Дотык да прыгожага

У бібліятэцы Ганцавіцкай гімназіі, каб падкрэсліць важнасць кнігі ў нашым жыцці, арганізавана незвычайная кніжная выстава. Галоўным экспанатам тут з’яўляецца кніга, якая выклікае неймаверную колькасць пытанняў. Яна спрэчная і адначасова неаспрэчная. Гэта адзіны экзэмпляр у бібліятэцы, і інвентарны нумар у яе заўсёды будзе № 1. Паступлення такіх кніг у бібліятэку больш не прадбачыцца. Такім своеасаблівым чынам хачу прадставіць “Летапіс гімназіі”.

Гэта гісторыя гімназіі ў лёсах яе настаўнікаў і вучняў. Напісанне летапісаў — складаная і адказная справа. У летапісе няма аднаго аўтара, напэўна, ніколі і не будзе, таму што летапісы ствараюцца стагоддзямі. Як жа ствараўся наш летапіс? Мы выкарыстоўвалі ўспаміны настаўнікаў, газетныя выразкі і фотаздымкі, якія захаваліся ў архіве нашай бібліятэкі. Значнай крыніцай інфармацыі пра дасягненні гімназістаў і настаўнікаў былі і матэрыялы, адлюстраваныя ў гімназічнай газеце і на сайце гімназіі. У выніку творчай групе настаўнікаў удалося напісаць падрабязную гісторыю Ганцавіцкай гімназіі за апошнія 18 гадоў.

Летапіс аформлены ў адзіным стылі, мае прыгожы аксамітны пераплёт і спецыяльнае цісненне. Старонкі ў летапісе пракладзены калькай. Да верхняй часткі вокладкі прымацавана стужачка — лясэ. Засцёжка ручной работы, зробленая для кнігі, надае ёй высакародны і велічны выгляд.
Таксама ў экспазіцыі незвычайных кніг прадстаўлены самаробныя мініяцюрныя кнігі. Іх больш за 50 экзэмпляраў, і ўсе зроблены педагогам дадатковай адукацыі Наталляй Генадзьеўнай Задружнай. На стварэнне гэтай унікальнай калекцыі Наталля Генадзьеўна калісьці натхнілася, паглядзеўшы перадачу пра мініяцюрныя кнігі. Скура, крафт-папера і льняныя жгуты — вось тыя матэрыялы, якія яна выкарыстоўвала пры стварэнні сваіх цуда-кніжак. А самая галоўная іх іскрынка — так званы копцкі пераплёт. Гэтую тэхніку змацавання аркушаў ручной прашыўкай вынайшлі яшчэ ў пачатку нашай эры егіпецкія хрысціяне-копты. З таго часу такі спосаб лічыцца адным з самых прыгожых і надзейных у пераплётным мастацтве.

Кожная самаробная кніга ў калекцыі Наталлі Генадзьеўны Задружнай — гэта сапраўдны твор мастацтва: з ювелірна напісанымі тушшу тэкстамі, прыгожымі застаўкамі, вытанчанымі шрыфтамі. І тэксты ў гэтых мініяцюрных кнігах падабраны з асаблівай дбайнасцю: прыпавесці, прыказкі, мудрыя думкі і выказванні.

Якімсьці дзівосным чынам значэнне кнігі вырастае, калі яна сама памяншаецца. Але не толькі слова, заключанае ў кнізе, прыцягвае нас у міні-выданні, а яшчэ абвостранае адчуванне формы, трапятанне ад дотыку да прыгожага. Кнігі выклікаюць моцныя эмоцыі. І пачуцці прыходзяць у лад, у рэзананс і з прачытаным, і з перажытым, і з тым, чым душа жывая сёння… у кнігах.

Святлана ЧЭКУН,
бібліятэкар Ганцавіцкай гімназіі.