Дзіця робіць кнігу…

Дзіця робіць кнігу… Яно не ўмее яшчэ нават толкам чытаць — ну а хіба будзеш патрабаваць гэтага ад 3—4-гадовага дзіцяці? Але ўжо робіць кнігу! Сваю! Першую! Ведаючы, што яна выйдзе ў адмысловай “Дзіцячай друкарні” і што на свяце Дня беларускага пісьменства гэтую кнігу ўбачаць, нават патрымаюць у руках сур’ёзныя дарослыя дзядзі і цёці, будуць гартаць яе і ўсміхацца, захапляцца, здзіўляцца… Так, так, гэтае 3—4-гадовае дзіця, якое само робіць кнігу, ужо ведае, што ёсць такое свята — Дзень беларускага пісьменства. Яно, можа, яшчэ і зусім не разумее сэнс слова “пісьменства”, але нейкім дзіўным чынам адчувае, што гэтае незразумелае пісьменства цесна звязана з тым, што яно зараз робіць. А яно робіць кнігу…

Шчучынскі яслі-сад № 7, дзе мне давялося пабачыць калекцыю з лепшых самаробных кніг, прадстаўленых на агляд-конкурс “Кніга сваімі рукамі”, мяне ўразіў яшчэ да таго, як я зайшоў унутр. Роўненькія алейкі з акуратна выстрыжаным кустоўем, неверагодна прыгожыя кветнікі, “разумныя” клумбы — гэта значыць высаджаныя так, каб у іх чытаўся зразумелы дзецям сэнс…
Як уразілі мяне і людзі, якіх я сустрэў ва ўстанове: загадчыцу Наталлю Мікалаеўну Панімаш і выхавальніцу Алену Антонаўну Кірэеву. Менавіта на іх вачах і з іх дапамогай нараджаліся цудоўныя лялькі і самаробныя кніжкі з “Дзіцячай кнігарні” ясляў-сада № 7 Шчучына.
Наталля Мікалаеўна Панімаш: “Сэнс жыцця — у дзецях. Гэта нашы кветкі. І колькі ўвагі, колькі любові, колькі энергіі ў іх укладзеш — усё гэта адгукнецца нам потым. Я ўсё раблю для таго, каб дзеткам было тут добра і каб бацькам было спакойна іх нам аддаваць”.
Алена Антонаўна Кірэева: “Дзеці знаёмяцца з сапраўднай кнігай, а потым яны самі робяць гэтую кнігу. Яны нясуць яе перад сабой, прыносяць дамоў сваім бацькам і кажуць: “Пачытайце…”

Метадыст Шчучынскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Святлана Генадзьеўна Бакун расказвае, што ідэя правесці раённы агляд-конкурс “Кніга сваімі рукамі” сярод устаноў дашкольнай адукацыі Шчучынскага раёна ўзнікла не на пустым месцы і не з адзінай толькі ўстаноўкі, што сістэме дашкольнай адукацыі таксама неяк трэба было адгукнуцца на Дзень беларускага пісьменства. Гэтае свята толькі падштурхнула арганізатараў агляду-конкурсу да арыгінальнай задумкі. А мэты мерапрыемства фактычна не выходзілі за межы штодзённых: з самых ранніх гадоў прывіваць дзецям цікавасць да мастацкай літаратуры, роднай мовы, нацыянальнай культуры і традыцый; выхоўваць у дзецях асновы патрыятызму; далучаць дзяцей да мастацкай дзейнасці, развіваць іх творчыя здольнасці, мастацкі густ, уяўленне, фантазію; прывучаць да беражлівых адносін да рукатворных прадметаў і наогул да ўсяго, у што ўкладзена душа чалавека. Новым было хіба толькі тое, каб утварыць нешта накшталт маленечкага культурнага шоку — прапанаваць дзеткам самім, сваімі рукамі, стварыць кніжачку паводле іх любімых народных казак, вершаў і пацешак, аформіць іх самымі рознымі спосабамі, ад звычайнага малявання да аплікацый. Ужо для дарослых “друкароў” былі дадатковыя патрабаванні: вокладкі кніжачак павінны былі быць заламініраванымі; памер мусіў быць А4; у адной самаробнай кніжцы можа быць адна ці некалькі беларускіх казак або твораў іншых жанраў, разлічаных на дзяцей; на вокладцы павінна быць пазначана назва “выдавецтва”, у якой выйшла кніга, і аднатыпны лагатып “выдавецкай серыі”. Зрэшты, “выдавецтва” было адно для ўсіх — “Дзіцячая друкарня”. Мяняліся толькі філіялы: “Дзіцячая друкарня дзіцячага сада № такі вось ці такі вось…” А лагатыпам серыі быў лагатып Дня беларускага пісьменства.
Вось і ўсё. У выніку атрымаўся цуд. Шмат цудаў: кожная ўстанова дашкольнай адукацыі Шчучыншчыны прыняла ўдзел у аглядзе-конкурсе, прадставіўшы на суд журы дзясяткі самаробных кніжак з адной вялікай шчучынскай “Дзіцячай друкарні”. І кожная кніжка была не падобная на іншую. Маляванне, аб’ёмнае маляванне, аплікацыя паперай, саломкай і нават фольгай ці кампакт-дыскамі, вышыванне… На што толькі ні ішлі маленькія друкары (ну, зразумела, не без сваіх дарослых памочнікаў — бацькоў і выхавальнікаў), каб потым з гонарам паказаць сваю самаробную кнігу. Адным ва ўсіх быў толькі беларускі літаратурны змест побач з ілюстрацыямі. “Лісічка і зайчык”, “Коцік Петрык і Мышка”, “Пшанічны каласок”, “Курачка Раба” — і ніякіх там катоў Гарфілдаў!
А далей — больш. У дадатак да кніжак дзецям было прапанавана стварыць лялькі па матывах любімых твораў. І тут таксама не было нястачы ў энтузіязме, празе яшчэ нешта зрабіць сваімі рукамі. Цяпер ці не ў кожнай установе дашкольнай адукацыі Шчучыншчыны ёсць цэлы набор, неабходны для адмысловых заняткаў па навучанні чытанню: вось, калі ласка, кніжачка — яе можна пачытаць і разгледзець, вось, калі ласка, лялька — яна быццам выйшла з гэтай кніжачкі, і малое можа прытуліць яе да сябе. А можна рабіць і цэлыя кніжныя спектаклі-перформансы, удзельнікамі якіх будуць і кнігі, і лялькі, і дзеці…
Усё гэта застанецца: і самаробныя кнігі, і самаробныя лялькі. Усё гэта будзе выкарыстоўвацца як метадычны матэрыял. І ўсё гэта можна будзе пабачыць на дзіцячай пляцоўцы на свяце Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне.
Але, мабыць, не гэта нават галоўнае, а тое, што… дзіця робіць кнігу. Хай сабе нават з дапамогай дарослага — гэта нават лепш, гэта збліжае дзяцей і бацькоў, дзяцей і выхавальнікаў. Але яно робіць, робіць кнігу.
І калі-небудзь гэта адгукнецца. Калі-небудзь дзіця пра гэта ўспомніць.

 

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і БелТА.