З нашым сённяшнім госцем — адным з вядучых айчынных спецыялістаў у галіне біямедыцынскай оптыкі і заснавальнікам беларускай школы галаграфіі, старшынёй Савета дырэктараў і галоўным дарадцам закрытага акцыянернага таварыства “Галаграфічная індустрыя”, акадэмікам Міжнароднай інжынернай акадэміі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі Леанідам Таніным — мне давялося пазнаёміцца ў верасні на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным гістарычным музеі з нагоды пачатку ІІ Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”. Тады Леанід Віктаравіч прэзентаваў журналістам галаграфічную выяву слуцкага пояса 1776—1780 гадоў са збораў НГМ (сумесны праект музея, ТАА “Магія святла” і СЗАТ “Саюз дома нашага”), і гэтая падзея стала сапраўдным сюрпрызам для ўсіх прысутных. Дачакаўшыся заканчэння мерапрыемства, я напрасіўся да Леаніда Віктаравіча на інтэрв’ю і ўжо праз некалькі дзён быў у яго працоўным кабінеце. Прыемная неспадзяванка чакала мяне адразу, як толькі я пераступіў парог. “А давайце я спачатку вам іх пакажу ва ўсёй прыгажосці, а ўжо потым пачнём гутарыць”, — з гэтымі словамі Леанід Віктаравіч завесіў жалюзі, уключыў спецыяльную падсветку, і яны ўраз засвяціліся, заіскрыліся, зрабіліся да немагчымасці рэальнымі і аб’ёмнымі — Дары вешчуноў, Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай, Святы Лука, Жыровіцкая ікона Божай Маці… Натуральна, гэта ўсё былі галаграмы. Зрэшты, пачаць распытваць майго суразмоўцу мне захацелася здалёк.
— Леанід Віктаравіч, не здзіўляйцеся, калі ласка, такому майму першаму пытанню, але мы гутарым з вамі ў той час, калі каляндар “чырванее” ад святочных дат — нядаўняга Дня настаўніка, блізкага Дня маці. А вашы бацькі, наколькі я ведаю, былі настаўнікамі. Калі паспрабаваць вылучыць галоўнае, якія ўрокі яны далі вам па жыцці?
— Так, і мама Валянціна Канстанцінаўна, і бацька Віктар Уладзіміравіч працавалі настаўнікамі ў сярэдняй школе № 2 Жодзіна, дзе прайшлі мае школьныя гады. Мама выкладала рускую мову і літаратуру, бацька — працоўнае навучанне. І я хачу сказаць, што асабліва мама займала вельмі актыўную настаўніцкую пазіцыю, пэўны час была дырэктарам школы і, безумоўна, была прыкладам для мяне ва ўсім. Што да канкрэтных жыццёвых урокаў, то магу вам тут зачытаць радкі з галоўнай працы свайго жыцця — манаграфіі “Біямедыцынская і рэзанансная оптыка: тэорыя і практыка”, якую я напісаў разам з сынам Андрэем — дырэктарам РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. У пасляслоўі я пішу: “Маім галоўным настаўнікам была мама, якая сфарміравала мае адносіны да медыцыны сваім асабістым прыкладам — адносінамі да працы і працаздольнасцю, уменнем кантактаваць з людзьмі, заўсёды аказваць дапамогу, быць карыснай ім ва ўсім, з чым бы яны ні звярталіся. Яе парады, урокі і настаўленні дапамаглі мне вызначыць сваё прызначэнне ў жыцці. Так атрымалася, што яна, будучы настаўніцай рускай мовы і літаратуры, вольна або міжвольна прывіла спачатку мне, а потым унуку — майму сыну Андрэю любоў і павагу да медыцыны, што вызначыла будучыню нашай прафесіі”.
— Якое месца ў вашым жыцці займае навука, фундаментальныя даследаванні ў галіне медыцыны, біялогіі і фізікі? І якое — менавіта мастацкая галаграфія, якой, наколькі разумею, без навукі займацца таксама немагчыма?
— Пачнём з таго, што пасля заканчэння сярэдняй школы ў Жодзіне я паступіў на фізічны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, бо хацеў займацца менавіта навукай (у нас ва ўніверсітэце студэнтаў арыентавалі пераважна на педагагічную працу, а там — на навуковую). На фізфаку мне вельмі пашчасціла з выкладчыкамі — доктарам фізіка-матэматычных навук Юрыем Ісаевічам Астроўскім і акадэмікам Расійскай акадэміі навук Юрыем Мікалаевічам Дзенісюком. Дарэчы, яны і адкрылі мне ў свой час свет галаграфіі. Потым, у 70—80-х гадах я вучыўся ў аспірантуры ў Ленінградскім фізіка-тэхнічным інстытуце імя А.Ф.Іофе Акадэміі навук СССР, там жа абараніў кандыдацкую дысертацыю. Яшчэ потым была навуковая праца ў Мінску і тут жа — заснаванне двух прадпрыемстваў — “Галаграфічная індустрыя” і “Магія святла”, на базе якіх таксама даводзілася пастаянна займацца прафесійнай даследчай дзейнасцю… А мастацкая галаграфія — гэта, хутчэй, маё захапленне, хобі, прычым вельмі цудоўнае хобі, паколькі яно звязана з мастацтвам. Мастацкай галаграфіяй я займаюся з вялікім задавальненнем, прычым імкнуся рабіць гэта на высокім прафесійным узроўні, што мае на ўвазе правядзенне рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, сумесных з замежнымі партнёрамі праектаў і інш. Так, напрыклад, цяпер кірую міжнародным праектам “Захаваем скарбы праваслаўя пры дапамозе галаграфіі”, у якім прымаюць удзел спецыялісты з Грэцыі, Балгарыі, Украіны, Расіі і Беларусі.
— Гэты праект ужо дэманстраваўся шырокай публіцы?
— Так, частку калекцыі людзі ўжо неаднойчы бачылі на розных выставах. Больш за тое, з падрабязным дакладам аб праекце я выступаў на міжнароднай канферэнцыі ў Сочы, такім чынам пазнаёміўшы з ім міжнародную навуковую супольнасць. Насамрэч, гэта вельмі сур’ёзная тэма, сумеснымі намаганнямі мы ўжо сабралі дастаткова багатую калекцыю галаграм (з іх толькі беларускіх — каля 30), і я думаю, што ў будучым яна будзе ездзіць па ўсім свеце, дэманструючы наша агульнае ўнікальнае багацце. Галаграфія ж дае магчымасць фактычна ўжывую ўбачыць тое, што іншым разам убачыць наогул немагчыма. Згадаем, напрыклад, манастыр Святога Паўла на гары Афон, недаступны для жаночай паловы чалавецтва, дый далёка не ўсе мужчыны туды могуць трапіць. І вось, калі ласка, вы толькі што самі бачылі галаграфічную копію Дароў вешчуноў. Мы іх здымалі тут, у Мінску, калі іх сюды прывозілі. А ў далейшым хочам зрабіць пераносную ўстаноўку, каб здымаць аб’екты на месцах.
— З тымі культавымі ўстановамі (цэрквамі, манастырамі), з музеямі, дзе захоўваюцца гэтыя скарбы, не ўзнікае праблем адносна дазволу рабіць іх галаграфічныя копіі?
— Безумоўна, гэта цэлы пласт работы — расказаць, паказаць, пераканаць і г.д. І пакуль мы знаходзілі толькі паразуменне.
— Стварэнне галаграмы — гэта, напэўна, вельмі працаёмкая, складаная работа?
— Ну, вось на стварэнне галаграмы слуцкага пояса, якую я паказваў у Нацыянальным гістарычным музеі, пайшоў цэлы месяц. Пераважна час ідзе на тое, каб зняць матрыцу. А ўжо само ўзнаўленне копіі займае некалькі дзён.
— Вы, мабыць, не маглі б і злічыць усе знятыя вамі галаграмы. Але ці памятаеце самую-самую першую? Што гэта было?
— Я вучыўся тады на 2 курсе фізічнага факультэта Ленінградскага ўніверсітэта, калі мы разам з сябрам упершыню запісалі галаграму, а тэхналогіі ж тады былі зусім кволыя. І, памятаю, глядзім мы разам на тую галаграфічную скульптурку — і кожны з нас бачыць нешта сваё, быццам і ёсць аб’ём, а быццам і няма… (Смяецца.) Зрэшты, ужо літаральна праз год я рабіў прафесійныя галаграмы.
— Леанід Віктаравіч, як вы лічыце, каб зрабіць мастацкую галаграму, трэба быць нейкім асаблівым чалавекам, так бы мовіць, не проста фізікам, але і ў пэўным сэнсе чараўніком, мастаком?.. Мы ж сапраўды ўспрымаем гэтыя выявы як творы мастацтва, ні больш ні менш. У той жа час разумеем, што гэта вынік не ўзмаху пэндзлем або алоўкам, а плён чыста навуковых пошукаў. Ну, хіба не цуд, не нейкае чараўніцтва?
— Сапраўды, нешта ад чараўніцтва тут ёсць. Памятаю, калі яшчэ пры Савецкім Саюзе я працаваў у Вене практычна паўгода з выставай “Галаграфія БССР”, аўстрыйскія газеты так і пісалі: “Гэта — цуд!” Людзі проста не маглі зразумець, дый зараз многія не разумеюць, як гэта так — у слой таўшчынёй дзесяць мікронаў запісваецца выява глыбінёй у дзясяткі, а то і сотні метраў. Але, між іншым, жыццё паказвае, што далёка не кожны нават з прафесіяналаў-фізікаў можа зняць галаграму. З тых людзей, якіх я рыхтаваў, а я больш за 40 гадоў займаюся мастацкай галаграфіяй, мог бы назваць толькі чалавекі чатыры, якія сталі сапраўднымі высакакласнымі спецыялістамі ў галіне галаграфіі. Я сказаў бы, што гэта людзі з нейкім асаблівым чуццём і нават, можа быць, асаблівым жыццёвым прызваннем. Бо галаграмы, асабліва вось гэтых праваслаўных святынь, захоўваюць энергетыку арыгіналаў, чаго не робіць ні фатаграфія, ні камп’ютар. Калі ты кантактуеш з такой галаграмай, ты не толькі бачыш выяву, але і адчуваеш тое духоўнае поле, якое мае той ці іншы сакральны твор. Дадам яшчэ, што гэтая тэма — праваслаўных святынь — мне вельмі блізкая асабіста. Я ўжо даўно займаюся запісам галаграм абразоў. З тым жа Веткаўскім музеем мы працавалі яшчэ да Чарнобыля. Супрацоўнічалі і працягваем супрацоўнічаць з Нацыянальным гістарычным музеем, з музеямі ў Магілёве, Віцебску. А другая мая страсць, якая тычыцца мастацкіх галаграм, гэта помнікі культуры і мастацтва. Гэтай тэме, у прыватнасці, прысвечаны праект “Скарбы зямлі беларускай”. Вельмі моцны, дарэчы, праект. У свой час пры падтрымцы нашага ўрада ён дэманстраваўся на выставе “Экспа-2010” ў Шанхаі.
— Вы згадалі выставу галаграфіі ў Вене, якая ладзілася яшчэ ў савецкі час. Ці маглі б успомніць яшчэ якія-небудзь адметныя цікавыя выпадкі з таго ранняга перыяду развіцця галаграфіі ў нашай краіне?
— Заўсёды было цікава чытаць кнігу водгукаў, якія пакідалі наведвальнікі тых першых галаграфічных выстаў. Напрыклад, у 1978 годзе я ладзіў першую ў СССР Усесаюзную выставу мастацкай галаграфіі ў Мінску. І вось памятаю, звычайныя людзі, зусім не звязаныя з навукай, пакідалі запісы, маўляў, вось толькі цяпер, убачыўшы галаграмы, яны зразумелі, што навука — гэта не нешта эфемернае, а цалкам рэальная рэч. Пакідалі свае водгукі і вядомыя людзі. Той жа Уладзімір Караткевіч, наведаўшы тую выставу галаграфіі, напісаў прыблізна такое: “Адвыкнуў чаму-небудзь дзівіцца на свеце. А тут здзівіўся! Да глыбіні цікавая выстаўка!” Кандрат Крапіва, Алена Мазанік, Заір Азгур пакінулі цікавыя запісы. У прыватнасці, Заір Азгур напісаў, што для яго галаграфічныя копіі з’яўляюцца крыніцай натхнення. Ён меркаваў, што можна пры жыцці чалавека зняць яго галаграфічны партрэт, каб потым, гледзячы на галаграму, можна было да бясконцасці працаваць над скульптурным увасабленнем. Нават малады Пётр Клімук, чалавек, які пабываў у космасе, і той казаў пра цуд галаграфіі! І помніцца яшчэ такі кур’ёзны выпадак: дырэктар Інстытута фізікі Акадэміі навук БССР Барыс Іванавіч Сцяпанаў неяк праводзіў экскурсію па выставе галаграфіі для аднаго знакамітага фатографа, захоплена расказваў яму пра экспанаты. І вось яны ўжо развітваюцца, паціскаюць адзін аднаму рукі, і Барыс Іванавіч адчувае, што нешта не тое, што фатограф глядзіць на яго і як быццам саромеецца запытаць яго: “А што, уласна кажучы, я тут убачыў унікальнага?” Як высветлілася, той нават не зразумеў, у чым быў сэнс, ён проста думаў, што за шклом былі нішы і там стаялі рэальныя прадметы. І тады Барыс Іванавіч правёў фактычна яшчэ адну экскурсію, пераварочваючы галаграмы і паказваючы, што за імі нічога няма. І тады той фатограф проста ахнуў.
— У 2011 годзе пад вашым непасрэдным кіраўніцтвам была арганізавана VІІІ Міжнародная канферэнцыя “ГалаЭкспа-2011”, а таксама грандыёзная выстава мастацкай галаграфіі, дзе было прадстаўлена каля 200 галаграм з 20 краін… Наколькі складана тады было сабраць такую вялікую колькасць удзельнікаў? І наогул, наколькі згуртаванай з’яўляецца ваша супольнасць спецыялістаў, якія займаюцца галаграфіяй па ўсім свеце?
— Канечне, за апошнія сорак гадоў, колькі ўдзельнічаю я ў розных галаграфічных кангрэсах, выставах, вяду перапіску, мы ўжо згуртаваліся з вучонымі Расіі, Амерыкі, Францыі, Англіі, Германіі, іншых краін. Таму арганізаваць тады канферэнцыю ўдалося найперш дзякуючы маім асабістым кантактам. Гэта быў вельмі прадстаўнічы навуковы форум, на які толькі адных фізікаў прыехала каля 200 чалавек, з іх — 40 самых масцітых. Мы абмяркоўвалі самыя розныя праблемы, якія тычыліся выкарыстання галаграфіі ў медыцыне, тэхніцы і іншых сферах. А выстава мастацкай галаграфіі мусіла прадэманстраваць яе прыкладную функцыю.
— І што вы маглі б сказаць пра рэакцыю сённяшняй публікі? Галаграфія яшчэ можа па-сапраўднаму здзівіць людзей сёння, калі існуюць тыя ж 3D- ці 5D-тэхналогіі?
— А вось, як ні дзіўна, і гэта ў пэўным сэнсе феномен — людзі заўсёды як быццам нанова глядзяць на галаграму. Такое ж здзіўленне, як тады, у 1978 годзе, было і застаецца.
— Леанід Віктаравіч, зважаючы на вашы навуковыя і іншыя дасягненні, магу ўявіць, што вы неаднойчы атрымлівалі запрашэнні пераехаць жыць і працаваць за мяжу. І ўсё ж вы жывяце і працуеце тут, на радзіме, у Мінску…
— Вы ведаеце, такія запрашэнні, сапраўды, былі — і з Германіі, і з Францыі, і нават з Бразіліі. Але справа ў тым, што дзякуючы галаграфіі я вельмі рана стаў выязджаць за мяжу. На момант, калі пачалася перабудова, я пабываў з выставамі ўжо ў многіх краінах свету, і ўжо тады ў мяне сфарміравалася свая думка пра жыццё і працу ў замежжы, пра тое, што з пераездам туды ты перастанеш быць сам сабе гаспадаром, што там ты так ці інакш будзеш чалавекам другога сорту. Да таго ж я ніколі не пераставаў верыць, што і ў Беларусі змагу дабіцца поспеху. І, як паказала жыццё, я не памыліўся з арганізацыяй прадпрыемстваў “Магія святла” і “Галаграфічная індустрыя”. Гэта шчасце — мець сваю справу ў сваёй краіне.
— Вялікі дзякуй за гутарку!
Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.