Hamlet. Made in Great Britain

Як вядома, ажыццявіць падарожжа ў гісторыю немагчыма, хоць такое жаданне, напэўна, на працягу ўсяго існавання чалавецтва не пакідае людзей. Навукоўцы і дзеячы мастацтва час ад часу звяртаюцца як да даследавання мінулага, так і да выкарыстання набыткаў “сівой даўніны” ў якасці крыніц натхнення дня сённяшняга. Словы “рэканструкцыя” і “рэстаўрацыя” стала ўкараніліся ў нашым паўсядзённым слоўніку, а ўзровень сучасных тэхналогій дазваляе з вялікай дакладнасцю аднаўляць знешні выгляд і лад жыцця нашых далёкіх продкаў.

У сучасным свеце існуе вялікая колькасць “рэканструкцый”, якія дазваляюць дакрануцца да мінулых стагоддзяў, у тым ліку і ў сферы мастацтва. Адным з такіх праектаў у пэўнай ступені з’яўляецца шэкспіраўскі тэатр “Глобус”, адноўлены на падставе навуковых даследаванняў, дзякуючы ініцыятыве амерыканскага акцёра і рэжысёра С.Уонамекера ў 1997 годзе.

Сучасны “Глобус” размяшчаецца на беразе Тэмзы, прыкладна за 200 метраў ад месцазнаходжання свайго гістарычнага папярэдніка, заснаванага ў 1599 годзе, і цалкам паўтарае яго архітэктуру ды планіроўку. Гістарычнасць тэатра падкрэсліваецца і некаторымі яго асаблівасцямі: нягледзячы на тое, што замовіць квіткі можна зусім сучасным спосабам (праз інтэрнэт альбо па тэлефоне), гледачам, якія набылі месцы перад сцэнай (у так званым The Yard), трэба мець на ўвазе, што сядаць альбо адкрываць парасоны ў выпадку дажджу катэгарычна забаронена (у тэатры XVI — пачатку XVII стагоддзя гэта было проста немагчыма).
Натуральна, што адноўлены з мэтай вывучэння і папулярызацыі спадчыны Уільяма Шэкспіра сучасны “Глобус” мае рэпертуар, складзены выключна з твораў вялікага драматурга. Але толькі паказамі спектакляў дзейнасць тэатра, вядома, не абмяжоўваецца. У 2012 годзе па ініцыятыве мастацкага кіраўніка тэатра рэжысёра Д.Дромгула быў праведзены фестываль Globe to Globe, у рамках якога за некалькі тыдняў трупы з усяго свету паказалі ў Лондане 37 спектакляў паводле шэкспіраўскіх п’ес на 37 мовах, сярод якіх былі “Траіл і Крэсіда” на мове маары і “Карыялан” на японскай. А сёлета, 23 красавіка, акурат у 450-ю гадавіну нараджэння Шэкспіра, “Глобус” распачаў новы праект. На гэты раз маштабны марафон, падчас якога трупа тэатра будзе паказваць “Гамлета”, будзе доўжыцца два гады. За гэты час англійскія акцёры плануюць наведаць 205 краін, каб на самых розных пляцоўках, як у тэатральных будынках, так і пад адкрытым небам, прамовіць знакамітае на ўвесь свет To be or not to be…

Падобны праект — падзея не проста цікавая, але знакавая і маштабная, таму ўдвая больш прыемна, што ў маршрут падарожжа “Глобуса” быў уключаны і Мінск. 22 мая на сцэне Купалаўскага тэатра беларускія гледачы нарэшце змаглі ўбачыць “Гамлета” ў пастаноўцы і выкананні суайчыннікаў У.Шэкспіра.
Трагічную гісторыю дацкага прынца рэжысёр спектакля Д.Дромгул абраў не толькі з-за знакамітасці твора. На яго думку, “Гамлет” — гэта заўсёды выклік, а адчуванне героем расколу, разрыву сувязі часоў, непрыняцця асобы светам, у якім яна жыве, — пытанні актуальныя і зразумелыя ў любой краіне. “Гамлет” — гэта і выклік, і правакацыя, і засмучэнне, але адначасова гэта гісторыя натхняльная і суцяшальная. Напэўна, усе вартасці гэтай п’есы і не пералічыць, аднак гэта дасягненне ўласна драматурга. Сцэнічнае ж увасабленне, прапанаванае рэжысёрамі Д.Дромгулам і Б.Бакхёрстам, мастаком Д.Фэнсам і іншымі членамі пастановачнай групы, па сваіх якасцях з узроўнем п’есы зраўняцца не змагло.
Спектакль стаў своеасаблівым зваротам да эстэтыкі вандроўнага тэатра часоў У.Шэкспіра. У першую чаргу гэта адлюстроўвалася ў мінімалістычным сцэнаграфічным рашэнні і адсутнасці грыму, але не толькі. Акрамя ўмоўнасці дэкарацый і касцюмаў, якія дастаткова хаатычна спалучалі ў сабе элементы 30—40-х гадоў мінулага стагоддзя і елізавецінскай эпохі, тэма вандроўнага тэатра падкрэслівалася і адкрытай прысутнасцю акцёраў, не занятых на дадзены момант у дзеянні, на сцэне, размеркаваннем роляў і г.д. Увогуле сама пастаноўка пачыналася з адкрытага звароту да гледачоў і адкрытага апранання ў касцюмы. На вачах залы перамяшчэннем рэквізіту і асобных частак дэкарацый акцёры змянялі месца дзеяння. Так, з чамаданаў (чым не прамое ўказанне на вандроўны характар трупы?) складвалася вежа Эльсінорскага замка альбо магіла для Афеліі.

Падобны прыём “тэатра ў тэатры” дастаткова стары і нікога здзівіць не можа, нават калі акцёры яшчэ спяваюць і танцуюць, што яны рабілі і ў “Гамлеце”. Дарэчы, менавіта жывое музычнае суправаджэнне стала адным з самых прыемных момантаў спектакля “Глобуса”: усе акцёры трупы не проста песняй адкрывалі і закрывалі дзеянне, але акампаніравалі сабе. Музычныя інструменты выкарыстоўваліся і для імітацыі некаторых шумавых эфектаў падчас спектакля па прамым прызначэнні. Але нават музычныя здольнасці выканаўцаў не вырашылі некаторых значных пытанняў пастаноўкі.
Па-першае, не зусім зразумелай засталася практыка выканання адным акцёрам некалькіх роляў запар, па-другое — выкананне жанчынамі мужчынскіх роляў (у прыватнасці, Гарацыа і Разэнкранца-Гільдэнстэрна). Калі ў першым выпадку ўсё можна патлумачыць неабходнасцю мабільнасці сучаснай трупы “Глобуса” (у падарожжа выправілася менш за 20 чалавек, з іх — 12 акцёраў), так і імкненнем падкрэсліць адметную практыку вандроўных труп, то ў другім — усё больш складана. Вядома, што ў тэатры часоў У.Шэкспіра ўсе ролі выконвалі мужчыны, таму, калі б Д.Дромгул звярнуўся ў сваёй пастаноўцы да падобнай практыкі альбо люстэркавай замены ўсіх выканаўцаў, гэта можна было б разглядаць як сучасную інтэрпрэтацыю традыцый тэатра пачатку XVII стагоддзя. Калі б адбываліся замены гендару выканаўцаў толькі другасных роляў (нават роляў трэцяга плана, такіх як магільшчыкі альбо вартавыя), гэта заставалася б у межах канцэпцыіі вандроўнага тэатра. Аднак жаночае аблічча набываюць сябры Гамлета, у першую чаргу Гарацыа. Канечне, можна было б паспрабаваць адшукаць тут прыхаваны рэжысёрскі ход, але і паводзіны Гарацыа, і сцэны Гарацыа — Гамлет, Гарацыа — Разэнкранц — Гільдэнстэрн не ўтрымліваюць ніякіх падтэкстаў і сэнсаў, акрамя закладзеных самім У.Шэкспірам. Вось і атрымліваецца, што рэжысёрскі ход робіцца пустым стрэлам у паветра, бо нічога новага да ўжо заяўленай формы “тэатра ў тэатры” ён не дадае.

Праўда, рэжысёру трэба аддаць належнае. “Гамлет” у пастаноўцы “Глобуса” насамрэч нагадваў спектакль вандроўнай напаўаматарскай трупы. На жаль, гэта далёка не станоўчая адзнака, у чым немалая “заслуга” акцёраў. Нават пры ўмове адсутнасці якой-небудзь арыгінальнасці прачытання класікі ў форме альбо змесце пастаноўкі яе якасць можа быць дастаткова высокай, дзякуючы выканаўцам. Сусветны і айчынны тэатр ведае вялікую колькасць такіх прыкладаў. У выпадку “Глобуса” гэта не спрацавала. Да канца засталося не зусім зразумелым, у якой сістэме каардынат існуюць акцёры: ці то псіхалагічнага тэатра, ці то тэатра прадстаўлення. Празмерныя жэсты, павышаныя інтанацыі, прамаўленне ў залу амаль з прасцэніума — усё гэта стварала адчуванне самадзейнасці альбо студэнцкай рэпетыцыі. Асабліва засмучалі гэтыя моманты ў працы Гамлета, ролю якога выконваў Л.Эмэрува, і Гарацыа (А.Уілкін). Канечне, тут можна зноў зрабіць рэверанс у бок традыцыі шэкспіраўскіх часоў, але спасылацца на падобную эстэтыку можна было б толькі ў выпадку дакладнай вытрыманасці ўсёй пастаноўкі ў падобным рэчышчы. На справе ж, як падаецца, спасылкі на часы Шэкспіра тут ігралі ролю хутчэй своеасаблівай маскіроўкі недапрацовак. У падобнай сітуацыі прыстойна выглядалі прадстаўнікі “старэйшага пакалення”, выканальнікі роляў Клаўдзія (Д.Дугал), Гертруды (М.Фостэр) і Палонія (Р.Паратыні). Акцёры стварылі пазнавальныя вобразы, у якіх былі адчувальныя характары, іх развіццё, перажыванні: адчужаны, закрыты, стрыманы Клаўдзій, які ажыццявіў адно злачынства і цяпер не мае страху перад імі і быццам ведае свой канец; высакародная, але стомленая Гертруда, гатовая плыць туды, куды яе панясе плынь. Асобна трэба сказаць пра Палонія Р.Паратыні, які быў прадстаўлены гэткім старым блазнаватым прайдзісветам. Напоўненыя гумарам сцэны з яго ўдзелам, як і інтэрмедыя перад паказам “Забойства Ганзага”, падаецца, былі самымі лепшымі ў спектаклі.
Сам жа “Гамлет” у цэлым пакінуў не лепшае ўражанне. Усё ж меў рацыю Ю.Любімаў, які казаў, што кожнае пакаленне ставіць “Гамлета” і ў большасці выпадкаў робіць гэта нудна. Пасля прагляду заставалася адчуванне ўнутранай незадаволенасці і падманутасці: ні сучаснага еўрапейскага тэатра, ні старога шэкспіраўскага мы не ўбачылі, як не ўбачылі і бляску акцёрскай школы, якая ў свой час дала свету Л.Аліўе, Д.Гілгуда, В.Лі і іншых зорак тэатра і кіно. “Адкрыцця Амерыкі”, а ў нашым выпадку Англіі, не адбылося, бо ні Гамлет, ні рэжысёр “Гамлета” не сталі сапраўднымі героямі. Галоўным у той вечар быў У.Шэкспір, дакладней — яго тэкст, які прамаўляўся са сцэны, як і 400 гадоў назад.

Кацярына ЯРОМІНА.
Фота з афіцыйнай старонкі тэатра “Глобус” у Facebook.