрый Энцін прызнаўся, што “Блакітнае шчаня” асабіста для яго — часткова аўтабіяграфічны твор. Наогул, па яго словах, шмат хто пазнае тут сябе ці сваё акружэнне.

— Ён не падобны да іншых, наш герой. Ён асаблівы, ідэальны, блакітнай крыві… Але ж сабачка такой масці якраз прывабны для гламурных дзяўчат. Мы прыдумалі сюжэт на гэтую тэму і пачалі працаваць. Вершы да мюзікла я напісаў за дзесяць дзён, прыдумаў таксама і першапачатковую рабочую назву “Драма з сабачкам” і ўвесь час думаў пра здароўе Гладкова. Ён жа так захапіўся працай! Вельмі прыемна, што старыя мультфільмы атрымліваюць новае жыццё. Наогул, мая прысутнасць у Мінску з моманту засялення ў гасцініцу, наведвання Палаца прафсаюзаў, кафэ, тэатра і ўдзелу ў прэс-канферэнцыі — гэта адчуванне суцэльнай прыемнасці, — адзначыў Юрый Сяргеевіч.

Музычны і драматургічны матэрыял спектакля атрымаўся даволі шматпланавым і складаным у сваёй глыбіні. У ім — шмат розных сэнсаў, актуальных думак, таму, як заўважыў Дзмітрый Якубовіч, харэограф пастаноўкі, кіраўнік тэатра і выканаўца партыі Бывалага марака ў мюзікле, кожны глядач знойдзе штосьці для сябе.

— Дарослыя пазнаюць у некаторых персанажах знаёмыя тыпажы сучаснай поп-культуры і ацэняць тонкі гумар аўтараў. А самую юную публіку зацікавяць экзатычныя звяры і маляўнічасць усяго дзейства. Школьнікі ўбачаць у гэтым спектаклі прыметы свайго жыцця — залежнасць ад сацыяльных сетак і ўхвалення навакольных, — заўважыў на прэс-канферэнцыі Дзмітрый Якубовіч.

На першым плане дзеяння — правядзенне конкурсу прыгажосці для звяроў “Дама з сабачкам”, вакол якога адбываецца шмат цікавага і пазнавальнага з жыцця сучаснага шоу-бізнесу, масавай культуры, модных трэндаў… Але ж галоўнай падзейнай спружынай становіцца іншае жыццё людзей і звяроў, у якім неўзабаве з’яўляецца ні на каго не падобнае Блакітнае шчаня. Яму вельмі цяжка знайсці сябра, з ім ніхто не хоча гуляць, з яго здзекуюцца звычайныя шчанюкі.

Льицв и Черный кот (собачка Чих-ах-уа-уа)Па сваёй наіўнасці і даверлівасці Блакітнае шчаня трапляе ў афрыканскую пустэльню, у заапарк Ільва — цара звяроў, дзе пануе сапраўдная экзотыка — аўстралійскі кенгуру, кітайская панда, рускі паўночны мядзведзь і… хто б вы думалі? У цесным акварыуме ў самоце пакутуе Рыба-піла. Менавіта сярод іх Блакітнае шчаня і знаходзіць сапраўдных сяброў.
У выніку розных перэпетый — маніпуляцый па пераўтварэнні Чорнага ката ў навамоднага сабачку Чых-ах-уа-уа і многіх іншых эпізодаў-парадоксаў — выкрываюцца падманы, скандалы… Леў — у гневе, яго жонка — у адчаі. Але Блакітнае шчаня неўзабаве выпраўляе становішча, і цяпер для ўсіх яно сапраўдны герой. І менавіта дзякуючы гэтаму незвычайнаму шчаняці, яго душэўнай чуласці, дабрыні Леў праяўляе высакароднасць і адпускае звяроў на волю.
Гісторыя павучальная шмат у чым, бо ў ёй закрануты нязменныя, як свет, ісціны. Яна і пра сапраўднае сяброўства, і пра тое, што тайнае аднойчы становіцца яўным, падман выкрываецца, а дабро перамагае; і пра тое, што трэба заставацца самім сабой, нягледзячы на модныя павевы, захоўваць сваю індывідуальнасць, нават калі цябе на разумеюць і выракаюцца.

Дарэчы, гэтыя сур’ёзныя тэмы аўтары мюзікла перадаюць лёгка, непасрэдна і даступна. У музыцы — пазнавальны стыль Г.Гладкова, у якім гарманічна спалучаюцца эстрадная і акадэмічная традыцыі, песенныя формы і оперна-сімфанічны пачатак. Усходні каларыт украпваецца ў музычную тканіну пакрысе, як і вядомыя музычна-танцавальныя жанры — вальс, які эфектна характарызуе Свецкую львіцу, танга — сімвал спрытнага і вынаходлівага Чорнага ката (“Трэба жыць умеючы”), рок-н-рольныя і эстрадна-джазавыя рытмы. Свае фарбы прыўносіць у музыку аранжыроўка Ільі Палякова, у якой шмат выразна агучаных інструментальных сола.

У вершах Ю.Энціна пануе непрыхаваны тонкі гумар. У спектаклі парадзіруюцца розныя праявы сучаснага культурнага асяроддзя. Цікавыя дэталі характарызуюць кожнага персанажа, што падкрэслена іх рухамі, пластыкай, танцамі, а таксама асобнымі рэплікамі. Выкананне артыстаў атрымалася непадробна жывым і запамінальным. Кожная мізансцэна прадумана і распрацавана да дробязей.

Яркі вобразны свет мюзікла створаны дзякуючы бліскучаму артыстызму, выдатным вакальным і танцавальна-пластычным здольнасцям выканаўцаў. Сярод іх — вядомыя артысты лаўрэаты міжнародных конкурсаў Наталля Глух (Львіца), Святлана Маціеўская (Рыба-піла), Дзяніс Нямцоў (Хамелеон), Дзмітрый Якубовіч (Бывалы марак) і маладыя акцёры нядаўнія выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва Аляксандра Вайцэховіч (Блакітнае шчаня), Юлія Шышко (Кенгуру), Ангеліна Падаляк (Панда), Эдуард Вайніловіч (Леў). Высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства прадэманстравалі Мікіта Залатар (Злы пірат), браты Аляксей і Сяргей Кілеса (адпаведна Чорны кот і Мядзведзь). У спектаклі таксама бралі ўдзел дэбютанты, сярод якіх — Анатоль Лагуценкаў (Конь у паліто), які стварыў даволі эфектную вобразную замалёўку ў шэрагу іншых музычных партрэтаў жывёл. Як заўсёды, цікавыя ў мастацкім вырашэнні касцюмы Юліі Бабаевай, якая не здрадзіла свайму ўлюбёнаму стылю ф’южн, з дапамогай якога яна знайшла своеасаблівае спалучэнне ўсходніх матываў і поп-арту, кантраст высакароднасці і прыгажосці чыстых фарбаў і крыклівай колеравай гамы гламуру. Сцэнаграфія Андрэя Меранкова вырашана ў адпаведнасці з функцыяй дэкарацыйнага афармлення невялікай сцэнічнай прасторы як умоўнага месца дзеяння з выкарыстаннем арыентальнага арнаменту і рамантычнага блакіту дрыготкіх далячынь — рэальнасці і мары. У гэтым важную ролю выконвае і светлавое афармленне Сямёна Давыдзенкі.

“Блакітнае шчаня” — цудоўны падарунак усім прыхільнікам Мельпамены. Так атрымалася, што на прэм’еры спектакля маімі суседкамі аказаліся шасцігадовая Ангеліна з Мінска і сямігадовая Вірынея з Салігорска разам з бабуляй, якая жыве ў Смалявічах. Вера Цімафееўна — сапраўдны тэатраман, добра ведае ўсе сталічныя тэатры і іх рэпертуар. З “Тэрыторыяй мюзікла” пазнаёмілася ўпершыню і вельмі зацікавілася. У антракце яе дзяўчынкі ахвотна падзяліліся ўражаннямі. З усіх звяроў ім асабліва спадабаўся Леў. А калі маленькія сабачкі крыўдзілі шчаня, дзяўчынкі нават плакалі.

Тэатральны сезон прыйшоў да завяршэння. Зноў убачыць мюзікл можна будзе толькі ў кастрычніку. Але тым, хто паспеў пазнаёміцца з ім у чэрвені, упэўнена, хопіць уражанняў на ўсё лета, да новага тэатральнага сезона. Зараз жа ў “Тэрыторыі мюзікла” да прэм’еры рыхтуецца пастаноўка мюзікла Тома Кіта і Браяна Ёркі з рабочай назвай “Недалёка ад нормы”, у якой чакаюцца новыя адкрыцці нязведаных магчымасцей жанру.

Вера ГУДЗЕЙ-КАШТАЛЬЯН.