Быў кожны твор – як адкрыццё

Напэўна, не знойдзеш ніводнага школьніка ці настаўніка, хто б не ведаў, хто б не чытаў надзвычай займальных, багатых на выдумку і досціп, вершаў і казак выдатнага дзіцячага пісьменніка, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра Артура Вольскага. Яны ўвайшлі ў шматлікія чытанкі і падручнікі, даўно сталі каштоўным здабыткам роднай літаратуры. Дарэчы, 23 верасня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння Артура Вольскага.

Сын вядомага драматурга, празаіка, вучонага, аўтара славутага “Несцеркі” — Віталя Вольскага, ён у дзіцячыя гады бачыўся (і не адзін раз!) з Янкам Купалам і Якубам Коласам, бываў у іх у гасцях. Іван Дамінікавіч, паслухаўшы аднаго разу яго вершы, нават падарыў яму аўтаручку, чым школьнік Артур асабліва ганарыўся. А да вайны вучыўся ў сталічнай 25-й чыгуначнай узорнай беларускамоўнай школе, якая насіла імя вядомага дзяржаўнага дзеяча Беларусі Аляксандра Чарвякова, дзе ў свой час вёў урокі геаграфіі будучы класік дзіцячай літаратуры Янка Маўр.
З самім жа Артурам Вольскім (праўда, у паралельным класе) вучылася Рыма Шаршнёва. Гэта мужная партызанка загінула ў баі, ратуючы параненага камандзіра. Пасля вайны ўжо з-пад пяра паэта з’явіцца шчымлівы верш “Памяці сяброў”, у якім ёсць такія радкі: “Быў клас. Было нас — дваццаць восем. І толькі сем прыйшло назад”. Згадаўшы многіх сяброў пайменна, ён аддасць даніну ўдзячнай памяці і ёй, аднакласніцы Рыме: “Шаршнёва Рыма. Партызанка. Скасіў варожы кулямёт”.
Як і шмат хто з яго аднагодкаў, Артур Вольскі зведаў усе нягоды ваеннага ліхалецця. Васямнаццацігадовым юнаком прызваны ў армію, служыў на караблях, ваяваў супраць японскіх захопнікаў, адзначаны баявымі ўзнагародамі. Вярнуўся ў родны Мінск толькі праз дзесяць гадоў. Вярнуўся да мірнага жыцця, каб, як і сам прызнаваўся, “пачаць усё нанова”.
І пачаў. Не з графікі і жывапісу, якім вучыўся да вайны ў віцебскім мастацкім вучылішчы, а з літаратуры, з працы ў рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”: загадваў аддзелам культуры і кіраваў літаратурным аб’яднаннем. А якім яно было, хто набіраўся ў ім майстэрства, сілы для ўзлёту, яскрава засведчыць адзін пералік імён: Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Янка Сіпакоў, Уладзімір Паўлаў, Міхась Стральцоў, Барыс Сачанка, Сымон Блатун, Генадзь Кляўко… Паэты і празаікі, якія змаглі ўпісаць сваю, адметную старонку ў летапіс роднай літаратуры.
Калі ж у рэспубліцы пачала выходзіць “Вясёлка” — ён быў прызначаны адказным сакратаром гэтага новага дзіцячага часопіса. Працаваць выпала побач з Васілём Віткам. Дбаючы пра літаратуру для маленькіх чытачоў Беларусі, нястомна ўвіхаўся на ўласным творчым палетку, рабіў усё, каб не было сорамна ні перад кім за сваю літаратурную гаспадарку. Паэзія, проза, драматургія, пераклады, публіцыстыка, крытыка, супрацоўніцтва з кампазітарамі…
Ён вылучаўся зайздроснай працавітасцю, быў праніклівым знаўцам чалавечых душ і характараў, добра ведаў жыццё. Яму не даводзілася нічога выдумляць, яму было што расказаць і дарослым, і дзецям — цёпла, з заўсёднай усмешкай, цікава.

Мне выпадала не адзін раз выступаць з ім у школах і бібліятэках, і я заўсёды дзівіўся, як умела, з артыстычнай хваткай авалодваў ён любой аўдыторыяй. Хто сам бываў на такіх сустрэчах, ведае: утрымаць дзіцячую аўдыторыю, прымусіць няўседлівых хлопчыкаў і дзяўчатак слухаць цябе — не так ужо лёгка, як таго хочацца.
Часта ён, калі яму давалі слова, з ходу “агарошваў” дзяцей:
— Вы ведаеце, хто я?
Дзеці імгненна сцішваліся, пачыналі пераглядвацца між сабою, каб нешта адказаць шаноўнаму госцю.
— Я — боцман! — узнёсла прамаўляў Артур Вітальевіч, а дзеці яшчэ больш цішэлі, мабыць, гадаючы ў думках, хто ж ён, гэты пісьменнік, і чаму ён боцман? І наогул, хто такі боцман?
Сакрэт раскрываўся хутка: аказваецца, такі чын, такая надзвычай важная “пасада” ёсць у марфлоце, на караблях. А ў час Вялікай Айчыннай вайны Артур Вітальевіч служыў якраз карабельным боцманам на Далёкім Усходзе. Прызнаюся, мне самому нават цяжка было ўявіць яго, дваццацігадовага, бывалым “марскім воўкам”, вусатым, як у тым кіно, суровым, са свістком, а дзецям, напэўна, — тым болей.
Пачаўшы з успамінаў пра той далёкі і незабыўны час службы на флоце, паэт умела “трымаў курс” да сэрцаў тых, хто знаходзіўся ў зале, вяртаючы іх у нашы дні, у іх жыццё, вучобу, клопаты, сяброўства, захапленні. І для гэтага ў яго паэтычным куфэрку заўсёды знаходзіліся вязанкі вясёлых і сур’ёзных вершаў, прасякнутых іскрынкамі дасціпнага гумару, цеплынёй яго добрага сэрца.
Здаралася, Артур Вітальевіч раптам мяняў “кружэлку”, гулліва пераўвасабляўся ў казачнага персанажа і знарочыста-старэчым голасам заводзіў: “Хто я? Дзед-барадзед, абышоў белы свет…” Тады дзятва ажно ўсхоплівалася з месцаў, дружна падхоплівала куплет, пачынала гэтак жа гулліва падпяваць яму, бо песеньку Дзеда-барадзеда з вячэрняй тэлекалыханкі, якая на працягу многіх гадоў не сыходзіла з эфіру, ведалі, здаецца, усе: і самі дзеці, і іх бацькі, людзі дарослыя.

Я хаджу па белым свеце
І гляджу, як вы жывеце.
Калі трэба — памагу,
Бо я ўсё рабіць магу.
Хто я? Дзед-барадзед,
Абышоў белы свет,
А цяпер у ціхі час
Завітаў да вас…

Потым дзетак-малалетак укладвалі спаць “Калыханкі”, створаныя іншымі аўтарамі, але ж “Калыханка” на словы Артура Вольскага была першай жаданай госцяй вячэрняга тэлеэкрана, спеўнай “нянькай” дашкольнай дзятвы.
Дарэчы, менавіта ён, Артур Вольскі, стаў таксама аўтарам лібрэта першай беларускай дзіцячай аперэты “Сцяпан — вялікі пан”, якая доўгі час з поспехам ішла на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі.
Тое, што паэт умеў знайсці ключык да дзіцячых сэрцаў, зацікавіць іх незвычайнасцю і казачнасцю сюжэтаў, зачараваць мелодыкай радка, такой сакавітай рыфмай, якая, хочаш таго ці не хочаш, сама нібы чапляецца за дзіцячы язычок, я пераканаўся… на сваіх дзецях. Памятаю, не было ратунку ад сына, які, яшчэ не ўмеючы чытаць, кожны дзень неадчэпна прасіў мяне дый бабу з дзедам (усё ж лета бавіўся ў вёсцы), каб яму чыталі кніжку “Лясныя мастакі”, з песенькай паравоза: “Я бягу, бягу, бягу — гу-гу-гу, з рэек збочыць не магу — гу-гу-гу!” Асабліва падабаўся малому верш пра парсючка, які нечакана захварэў:
Захварэў парсючок,
лёг на левы бачок.
І на радасць мушкам
не варушыць вушкам.
І не водзіць лычам,
як яго ні клічам…

А іх, парсючкоў, на дзедавым падворку з дзясятак ад ранку да вечара бегала. Толькі які з аблавухіх прытоміцца ды прыляжа на сонейку прыгрэцца, як малы кідаўся ў хату: “Захварэў парсючок, лёг на левы бачок! Трэба доктара хутчэй! Гэта, без сумнення, лёгкіх запаленне!” Сын сыпаў радкамі з верша і ўсё, што адбылося, успрымаў усур’ёз: раз парсючок лёг, значыць, захварэў і яго трэба лячыць. Ён быў перакананы ў гэтым. Пачуццё спагады не давала малому спакою: хапаў з талеркі блін, парсючку нёс. А таму ўжо млосна і няўлежна ад сонейка стала, ад тых жа надакучлівых мушак, падняўся, сам да ганка падышоў, нібы чакаў яго пачастунку. “Будзе жыць! Будзе жыць!” Зноў жа радкамі верша выказваў сваю радасць малы дабрадзей.
І як тут не паверыць у магію слова, у тую сілу і чароўнасць, што закладзены ў яго, не пераканацца лішні раз: размаўляць з дзецьмі, разумець іх душу, быць сваім у свеце дзіцячых захапленняў, нязмушана праз малое далучаць свайго чытача да вялікага жыцця — трэба ўмець. І гэты талент не ўсім дадзены. А ў Артура Вольскага ён быў.
Можна цалкам пагадзіцца з высновай нашага выдатнага майстра паэтычнага слова Рыгора Барадуліна: “Артур Вольскі быў адным з першых пасляваенных літаратараў, якія пачыналі па-сур’ёзнаму мудра і даходліва, з захапленнем гаварыць з маленькім чытачом”. І сапраўды, з гадамі клопат “пра самую неабходную кожнай літаратуры, кожнай культуры змену — пра маленькіх чытачоў” стаў “самым большым клопатам Артура Вольскага”. Нават самая першая кніжка паэта, якая выйшла ў 1955 годзе, адрасавалася ім — “Маленькім сябрам”.
Хоць не пераставалі трывожыць паэтычнае ўяўленне і натхненне “Водбліскі далёкіх маякоў”, “Далёкія і блізкія прычалы”, “Выратавальны круг”, “Дабрата” і “Строма”, “Наваселле дрэў”, паэт з гэтага часу ніколі не забываў пра “падарункі” дзецям. Як школьнікам, так і дзетсадаўцам. Па-свойму арыгінальны і непаўторны, добразычлівы і патрабавальны, сур’ёзны і вясёлы, ён быў надзвычай шчодры на іх. Пасля вайсковай службы на флоце яму быццам было наканавана самім далейшым жыццём: працаваць, здзяйсняць творчыя задумы там, дзе заўсёды мог знаходзіцца бліжэй да дзятвы, да моладзі, — у часопісах “Вясёлка” і “Бярозка”, дырэктарам Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, рэдактарам выдавецтва “Юнацтва”, настаўнікам. Так-так, і школьным настаўнікам!
Як і выдатны казачнік і педагог Васіль Вітка, Артур Вітальевіч Вольскі лічыў, што любові да роднай мовы, да нашага слова і літаратуры, гісторыі і спадчыны свайго краю, нават да роднай прыроды дзяцей трэба вучыць з дзіцячага садка, са школьнай парты. І рабіць гэта з душою, вынаходліва, жывой, а не казённа-кніжнай мовай. У яго было шмат знаёмых і сяброў сярод людзей, хто працаваў ва ўстановах, звязаных з вучобай і выхаваннем дзяцей. Ці не таму, будучы старшынёй секцыі дзіцячай і юнацкай літаратуры нашага Саюза пісьменнікаў, ён час ад часу наладжваў яе пасяджэнні непасрэдна ў школах сталіцы, каб лепей ведаць, што больш цікавіць нашых чытачоў, настаўнікаў, якія творы ім патрэбны.
Мабыць, не кожны б з нас, літаратараў, не маючы ніякай педагагічнай практыкі, раптам апантана акунуўся ў вір школьнага жыцця, стаў педагогам, паспытаўшы смак настаўніцкага хлеба ў адной са школ мікрараёна Уручча. Не кожны б адважыўся, а ён не пабаяўся рызыкнуць. І, як аказалася, яго ўрокі, яго “школьная практыка” расцягнуліся не на адну школьную чвэрць, не на адзін год!

У свой час мне давялося пабываць на першавераснёўскай лінейцы ў той школе. Нумар яе, на жаль, выветрыўся з памяці, а ў самога Артура Вітальевіча ўжо не спытаеш, не зможаш удакладніць. Але запомніліся словы, пачутыя ў настаўніцкай: “Яго кожны ўрок быў як нейкае адкрыццё”. А я не пабаюся дадаць яшчэ: “І кожны твор”. Хто будзе чытаць іх, той адразу заўважыць гэта.
Ён нарадзіўся 23 верасня 1924 года. А 5 верасня 2002 года, калі ў школьных калідорах, магчыма, чулася яшчэ знаёмая, пранікнёная мелодыя песні: “Фарбуе верасень лісты ў агністы колер, сышліся зноў і я і ты ў роднай школе…”, напісанай на словы Артура Вольскага, ён ціха развітваўся з жыццём, не змогшы перамагчы цяжкую хваробу, назаўсёды адышоў ад нас. Пайшоў з жыцця, пакінуўшы ў дар нашчадкам сваю любоў і таемную святлынь падказаных сэрцам твораў, багатых на жыццёвую мудрасць і хараство кніг. Калі б іх сабраць ды паставіць адна за адной, яны занялі б цэлую паліцу. Не толькі ў дамашняй, а і ў гарадской ці вясковай бібліятэцы, куды ён заўсёды ахвотна ішоў, каб сустрэцца з гаманлівай дзятвой, з чытачамі, з тымі, для каго жыў і захоплена тварыў.
Не кожны боцман можа дамагчыся такога высокага ўзлёту — стаць капітанам карабля. А ён, Артур Вольскі, змог. Змог стаць у шэраг прызнаных камандораў і рупліўцаў, каб сказаць усім, хто рыхтуецца ступіць на палубу гэтага чароўна-казачнага лайнера, які плыве ў шырокі свет жыцця, у будучыню пад назвай “Беларуская дзіцячая літаратура”, такія запаветныя словы: “Цяпер выхаваўчае значэнне дзіцячай літаратуры ўзрастае, хоць ёй і даводзіцца нялёгка. Неабходна ўступаць у своеасаблівае спаборніцтва з тэлебачаннем, кіно, якія часта бяруць знешняй прывабнасцю, маляўнічасцю. Слова ж тады прыйдзецца да дзіцячага сэрца, калі яно ідзе з самай глыбіні. Быць дзіцячым пісьменнікам і не любіць дзяцей — нельга. Калі б з’явіўся такі літаратар, дык, магчыма, ён і дасягнуў бы нейкага майстэрства, а вось што датычыцца шчырасці, непасрэднасці, сумняваюся”.
Як не прыслухацца да голасу Майстра і Настаўніка?!

Мікола ЧАРНЯЎСКІ.