“Кітаянка”

Кацярына Макоска — настаўніца кітайскай мовы сталічнай гімназіі № 23 з беларускай мовай навучання. Настаўнічае чацвёрты год, і трэба прызнаць, што робіць гэта з задавальненнем. Хоць кітайская вельмі мудрагелістая для нас мова, але Кацярына Уладзіміраўна пераканана: яе можна вывучыць. Прынамсі, яе шасцікласнікі ўжо спакойна падтрымліваюць размову з кітайскім субяседнікам.

Сама ж Кацярына Уладзіміраўна ў кітайскую прыйшла з іспанскай. Так, на працягу навучання ў гімназіі № 2 Ваўкавыска Кацярына пагружалася ў іспанскую мову і культуру. Яна знаходзілася ў свеце фламенка і карыды. А яшчэ іспанцы вызначаюцца сваім тэмпераметрам, таму гавораць заўсёды эмацыянальна. Кітайская ж мова і культура абсалютна іншыя! Адносна гэтага маладая настаўніца сказала:
— Так, пасля іспанскай мовы лагічна было б звярнуцца да італьянскай. І, прызнацца, я меркавала паступаць у Белдзяржуніверсітэт менавіта на італьянскую мову. Але мне захацелася нечага кардынальна іншага, таму
пасля размовы са сваімі бацькамі і гімназічнай настаўніцай вырашыла, што гэта будзе кітайская мова.
Вось так дастаткова лёгка Кацярына памяняла іспанскі тэмперамент на кітайскія мудрасці, хаця, як мне падалося, яна ўсё ж засталася сабой: адкрытай да ўсяго новага. Вывучэнне кітайскай мовы патрабуе цярпення і засяроджанасці. Калі іспанская мова належыць да раманскай групы, то кітайская — гэта ўжо зусім іншы свет, яна належыць да аднаго з двух адгалінаванняў сіна-тыбецкай моўнай сям’і. Увогуле, кітайская мова з’яўляецца адной з самых старажытных моў свету. Акрамя таго, яна занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса як адна з самых складаных моў.
У сваёй стандартнай форме гэтая мова з’яўляецца афіцыйнай для КНР, Сінгапура і Тайваня, а таксама адной з шасці афіцыйных і рабочых моў ААН. У адрозненне ад большасці моў, кітайскае пісьмо складаецца не з літар, а з іерогліфаў, кожны з якіх абазначае асобны склад і асобную марфему. Агульная колькасць іерогліфаў перавышае 80 000, але большую іх частку можна сустрэць толькі ў помніках класічнай кітайскай літаратуры.
Для разумення 80% звычайнага сучаснага кітайскага тэксту вам спатрэбіцца веданне 500 найбольш частых іерогліфаў. 3000 іерогліфаў будзе дастаткова для чытання газет і неспецыялізаваных часопісаў.
Кітайскія іерогліфы складаюцца з графем, якіх каля 316, а графемы, у сваю чаргу, складаюцца з рысачак (ад адной да 24). Цяпер кітайскія іерогліфы існуюць у двух варыянтах: спрошчаным (мацерыковы Кітай) і традыцыйным (Тайвань, Ганконг).
Традыцыйна кітайцы пісалі зверху ўніз, а слупкі ішлі справа налева. У цяперашні час у КНР пераважна пішуць гарызантальна, злева направа, па ўзоры еўрапейскіх моў. Вертыкальнае пісьмо паралельна з гарызантальным выкарыстоўваецца на Тайвані.
Шчыра кажучы, я не спытала ў Кацярыны Уладзіміраўны, колькі іерогліфаў вывучыла яна, але мне падалося, што ведае яна шмат. Будучы студэнткай, год стажыравалася ў Кітаі. А работа настаўніка ўвогуле патрабуе пастаяннага самаўдасканалення. І педагог не шкадуе часу на самаадукацыю, тым больш што ўмовы ў гімназіі для гэтага створаны проста выдатныя. У навучальнай установе паспяхова функцыянуе кабінет Канфуцыя з сучаснымі камп’ютарамі, мультыбордам і наборам планшэтаў. Ёсць тут і актуальная вучэбная літаратура. Усё гэта, канечне, вельмі дапамагае вучыць і вучыцца самой. Настаўнік — гэта ўзор для вучняў.
Вучні Кацярыну Уладзіміраўну любяць. А як жа інакш! “Яна прыгожая, заўсёды ўсміхаецца!” — наперабой гаварылі шасцікласнікі. Дарэчы, прыгажосць Кацярыны Уладзіміраўны ацанілі і жыхары Кітая. Для іх светлавалосыя дзяўчаты — гэта нешта проста неверагоднае! Настаўніца з усмешкай успамінала, як да яе хацела дакрануцца дзіця ў кітайскім магазіне. Нашых дзяцей колерам валасоў, канечне, не здзівіш. А вось калі загаворыш па-кітайску, табой пачнуць захапляцца. Кацярына Уладзіміраўна таксама ў захапленні ад сваіх вучняў, якія паспелі дасягнуць выдатных поспехаў у вывучэнні кітайскай мовы. Нядаўна навучэнка 23-й гімназіі Касандра Шахаб прывезла дыплом ІІІ ступені з Рэспубліканскага даследчага конкурсу па кітайскай мове, які ў канцы лютага праходзіў у Мазыры. А 21 сакавіка настаўніца разам са сваёй вучаніцай Софіяй Яблонскай паедзе на рэспубліканскую алімпіяду па кітайскай мове.
— Калі толькі прыйшла ў гімназію, было няпроста, але пасля асвоілася, і цяпер работа з дзецьмі мне вельмі падабаецца. Яны цудоўныя, усе такія розныя, і кожны з іх мае свае адметнасці. Гэта проста выдатна, бо працаваць з імі вельмі цікава. Дзеці ўвесь час здзіўляюць. Яны шчырыя і непасрэдныя.
Нядаўна ў гімназіі мы святкавалі Кітайскі новы год — гэта ў Кітаі і Свята вясны. Затым нашых дзяцей запрасілі ў Ліцэй БДУ на Свята ліхтароў (ім заканчваецца Свята вясны) з удзелам пасла Кітая, і нашы гімназісты дастаткова лёгка заводзілі гутарку з прадстаўнікамі Кітая. Мяне як настаўніка гэта вельмі радуе, — адзначыла Кацярына Уладзіміраўна.
Кітайскія мова, святы і культурныя традыцыі маюць сваю спецыфіку. Гэтым яны і прывабліваюць. Кітайская кухня, чайная цырымонія, выразанне з паперы, каліграфія — усё гэта толькі прыступкі да спасціжэння кітайскай філасофіі. Вучні Кацярыны Уладзіміраўны сваё знаёмства з гэтай унікальнай краінай пачынаюць з кітайскай транскрыпцыі. Яны вывучаюць іерогліфы, запамінаюць іх значэнне, вучацца іх пісаць і чытаць, а потым пачынаюць гаварыць. Спачатку робяць гэта няўпэўнена і няўмела, але крок за крокам яны становяцца бліжэй да сваёй мэты. Як гаворыцца ў адной кітайскай мудрасці, калі ты спатыкнуўся і ўпаў, то гэта яшчэ не азначае, што ты ідзеш не туды.
А ў адносінах да маёй гераіні хочацца сказаць словамі яшчэ адной кітайскай мудрасці: тое, што адбываецца, адбываецца своечасова. Калі Кацярына Уладзіміраўна вырашыла карэнным чынам змяніць кірунак свайго развіцця, то зрабіла гэта своечасова.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.