Надоечы ў выдавецтве “Беларуская навука” выйшаў першы том аўтарскай серыі лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, літаратурных прэмій імя Максіма Багдановіча і Уладзіміра Калесніка, прэміі “Залаты Купідон”, прэміі Беларускага саюза журналістаў “Залатое пяро”, заслужанага журналіста БСЖ Алеся Марціновіча “Гісторыя праз лёсы”. Серыя гэтых кніжак, бясспрэчна, заслугоўвае таго, каб трапіць на паліцы кніжных шаф калі не дома ў кожнага гуманітарна і патрыятычна настроенага беларускага падлетка, дык у кожнай школьнай бібліятэцы дакладна, бо ў кожнай школе знойдуцца такія падлеткі.
Падстаў меркаваць так некалькі.
Па-першае, глабальнасць і адмысловасць задумы аўтара — у шэрагу тамоў расказаць дзецям (серыя адрасуецца дзецям сярэдняга школьнага ўзросту) пра Беларусь менавіта праз лёсы выдатных яе сыноў самых розных прафесій і статусаў (дзяржаўных дзеячаў і вайскоўцаў, вучоных і падарожнікаў, мастакоў і артыстаў, кампазітараў і друкароў, вынаходнікаў і спевакоў).
Па-другое, па сваёй дачцэ якраз гэтага самага сярэдняга школьнага ўзросту ведаю, як іншым разам зусім не проста напісаць рэферат на зададзеную настаўнікам тэму, як даводзіцца ачалавечваць інтэрнэтаўскую інфармацыю нават пра самых вядомых гістарычных постацей. Інтэрнэт — халодны і бяздушны. Кніга — цёплая і чалавечая.
Нарэшце, па-трэцяе (і гэта ўжо чыста суб’ектыўнае меркаванне аўтара гэтай кароткай рэцэнзіі): ва ўменні гутарыць з дзецьмі Алесю Марціновічу не адмовіш. Ён не лічыць сваіх юных суразмоўцаў за дурняў, ён ведае, што яны і без яго шмат ведаюць. Але ён хоча падказаць ім некаторыя рэчы, пра якія тыя нават не здагадваюцца. Іх дыялог даверлівы, але непрадказальны. І ў гэтым — “Эўрыка!”.
З першых жа старонак першага тома серыі “Гісторыя праз лёсы” захапляюць інтанацыя і інтэнцыя аўтара:
“На тэрыторыі сённяшняй Беларусі першыя людзі з’явіліся вельмі даўно, не адну сотню гадоў таму. Праўда, лічба гэтая ўмоўная. Лёгка дапусціць пагрэшнасць. Яна можа складаць нават сотні, тысячы гадоў. Як у бок павелічэння, так і ў бок змяншэння.
Ты можаш здзівіцца, адкуль такая недакладнасць. Ды ўсё проста. Зыходныя даныя атрымліваюцца паводле археалагічных раскопак і знаходак. Канечне ж, ніякай дакладнасці тут быць не можа. Пра ўсё можна меркаваць толькі прыкладна.
Дый продкі тых першых прышэльцаў у нашых мясцінах аселі не назаўсёды. Калі пачалося насоўванне леднікоў, яны мусілі адступаць на поўдзень. Праз сотні гадоў прыйшлі сюды новыя плямёны.
Толькі недзе прыкладна 100—40 тысяч гадоў таму з’явіліся тут больш-менш сталыя насельнікі. Здагадваешся, чаму адлік вядзецца ў зваротным кірунку? Не? Тады патлумачу.
Мы жывём у 2016 годзе. Гэта так званая новая эра. Дагэтуль жа была старая эра. Адлік у ёй вядзецца ў зваротным кірунку. Чым больш далёкія ад нас стагоддзе ці тысячагоддзе, тым большай лічбай яно вымяраецца. Праўда, калі маецца на ўвазе развіццё чалавецтва, часцей карыстаюцца агульнымі часавымі вымярэннямі. Без падзелу на тое, што было да н.э. і на тое, што адбывалася ў н.э.”
Першы том серыі “Гісторыя праз лёсы” складаецца з трох кніг: “Першыя з першых”, “Полацкія князі” і “Вялікія князі Вялікага Княства”.
Проста неверагодна, але кнігу “Першыя з першых” насяляюць толькі адны жанчыны, бо, як тлумачыць аўтар, “жанчына — гэта маці, сястра, сяброўка. Жанчына дае кожнаму з нас жыццё. Яна — пачатак пачаткаў”.
І далей зноў жа з разлікам на дыялог: “Не сумняваюся, што першымі з першых знакамітых жанчын ты назавеш Рагнеду і Ефрасінню Полацкую. Мне вельмі прыемна, што ты такі дасведчаны. Але ж вартыя нашай увагі і жанчыны, якія жылі да іх. Ці маглі жыць, бо дакладных звестак пра некаторых з іх няма”.
Дык вось яны — гэтыя жанчыны: Скрэва, Прадслава, Малуша, Рагнеда, дачка Рагнеды — Прадслава Уладзіміраўна, унучкі Рагнеды — Настасся Яраславаўна (венгерская каралева), Ганна Яраславаўна (французская каралева), Лізавета Яраславаўна (нарвежская каралева). Гэты жаночы пантэон замыкае Ефрасіння Полацкая.
Героямі другой кнігі “Полацкія князі” сталі Рагвалод, Ізяслаў Уладзіміравіч, Брачыслаў Ізяслававіч, Усяслаў Брачыслававіч, Глеб Менскі, Андрэй Полацкі, Брачыслаў.
У кнізе “Вялікія князі Вялікага Княства” аўтар расказвае пра Міндоўга, Войшалка, Трайдзеня, Віценя, Гедыміна, Альгерда, Вітаўта, Свідрыгайлу, Жыгімонта Кейстутавіча, Казіміра, Аляксандра, Жыгімонта І Старога і Жыгімонта ІІ Аўгуста.
Шчыра кажучы, даўно мне не траплялася ў рукі і на вочы такая дыхтоўная навукова-папулярная літаратура! Чытаўся першы том серыі “Гісторыя праз лёсы” з непадробна дзіцячым захапленнем. Я, скажам, сам ніколі не задумваўся пра тое, што князь — гэта той, хто на кані, што адсюль, мабыць, паходзіць і наш гістарычны герб “Пагоня”. А Алесь Марціновіч мне патлумачыў:
“І ўсё ж: які сэнс укладзены ў паняцце “князь” (ці, як пісалі старажытныя славяне, “кънезь”)?
Па адной з версій, адгадку неабходна шукаць у старажытнарускім напісанні гэтага слова — “конязь”.
Мовазнаўцы тлумачаць, што яно ўтварылася ў выніку зліцця дзвюх асноў.
“Кон” азначае “пачатак”. “Яз” — скарочаны варыянт рускага слова “язык”. Гэтым разам пад “языком” маецца на ўвазе “народ”.
Такім чынам, слова “конязь” азначала “родапачынальнік”. Не ведаю, як табе, а мне куды бліжэй іншая версія. Магчыма, так паставішся да яе і ты.
Рускае слова “князь” (зразумела, і беларускае) таксама, як і англійскае king, маюць агульны корань kn. Гэта не што іншае, як “конь”.
Атрымліваецца, што князь — гэта той, хто знаходзіцца на кані. Прасцей кажучы, правіцель.
Ні ў чым не запярэчыш — лагічна.
Немалаважны і яшчэ адзін момант. Нашы далёкія продкі каня лічылі свяшчэннай жывёлай. Яны пакланяліся яму, таму блізкасць слоў “конь” і “князь” успрымаецца свайго роду сімвалам. Сімвалам улады. Увасабленнем і з’яўляліся князі.
Князь заўсёды знаходзіўся на кані, асабліва ў час бою. Уласным прыкладам ён натхняў сваіх воінаў, як трэба смела і мужна змагацца з ворагам”.
У кнізе Алеся Марціновіча юных чытачоў чакае безліч падобных і яшчэ большых адкрыццяў. У выніку яны адкрыюць сваю гісторыю і сябе саміх.
Мікола ЧЭМЕР.