На паліцах мінскіх кнігарань з’явілася новая кніга для дзяцей і дарослых, выдадзеная выдавецтвам “Мастацкая літаратура”, — “Вершаваная энцыклапедыя жывёльнага свету”. Пра энцыклапедыю, жывёл і не толькі мы паразмаўлялі з яе ўкладальніцай, беларускай паэтэсай, пісьменніцай Аксанай Спрынчан і даведаліся, што такое дзіцячая дыпламатыя, як выгадаваць энцыклапедыста і за што варта любіць беларускіх жабак.
Перад намі грунтоўная энцыклапедыя з ілюстрацыямі, артыкуламі і структурай, але яе героі — беларускія птушкі і жывёлы, якія жывуць у дзівосным свеце беларускай паэзіі. Гартаем кнігу і бачым на малюнку ганарлівага і засяроджанага льва, побач — кароткую цікавую інфармацыю пра памеры драпежніка, сямейныя абавязкі самцоў і самак, прычыны, з якіх льва лічаць царом звяроў, яго месца ў геральдыцы. А пасля трапляем у беларускія лірычныя джунглі, дзе леў — галоўны герой вершаў.
— Калі і як прыйшла задума скласці “Вершаваную энцыклапедыю жывёльнага свету”? Што сталася штуршком або крыніцай натхнення?
— Усё маё жыццё завіроўвала так, што мусіла з’явіцца гэтая энцыклапедыя. Пачалося, відаць, з палескай прыгажуні каровы Розы, якая нарадзілася незадоўга да майго з’яўлення на свет у Луненцы. Яе хараство захапляла, я марыла перавезці жывёлу ў Мінск і гадаваць яе на балконе, на дзявятым паверсе. У дзяцінстве з’явілася жаданне працаваць ветэрынарам. Ветэрынарам я хацела быць, бо вельмі любіла жывёл. Але ж і слова я любіла, родную мову. А паколькі слова лечыць, то нельга сказаць, што я далёка адышла ад сваёй мары. Свет філалогіі, работа ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя” — усё гэта выклікала любоў да паэзіі. І ўрэшце нарадзілася дачка, якая натхніла пісаць вершы дзецям.
— Ці спрабавалі ў маленстве лячыць жывёл, практыкавацца ў справе ветэрынара?
— Лячыць жывёл трэба ўсё ж такі прафесійна, таму я ў маленстве гэтым не займалася, але ў 5 класе падабрала маленькае голае драздзяня, якое выпала з гнязда, і выкарміла яго дажджавымі чарвякамі. Ужо дарослай даводзілася лячыць бяздомнага ката ад лішаю, а мая кошка Восень не прымала жыцця ў шматпавярховіках, некалькі разоў скакала з акна, так што ўколы таксама давялося навучыцца рабіць.
— У інтэрв’ю з Вольгай Соц для “Медыя-Палессе” вы адзначаеце, што з’яўляецеся ўкладальніцай кнігі “Вершаваная энцыклапедыя жывёльнага свету”, аўтарам празаічных тэкстаў пра жывёл і вашы вершы ёсць сярод вершаў іншых беларускіх паэтаў. Як выбіралі энцыклапедычную інфармацыю, якую варта падаць пра кожнага з герояў кнігі?
— Ствараць празаічную частку было лёгка, бо ў мяне было ўсё, што для гэтага трэба: любоў да жывёл і энцыклапедый і ўменне працаваць з энцыклапедычнымі артыкуламі па рабоце ў “Беларускай Энцыклапедыі”. Агульныя звесткі пра жывёл я намагалася дапоўніць геральдычным, зорным і фразеалагічным матэрыялам. Напрыклад, у артыкуле пра ўюна можна даведацца не толькі пра тое, якой ён даўжыні і як харчуецца, але і пра тое, што выява гэтай рыбы прысутнічае на гербе вёскі Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна. У артыкуле пра рысь ёсць інфармацыя не толькі пра герб Гомеля, але і пра сузор’е Рысі і нават пра беларускую купюру вартасцю 10 рублёў 1992 года выпуску. У артыкулах можна даведацца, якіх людзей называюць яршыстымі, якіх — авечкамі, а якіх зубрамі.
— Кніга — сапраўдная скарбніца лірыкі пра жывёльны свет. Як праходзіў пошук вершаў беларускіх паэтаў, якія прысвяцілі радкі чаплі, ягуару, рапусе, індыку?
— Спачатку ўсё было проста: перачытвала кнігі дзіцячых вершаў, звярталася да матэрыялаў часопіса “Вясёлка” і іншых выданняў. З адабраных вершаў стварала картатэку. А пасля пачалася найскладанейшая частка: што пакінуць у кнізе, бо, на жаль, кожная кніга абмежавана аб’ёмам. У гэтай энцыклапедыі прадстаўлена толькі чацвёртая частка сабраных мной вершаў. Асабліва цяжка было “заразаць” вершы пра жабак, якіх я калекцыянірую. Вядома ж, у беларускай дзіцячай паэзіі ёсць свае ўлюбёнцы. Яны могуць быць як насельнікамі Беларусі — багоўка, бусел, кот, лось, пчала, камар, так і жыць вельмі далёка — слон, бегемот, кенгуру. А ёсць жывёлы, пра якіх пішуць менш, — тхор, ласка, удод, фламінга. Пра некаторых жывёл давялося напісаць самой, бо вельмі хацелася, каб прысутнічалі вершы пра авяльгу, гіля, джгіра. Яны былі, але ў варыянце івалга, снягір, ёрш.
— Гэта, калі не памыляюся, ужо трэцяя ваша энцыклапедыя, пасля “Хаты для Моўчы” — беларускай энцыклапедыі пачуццяў і “Незвычайнай энцыклапедыі беларускіх народных інструментаў”. Чым выклікана такая любоў да літаратурнай сістэматызацыі?
— Найперш генамі, бо бацька ў маленстве прачытаў 50 000 артыкулаў “Малой савецкай энцыклапедыі”. Энцыклапедыямі і слоўнікамі былі напоўнены дамы і бацькоў, і дзеда. Пасля пачатковай школы мне трапіліся цудоўныя настаўніцы. Настаўніца рускай літаратуры любіла вершы пра вайну, і кожны ўрок пачынаўся з вершаванай пяціхвілінкі — вучні паводле ўласнага жадання вучылі вершы на ваенную тэматыку і чыталі на памяць. Часцей за ўсё гэтыя 5 хвілін (якія маглі перайсці і ў 10) займала я, таму яшчэ ў 5—6 класах навучылася знаходзіць у кнігах вершы на пэўную тэму. Мне ж не трэба было нават у бібліятэку хадзіць, бо тысячы кніг дома пад рукой. Я чытала вершы, настаўніца плакала і ставіла мне за ўрок “5/5”. І настаўніца беларускай мовы, хоць пяціхвілінкі не рабіла, але любіла, каб у асобных папках былі вершы пра Мінск, прыроду, радзіму і мову, таму я шукала іх і перапісвала. А восем незабыўных гадоў у “Беларускай Энцыклапедыі” побач з адным з найлепшых энцыклапедыстаў Янкам Саламевічам і зусім зрабілі мяне энцыклапедысткай.
— Якая з энцыклапедый больш за ўсё даспадобы дачцэ Альжбеце?
— “Беларуская энцыклапедыя пачуццяў” адрасавана дарослым, яна яе яшчэ не чытала. А вось калі запытацца наконт дзвюх дзіцячых, дачка паказвае сябе сямігадовым дыпламатам і на гэтае пытанне адказвае так: “Калі дзве энцыклапедыі вельмі цікавыя, то чаму адну трэба любіць больш?” Хоць я лічу, што энцыклапедыя пра інструменты ёй больш блізкая, бо гэта і першая яе энцыклапедыя, і напісана яна не толькі мамай, але і татам Ярашам Малішэўскім, з якім, дарэчы, мама і пазнаёмілася, працуючы ў “Беларускай Энцыклапедыі”. Ды і трэцяе слова Альжбеты пасля слоў “мама” і “тата” было “дуда”. Але ж і беларускія народныя інструменты знітаваны з жывёламі, напрыклад, пачынаецца кніга з акарыны (у перакладзе з італьянскай — “галава гусяняці”), а заканчваецца шархунамі (якія шчыльна звязаны з канём).
— А цяпер дазвольце мне прапанаваць вам невялікае бліц-апытанне. Якую праблему жывёльнага свету Беларусі лічыце асноўнай?
— Асноўная праблема жывёльнага свету Беларусі — чалавек. І гэта невырашальная праблема. Нават калі чалавек стане больш чалавечным.
— Ідэальны хатні гадаванец — хто ён?
— Той, хто можа жыць з неідэальным гаспадаром, які яго любіць. А ўжо кошка гэта ці мышка — зусім не важна.
— Кожны творчы чалавек імкнецца да непаўторнасці. У чым вы бачыце сваю адметнасць?
— Часам мне ўдаецца скінуць жабіную скурку і пабыць каралеўнай. Часцей я заўважаю каралеўнаў сярод людзей. Заўсёды люблю беларускіх жабак, якія хваляць сваё.
Гутарыла Мар’яна ВІТЭРА.