У яе візітоўцы так і пазначана: “Валерыя Ільюшэнка. Крэатыўная цымбалістка”. Крыху ніжэй: “Лаўрэат міжнародных і тэлевізійных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі”. Яшчэ крыху ніжэй: “Дару пазітыў праз музыку, закранаю струны вашай душы”.
Такая самапрэзентацыя інтрыгуе, асабліва выраз “крэатыўная цымбалістка”. Што ж такога крэатыўнага можна зрабіць з традыцыйным беларускім інструментам, музычным сімвалам нашай краіны?
Устаўляю ў камп’ютар дыск з яе відэазапісамі, пачынаецца трэк… і ад нечаканасці нават уздрыгваю. На цымбалах гучыць trance dance! А на самім інструменце ў характэрных дыскатэчных рухах іграе сімпатычная дзяўчына. Гэта яна, Валерыя Ільюшэнка, крэатыўная цымбалістка, якая на цымбалах іграе не толькі trance dance, але і джаз, электрапоп, трэп, R’n’B, рок… Ды якія хочаце кірункі сучаснай музыкі! Летась менавіта з гэтым праектам яна стала фіналісткай Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. А адлік яе крэатыўнасці на цымбалах трэба весці з 2007 года, калі Валерыя яшчэ падлеткам прыйшла на кастынг для ўдзелу ў тэлевізійным праекце канала “СТБ” “Крутые ребята”. Тады яна прыйшла туды як вакаліст, але ў студыі зламаўся мікрафон. І, пакуль яго рамантавалі, у дзяўчат, якія прыйшлі на кастынг, куратары праекта пачалі распытваць, хто што яшчэ ўмее, акрамя як спяваць. Валерыя ўмела іграць на цымбалах. Вось яна тады і сыграла нейкую класічную п’еску, чым вельмі зацікавіла тэлевізійшчыкаў, якія намякнулі, што менавіта з цымбаламі яна і зможа прайсці ў чвэрцьфінал конкурсу. Праўда, зноў жа з намёкам на развітанне сказалі: “Цымбалы — гэта, канечне, добра, але тэлебачанне няпроста здзівіць. Проста цымбаламі вы наўрад ці каго-небудзь здзівіце. Падумайце… Можа, прыйдзе ў галаву якая-небудзь цікавая ідэйка ў сувязі з цымбаламі…”
І ідэйка хутка прыйшла. “А чаму б мне не зайграць на цымбалах тую музыку, якую я рэальна люблю? Клубную, электронную!” — з такімі думкамі Валерыя накіравалася да знаёмага дыджэя, папрасіла ў яго “мінусоўку”, а вядомы ў Магілёве аранжыроўшчык Уладзімір Шчэрба напісаў пад яе ноты. Каманда Валерыі з электронна-цымбальным нумарам тады прайшла і ў чвэрцьфінал, і ў паўфінал, і ў фінал, дзе заняла 2-е месца. Пра Валерыю Ільюшэнка пайшоў розгалас. Тое, што яна зрабіла з цымбаламі, сёй-той называў прарывам у электроннай музыцы.
Сёння яна вучыцца на 4 курсе ў магілёўскім філіяле Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Сур’ёзна, на акадэмічным узроўні займаецца цымбаламі. З удзячнасцю згадвае многіх сваіх педагогаў, якія зрабілі ці працягваюць рабіць з яе прафесійную цымбалістку: Галіну Уладзіміраўну Томашаву і Алу Іванаўну Махонька (з дзіцячай музычнай школы № 3 імя М.М.Салдатава), Уладзіміра Георгіевіча Фянькова (з музычнага каледжа імя М.А.Рымскага-Корсакава), Аксану Аляксандраўну Кузняцову, Лілію Барысаўну Самарцаву, Уладзіміра Рыгоравіча Шчэрбу (з акадэміі музыкі). Паралельна выкладае ў адной з дзіцячых музычных школ, іграе на цымбалах у народным ансамблі “Раніца” пры Доме культуры Магілёўскага аўтамабільнага завода імя С.М.Кірава.
А ў вольны ад вучобы і працы час па-ранейшаму працягвае крэатывіць на цымбалах. Як прызнаецца Валерыя, не ў апошнюю чаргу яна робіць гэта ў мэтах папулярызацыі саміх цымбалаў. “Бо як бы смешна гэта ні гучала, многія людзі наогул не ведаюць, што гэта за інструмент. А падчас запісу ў дзіцячыя школы мастацтваў цымбалы займаюць, як правіла, апошняе месца па папулярнасці ў бацькоў, якія запісваюць сваіх дзяцей у тыя ці іншыя класы. Крыўдна, але многія проста лічаць цымбалы нямодным інструментам, здольным перадаваць толькі народную музыку ці класіку. Але гэта не так. І я хачу разбурыць гэтыя стэрэатыпы. У мяне ёсць выдатны прыклад для пераймання — Ванэса Мэй, якая зрабіла, здавалася б, немагчымае і зусім некласічнае на класічнай скрыпцы. Маё стаўленне да скрыпкі кардынальна змянілася менавіта дзякуючы ёй”, — сцвярджае крэатыўная цымбалістка з Магілёва.
Сваё пападанне ў фінал конкурсу “100 ідэй для Беларусі” Валерыя Ільюшэнка лічыць вялікай, але вельмі прыемнай нечаканасцю. “Там жа спрэс былі камп’ютарныя распрацоўкі, робаты, медыцынскія вынаходствы, а тут на табе, крэатыўныя цымбалы! — усміхаецца дзяўчына. — Але ж значыць ацанілі, зразумелі! І гэта радуе, гэта дае стымул. Шкада толькі, што некаторыя маладыя людзі, якія бачаць мае выступленні, думаюць, што гэта нейкі прыкол. Маўляў, забаўляецца дзеўчанё… Яны не разумеюць, што гэта штодзённая напружаная праца, бясконцыя ўпартыя практыкаванні”.
— Валерыя, а ў чым жаночае шчасце крэатыўнай цымбалісткі? — традыцыйна пытаюся я ў Валерыі Ільюшэнка напярэдадні 8 Сакавіка.
— Усё-такі не ў крэатыўных цымбалах. Прынамсі, не толькі ў іх. Шчасце — у сям’і, у дзецях. Цымбаламі, нават крэатыўнымі, у халодныя ночы не сагрэешся.
Мікола ЧЭМЕР.