Фатограф, эсэіст, выкладчык Вольга БУБІЧ: “Фатаграфія не павінна падманваць…”

Днямі ў сталічнай галерэі “Універсітэт культуры” адбылася прэзентацыя фотапраекта “20 жанчын”. Яго аўтар — фатограф, фотакрытык, эсэіст, выкладчык БДУ (на факультэце філасофіі і сацыяльных навук выкладае англійскую мову для будучых сацыёлагаў і псіхолагаў і студэнтаў аддзялення сацыяльнай камунікацыі, а на старшых курсах Інстытута журналістыкі па-англійску выкладае для студэнтаў-міжнароднікаў факультатыўны курс “Фатаграфія ў візуальным даследаванні”) Вольга Бубіч — стварыла сапраўды ўнікальную галерэю жаночых фотапартрэтаў, забяспечыўшы кожны з іх яшчэ і вербальнымі адказамі гераінь на пытанні: “Якімі характарыстыкамі мусіць валодаць чалавек, з якім вы хацелі б звязаць сваё жыццё? Якім ён вам бачыцца, ваш ідэальны партнёр? “20 партрэтаў дзяўчат і жанчын ва ўзросце ад 16 да 37 гадоў, якія жывуць у 13 краінах свету ад Літвы да Гамбіі, і 20 жаночых галасоў… Чаго ж яны хочуць?
Такім чынам, жанчыны пачынаюць і выйграюць ці, прынамсі, вельмі хочуць выйграць… у той вялікай гульні з лёсам. дзе на кон пастаўлены іх жыццёвае і сямейнае шчасце, абароненасць ад душэўнага і фізічнага дыскамфорту. І відавочна, што такі фотапраект таксама мог нарадзіцца ў галаве толькі жанчыны — актыўнай, дапытлівай, вострай у сваёй назіральнасці…

— Вольга, як увайшла ў ваша жыццё фатаграфія? Гэта быў нейкі знешні штуршок (убачаны фотаздымак, знаёмства з захопленымі фотасправай людзьмі і інш.) або нейкая ўнутраная ўспышка, азарэнне, маўляў, я гэтага хачу і магу?
— Усё пачалося дастаткова даўно, таму, напэўна, наконт нейкай успышкі і наогул нейкай усвядомленасці выбару гаварыць не выпадае. Фатаграфія была дастаткова папулярным захапленнем савецкіх падлеткаў. Мне было, можа, гадоў якіх адзінаццаць або дванаццаць, калі бацькі падарылі мне фотаапарат, натуральна, тады яшчэ плёначную “Змену”, і фатаграфія пачалася проста як захапленне, якіх, дарэчы, у мяне заўсёды было нямала. Тады, у падлеткавым узросце на зыходзе савецкай эпохі я фатаграфавала ўсё, што траплялася на вочы, — аднакласнікаў, школу, дом, сястру… Памятаю, першыя плёнкі атрымліваліся чорнымі, потым неўзабаве пачало атрымлівацца лепш. Дарэчы, літаральна некалькі гадоў назад я амаль выпадкова знайшла некалькі праяўленых, але ніколі не друкаваных маіх плёнак таго часу, і мне было дастаткова прыемна вярнуцца туды — у Савецкі Саюз, у свае юныя гады, і паглядзець цяпер ужо зусім іншымі вачыма на тое, што ўяўляла для мяне цікавасць у навакольным асяроддзі ў той час.

— А калі зразумелі, што можаце зрабіць нешта сапраўды адметнае і значнае ў фотамастацтве?
— У свой час для мяне стаў такім сігналам той факт, што наш мэтр Вадзім Качан запрасіў мяне разам з трыма іншымі беларускімі фатографамі прадстаўляць беларускую фатаграфію на Міжнародным фестывалі маладой расійскай фатаграфіі (хоць гэты форум называўся так, у ім бралі ўдзел і фатографы сумежных з Расіяй краін). Гэта быў сапраўды вельмі прыемны сігнал, які дазволіў мне думаць: калі такія прапановы-запрашэнні паступаюць ад прызнаных прафесіяналаў, то, магчыма, тое, што я раблю ў фатаграфіі, і не зусім на ўзроўні хобі.

— У вашай творчай даробцы да “20 жанчын” ужо быў шэраг знакавых фотапраектаў, у тым ліку тыя, якія атрымалі дастаткова шырокую агалоску ў творчых колах і СМІ. У прыватнасці, прыгадваецца ваш праект “Горад унутры” — праект, прысвечаны Мінску і яго моладзі. “20 жанчын” — гэта нейкая новая прыступка ў вашым творчым, прафесійным развіцці?
— Не думаю, што гэта можна назваць нейкай прыступкай, рухам уверх. Рух уверх быў бы, калі б праект заўважылі і адзначылі, скажам, на конкурсе World Press Photo. (Усміхаецца.) Проста, разумееце, калі фатограф задумвае і пачынае працаваць над нейкім сур’ёзным, на яго думку, фотапраектам, ён так ці інакш пачынае думаць і пра тое, што будзе ў выніку, — ці праект будзе потым надрукаваны ў нейкім часопісе, ці гэта будзе выстава, фотакніга ці яшчэ што-небудзь. Заўсёды хочацца дайсці да нейкага этапу, неяк закругліць праект, атрымаць пэўны прадукт і ўрэшце сабе самой сказаць, што праект закончаны і цяпер трэба чакаць зваротнай сувязі. Так і атрымалася з праектам “20 жанчын”: фотаздымкі рабіліся, гісторыі збіраліся, а пэўным вынікам стала выстава ў галерэі “Універсітэт культуры”. Для мяне гэта нейкае выказванне, нейкае пытанне, нейкая праблематыка, якую хацелася закрануць. Безумоўна, хацелася б, каб і гледачы, якія паглядзяць гэтую выставу, таксама задаліся пэўнымі пытаннямі, магчыма, зрабілі для сябе пэўныя высновы, напрыклад, больш уважліва ставіліся б да жаданняў адно аднаго ў сферы гендарных, міжасобасных адносін.

— Як нараджаўся гэты праект? Ці быў нейкі канкрэтны пункт адліку?
— У 2012 годзе ў якасці трэнера я ўдзельнічала ў міжнародным адукацыйным праекце, арганізаваным дацкімі журналістамі, па стварэнні ў Гамбіі адмысловай установы журналістыкі, дзе гамбійскія студэнты маглі б атрымаць прафесійную адукацыю. Карацей кажучы, у кароткія тэрміны (за 2 тыдні) я павінна была выкласці гамбійскім студэнтам асновы педагогікі, каб яны потым самі маглі выкладаць у сваім прэс-цэнтры. І там я пазнаёмілася з 27-гадовай гамбійкай Нгуі. У адзін золкі жнівеньскі вечар мы правялі больш за тры гадзіны з ёй на даху аднапавярховіка, у якім жыло некалькі сямей. Мы проста гутарылі з ёй пра жыццё, пра жанчын, пра тое, да чаго яны імкнуцца і чаго ім нестае, пра каханне і абавязкі (як іх разумеюць жанчыны і мужчыны), пра жаданне быць зразуметым у гэтым жыцці і нават пра ўменне на ўсё паглядзець з гумарам… І раптам у гэтай шчырай размове мне адкрылася наша з ёй падабенства! Высветлілася, што нас хвалявалі, па сутнасці, адны і тыя ж праблемы, хоць мы і жывём у розных кутках свету. Розніца, можа, толькі ў тым, што яны ўсё робяць з усмешкай, атрымліваюць асалоду ад кожнага імгнення жыцця, ад таго малога, што маюць (Гамбія ж з’яўляецца адной з дзесяці самых бедных краін свету!), і нам, магчыма, у гэтым сэнсе ёсць чаму ў іх павучыцца. Тая гутарка з Нгуі мяне і падахвоціла звярнуцца з адным і тым жа пытаннем да розных жанчын з розных краін і зрабіць адмысловы фотавербальны праект, які б нагадваў у той жа час пэўнае кроскультурнае даследаванне. У 2013 годзе я зноў ездзіла ў Гамбію ўжо з мэтанакіраваным жаданнем фатаграфаваць і апытваць. Былі і іншыя паездкі, напрыклад, у Арменію, дзе я таксама пазнаёмілася з цікавымі жанчынамі і дзяўчатамі. З некаторымі знаёмымі, каго фатаграфавала яшчэ раней, звязвалася па інтэрнэце, і яны дасылалі мне свае пісьмовыя адказы. Вось так паступова і нараджаліся мае “20 жанчын”.

— Хто з вашых гераінь вас найбольш уразіў? Магчыма, якраз Нгуі?
— Ну, Нгуі — гэта само сабой. І, дарэчы, многія наведвальнікі выставы “20 жанчын” адзначаюць, у прыватнасці, яе экзатычнасць. Але па вялікім рахунку кожны чалавек быў у нейкай ступені адкрыццём. Кожны раз даводзілася здзіўляцца, што вось для гэтай гераіні важныя менавіта такія якасці ў яе партнёры, а для гэтай — зусім іншыя… Я ставіла пытанне максімальна шырока: “Якія якасці для вас важныя ў чалавеку, з якім вы хацелі б правесці большую частку свайго жыцця?” І мяне, напрыклад, вельмі здзівіла тое, што італьянкі адразу ж пачыналі гаварыць пра знешнасць мужчыны і толькі потым, як быццам пра нешта зусім нязначнае, пра яго характар. Гэта было вельмі нечакана, таму што большасць маіх рэспандэнтак пачыналі ўсё-такі з разваг пра ўнутраны свет партнёра, яго характар, інтэлектуальныя, камунікатыўныя якасці. А для італьянак важна тое, як ходзіць мужчына, як ён сядзіць, нават як складвае рукі… І міжволі з пэўным здзіўленнем думалася пра тое, што такія рэчы таксама для некага могуць быць істотнымі крытэрыямі.

— Ці маглі б вы коратка сфармуляваць асноўны месыдж вашага праекта?
— Коратка наўрад ці атрымаецца, таму што, мне здаецца, тут дастаткова шырокае поле для роздуму. Пачну з таго, што па статыстыцы за мінулы год у Беларусі, калі не памыляюся, было на 10 шлюбаў 9 разводаў. Чаму так адбываецца? Мабыць, таму, што моладзь прымае вельмі паспешлівыя рашэнні ў гэтым сэнсе, ставіцца да шлюбу як да нагоды весела правесці час, зладзіць прыгожую вечарынку для сваіх сяброў. А, магчыма, яшчэ ідзе на повадзе бацькоў, якія нярэдка думаюць толькі пра сябе і сваё жаданне хутчэй займець унукаў. А потым глядзіш — не праходзіць і года, як маладыя разводзяцца. Мне, напрыклад, у гэтым сэнсе больш імпануе Еўропа, дзе людзі ўступаюць у шлюб пасля некалькіх гадоў сумеснага пражывання, калі ўжо цалкам упэўнены ў сваім выбары. Бо на самай справе шлюб — гэта вельмі сур’ёзнае і адказнае рашэнне. Тут не павінна быць паспешлівасці, прыярытэту эмоцый. А для таго каб не прыняць мімалётнае эмацыянальнае рашэнне, чалавек павінен мець пэўныя крытэрыі, якім, на яго думку, мусіць адпавядаць яго палавіна. Дык вось для жанчын маё пасланне заключаецца найперш у наступным — не трэба апускаць планку, не трэба спрашчаць гэтыя крытэрыі. А мужчынам, якія наведаюць выставу і прачытаюць адказы жанчын, хацелася б пажадаць, каб яны сур’ёзна да іх паставіліся, каб зразумелі, што многім з іх трэба яшчэ падцягвацца і ў інтэлектуальных, і ў маральных, і ў іншых адносінах. Наогул жа, на выставе “20 жанчын” мне хацелася прадставіць не якуюсьці строга канцэптуальную фатаграфію, якая нікому незразумелая, і не нейкія банальныя фотаздымкі, якія нікому нецікавыя, а даць гледачам стымул для роздуму: а чаго я хачу? Што магу я змяніць у самім сабе?

— Ваш праект можна назваць у пэўным сэнсе герменеўтычным? Акрамя ўсяго, што вы толькі што сказалі, там яшчэ ёсць схаваныя сэнсы?
— Схаваныя сэнсы ёсць усюды. Мае сябры расказалі мне пра групу маладых людзей, некаторыя з якіх, чытаючы адказы жанчын, амаль абураліся: “Чаму яны ўсе гавораць пра мужчын, што яны нешта некаму павінны? Я нічога нікому не павінен!” Ведаеце, для мяне гэта быў такі адмысловы фідбэк ад беларускіх мужчын, многія з якіх і сапраўды лічаць, што яны нікому нічога не павінны. Але давайце задумаемся: калі ты выбраў цікавага моцнага партнёра, то, напэўна ж, ты і яму павінен, і сабе павінен — у тым плане, што мусіш самаразвівацца, хоць бы неяк рэфлексаваць. Хіба не так? Думаю, што так.

— Вольга, як вядома, вы прымаеце актыўны ўдзел у жыцці сучаснай беларускай фатаграфіі і ў якасці крытыка, пастаянна выступаеце з аналітычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі на фотавыставы і фотакнігі на сайце znyata.com. І ў той жа час нярэдка бываеце за мяжой, дзе таксама кантактуеце з фотажурналістамі і фотамастакамі… Ці маглі б параўнаць сітуацыю ў Беларусі і за мяжой? У чым прынцыповыя адрозненні айчыннай фотасупольнасці ад, скажам, еўрапейскай?
— Сапраўды, у мяне ёсць за мяжой знаёмыя фатографы, якія працуюць у самых розных жанрах, але, бадай, усе яны не асацыіруюцца з нейкімі інстытутамі ці супольнасцямі, прасцей кажучы, яны працуюць фрылансерамі. І я сама не з’яўляюся сябрам якой-небудзь арганізацыі, а пра асобных фатографаў і іх творчасць пішу толькі таму, што гэтыя людзі цікавыя асабіста мне, балазе, рэдактар сайта znyata.com ухваляе мае ідэі. Дарэчы, сайт робіць нямала для папулярызацыі беларускай фатаграфіі наогул і раскруткі новых імён у прыватнасці. Напрыклад, можна меркаваць, што дзякуючы менавіта нашым намаганням стала магчымым раскрыць феномен віцебскай фатаграфіі, якая існуе ў тым ліку і дзякуючы віртуальным Віцебскім фотамайстэрням, ініцыятарам стварэння якіх з’яўляецца бліскучы беларускі фатограф Аляксандр Велядзімовіч. Наогул жа, мне здаецца, што сёння беларуская фатаграфія знаходзіцца на стадыі станаўлення: у нас была вялікая хваля ўзлёту ў 90-я гады, звязаная з такімі імёнамі, як Уладзімір Парфянок, Галіна Маскалёва, Ігар Саўчанка і інш., потым з-за розных эканамічных і культурных прычын быў канстатаваны пэўны спад, і вось цяпер, хочацца верыць, мы зноў зможам запусціць колішнюю хвалю актыўнасці і поспехаў… Прынамсі, у гэта дазваляе верыць прыход у айчыннае фотамастацтва вельмі цікавых маладых фатографаў, якія, магчыма, з-за сціпласці пакуль баяцца называць сябе прафесіяналамі, але тым не менш ствараюць надзвычай цікавыя фотасерыі ці асобныя работы. У якасці прыкладу магу назваць калектыўную выставу маладой беларускай фатаграфіі “Адушаўлёнае”, якая экспанавалася ў верасні гэтага года ў Цэнтры сучасных мастацтваў. У ёй прымалі ўдзел шэсць аўтараў, чатыры з якіх былі якраз з Віцебска і прадстаўлялі віцебскую фоташколу. Я была куратарам гэтай выставы, мне вельмі хацелася падтрымаць гэтых маладых людзей, дапамагчы ім неяк аформіцца ў выставачным асяроддзі. А галоўны фатаграфічны інструмент — талент — у іх, несумненна, ёсць.

— У вас асабіста як у фатографа ёсць табу? Што і як ніколі не дазволілі б сабе фатаграфаваць і што не прымаеце ў іншых?
— Мне не вельмі падабаецца, калі фатаграфуюць людзей, якія не ў курсе таго, што адбываецца, якія не ведаюць, пад якім соусам будуць потым падавацца гэтыя фотаздымкі. У прыватнасці, я не прымаю серыі з людзьмі, якія знаходзяцца ў розных псіханеўралагічных установах і з прычыны свайго захворвання наогул могуць не разумець, што іх фатаграфуюць. Тым больш робіцца брыдка, калі фатограф стварае такія серыі і спрабуе такім чынам знайсці пэўную фішку, якая зробіць яму імя. Мне здаецца, што гэта падман і так быць не павінна. Безумоўна, тут многае залежыць ад фармату, ад таго, дзеля чаго робіцца такая фотаздымка. Калі яна робіцца ў рамках нейкага сацыяльнага праекта, каб дапамагчы хворым людзям, палегчыць іх існаванне, — то гэта адна справа. Але калі падобная серыя прадстаўляецца як індывідуальны фотажурналісцкі праект, як творчая асаблівасць фатографа, маўляў, паглядзіце, які я, падняў такую вострую тэму, — то гэта, паўтаруся, падман. І, напрыклад, я ніколі б на гэта не пайшла як фатограф. У свой час, працуючы валанцёрам у праекце Беларускага грамадскага дабрачыннага таварыства “У будучыню з надзеяй”, я часта бывала ў дзіцячых дамах, фатаграфавала там. Але мы заўсёды дарылі тыя фотаздымкі дзіцячаму дому, іх потым развешвалі ў пакоях, і дзеткі проста радаваліся таму, што бачылі сябе на фота.

— Вольга, напрыканцы, калі ласка, ваша парада фатографу-пачаткоўцу… Зусім не прашу, каб вы дзяліліся якімісьці тэхнічнымі сакрэтамі, але вось нейкія маральныя, філасофскія ўстаноўкі, так бы мовіць, парады па жыцці?
— Пра маральныя гаварыць не буду, гэтая справа вельмі асабістая, дый гучалі б напэўна такія парады занадта пафасна. Але вось і фатографу, і любому маладому чалавеку, які жыве ў ХХІ стагоддзі і збіраецца стаць прафесіяналам, варта перш-наперш развіваць сваю візуальную пісьменнасць. Дарэчы, на гэтую тэму я чытаю невялікі курс лекцый на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ. А тыдзень таму з дзвюма лекцыямі выступала ў арт-прасторы vitebsk4me. Справа ў тым, што ў наш час людзі ўсё больш і больш кантактуюць пры дапамозе карцінак і ўсё менш і менш пры дапамозе тэксту. Нас атачае надзвычай многа выяў паўсюль, пачынаючы ад гарадской прасторы і заканчваючы інтэрнэтам. Паведамленні паступаюць адусюль, і людзям трэба навучыцца крытычна ставіцца да гэтай інфармацыі, умець счытваць тое пасланне, якое табе спрабуюць перадаць, у нейкай ступені, магчыма, абараняючыся ад яго, разумеючы, у якім моманце табой спрабуюць маніпуляваць, і не паддавацца ўсім гэтым маніпуляцыям. Усе гэтыя ўменні і можна назваць візуальнай пісьменнасцю. А адзін са спосабаў авалодвання гэтай пісьменнасцю — гэта ўдасканальванне густу. Густ жа прыходзіць у сваю чаргу ад нагледжанасці, а нагледжанасць — гэта і наведванне намі добрых выстаў, і прагляд якасных фотакніг, і любаванне прыгожымі фотаздымкамі ды карцінкамі, словам, кантакт з сапраўдным мастацтвам. Чым больш будзе ўсяго гэтага, тым больш багатым і насычаным будзе культурнае асяроддзе нашай краіны, нашага горада, і тым больш — як бы пафасна гэта ні гучала — высокадухоўнымі будуць нашы маладыя людзі, у тым ліку і фатографы. Толькі нагледжанасць, наяўнасць у нашай галаве добрых узораў дазволяць нам адрозніваць добры прыгожы здымак ад здымка, які нас падманвае і вучыць нас быць горшымі.

— Вялікі дзякуй за гутарку. Поспехаў!

Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.