Гарэзлівая ўсмешка фестывалю

Выхаванне дзяцей мае на ўвазе партнёрства бацькоў і школы. Як прыцягнуць бацькоў у школу? Як стварыць умовы, каб ім захацелася супрацоўнічаць з педагогамі?

Сумесная дзейнасць педагогаў, бацькоў і дзяцей можа быць паспяховай, калі ўсе станоўча настроены на сумесную працу. Характар такога ўзаемадзеяння павінен быць дыферэнцыраваным. Не варта навязваць усім аднолькавыя формы ўзаемадзеяння, трэба арыентавацца на патрэбы, запыты бацькоў, асаблівасці сямейнага выхавання, цярпліва далучаць бацькоў да спраў школы, класа.
Наша гімназія прапануе бацькам і навучэнцам разнастайныя формы пазакласнай работы: і спартыўныя мерапрыемствы, і святочныя канцэртныя праграмы, і сумесныя экскурсійныя паездкі. А нядаўна мы прапанавалі яшчэ адну цікавую форму — фестываль сямейнай песні. Абралі арганізацыйны камітэт фестывалю, у які ўвайшлі педагогі гімназіі і бацькі навучэнцаў, распрацавалі і прынялі палажэнне аб фестывалі, вызначыліся з тэмай і пачалі актыўную работу.
Першы фестываль вырашылі прымеркаваць да знамянальнай даты — 90-годдзя таленавітага расійскага дзіцячага кампазітара Уладзіміра Якаўлевіча Шаінскага. Цудоўныя песні гэтага майстра як мага лепш падыходзілі для правядзення менавіта першага фестывалю сямейнай песні — цяперашнія дзяўчынкі і хлопчыкі, іх дзядулі, бабулі, мамы і таты выраслі на “Антошку”, “Коніку”, “Усмешцы” і многіх іншых песнях У.Шаінскага. І паколькі гімназія — гэта ўстанова адукацыі, было вырашана не замыкацца ў рамках песеннай творчасці, а заахвоціць удзельнікаў да самаадукацыі, пашырэння кругагляду. Таму ў праграму фестывалю была ўключана тэст-віктарына пра жыццё і творчасць кампазітара.
На падрыхтоўчым этапе класныя кіраўнікі мусілі расказаць бацькам аб самім мерапрыемстве, якое мае адбыцца, вызначыцца з прадстаўнікамі ад класаў, арганізаваць неабходную дапамогу канкурсантам у выбары рэпертуару, касцюмаў, у падборы інфармацыі пра У.Шаінскага і інш. І бацькі сапраўды зацікавіліся! Заяўкі падалі 19 сямейных калектываў. І работа пачалася.
Удзельнікі фестывалю разам з класнымі кіраўнікамі не толькі вывучылі і адрэпеціравалі выкананне песень, але і старанна прадумалі сцэнічныя вобразы, дэкарацыі, рэквізіт, касцюмы, дасканала вывучылі біяграфію Уладзіміра Шаінскага. Дзякуючы іх фантазіі, запалу і аптымізму фестываль атрымаўся маляўнічым, вясёлым, добрым.
Напрыканцы мінулага года актавая зала нашай гімназіі расквітнела вясёлкавымі фарбамі ад усмешак навучэнцаў і іх бацькоў, настаўнікаў і прадстаўнікоў адміністрацыі! Мамы і таты, браты і сёстры, цёткі і дзядзькі, нават дзядулі і бабулі прыйшлі ў гімназію, каб разам выканаць любімыя песні дзяцінства!
Са сцэны гучалі ўсім вядомыя песні “Конік”, “Чаму вучаць у школе”, “Чунга-Чанга”, “Усмешка”, “Прапаў сабака” і многія іншыя, на мелодыях якіх вырасла ўжо не адно пакаленне. Кожнае выступленне суправаджалася бурнымі апладысментамі залы. А паколькі выконваліся песні, вядомыя кожнаму малому з першых гадоў жыцця, то зала дружным хорам падхоплівала ўпадабаныя мелодыі.
Песенную частку фестывалю змяніла віктарына, прысвечаная жыццю і творчасці Уладзіміра Якаўлевіча Шаінскага. Удзельнікі з задавальненнем адказвалі на цікавыя пытанні. А затым на сцэну запрасілі членаў журы, якія выказалі шчырыя словы захаплення і ўдзячнасці ўдзельнікам фестывалю. Кожнаму творчаму сямейнаму калектыву былі ўручаны маляўнічыя дыпломы. Заключным акордам фестывалю было выкананне дружным зводным хорам удзельнікаў, членаў журы, усёй гарэзлівай глядзельнай залы песні Уладзіміра Шаінскага на вершы Міхаіла Пляцкоўскага “Усмешка”.Разыходзіліся і напявалі, разыходзіліся і ўсміхаліся, разыходзіліся і верылі… Верылі, што за першым фестывалем сямейнай песні пройдуць і другі, і трэці… Верылі, што, як спяваецца ў адной з песень У.Шаінскага, “дарослыя і дзеці заўсёды будуць неразлучнымі сябрамі”… Верылі, што сям’я і школа заўсёды дружна і своечасова падставяць плячо сваёй будучыні — нашым дзецям.

Сняжана БЕЛАГОРЦАВА,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 2 Наваполацка.