Маданары “Я малюю май!”

Каляндарны май яшчэ не закончыўся, але мы ўжо — у леце. І летняя культура разам з цяплом вярнулася да нас. Вулічныя тэатры павыходзілі на вуліцы, вулічныя музыканты перасталі хавацца ў падземных пераходах, графіцісты адчулі летнюю свабоду і прагу да творчасці, жывыя скульптуры ажылі на нашых вачах, а дзеці… а дзеці асфальту, гарадскія дзеці, пачалі паўсюдна маляваць на асфальце.

А ведаеце, што такое маданары? Я таксама не ведаў да апошняга часу. А гэта, аказваецца, і ёсць прынятая ў культуралогіі навуковая назва такой прывычнай нам з’явы, як малюнкі на асфальце — творы гарадскога жывапісу, адзін з кірункаў стрыт-арта, вулічнага мастацтва. І яшчэ больш нечакана тое, што з’явіліся маданары (madonnari) ажно ў XVI стагоддзі ў Італіі. Іх стваралі італьянскія мастакі эпохі Рэнесансу, малюючы падчас рэлігійных свят проста на вуліцах італьянскіх гарадоў. Зразумелы і генезіс слова madonnari: яны малявалі пераважна Мадонну з маленькім Ісусам на руках.
Самы апошні піск моды ў мастацтве маданары — так званыя анаморфныя, ці 3D малюнкі, якія ў пэўным ракурсе выглядаюць аб’ёмнымі. У свеце ўжо праходзяць нават адпаведныя фестывалі, конкурсы. Але гэта ўжо іншая гісторыя…
Лета — і дзеці малююць маданары! Гэта сімвалічна.
На гэтых фотаздымках вы бачыце моманты конкурсу дзіцячых малюнкаў на асфальце “Я малюю май!”, які прайшоў 9 мая ў Дзень Перамогі ў сталічным парку Дружбы народаў. Угледзьцеся ў іх радасць і засяроджанасць. Адчуйце іх шчасце… Станьце самі шчаслівыя разам з імі…
Дзеці малююць май! Гэта таксама сімвалічна.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Ганны ГОРСКАЙ.