“Каханне і карона” па-беларуску

9 і 10 лістапада на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра адбылася доўгачаканая прэм’ера мюзікла У.Кандрусевіча “Соф’я Гальшанская”. Доўгачаканай яе можна назваць па некалькіх прычынах. Па-першае, у рэпертуары тэатра ўжо дастаткова працяглы час вельмі адчувальны дэфіцыт спектакляў на музыку беларускіх кампазітараў. Гэта пры тым, што на сцэне тэатра перыядычна выпускаюцца прэм’еры як класічнай аперэты, так і твораў нашых усходніх суседзяў, варта ўзгадаць хаця б сёлетнія “Звычайны цуд” Г.Гладкова і “Містэр Ікс” І.Кальмана. Па-другое, з творчасцю У.Кандрусевіча пастаянныя наведвальнікі тэатра знаёмыя добра: у 90-я гады на сцэне Музычнага былі пастаўлены яго мюзіклы “Джулія” і “Шклянка вады” (апошні і сёння захоўваецца ў рэпертуары), літаральна некалькі гадоў назад ажыццёўлена новая рэдакцыя балета “Мефіста”. Усе пастаноўкі заслужана карысталіся поспехам і любоўю гледачоў. І, нарэшце, трэцяя прычына “доўгачаканасці”: для новай пастаноўкі быў абраны сюжэт з нацыянальнай гісторыі, прычым не самы просты, а ўвасабленнем яго займаліся аўтар лібрэта А.Турава і рэжысёр М.Кавальчык. І вось анансаваная яшчэ ў мінулым годзе “Соф’я Гальшанская” пабачыла сцэну.

Трэба сказаць адразу: пастаноўка пакідае такія ж супярэчлівыя ўражанні, як і гісторыя гераіні, чыім імем названы мюзікл. Шаснаццацігадовая Соф’я з роду Гальшанскіх каля 1422 года стала чацвёртай жонкай польскага караля Уладзіслава ІІ — Ягайлы. У сямідзесяцігадовага Ягайлы не было нашчадкаў мужчынскага полу і, па некаторых звестках, ён спадзяваўся, што маладая дзяўчына ліцвінскага роду (папярэднія жонкі караля былі полькі і немка) зможа нарадзіць яму сына. Першапачаткова кароль павінен быў узяць шлюб са старэйшай сястрой Соф’і Васілісай, але ў прыгажуні была невялікая асаблівасць — маленькія вусікі, якія ў той час не лічыліся заганай, але сведчылі пра тэмперамент уладальніцы. Такая жанчына магла быць не толькі “не па зубах” вялікаўзроставаму каралю, але і праявіць залішнюю самастойнасць і зацікаўленасць у палітыцы… Урэшце каралевай стала Соф’я, якая нарадзіла Ягайлу трох сыноў і стала заснавальніцай каралеўскай дынастыі Ягелонаў, якая займала не толькі польскі, але і іншыя еўрапейскія троны амаль да канца ХVІ стагоддзя. Аднак вельмі сталы ўзрост Ягайлы даваў падставы для сумнення адносна яго бацькоўства. Соф’ю, якая не карысталася асаблівай папулярнасцю, сур’ёзна падазравалі ў здрадзе, але вырашылася ўсё вельмі проста — каралева прынесла прысягу на Бібліі ў сваёй вернасці Ягайлу, і пытанне было закрыта.
Менавіта гэты гістарычны сюжэт быў узяты за аснову аўтарамі “Соф’і Гальшанскай”, якія папярэджвалі, што не збіраюцца ствараць прыгожую гістарычную паштоўку. І сапраўды, мюзікл, які мае падзагаловак “Каханне і карона” і абазначаны як “рамантычная меладрама”, мае вельмі ўмоўнае дачыненне да гістарычных фактаў. Галоўным для стваральнікаў тут было жаданне расказаць захапляльную гісторыю кахання Ягайлы (А.Заянчкоўскі, В.Цыркуновіч) і Соф’і (К.Мошчанка, В.Жалезская), аздобленую гістарычным фонам і нацыянальным каларытам. А.Турава і М.Кавальчык далі свой адказ на пытанне, якое турбавала сучаснікаў Соф’і адносна бацькоўства Ягайлы: дзеці каралеўскай пары народжаны ад вялікага кахання. А каб сучасны прагматычны глядач не ўбачыў у вялікім узаемным пачуцці шаснаццацігадовай дзяўчыны і сямідзесяцігадовага караля непраўдападобнасці, у гісторыю дадалі чарадзейства. А.Турава выкарыстала варыяцыі сюжэта аб мілосным пітве, якое выклікала палкае каханне Трыстана і Ізольды, праўда, у мюзікле месца чарадзейнага напою заняла фальклорная папараць-кветка. Пэўны чарадзейны каларыт пастаноўцы надае і ўвядзенне такога персанажа, як Вяшчуння (Л.Станевіч, Н.Гайда). Яна не проста выконвае ролю прадказальніцы лёсу Соф’і, якая адорвае дзяўчыну за дабрыню папараць-кветкай, але з’яўляецца ў пэўнай ступені абстрактным персанажам, што ўвасабляе лёс. Дзейнічаюць у “Соф’і Гальшанскай” і традыцыйныя для гісторый падобнага кшталту “ідэальны герой” — рыцар Ганча (Я.Ермакоў), закаханы ў Соф’ю, і “злодзеі” — канцлер Уга (Д.Нямцоў, А.Прохараў), які, дарэчы, таксама мае дастаткова ўмоўны характар як увасабленне цёмных сіл, і сястра Соф’і Васіліса (М.Александровіч, Л.Кузьміцкая). Апошняя, праўда, не зусім класічная зладзейка, а, хутчэй, апантаная сваімі пачуццямі пакрыўджаная жанчына. Як гэта дастаткова часта бывае, менавіта адмоўныя персанажы з’яўляюцца найбольш актыўнымі, на іх “завязана” ўся інтрыга, і імі рухаецца дзеянне: па загадзе Уга Васіліса абвінавачвае сястру ў здрадзе каралю, і Соф’ю кідаюць у вязніцу. У “Соф’і Гальшанскай” ёсць і класічны любоўны трохвугольнік (Соф’я — Ганча — Васіліса), у традыцыях меладрамы вытрыманы і фінал.
Агульную рамантычную атмасферу заклікана падтрымаць сцэнаграфія А.Меранкова, якая стварае ілюзію старога замка. Мастак выкарыстоўвае мяккія кулісы, заслоны, што імітуюць краты і выклікаюць асацыяцыі як з магутнымі замкавымі брамамі, так і з вязніцай. Уключаны ў агульны сцэнаграфічны вобраз гербы Гальшан і Кароны Польскай, што адначасова маркіруе месца дзеяння і ў пэўнай ступені абазначае шлях Соф’і ад “дзікункі з Гальшан” да заснавальніцы дынастыі польскіх каралёў. Вельмі цікавы і зварот мастака да выразных магчымасцей фактуры, што рэдка можна пабачыць у музычным тэатры: драўляны памост-станок не толькі надае патрэбны каларыт мастацкаму вобразу спектакля, але і эфектна выглядае ў сукупнасці з ніжняй падсветкай, калі вузкія промні святла прабіваюцца праз шчыліны дошак. На агульным стрыманым шэрым каларыце дэкарацый ярка вылучаюцца касцюмы Т.Лісавенка: калі жаночыя строі сваім сілуэтам нагадваюць гістарычныя ўборы эпохі, то мужчынскія часткова прадстаўляюць сабой варыяцыю на тэму вайсковай формы ХХ стагоддзя. Мастакі ствараюць дастаткова выразны і маляўнічы вобраз, за кошт якога ўсёй гісторыі надаецца патрэбны арэол загадкавай даўніны.
Нягледзячы на тое, што на гістарызм “Соф’я Гальшанская” не прэтэндуе, не заўважыць відавочных недарэчнасцей у лібрэта ўсё ж нельга. Не будзем падрабязна спыняцца на ўсіх, але адзначу, што ў прыватнасці ў мяне выклікала пытанне, які ж князь Дзмітрый мог напасці на ВКЛ у 1420-я гады і што за вайна скончылася ў гэты час. Здзівіў і той факт, што Соф’ю на сучасны рускі манер называюць Соняй.
Што тычыцца рэжысуры, то многія яе праблемы звязаны з характарам першаснага музычнага матэрыялу і лібрэта. Шчыра хочацца падзякаваць рэжысёру за тое, што ён вырашыў адмовіцца ад дыдактычнай спробы штучна звязаць меладраматычную гісторыю з лёсам беларускага народа. На першым паказе падобная тэндэнцыя была выразна адлюстравана ў відэароліку з кадрамі часу Вялікай Айчыннай вайны і фрагментамі фільмаў пра крыжакоў, які праецыраваўся на заднік падчас дуэта Вядунні і Ганчы. На другім паказе ролік прыбралі, і сцэна пазбавілася непатрэбнага і незразумелага падтэксту, які больш нідзе ў пастаноўцы не прасочваўся.
У агульным жа плане ў вочы кідаецца адсутнасць роўнасці ў пастаноўцы і выразная нумарная структура першага акта. Прычым асобныя сцэны і нумары штучна і не вельмі ўдала звязваюцца (ці не звязваюцца) адзінкавымі рэплікамі герояў. Як падаецца, частку з нумароў можна мяняць месцамі, нават проста выразаць, пры гэтым сэнс дзеяння абсалютна не пацерпіць. Да падобных сцэн адносяцца амаль усе купальскія, як харавыя, так і пластычныя, нават выхадны нумар Соф’і “Белая ластаўка” (дарэчы, гэта тая самая “Белая ластаўка”, якую можна было пачуць яшчэ ў 2011 годзе ў выкананні А.Ланской). Увогуле, першы акт вельмі статычны, ён з’яўляецца своеасаблівай зацягнутай экспазіцыяй, завязкай далейшых падзей, са штучнай канцэнтрацыяй дзеяння бліжэй да фіналу. Менавіта на канец акта за кароткі час прыпадае і сустрэча Васілісы з Уга, і нараджэнне кахання Соф’і да Ягайлы, і выратаванне Ганчам караля ў баі. Асобныя сцэны расцягнутыя (тыя ж купальскія ці сцэна з Блазнам), некаторыя, наадварот, настолькі кампактныя, што робяцца не зусім зразумелымі і часткова губляюць сэнс. У прыватнасці, у сцэне “каранацыі” Соф’яй Ягайлы купальскім вянком усё адбываецца настолькі хутка, што сам момант цуду — зараджэння кахання — знікае. Нічога, акрамя здзіўлення, не можа выклікаць і такі момант: Сямён Друцкі заклікае шляхту весяліцца, пасля чаго на сцэну выходзяць дзецюкі ў лапцях і пачынаюць спяваць своеасаблівую “оду” гальшанскаму самагону.
Больш цэльным і дынамічным з’яўляецца другі акт, у ім кожны музычны нумар у большай ці меншай ступені садзейнічае развіццю дзеяння. Раскрываюцца ў ім і характары герояў. Добрае ўражанне пакідаюць масавыя сцэны здрады і суда над Соф’яй, а таксама фінал з каранацыяй.
Харэаграфічнае рашэнне “Соф’і Гальшанскай”, прапанаванае У.Івановым, у асобных сцэнах стварае прыгожы фон, у іншых з’яўляецца пластычным адпаведнікам-увасабленнем цёмных сіл-думак Васілісы і Уга, але самастойная харэаграфічная купальская сцэна выглядае ўстаўной і змяшчае фрагменты, якія нагадваюць “Балеро” і “Вясну свяшчэнную” В.Елізар’ева. Што тычыцца ўласна музыкі У.Кандрусевіча, то варта адзначыць прысутнасць у ёй запамінальнай скразной тэмы здрады, якая ўпершыню гучыць у арыі Васілісы ў першым акце, знітоўвае яе з Уга і працінае літаральна ўвесь спектакль, і вельмі прыгожую меладычную ўверцюру.
Нарэшце, хочацца сказаць пра адну, бясспрэчна, вялікую перавагу пастаноўкі, дзеля якой можна смела ісці на “Соф’ю”, — саміх артыстаў, якія заняты ў спектаклі. Яны не проста дастойна выглядаюць у вакальным плане, але і ствараюць цікавыя вобразы непасрэднай, шчырай і парывістай Соф’і (К.Мошчанка), высакароднага, уладарнага і мудрага Ягайлы (А.Заянчкоўскі), супярэчлівай у сваіх пачуццях і ўчынках, але кранальнай Васілісы (М.Александровіч), па-сапраўднаму інфернальнага Уга (Д.Нямцоў).
Першы блін, як вядома, рэдка атрымліваецца ідэальным па форме і змесце, таму пажадаем Музычнаму тэатру поспехаў у асваенні нацыянальнага рэпертуару, а “Соф’і Гальшанскай” ператварыцца з дзяўчыны-падлетка ў сапраўдную каралеву.

Кацярына ЯРОМІНА.
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА.